TAŬBIN

When you know where to escape, you are already not free

Poems by Lukash Yarash translated by Andrej Khadanovich

Лукаш Яраш

Lukash Yarash

Андрэй Хадановіч

Andrej Khadanovich

Уваход

Вылі сабакі, навокал трава і сьнег раставаў
у калюгах. Пудзіла  колькі бляшанак
гайдалася на шнурках.

Я бег, як маленькі, за вымаленым каханьнем.
Салодкім ад мёду і ліпкім, як клей
з жывёльных костак. За тым, што мяне вяло і жывіла

на першым сьвітаньні бягучага веку, пад зорамі 
дзецьмі, якіх падхапіла неба. За тым, што мяне назвала.
А потым зьела мне мову, сэрца і будучыню.


Верш на пяцігодзьдзе маёй дачкі

Каліна мне перад сном: “Мама кажа, што нічога
ў прыродзе ня гіне, а як жа мая бранзалетка з чарапашкай?”
Яе халоднае вуха на маім перадплеччы, вейка на рукамыйніку.
Лялька-русалка, пухнатая цацка, святочныя скарбы. Нашыя
салёныя сьлёзы сьмеху, нечалавечыя жэсты ды позіркі Неба.

Нічога ня гіне, Каліна, і я не хачу памерці. Сажалка зацьвіла,
качка дала нырца па кавалак хлеба. Вяртаемся ў нашую
лясную хатку і я зноўку думаю, што сусвет  вялікае,
добрае сэрца цмока, і што любоў падымаецца, нібы шарык,
які адбіваю спачатку рукой, а потым ілбом і вуснамі.


Песьня

Столькі праменьня празь лісьце. Праз шчыліны ў голках.
Тыя, якія крычаць да натоўпу і падаюць ваду
тым, што вяслуюць пад палубай. Зноў навальніца, жанчына,
па якой вар’яцеў, трэці раз нараджае недзе далёка.
Першы памерлы любіць мяне, два іншыя ненавідзяць.
Зямля й алькаголь мяне зносяць. А я захоўваю таямніцу.


Рытуал

Вецер крычыць. Абуджаны
плача за маёй сьпінаю. Надыходзяць сьвяты.
Калісьці я верыў у Бога, але не маліўся.
Цяпер сумняваюся, ды малюся. Чакаю адных,
другія чакаюць мяне.

Надыходзяць сьвяты. Сёньня зраблю пакупкі, паставім
ялінку. Тайком ад сям’і запакую прэзэнты, з акна
пабачу п’янчужку  сяброўку з малодшых класаў.
Шмат год таму яна грала Марыю ў ясьлях
і, босая, да грудзей туліла ляльку ў пялюшках.


Навагодняя песенька

Мы пілі на стадыёне пэтэвэ 
кароткія, халодныя каўткі разьдзіралі горла.
Мароз рыпеў, нібы сухі флямастэр, які нас

накрэсьліў  малыя азяблыя постаці з крывёй,
якая прагне вырвацца зь цела. Рыбы, якія
ня трапілі ў каўчэг і плылі за ім.


Галіна

Мёртвая рыбіна падае сотні мэтраў
у ледзяное мора.

Мой тлусты мозг, мая тлустая кроў 
як працяг гнязда. Бязгучнае неба

раскатурхвае ветрам званы
і ня мае дна.


Паэт

Сьвятарскім рухам рукі паказваў
хмары. Пісаў у прамежках, паміж
працай і дзіцем, ноччу і сном.
Сёньня я прачытаў тузін ягоных вершаў 
дакладна адшліфаваная адзінота.


Візыт у адказ

Дзякуючы тым здымкам я ведаю,
што адбывалася да майго нараджэньня:
празь вёску цякла рака, ліпа была
кусьцікам, а над ёй вісела воблака з вапны.

Потым я рос,
дыхаў пажыўным паветрам. Бег,
а галінкі білі мяне па вуснах.

Сёньня ляжу на падданай зямлі, ля намёта,
кратаючы яго шнуркі, нібы струны.
Думаю пра цябе з заплюшчанымі вачыма.
Калі іх адплюшчу  зьнікну.


Гама

Вецер зрывае з паветра птушак,
ладзьдзя набірае мутнай вады,
дзе плешча ў далоні мінулае.

Мяне не заб’е каханьне
і не спалохае сьмерць,
бо яны  гэта я.


Крыніцы

Па шыбе сплывалі сонцы, падымалася хмара.
Лета мінула, чарговы Ной будаваў каўчэг
і хлопцы за гаражамі крычалі бландынцы: “Лесба!
Лесба!” Я прыглядаўся да ўласных рук на стале,

ня ведаючы, што магу памерці. Хтосьці круціўся
там, за дзьвярыма, і я праз замочную шчыліну
бачыў ягоны цень, а потым белае вока.
Вока міргала.


Анаэробы

Я ня мог дыхаць
за нас дваіх. Спалохаўся
і першы раз адхапіў руку.
Я забег у сьмерць.
А потым яна забегла ў мяне.


Разрэз

Жамярынае вока, нібы сетка мікрафона.
Мая скура шамаціць, як папера,

а на здымку бацька з маці ўпэўнена
трымаюць мяне за рукі, быццам хочуць

перавесьці праз жыцьцё і сьмерць.
Праз сваю таксама.


Крок

Тое, што зрабілі са мной іншыя,
і ёсьць тым, чым я пішу.

Плыньню, ракой, пазелянелым
возерам у памежным лесе.

Аддаляцца ад гэтага сьвету.
З кожным рухам вясла.


Стык

Калі ты ведаеш, куды ўцячы,
ты ўжо не свабодны.

Мая дачка пытае ў мяне:

ці ты сьніў калісьці сон, у якім
табе сьніцца, што ты прачынаесься?


Узрушэньне

Наведваю магілу дзядоў. Мае бацькі
аднавілі помнік, пакінулі на пліце
месца для сваіх імёнаў. У гэтым пустым полі

мой твар  лісток, а далонь  корань старое
яліны, што разрывае бэтон. Я зьбіраю словы,
якія б нас упусьцілі, нас прапусьцілі празь сьмерць
і пакінулі, як учора: я каля радыё,

маці празь сіта цэдзіць бацьвіньне, а бацька
адносіць на лыжцы ў сьметніцу тое, што так
цярпліва вымаў з убітых у шклянку яек 
чорны, крывавы зародак.

Жыцьцё і сьмерць прамінаюць, мае бацькі
аднавілі помнік, пакінулі месца.


***
Паветра, якім я дыхаю, набывае
розныя формы  бачу іх, стоячы на халодных
школьных сходах. Нізка навіслая хмара
трэцца аб вершаліны хвояў. Неба –

кліча нас, немаўля, падглядае, сьляпец. А я
падслухоўваю хор, чый сьпеў нейкі час
далятае з вокнаў. Мне падаецца, што ў гэтым
шматгалосьсі я чую голас дачкі.


***
Мы сталі ля возера лагерам дзікуноў.
Пілі віно, сьмяяліся, падкладаючы
ў вогнішча засохлыя імёны.

Некаторыя не згаралі, і мы адкідвалі іх
у зарасьці, як раскаленыя цьвікі,
сьпіцы колаў або завесы дзьвярэй.


***
Было ўжо позна, калі нейкі рух узьнік на вадзе,
мы хутка згасілі агонь ды схаваліся ў траве,
пакідаўшы на зямлю бутэлькі і хлеб:

ля берага, адштурхоўваючыся ад дна
даўгім ценем, зусім нас не заўважаючы,
плыла па затоцы сьмерць у адлюстраваньні.


***
“То бок атрымліваецца, што сьмерць 
гэта канец абмену інфармацыяй”, 
кажа яна і выключае тэлевізар. На матавым
экране сядзяць адбіткі нашых целаў.
Праз хвілю яе цела ўстае і сыходзіць.
Маё, зануранае ў чарнату манітора,

сядзіць у ёй далей.


***
Я ня скончыў працы. Толькі ў сьне
усё было гатовае. Сьмерць

ашчэрыла зубы, паказваючы дзясны
колеру другога боку люстэрка.


***
Лісты падаюць з галіны над ракой,
як словы з жыцьця  дапаўненьні, азначэньні,
пакуль не застаецца адзін голы выказьнік.

Які адказвае на пытаньне вады.


***
“Такі ўжо сьвет”  кажа
нам рыба. Мы слухаем яе
знутры нашага акварыюма.


***
Ліхтар згасае і сьвет
урэшце перастае глядзець на мяне.

Тых, якім падаю руку, вельмі шмат,
а так напраўду ні з кім не разьвітваюся.


***
Над возерам ловяць у рукі яшчарку.
Адна кажа: “Якая класная!”,
другая: “Якая няшчасная”.


***
Замест дзяржава
кажу радзіма.

Замест яна
клічу каханьне.

Скурчаны сяджу
ў гэтым сказе,

бо я тут толькі
назоўнік.


Пераклаў з польскай Андрэй Хадановіч. Пераклады зроблены з кніг: “Stopeń pokrewieństwa” (2017), “Pełnia Robaczego Księżyca” (2022) і “Widoczna i niewidzialna” (2023).

Scroll to Top

Discover more from TAŬBIN

Subscribe now to keep reading and get access to the full archive.

Continue reading