Са зборніка "Хітрыкі" (Triks) 2025
УСЁ ПРАГНЕ БОЛЬШАГА
Святло, што існуе ў нас, існуе таксама ў іншых, ва ўсёй прыродзе. Думка прыходзіць, пакуль мыеш твар шалфеем з лавандай. Сонца капае на цябе, як вада. Вада прадаецца лепш за ўсе прадукты ў гэтай харчовай сетцы. І яна зусім не маркер ідэнтычнасці. Важна забяспечваць цела вадой, увільгатняць скуру, каб яна не патрэскалася, не загарэлася і не пасыпалася з цябе. Каб яна вырабляла дастаткова соку. Калі мы напоўнім целы найлепшым, што можа даць зямля, мы станем лепшымі версіямі сябе. У зямлі шырокі асартымент. Наўпрост з зямлі паходзіць усё натуральнае. Сырое. Без хімікатаў. Я б паклала язык на тваё пыльнае цела.
FLESHY FRUIT // ПЛОЦЕВЫ ФРУКТ
Харчаванне – гэта ключ да бліскучага ладу жыцця. Твая скура ззяе ад мёду і ружовай вады. Дэпіляцыя цукровым воскам. Я заўсёды ведала, што цела можна намазваць ежай знутры і звонку, як крэмам. Марозіва з кветак апельсіна і фісташак слізгае ўніз па горле, змазвае горла, змазвае грудзі, дупа як шарык марозіва, што растае ў руцэ, крэм-бруле. Крэм на пальцах.
Ферментаваны рыс бродзіць ўнутры цябе. Робіць цябе гладкай і льсняной, як цеста для хлеба. Ты разрастаешся ў правільных месцах, калі трэніруеш правільныя рухі, шаруеш правільныя лямпы, сашчыпвааеш правільныя фрукты.
Ян Хрысціцель жыў у пустыні і не еў хлеба, замест гэтага ён харчаваўся зярнятамі з дрэва, названага ў яго гонар, яны былі для яго мукой і сокам, ён высмоктваў струкі цэратоніі – янава дрэва – і разрастаўся ў правільных месцах, як цеста для хлеба, ён жыў прабіётыкам і прарокам, клаў галаву на талерку і быў святым.
Святыя кроплі ружовай вады. Маленькія, круглыя альбо грушападобныя. Мясістыя фрукты збіраеш з паліц. Святыя словы. Марскі мох.
НАЯЎНЫЯ КЛІЕНТЫ
Калі мы напоўнім зямлю найлепшымі целамі, што можам прапанаваць, зямля стане найлепшай версіяй сябе.
I’VE BEEN MEANDERING TO SAY // Я ПАКРУЧАСТА ХАЦЕЛА СКАЗАЦЬ
ані рэкі ані вялікія плыні
не могуць пагасіць жарсць
ані рэкі ані вялікія плыні
не могуць загасіць смагу
да рэк вялікіх плыняў мора
гаёў сельскагаспадарчых угоддзяў нерухомасці
сегментаў рынку частак цела якія разрастаюцца распухаюць жыцця
ідэальнага жыцця ідэальнага
неймавернай прыгажосці зіхатлівай я хачу
багацця і вечнасці
СВЕТ РАНЕЙ БЫЎ СТАРЭЙШЫ
Едзеш па свеце і бачыш рэкламу засухі. Экстрэмальная засуха! кажа рэклама. Неўзабаве вадасховішчы апусцеюць. Трэба ашчджаць ваду. Трэба нагадваць пра сябе падпісчыкам, быццам ты іх лепшы сябар. Я ведаю, ты думаеш пра гэта кожную ноч. Пакуль п'еш новае віно, падобнае да захаду сонца. Ты не п'еш ваду, ты ашчаджаеш. Калі навучышся размаўляць, як я, твае падпісчыкі зацікавяцца ў большай ступені. Ты добра выглядаеш ў пясочнай палітры, ты як пустыня. Гавары пра змяненне клімату так, быццам ты ў стане гэта з імі раздзяліць. Гавары пра засуху інтымна. Як быццам гэта датычыцца цябе непасрэдна. Гавары пра залевы, не звіхнуўшы сківіцы, не захрасаючы на лбе брывамі. Гаворачы пра будучыню, не ўтароплівайся ў неба.
АДТУЛІНЫ
Гук чыстых пор задавальняе больш за ўсё. Чыстыя каналы да костнага мозгу. Гук пустэчы. Алей і пот выплёскваюцца ў мора. Гук дысцыпліны. Трэба верыць сваёй скуры і нацягваць уначы залатыя маскі, як панчохі, на твар. Занатоўваць сваю скуру, запісваць гукі поспеху. Маленькія, чыстыя адтуліны звужаюцца і патрэскваюць у цемры. Зоркі ў пустыні. Чыстыя парталы ў іншыя жыцці, у прасцейшыя часы. Чорныя кропкі, чарвяточыны. Ты круцішся вакол сябе, галава ідзе кругам. Парталы ў прарочыя часы, дзе нектар цёк, як кветкавыя рэкі, і рэкі цяклі, як нектар, паўз даліны і пагоркі, што зелянеюць і жаўцеюць і засынаюць у адвечным цыкле. А пасярод ракі стаяў хрысціцель і ачышчаў поры і душы, ён стаяў пасярод плыні і быў парталам у наш час.
AM I TRUE AM I TRUTHFUL //
ЦІ Я САПРАЎДНАЯ ЦІ Я ПРАЎДЗІВАЯ
ці маеш фінансавую надзейнасць
памацай кончыкам языка
але якім коштам
як я магу быць побач
з чымсьці доўга не пераймаючы колер
прыхіляюся ў тваё рэчыва
малюю полымя ці дрэвы
полымя ці дрэвы
полымя ці дрэвы
вы глядзіце на мяне так, быццам у мяне была
істэрыка
але якім коштам
вельмі выгадным коштам
як я магу рэгуляваць сваё я
быццам гэта фірма
ці іншымі спосабамі
выйсці на фінансавы рынак і выйграць
але якім коштам божай ухвалы
якім коштам маё якім коштам шчасце
***
кожнай раніцай я прачынаюся жывой
і гляджу...
ТУРЫЗМ
Гэтае хвойнае дрэва старэйшае за мяне. Старэйшае за кнігі. Яно стаіць сухое і халоднае ў лесе на ўскрайку самай высокай гары. У лесе высахлых дрэў, што растуць уздоўж тысячагоддзі. Сплятаюцца адно з адным. У гэтага дрэва ёсць умова: павольнае самотнае жыццё. Сфатаграфуй мяне на дрэве. Зрабі так, каб дрэва мяне трымала, каб яно на мяне глядзела, каб свет мяне калыхаў. Я караскаюся ўверх. Каб вечна памятаць, што я тут была. Каб дрэва памятала мяне вечна. Я раблю партрэты і даю імёны, я хрышчу дрэва, як дзіця хрысціць цяля.
WAS LOST BUT NOW AM FOUND // БЫЎ ЗГУБІЎШЫСЯ, І ЗНАЙШОЎСЯ
Да нашага прыходу марское дно было зусім невядомае. Мы картаграфуем мора для камерцыйнага выкарыстання. Падводны бізнес, сістэматызаваны, класіфікаваны. Гэтыя інвестыцыі – нашае ўладанне. Мы адчуваем сябе як дома.
Унутры мабільнага тэлефона ёсць дзясяткі друзочкаў – неонава-зялёных, аквамарынавых, ванітна-жоўтых, крывава-чырвоных мінералаў. Маленькія красунчыкі! Маленькія, паспяховыя налёты на марское дно. Маленькія, паспяховыя знаходкі, маленькія скарбы! Марское дно змяняецца павольна, пераўтварэнні існуюць у геалагічным часе. Мы не можам іх бачыць нашымі маленькімі вачыма. Цягам нашых маленькіх жыццёвых цыклаў. Мы кладзем друзок неонава-зялёнага мінерала на язык, дробненька тупаем у будучыню.
ЯН КАЖА
Вы мусіце самі купіць ваду, у якой вас пахрысцяць! Вы мусіце самі ачысціць ваду ад мікрапластыку і солі. Вы самі адказныя за ваду, якую прынеслі; за яе склад, выкарыстанне і яго наступствы, за выпадковыя страты, марнатраўства і забрудненне, за тое, што ўспрымаеце ваду як належнае, за тое, што адбіраеце ваду ў іншых, за параўнанне вашай вады з маёй. Я сведка і ачышчу вас. Пакрыйце сваё цела вадой і піце яе. І ўсе будуць жыць багатым жыццём, і паверхні будуць ззяць, і твары стануць гладкімі, і зямля выкупіць сваю віну.
Tricks
Anna Kleiva's poems in translations