TAŬBIN

The beginning is soon

Poems by Norwegian poet Aina Villanger translated by Julia Cimafiejeva

Aina Villanger

Мядовая рука Энхедуанны
(Enheduannas honninghånd)

Я пішу я
як Энхедуанна пісала
упершыню
стыло вілося над глінянаю таблічкай
крэслячы трохкутнікі і рыскі
словы ўкліньваліся як парэзы
як ягады салодкія Інанне
Энхедуанна нараджала гімны
пра выгнанне з Ура і сілу пісьма
трысціна накрэмзвала ўсхваленні і
мова багіні прыходзіла штоночы
ў час яе малітвы нябеснай каралеве
я пішу таксама каб гаварыць
з уласнай маці якая
не на нябёсах і ўсё ж
амаль не тут
і я хачу таксама выношваць ягады
салодкія і кіславатыя
прыйдзі о вершамаці
дай мне сваю
мядовую руку


Я-клетка расказвае
(Jeg-cellen forteller)

1

Адно. Яно. Гэта штось. Штось яно. Малое яно. Гэта малое адно. І робіцца большым і большым. Яно малое цяпер. Яно малое тут. Тут гэта. Яно тут. Гэта я. Я яно.
І раблюся большым, рухомым, чуллівым.
Наўкола плаваю. Шырока хаўкаю. Усё ўбіраю.
Перш сліззю.
Пасля камком.
Пасля расплывіста?
Заві мяне жывёльным арганізмам свядомасці, я з’явілася
наперад багінь, наперад розуму і, о, задоўга да тэхналогій.
Было я самаісным так даўна, як сябе памятаю. І нікому
не пад сілу мяне раскласці, частку за часткай, як асобу.
Бо я не было народжана,
я было створана,
як яблык, што ападае долу, калі саспее.

2

Ці ёсць я жыцця асновай, якая прасвечвае ўсё адчуванне?
Я ў органе, што думае,
глыбока ў мякаці сэрца,
на самай дальняй луцэ душы, вось мой расказ:
Дзіця я ў шпітальным ложку,
і век каменны ўядаецца ў мяне.
Не ўспамін пра час -- сам час
прасочваецца ў адтуліны, калі тры трубкі
вышморгваюцца з цела.
Я пераўтвараю гукі,
шпок шпок шпок,
чмяк.
І вось разгортваецца маё я
марскою зоркай.

3


Пасля, калі птушкі выкараскваюцца з акіяну, а сонца
заплюшчвае сваё вока ўпершыню, я пачынаю рухацца
ўсур’ёз. Я развіваюся нармальна, але
па коле плаваючы ў мутным супе з формы і матэрыі.
І хоць няпроста іх аддзяліць адну ад адной, але, вядома,
усё мусіць адносіцца да катэгорый.
Cлова -- аснова. І калі словы пішуцца,
то рэчы выступаюць як сэнсам напоўненыя сутнасці.
Сонца, планеты і камяні, за імі рост, страх і
радасць сэрца.
Толькі чым канкрэтна ёсць я, я маю на ўвазе, як
можа яго выразіць адзіны пісьмовы голас
і потым іншы, я не разумею.
Са свайго боку, мяне часта цягне ўнутр.
Я выпраўляюся ў дарогу скрозь уласны морак, мімаходзь кранаючы
мільёны расквітнелых клетак думкі, і маю доступ да месцаў і эпох,
усё больш і больш далёкіх. І вось тады я
раптам сустракаюся з уласным заблукалым я і
прагну вывесці яе дадому
да людзей.

4

Я не маю адзіных колеру ці формы, не маю
непарушнай думкі, мяне выточвае ўсё, што чую й бачу,
перагортванне старонак, крыўлянне людзей.
І тут адзначыць варта, я разумеюся даволі добра
з навакольнымі, як большасць арганізмаў.
Я граю ролі, гарую і часам заміраю,
а іншым разам засмяюся. Але я гавару,
ні гуку не прамаўляючы.
Папраўдзе, такія сувязі мяне і рухаюць наперад,
складаны скачок ад
уяўлення да апісання.
На шчасце, гэтае пераўтварэнне энэргіі --
адначасова канкрэтнае й будзённае, на практыцы ж пісанне палягае
на перайманні, крадзяжы і адцісканні ягад.

5

Я -- заўсёдніца ўласных думак, хоць і не памятаю,
адкуль яны прыходзяць ці куды імкнуць.
Аднак у гэтых запазычаных сказах -- зародак
таго, што, на маю думку, я і спрабую апісаць.
Ручай судакрананняў, што здольны вынесці ўсе я-клеткі туды,
дзе, у стане таямніцы, як кажа паэтка, ім будзе добра.
Патрэбна толькі засяродзіцца і дыхаць,
як дыхае амёба і з лёгкасцю ўмее эмбрыён.
Пра гэта няма праўды, няма
біялагічнае задумы, адно жахлівае вучэнне, што толькі й здатнае,
як апускацца да свайго ўнутранага старога дэмана.
О! Зараз мне патрэбныя абдоймы або рука
для поціску, бо, падаецца, вось тое, чаго прашу:
Хай тыя, хто прыйдзе пасля нас, адчуюць унутраны спакой!
Я думаю пра свайго сына, яго братоў і сёстраў,
пра ўсіх гэтых дзяцей, усіх дзяцей! і ўсе
іх розумы,
што злучаныя разам у адзіны няхітры код.

6

Так, я, відаць, адна з апаслівых, што выміраюць.
Для ўсіх складанасцяў --
дабрацца да тых самых слоў, усвядоміць,
чым ёсць я, чым яно будзе і г.д.,
усё гэта мусіць адбывацца ў глыбокім засяроджанні, што стала зусім няпроста!
Гэта няпроста. Хаця пісаць -- значыць прыпамінаць
тое, чаго не памятаеш.
Напраўду, я ведаю, у гэтым нічога новага:
усе я-клеткі папросту створаныя з таго, што ўжо ёсць.
Цукар, пратэіны, тлушч.
Ціха! Мы ж не памром, хіба мы здатныя памерці?
Толькі змяняцца і чыста духам слова
зберагаць тое, што ў нас жыве.
Гэта.
Гэта й тое, й гэта.
Іх ды іх. Сяго й таго. І яго.
І яе.


Пераклад з нарвежскай Юлі Цімафеевай
Scroll to Top

Discover more from TAŬBIN

Subscribe now to keep reading and get access to the full archive.

Continue reading