
На працягу двух гадоў з пачатку лютаўскай інвазіі Расіі ва Украіну, салідарныя з нашымі ўкраінскімі сябрамі і ўсім украінскім народам, мы друкавалі пераклады актуальнай украінскай паэзіі на беларускую мову. За гэты час у часопісе “TAǓBIN” з’явіліся вершы 40 сучасных украінскіх аўтарак і аўтараў. Гэтак жа сама, з пачуцця любові і салідарнасці, мы распачалі серыю перакладаў украінскага “расстралянага адраджэння”, працу над якім яшчэ спадзяемся працягнуць.
За два гады было апублікавана 26 падборак перакладаў, зробленых шасцю перакладчыкамі і перакладчыцамі, і гэта вялікая праца, якую нам шкада было б страціць. Можа быць, цяпер не самы зручны час наладжваць масты, але для нас, падаецца, зручнага часу не будзе ўжо ніколі. Кожны дзень ракеты агрэсара ляцяць на ўкраінскія гарады і вёскі, кожны дзень яны забіваюць бязвінных людзей, і ўсё, што мы можам у памяць пра тых, каго не вярнуць, — не маўчаць. Гаварыць пра гэта. Мы вырашылі сказаць уголас зборнікам — першым зборнікам актуальнай украінскай паэзіі па-беларуску.
У ім прадстаўлены вершы 13 аўтараў і аўтарак, некаторыя з якіх проста зараз ваююць на фронце. Украінцаў і ўкраінак вайна раскідала па свеце, прымушаючы гаварыць пра свой боль, каб свет працягваў дапамагаць іх радзіме змагацца са злом. Беларусы таксама павінны гэта чуць.
“Пра словы і цішыню між імі” — гэта ўнікальная, у літаральным сэнсе слова ручная праца каманды “TAǓBIN” і шведскага выдавецтва “Ariel Förlag”. Зборнік пабачыў свет у лютым 2024 года, ён дасяжны ў Варшаве (кнігарня “Кнігаўка”), Вільні (Беларускі музей) і Стакгольме (кнігарня “Interbok”). На жаль, Мінска і іншых беларускіх гарадоў у гэтым спісе не будзе.
Выданнем гэтага зборніка мы падтрымліваем нашых украінскіх сяброў і спадзяемся, што гэта будзе яшчэ адзін маленькі агульны крок да перамогі дабра над злом.

