Вярнуцца да каранёў
маніфест 10-га кінафестывалю “Паўночнае ззянне”
ты разважаеш пра карані мінімум двойчы на год
на дзень незалежнасці і на дзень волі
карані гэта тое, што ты не выбіраеш
і тое, ад чаго ніколі не можаш адмовіцца ці забыць
нават пры пераездзе, уцёках ці рэлакацыі
з ідэнтычнасцю ўсё яшчэ складаней
ідэнтычнасць — яна вадкая, эфемерная
ідэнтычнасць ззяе і пераліваецца, як скура на хвасце яшчаркі,
які яна скінула аднойчы, моцна спалохаўшыся
ты можаш змяніць ідэнтычнасць
можаш камунікаваць пра яе рознымі займеннікамі
але самае галоўнае — што ты гаворыш пра ідэнтычнасць сабе
ці не гаворыш — пазбягаеш, замоўчваеш
уцякаеш ад яе, перавызначаеш і перавынаходзіш
перастварыць ідэнтычнасць можна толькі вярнуўшыся да каранёў
узгадаць, хто ты ёсць, можна толькі вярнуўшыся да каранёў
быццам прачнуўшыся пасля моцнага сну
вярнуцца да каранёў, калі цябе няма
калі няма страху перад пустэчай, прорвай, роспаччу, безданню, болем
вярнуцца да каранёў у твой уласны дзень волі
у твой дзень сілы, намаганняў і высілкаў
уявіць свае карані ў сваёй уласнай свядомасці, усвядоміць іх
вярнуцца да каранёў
адчуваць сябе як дома
Увага. Адлегласць
маніфест 9-га кінафестывалю “Паўночнае ззянне”
На адлегласці мы можам размаўляць, але нам вельмі лёгка згубіцца.
На адлегласці мы можам глядзець адно аднаму ў вочы, але праз шыльду экрана.
На адлегласці мы можам плакаць, але не можам вылечваць нашыя самыя балючыя раны.
Адлегласць прымушае востра адчуваць страту, непражытае, неадрэфлексаванае.
На адлегласці час змяняе хаду, блытаюцца часавыя паясы, мовы, кірыліца і лацінка.
На адлегласці перастаём пераводзіць беларускія рублі ў еўра і наадварот.
На адлегласці паміж намі крымінальныя справы, параноя і празмерная асцярожнасць.
Мы падзеленыя на тых,
хто з’ехаў,
і тых,
хто застаўся.
Хаця мы ўсё яшчэ, як і раней, адзін бясстрашны народ.
На адлегласці нас паглынаюць сумневы, зацягвае калаўрот
Адрозненняў і параўнанняў, розніцы меркаванняў.
На адлегласці мы не можам абдымацца, дакранацца, адчуваць еднасць.
На адлегласці пахі становяцца недаступнымі.
Але даступныя раздражненне, злосць, зайздрасць.
У абодвух кірунках,
і тут, і там,
а таксама на прапускных пунктах
Катлоўка, Каменны Лог і іншых.
На адлегласці мы шукаем адказы, але пытанні знаходзяць нас з большай лёгкасцю.
На адлегласці нам складана змірыцца з шэрай будзённасцю,
На адлегласці слова «Мінск» — для некага настальгічны трыгер,
А для некага настальгію выклікае адсутнасць візы ў сінім пашпарце.
Так ці інакш на адлегласці мы стараемся быць уважлівымі:
Калі перасякаем мяжу ці калі посцім нешта ў сацсетках.
Узважваем кожнае слова, стараемся быць справядлівымі і менш радыкальнымі.
Уважлівымі да мінулага і да будучыні, да тых, хто побач, і тых, каго мы даўно не бачылі.
Хіба толькі праз шыльду экрана.
На адлегласці мы можам паспачуваць, але не можам вылечваць самыя балючыя раны.
Увага. Дзверы адчыняюцца. Перад вамі — адлегласць.
***
мы не ведалі адно аднаго да мінула лета
гэта фраза стала нашай мантрай, афірмацыяй
unique selling point
каб не мінулае лета, верагодна,
мы б паміж сабой размінуліся, не сустрэліся, разышліся
не заўважылі адна адну, адзін аднаго
за мурамі прывіднага дабрабыту
каб не гэтае гора, якое цягнулася так доўга і, здаецца,
выбухнула так знянацку
мы б не сталі на шлях святла, дабрыні, свабоды
не пачалі б размаўляць адно з адным
дзейнічаць і нават сварыцца
нічога б не пачалі
не пачалі б жыць, шырока расплюшчыўшы вочы
каб не тое лета, не было б цяпер столькі снегу
не былі б мы цяпер сябрамі
і тут бы цяпер не стаялі
не крычалі б “Жыве Беларусь!” каля маяка Сырве
і не махалі б там сцягам,
уяўляючы, што яго бачаць на іншым баку заліву –
ажно ў Фінляндыі, ці нават у Швецыі
нас відаць далёка, нас чуваць на ўвесь свет
мы перамагаем
чуеце?
кожны дзень мы перамагаем
7.02.2021
Не тое
Цяпер я вырасла, пасталела
Цяпер я белае называю белым,
Чорнае — чорным.
Цяпер у тваіх маналогах жорсткіх
Няма для мяне невядомых месцаў.
А марозіва неяк хутчэй,
Не як у дзяцінстве, есца.
Цяпер і з мыльнымі бурбалкамі не пагуляеш.
Не зразумеюць шчырасць парыву,
Палічаць або ідыёткай або дзяўчом-пераросткам.
Не тое, што раней,
Калі было невыносна проста!
Цяпер адчуваю сябе жырафай або
Эйфелевай вежай.
Або ўсёй адразу камандай прайгралых
На неабсяжным футбольным манежы.
Цяпер саромеюся прыступаў шчасця.
Дакараю сябе, думаю, што не заслужана.
Не тое, што раней,
Калі пачувалася шчаслівай без дай прычыны
І не корпалася ў сабе дужа.
Цяпер паглядзіш на неба, а там –
Нейкія антытэзы, хранатопы, алюзіі.
Не тое, што раней,
Калі здавалася — усё наперадзе.
І будаваліся планы,
І расцвіталі вясной ілюзіі.
***
У шкле грувасткіх кубкаў
Адлюстроўваецца строгі вечар.
Ноч надзявае сваю гіпюравую сукенку.
Хутка спаць.
На вузкім плато паліцы вагона-плацкарты
Не ўпірайся мне ў жывот каленкай.
***
Меней словаў
Слухай маё дыханне
Цішыня звар’яцела ў адзіноце
Я даўно
Хацела знайсці кампанію
Сваёй неўтаймоўнай цноце
Меней словаў
Што тут яшчэ скажаш?
Перакуліліся дажджы
Затапіла
Заліло
Змыла
Святыя мошчы
Меней словаў
Болей сілы
praying to the god of rain
эйфарыя растварылася ў пене і тлене дзён
я нават не спадзявалася
што нехта яшчэ нешта будзе памятаць
больш за два тыдні
хіба што трошку марыла
усе чакаюць німфаманку ларса фон трыера
(я таксама!)
ды экранізацыю паводле барыса віяна
але наогул апошнімі днямі
тут так
бязлітасна парыла
што я чакала залевы тваіх словаў
званкоў
смайлаў
і ўсё марна
цяпер
халодны душ
мая мара
Каралева Семіётыкі
Я іду па вуліцы такая чароўная
Што нават дарожныя знакі ў засмучэнні
Адварочваюць свае сімвалы
Час такі летуценны і прыгожы
Праязджае ў тралейбусах і маршрутках міма
Мінакі, што ідуць насустрач
Здзіўлена азіраюцца
Я выглядаю як каралева семіётыкі
У духу часу — без касметыкі
Ўся ў гэтых пярсцёнках, камбінезонах, камізэльках
Такая дрыготкая зялёная
З адметнай глыбінёй ў вачах
Як сказалі бы даследчыкі творчасці Даяны Арбус
Her response to the camera is rather downcast
Я бягу сёрабючы капучына
Хутчэй хутчэй
Валасы назад
Каб прызямліцца на зэдліку
Каля кінатэатра Кастрычнік
Кінуць якар са сваёй міжпланетнай станцыі
На зямлю спусціцца
Падзяліцца з тэкставым рэдактарам
Усімі гэтымі скарбамі
Што гайдаюцца ўва мне
Як беспрытульныя талеркі кубачкі й відэльцы
Што апынуліся ў моры
З карабля які пацярпеў ад разбурэння
Скарбы смешна звіняць
Стукаюцца адзін аб адзін
Адзін аб адзін адзін аб адзін
Адзін Адзін
Дзінь Дзінь