Гэлена Раманоўская (13(26).12.1908 – 17.05.1980)
Гэлена Раманоўская была найбольш вядомай з польскамоўных пісьменьніц міжваеннай БССР. Зрэшты, да яе польскамоўнасьці нават сын, вядомы палітык і вучоны Станіслаў Шушкевіч, ставіўся зь лёгкай іроніяй: "Напэўна, маці хацелася паказаць, што яна ўмее і па-польску пісаць... Маці ўдома заўсёды гаварыла толькі па-беларуску. А мову яна вывучыла ў польскай школе...".
У спадчыну яна пакінула дзьве асобна выдадзеныя аповесьці ("Зь вясной наўздагон" / "Z wiosną w zawody" і "Пахне зямля" / "Pachnie ziemia"), інсцэнізацыю для дзяцей, пераклад рамана "Спалох на загонах" Платона Галавача, а таксама апавяданьні й вершы, раскіданыя па розных выданьнях. У яе паэтычных творах выразна бачныя два пласты яе мастацкага сьветаўспрыманьня: глыбокі рамантычны лірызм і непазьбежная даніна духу тагачаснай эпохі.
Гэлена Раманоўская перажыла ўсіх сваіх калегаў па польскай сэкцыі Саюзу пісьменьнікаў, аднак, зьведаўшы ў 1930-х арышт мужа паэта Станіслава Шушкевіча і цкаваньне ў друку, да літаратуры болей не вярнулася — працавала настаўніцай у менскіх школах.
Віктар Жыбуль
Могілкі над Дняпром
Пагодны, летні вечар надыходзіць,
І цішыня здаецца таямнічай.
А могілкі ў цяністай прахалодзе
Прыадкрываюць нам сваё аблічча.
Пахілыя крыжы з магіл заснулых
Зрынаюцца ў Дняпро і патанаюць.
Знайшоўшы ў гнілі помнікаў прытулак,
Вандроўныя агеньчыкі палаюць.
Стары Дняпро ў сваім павольным бегу
Магілкі абыходзіць хваляй мутнай,
І з хвойнікам буйным высокі бераг
У плыні адбіваецца магутнай.
Здалёк на хвалях паказаўся човен,
Усё гучней чуваць знаёмы плёскат...
Ці праплыве за ім яшчэ чарговы?
Ці могілкі пачуюць пошум вёслаў?
Часамі ўвечар песьню плытагонаў
Падніме рэха над ракою ўгору,
А потым рыбакі з уловам плённым
У лодках штось сваё зацягнуць хорам.
І могілкі вячэрнія на ўзвышшы
Маўчаць у напаўсонным супакоі.
А вось Дняпро ня цешыцца зацішшам —
Шуміць і штосьці шэпча гонкім хвоям.
[1929]
Мора
Твой перада мною вобраз сінявокі,
Сьветлых бурных хваляў вольная прастора!
Як блішчыць сягоньня твой абшар глыбокі,
Ты само ці ведаеш пра гэта, мора?
Доўга б цябе, мора, бачыць я хацела,
І за кожнай хваляй бегла б я вачыма,
Забалелі б вочы — ўсё адно б глядзела,
Як зьнікаюць хвалі дзесьці ў далячынях.
Потым зноў стыхія мкнецца да ўзьбярэжжа
І нібы цалуе зь мяккім шумам скалы,
Доўгім пацалункам точыць іх і рэжа,
Каб падступна зрынуць у абдымкі хваляў.
[1929]
Вясновы дождж
Імклівяцца кроплі адна за другою,
Вясновая ночка, і водарыць глеба.
Падрэмвае вёска над бурнай ракою,
Прыкрытая дахам бяззорнага неба.
Заціхла ў паўсонным яна летуценьні,
Пад пошум бярозавы, шолахі лісьця
З усьмешкай жыцьцёвыя ловіць імгненьні,
А думкі з дажджом залацістым зьліліся.
На беразе стромкім ракі хуткаплыннай,
Дзе школу спалілі зласьліўцы-вар’яты,
Расьце, уздымаецца новы будынак,
Сягае вышэй за вясковыя хаты.
Там цэнтар калгасу, а воддаль — кароўнік,
Тут — штабэль бярвеньня смалісты і мулкі,
І вылучаны калектывам ахоўнік
Пільнуе вясковыя новыя вулкі.
Зьмяншаецца дождж, адступае макрэча,
На ўсходзе сьвітанак ужо замаячыў,
А месяц з-за хмары ўтаропіўся ў рэчку;
Сышоў, бо адбітку свайго не пабачыў.
*
Заціхла залева. Дзяньніца над вёскай.
Паблякла далёкае зорак мігценьне.
Прачнуліся хаты і слухаюць плёскат.
На стрэхах ляжаць галінастыя цені.
[1931]
Пераклад з польскай Віктара Жыбуля
Гэлена Раманоўская. Вольная прастора
Вершы беларускай польскамоўнай паэткі і пісьменніцы ў перакладзе Віктара Жыбуля