Уладзімер Кавальскі (21.12.1912 – 29.12.1937)
Трагічны лёс адвёў паэту Уладзімеру Кавальскаму ўсяго 25 гадоў. Пры гэтым ён пасьпеў зьмяніць як найменш пяць прац, правучыцца ў тэатральнай студыі, убачыць пастаноўкі дзьвюх сваіх п’ес, пакіраваць Польскай сэкцыяй Саюзу пісьменьнікаў, выдаць чатыры кнігі (рыхтавалася і пятая, але ўвесь наклад быў канфіскаваны) і апублікаваць паэтычныя пераклады зь пяці моваў, якія ён (мабыць, апроч грузінскай) ведаў у дасканаласьці.
Да 1930 году яго жыцьцё было зьвязана з Украінай, пасьля — зь Беларусьсю. Розныя геаграфічныя кропкі пазначаны і пад вершамі як месцы напісаньня. Самі вершы ствараліся пераважна "на злобу дня", адлюстроўваючы разнастайныя гераічныя падзеі на Зямлі і нават над ёй — ці то гэта змаганьне эўрапейскага пралетарыяту з фашызмам, ці заваёва савецкімі пілётамі стратасфэры... Асобныя свае тэксты аўтар наўпрост называў "паэтычнымі рэпартажамі".
Напэўна, так і варта ўспрымаць паэзію У. Кавальскага — як дынамічную, эмацыйна і вобразна насычаную, але часта плякатную паэтычную хроніку свайго часу. Часу, які неўзабаве абярнуўся трагедыяй, што паглынула і самога аўтара. Нягледзячы на аптымістычнае бачаньне "шляху да камунізму", напрыканцы злавеснага 1937-га Ўладзімер Кавальскі быў асуджаны і расстраляны як "член ПАВ" — Польскай Арганізацыі Вайсковай, да якой ён, зразумела, ня меў аніякага дачыненьня...
Віктар Жыбуль
Лес над морам
Ап’янёны
Зялёны
Глыбокі
Срэбразвонны
Ў снаклёнах
Высокіх
Шуміш клёнам, сьпяваеш хвоямі,
Б’еш паклоны па-над хвалямі.
Памятаць буду, мабыць, заўсёды
Гольле, што вісьне над жвірам нізка,
Сінюю ўсьмешку марской свабоды
Й клёны, падгучаныя вятрыскам.
Хто так бадзёра вамі гаворыць? —
Можа, зялёныя рукі-павевы
Вам прычасалі ў пошуме мора
Срэбныя косы —
Бы ў каралевы?..
1932 год. Адэса.
Харкаў
Дужэеш!
Як мае словы —
Сьмяешся горда,
Здаровы
каменны горад!
Буду з табой сьмяяцца зычна,
Аглушаны гоманам вулак,
Знайду ля тваіх
карпусоў фабрычных
Цагляна-вясновы
прытулак!
Ты прыгожы
ў стальных грымотах,
Млявая рэчка —
на целе
шрамам,
Сонца тваё аблівае потам,
Ззяе на шыбах
будынка Дзяржпраму.
Ты прыгожы
ў стальных грымотах,
Файны
дымавой аблачынай.
Жвавых рухавікоў абароты —
Сьвежы подых
фабрычнай
дзяўчыны.
Напіраюць аўтамабілі,
Бліскаюць рэйкі, мільгаюць шыны,
Высьвідроўвае
вуліцу
пільна
за стырном
кіроўца-дзяўчына.
У дзяўчыны чорныя вочы —
Буйнасьпелыя цёмныя вішні,
Косы, весела падкарочаныя,
І далонь, што лёгка ня сьцісьнеш.
На вуліцы, рэжучы хвілі,
На вуліцы чорнай тарпэдай
Чорныя аўтамабілі
Едуць.
Стырно ў далонях сьціскае,
Мінуючы рэйкі, машыны,
Разбэрсаная такая —
Дзяўчына.
Ну й далонь у дзяўчыны гэтай!
Сьмех яе бадзёры, здаровы. —
Трэба ўсім паразвозіць газэты,
Нам як хлеб патрэбныя словы.
Трэба словы кідаць да фабрык —
Разышоўся каб нумар шпарка,
Каб цягліцы рук не аслаблі,
Каб даваў трактары Харкаў!
Харкаў дыхае сажай,
Жалезам —
Цьвёрды.
Хай трактары пакажуць
Прац
Рэкорды!
Горад штурму новых фарпостаў
Харкаў
Часу
дыктуе
законы.
Тут заўжды сустракаюць вёсны
Цяжарныя антрацытам вагоны.
Дужэеш!
Твае цягліцы
Растуць вясной будаўнічай!
Пот не спыняе ліцца,
Сэрцы
шчасьцем
крынічаць!..
1932 год.
Гаворыць "Марс"
Неба блакіт — нібы ўсьмешкай працяты,
Сьцелецца ў высях лазурак шаўковы.
Тут пад лазуркам старт стратастата,
Зараз каманды выбухнуць словы.
Стартэраў рукі спрытна
Напяліся перад палётам,
У ціхі прасьцяг блакітны
Адважна глядзяць пілёты.
Лёгкі і мяккі блакіт верасьнёвы,
Тут стратастат набярэ сваю хуткасьць.
Неба — блакітная песьня бяз словаў,
Песьня пра сьмелых пілётаў магутнасьць.
Стартэр камандуе цьвёрда, сувора,
Кажа: — Палёт! — аж нябёсы зайшліся.
— Ёсьць! — прагучаў барытон камандора,
І абалонка сягнула ў высі,
І паплыла, як песьня надзеі,
Гожым цюльпанам срэбна-бялюткім,
Пад стратастатам зямля драбнее —
Ён над зямлёю і сам драбнюткі.
Узьнімаецца ўгору паволі
Экіпаж у круглай гандоле.
Не пабачыш яго, ён высока,
Там, куды не лятае сокал.
[...]
Паляцеў стратастат, бы на покліч магніту,
Несучы гандолу, як кошык.
Расчынілася неба лагодным блакітам —
Падарыла пілётам валошак.
Чым вышэй — тым мацнейшы холад.
Яшчэ сто, яшчэ тысяча, — мала!..
Стратасфэру скарыць гандолай!
Дзесяць тысяч! Хутка!.. Удала!
Абалонка, між сонечных блікаў
Падымай гандолу імпэтна,
Хай яна ляціць, быццам Ніка
З валасамі, што танчаць ад ветру!
[...]
Блакітнага дасягнулі паддашка, —
Стратасфэра ад сёньня ўжо наша!..
Менск. 1933 год.
Акварэль
Апусьцілася ночка сівая,
Быццам хоча абняць навакольле,
Лашчыць хвоі, цішком накрывае
Іх зялёна-духмянае гольле.
Ноч прыйшла і на сьнезе застыла —
Сівізной ахінулася зімнай.
Сьнег іскрыцца на поўную сілу
На чароўных абшарах радзімы.
Вунь кусты замярзаюць пад плотам.
Як зазвычай, калыша іх вецер,
Без залішняй тугі і маркоты
Калыханкі дудзіць на клярнэце.
Па сумётах ён танчыць з разьбегам,
Сьнегу тут да вясны будзе досыць;
Хай пасьля адпачынку з-пад сьнегу
Прарасьце залатое калосьсе.
Ці ж ня ў радасьць нам гэтая зімка
Са сьнягамі, вятрамі, завеяй!..
Грэйся, глеба, у сьнежных абдымках!
Калышыцеся, сонныя дрэвы!
Хай надвор’е спрыяе сугрэву
Тых зярнят, што калгас тут засеяў!
А як ліпень у вёску загляне —
На ўрадлівых палях будзе шумна.
Пазьбіраюць калосьсе сяляне,
Павязуць у калгасныя гумны.
1934 г.
Дзяржынск, БССР.
Пераклад з польскай Віктара Жыбуля
Уладзімер Кавальскі. Песня бяз словаў
Вершы расстралянага беларускага польскамоўнага паэта Уладзімера Кавальскага ў перакладзе ВІктара Жыбуля