жанчына, што ажанілася з тэдам бандзі
авэ, эва браўн!
о, эва браўн, авэ!
рассунутыя ногі ўсе ў крыві,
барвовы лак — жаданьне схаваць гістарычную памяць пазногцяў.
ах, а як завусенцам дацягнуцца да той краіны белакудзеркавых сялянаў?
апэрацыя валькірыя была выкрытая з нагоды сьвята сусьветнай валошкавай рэвалюцыі.
мы стварылі беларусь, надыйшоў час стварыць беларусаў.
і любіць, любіць, любіць!
на лесвіцы, што вядзе да старога замка і паганскага манумэнта вітаўту.
гудзію апанавала nêmъ.
грудзямі апанаваць нёман.
грузкасьць пана немца.
у немарачы няма мараў — немарасьць.
пігулкі з атрутай у маёй руцэ:
адзін дзень да вясельля
два да тваёй сьмерці.
апошнія словы на травеньскім трыбунале нюрнбэргскіх марыянэтак:
ты будзеш маёй?
і ў радасьці і без?
і бэз, такі прыгожы бэз.
мы ўзрасьлі са шчаўя
у мястэчку шчаўе гіне.
макавая кроў цячэ па яе сьпіне.
яна парэзалася,
калі несла мех са шклом.
скіслы пах яе цела.
трава, што імгненьне таму трымцела.
усё навокал зьмярцьвела.
калі ласка, можна я сабе ў дзедаўшчыну вазьму толькі адно — сьмерць ува сьне?
ані яблыньку на прыступках саду, ані ляльку са шрубай у назе.
балазе маці захавала яе сьлязу з пахаваньня.
ці памерла тая вавёрка, што перадавала мне гарэшкі зь лесу?
ці больш слушна казаць Вáверка.
як камічна, што я цяпер недаверка
без пэрманэнтнага мейсца жыхарства.
варажу на рамонку: пасадзяць ці не пасадзяць,
не рыфмую дзеясловы, бо ў таўбіне благога не парадзяць,
кожны дзень абіраю націск слову гадзіць.
вось блядзь.
фанэма
афрыкаты ў Афрыцы гэта ня сьмешна.
глухая латэральная палатальная афрыката ў мове хадза¹ сказала мне: ты чалавечыца.
звонку звонкая сандавэ² навучыла мяне маляваць маёй крывёю на сьценах пячоры.
я адвярнулася як Юда ад сьвятой вячэры.
трывожнасьць і немагчымасьць разьмежаваць каралеўства Асантэ³ і asante sana rafiki.⁴
паволі едзеш — далей будзеш.
haraka haraka haina baraka⁵.
талака ды erisaga⁶,
парэшткі mbege⁷ ды брага,
ubuntu⁸ ды прага
да жыцьця,
піцьця,
выцьця.
Вікця
угандлёўвае Уганду са скурай вугалю актываванага.
рытарычнае пытаньне да хлеба,
які, як шкада, пасьля таго, як правёў полацкі царкоўны сабор, ня памятае дзе ночыў Напалеон на Тройцу 1812 году.
забіць кенійскую муху⁹.
з’есьці кенійскую муху.
мой твар узруньваецца апёкамі.
мой страўнік ньнее і квітнее на нешпары.
мурынка на муры мармурным думае як абараніць намібійцаў ад СВАПА¹⁰ ды камунізму.
му. мы вярнуліся да мурогу.
¹ мова народу Хадза, які пражывае на поўначы Танзаніі каля возера Эясі.
² мова народу Сандавэ, які жыве ў рэгіёне Кандоа, Танзанія. Рэгіён знакаміты сваім пячорным жывапісам.
³ заходнеафрыканская дзяржава, якая займала тэрыторыю сучаснай паўднёвай Ганы ў 18-м і 19-м стагоддзях.
⁴ з суахілі: "Вялікі дзякуй, сябра".
⁵ пераклад з суахілі: "Пасьпех, пасьпех ня мае блаславеньняў".
⁶ сацыяльны звычай узаемадапамогі на тэрыторыі Танзаніі. Адна з характэрных рысаў палітыкі Джуліюса Ньерэрэ, першага прэзыдэнта Танзаніі.
⁷ бананавае піва.
⁸ паўднёваафрыканская філязофія, якая абапіраецца на давер людзей і іх узаемасувязі.
⁹ маецца на ўвазе Nairobi fly.
¹⁰ палітычная партыя і былы рух за незалежнасьць у Намібіі.
***
а што калі гвельфы і гібеліны паўплывалі на каранацыю Міндоўга ў Кернаве?
а што калі перавезьці ўсіх кікуйю — тут трэба ёкнуць два разы — на палескія багны?
і яны тады скажуць: тут гэтак жа, як у найробі.¹¹
не брашы, там стаіць помнік нэаклясічнай архітэктуры¹², а на Палесьсі — толькі процьма зацішы.
Франц Фанон забіў бы цябе ды мяне тысячу разоў.
але Мэнэлік другі¹³ ужо вымяняў Арцюра Рэмбо¹⁴ на рускія гарматы на зэльвенскім кірмашы.
на мае вусны паўзуць мурашы — маё паміжакцьце, паміжаканьне.
і вы таксама з крывіцкага племені?
тады на адно пытаньне мне адкажыце:
вы жанаты ці жывяце ў кеніі?¹⁵
¹¹ першапачаткова, да прыходу калянізатараў, мейсца, дзе зараз знаходзіцца Найробі, было багнай.
¹² маецца на ўвазе McMillan Memorial Library.
¹³ выбітны этыёпскі імпэратар. Знакаміты тым, што перамог італьянскіх калянізатараў і аб’яднаў Этыёпію. Этыёпія разам з Ліберыяй былі адзінымі афрыканскімі краінамі, якія не былі калянізаваны эўрапейцамі.
¹⁴ Арцюр Рэмбо правёў апошнія гады свайго жыцьця ў Этыёпіі, дзе пазнаёміўся з імпэратарам Мэнэлікам ІІ.
¹⁵ Кенія была брытанскай калёніяй. Брытанцы хацелі стварыць у Кеніі штосьці накшталт Паўднёвай Афрыкі: перамясьціць туды белых пасяленцаў з дапамогай актыўнай рэклямы ды прапанаваць вайскоўцам, якія служылі падчас Першай сусьветнай, таксама пераехаць у Кенію ў якасьці ўзнагароды.
Так, эўрапейцы ўтварылі дамінуючы элітарны пласт насельніцтва з купай грошай ды бескаштоўных працаўнікоў. У Найробі яны ўдзень хадзілі на паляваньне, ладзілі спартовыя гульні, каталіся на канях, шпацыравалі па новапабудаваным горадзе і пілі шампанскае на сьняданак. А ўвечары наведвалі Muthaiga club, таксама вядомы як афрыканскі Мулен Руж, куды зазвычай прывозілі японскіх прастытутак. Недалёка ад Найробі, у "шчасьлівай даліне" госьці ладзілі сьвінгэр-вечарыны, калоліся морфіем ды какаінам, а пасьля параўноўвалі свае сэксуальныя нататкі.
Гэтымі гуляньнямі яны выславіліся па-за межамі афрыканскага кантынэнту, так што нават у брытаніі распаўсюдзіўся такі жарт: "Are you married or do you live in Kenya?"
чалавек, які пабудаваў дакар
што засталося ў вас, салічныя франкі¹⁶,
ад самага заможнага чалавека ў гісторыі?¹⁷
стары мовіў: унутры цябе жывуць два ваўкі: неўр, які баіцца зьмеяў, і валоф, які гандлюе рабамі.
ты, валофскай крыві хрысьціянін, сын свайго бацькі, гандляра арахісам, напішы свой эцюд Нэгрыцюды і заставайся ў Парыжы. амінь.¹⁸
ты, валофскай крыві мусульманін, сын свайго бацькі, вэтэрана ды паліцыянта, падрыхтуй свой coup d’état і грацыяй у эміграцыю. ас-саляму алейкум.¹⁹
Дакар — гэта стары закон, Парыж — новы.²⁰
гэтай мэтафарай я асуджаю сябе на нянавісьць марабутаў.²¹
я прымаю сваю пакутніцкую долю, набіраю рэкрутаў, раздаю грамадзянствы.
людзі не з Чатырох Камунаў²² — прарокі, што ня бачылі трыадзінства.
я буду чакаць цябе на бульвары Эміля Пінэт Лапрадэ.²³
ты будзеш танчыць на шарль дэ гольлі.
і ніколі не даведаешся, што на рэфэрэндуме незалежнасьці²⁴ не было правільнага адказу.
ніякага правільнага адказу, акрамя гвінейскага,²⁵ ты скажаш.
я засьмяюся, скажу паглядзімо —
час пакажа лёсы тых, хто падтрымаў Нкруму²⁶.
то бок твой лёс.
ты скажаш, што бяз гвалту Маў Маў²⁷ не было б сацыялізму Ньерэрэ, не было б маёй уджа-маці.²⁸
я пацалую цябе і скажу сьцеражыся.
усё адно Дакар пабудуе на баабабах балавокі іаакан.
¹⁶ галіна франкаў, якія ў 5 ст. жылі ў Таксандрыі і Турнэ. Ліччацца стваральнікамі адзінай Франкскай дзяржавы.
¹⁷ маецца на ўвазе Манса Муса.
¹⁸ гаворка ідзе пра Леапольда Сенгхора, палітыка, паэта і першага прэзыдэнта Сэнегала.
¹⁹ гаворка ідзе пра сэнегалійскага палітыка Мамаду Дзіа.
²⁰ па пляніроўцы Дакар вельмі нагадвае Парыж.
²¹ У мусульманскіх братэрствах Сэнегала марабуты былі вядомымі сябрамі грамадства Валоф і арганізаваны ў складаныя іерархіі. Французскім калянізатарам было цяжка прыстасавацца да кіраваньня мусульманскімі грамадзтвамі, асабліва ў Заходняй Афрыцы. Французы выбралі формы ўскоснага кіраваньня праз мясцовую арыстакратыю, імкнучыся падтрымліваць парадак і зьнізіць адміністрацыйныя выдаткі, але выявілі, што многія падданыя ненавідзяць каляніяльных правадыроў і кіраўнікоў і, як правіла, імкнуцца да мясцовых марабутаў. Праз гэта палітыкі спрабавалі супакоіць марабутаў, пагаджаючыся прасоўваць найлепшыя інтарэсы братэрства за іх адабрэнне, а некаторыя палітыкі лічылі, што перамога на выбарах была б немагчымай без падтрымкі марабутаў. Гэтая палітычная дынаміка прывядзе да свайго кшталту альянсу паміж марабутамі і французскімі калянізатарамі.
²² Гарэ, Дакар, Руфіск і Сэн-Луі былі адзінымі мейсцамі ў французскі каляніяльны пэрыяд, дзе афрыканскія жыхары атрымалі тыя ж правы, што і французскія грамадзяне.
²³ французскі губернатар Сэнегала і архітэктар Дакара.
²⁴ рэферэндум аб новай Канстытуцыі Францыі быў праведзены ў Сэнегале 28 верасьня 1958 году як частка больш шырокага рэферэндуму, які прайшоў па ўсім Французскім Саюзе. У выпадку прыняцьця новай Канстытуцыі краіна становіцца часткай новай Французскай супольнасьці або атрымлівае незалежнасьць у выпадку адмовы. Канстытуцыю падтрымалі 97,55% выбарнікаў.
²⁵ разам зь Нігерам Гвінея была адной з дьзвюх тэрыторый, дзе галоўная палітычная партыя агітавала за галасаваньне "супраць", і ў рэшце рэшт была адзінай тэрыторыяй, якая адхіліла Канстытуцыю і выбрала незалежнасьць.
²⁶ палітычны дзяяч Ганы, якая першай з афрыканскіх краінаў атрымала незалежнасьць у 1957 годзе.
²⁷ крывавае паўстаньне ў Кеніі у 1952–1960 гадах.
²⁸ Уджамаа — сацыялістычная ідэалёгія, якая легла ў аснову палітыкі сацыяльнага і эканамічнага развіцьця Джуліюса Ньерэрэ ў Танзаніі пасля атрыманьня ёю незалежнасьці ад Вялікабрытаніі ў 1961 годзе.
дэфанэтызацыя éire
колькі словаў я ведаю, якія пачынаюцца з і?
іста і ісьці.
імгляны дом, іржавы клён.
ільля льняны са сваім гнільлём.
ірваць, іграць, імацца
ды з ірдзелем кахацца.
спалучэньне рл’ гэта параза індаэўрапейскай моўнай сям’і.
так курлыкае галубка, так прабягае ральля.
але так ніколі не казала мая прабабуля, калі перадавала мне варажбіцкія парэшткі парэчкі.
парабалічнае прыраўнаньне, яно зьнішчае існаваньне мовы — маё існаваньне.
мы не мовім *. лішне.
лынды ляванды ды ванды лявіцкай.
на грэцкія календы ўтварыўся экзонім венды.
гэта кантрабанды, жыльлёвыя фонды, прапаганды.
толькі ня эльфы!
мы не мовім *. лішне.
яе каранепадобныя валасы без аніводнай галіны. яе валасы колеру зеўры кэадскай.
але ці магу я піць гарбату, што яна налівае мне кожны вечар, калі я ня ведаю, як вымаўляць
tíocfaidh?
я разьбіраю па-фанэмна сувэрэнітэт яе цела, яе прыгажосьць і плённасьць.
яна мая éire, мая алафон.
кожны ранак я прачынаюся,
каб дэфанэтызаваць ірляндыю.
бо калі я дэфанэтызую беларусь,
у мяне атрымліваецца крывія.