TAŬBIN

Кіно пад вольным небам

Вершы Андрэя Хадановіча

Андрэй Хадановіч

Фота Марыі Сёдэрберг

Знаходкі

Хочаш знайсьці невядомае
і падзяліцца.

Цярпліва шукаеш,
знаходзіш і паказваеш.
А яно ўсім даўно вядомае.
Упс, не пашчасьціла.

Яшчэ цярплівей шукаеш,
знаходзіш,
паказваеш.
Так, сапраўды невядомае.

Але іншыя
цярпліва чакаюць,
калі пачнецца знаёмае.
Не пазнаюць і засмучаюцца.
Зноў не шанцуе.

Часам здарыцца
адкрыць невядомае ў вядомым.
Паказваеш.
Ветліва дзякуюць.
Так, шукаў і дашукаўся.

І толькі зрэдку
натрапіш на такое невядомае,
што ўсе пазнаюць
і радуюцца,
як старому знаёмаму.

Бо ўсе —
і ты сам, і кожны —
заўжды пра яго ведалі,
проста яшчэ ня ведалі,
што ведаюць.


Зацьменьне сонца

"Арфэй, не глядзі на сонца, —
раіў Гамэр. —
Калісь я глядзеў, а яно мне…
За гэта і вып’ем!"

Напой быў нябесны,
гекзамэтр булькаў у горле,
і пасьля сёмай гадзіны з хвілінамі
ў сонца паэзіі
здарылася зацьменьне.

Арфэй абразы пісаў
лесьбійскім паэткам.
(Назаўтра патрэ палімпсэсты
і прыйдзе ў прыват выбачацца.)

Пытаў Эўрыдыку:
"Ты мяне паважаеш?"

Задзёр галаву і крычаў Ікару:
"Я паэт, а ты пралятаеш!"
(Ікар, разабраўшы крыло,
заляпіў вушы воскам.)

Абражаны на ўвесь сьвет,
быў пайшоў у краіну ценяў,
але наастачу зь цікавасьці
азірнуўся на неба —
і ператварыўся ў сонечны слуп.

Яшчэ цікавей з Гамэрам.
Падпіты небажыхар
зусім не глядзеў па баках —
і трапіў пад Пэрсеіды.

Падобна, абодва ня вернуцца на зямлю…


Кіно пад вольным небам

Пад вечар у горадзе
па-асабліваму пахла кветкамі,
і гэта быў знак жыхарам
выходзіць на плошчу.

Разгортваўся белы край
велізарнага палатна,
экран,
на якім у паўцемры
пакажуць кіно.

Экран падымаўся над плошчай
запаленым маніторам,
а людзі зьбіраліся
ў шчыльныя,
шчырыя
шэрагі клявіш.

Дзеці складалі
гуляючы
простыя словы.
Дарослыя, ціснучы shift,
утваралі КАПСЛОК.

І кожны быў сымбалем,
кожная знакам,
нотаю неймавернай актавы,
літарай невераемнага альфабэту.

Кінапраектар зіхцеў,
нібы сонца на захадзе,
і экран разьліваўся морам,
увесь у блакіце і золаце.

Морам плылі караблі
і барашкі хваляў,
барашкаў лічыў басаногі пастух,
ідучы па вадзе,
і прыбоем прыходзілі сны.

…Першай прачнулася цётка:
нічога не адбываецца,
вобразы ходзяць па коле,
няма сюжэту.

Сьледам ачомаўся дзядзька:
ня тая мова,
а субтытры чытаць
ніякай ахвоты.

Дзеці сьвісталі,
крычалі "кіна ня будзе"
і "кіншчык сьпіўся".

Раптам пачаўся лівень,
і хоць чароўны прамень
зьзяў усімі колерамі вясёлкі,
нехта сышоў, бо прамок і замёрз,
а кагось абурыла вясёлка.

Потым зрабілася страшна,
бо ў цемры шалёныя кантралёры
выводзілі безьбілетных,
якімі былі мы ўсе —
у сваё кіно, дзе ўваход свабодны,
а выйсьця няма.

Самацэнзура сьцьвердзіла:
"Кінатэатар пад вольным небам" —
гучыць занадта крамольна,
і напісалі: "…пад голым…"

Перад экранам пуста.
Апошнюю парачку выгналі за пацалункі.
Кінамэханік сьпіць у нябеснай будцы.

Нехта гаворыць, што будкі зусім не існуе,
ні экрана на плошчы,
ні асаблівага паху кветак,
ні пацалункаў,
ні вольнага неба,
а кінафільм пусьцілі па сеціве
лялькаводы.

Як там было напраўду, ня ведаю.
Ведаю, што засталіся
простыя словы,
ноты і літары

для сцэнара яшчэ ня скончанай стужкі,
для неймавернай песьні ў фінале яе саўндтрэку,
зь невераемнымі тытрамі напрыканцы,
да якіх даглядзець —
і можна дадому.


Джэйн Остэн ідзе па Нобэль

"У замужжа не мужчынскі твар"
"Пыха і перадузятасьць чырвонага чалавека"
"Цынічныя дзевачкі"
"Чарнобыльскае абацтва"
"Час хэпі-энд"


Гульня ў клясыкі

І. Словы

Кідаю словы на вецер,
а ён мне ў адказ пясок.

Злуюся.
Хаваю вочы.
Затыкаю вушы.
Угінаю галаву ў плечы.
Адплёўваюся.

…Вось так і са словамі.


ІІ. Колеры

Сінія?..
чорныя?..
шэрыя?..
зялёныя?..
блакітныя?..

Столькі разоў
прызнаваўся ў любові небу,
а колеру вачэй
ня памятаю.


ІІІ. Стыхіі

Жыхары Плянэты Паветра
палову жыцьця матылькамі
лятуць на Плянэту Агонь.

А другую загойваюць раны
і зноў набіраюцца сіл
на Плянэце Вада.

З кожным днём,
з кожнай новай памылкай
усё больш мудрыя,
дасканалыя,
блізкія
да Плянэты Зямля.


Literary Express

У цягніку "Міцкевіч"
Уроцлаў-Беласток
думаю, якія ўсё-ткі малайцы палякі

Ёсьць цягнік "Славацкі"
цягнік "Сянкевіч"
і цягнік "Канапніцка"

Цягнік "Норвід" да Кракава
і цягнік "Фрэдра" да Львова
закрэсьлена
Ўроцлава

Нейкі час быў нават
цягнік "Мілаш"
з Кракава ў Парыж
закрэсьлена
Беласток

Праўда, з ідэяй цягніка "Януш Корчак"
крыху перагнулі палку
ды хутка адумаліся

Цягнікі "Віслава Шымборска"
і "Вольга Такарчук"
усё яшчэ спазьняюцца
але вось-вось прыбудуць

Цікава, што будзе ў нас
калі ўрэшце купім білеты на цягнік "Skaryna"
Варшава Заходня-Тэрэспаль?

А потым у Берасьці
перасядзем на экспрэс "Палеская ластаўка"
ці камфортны штадлер "Алесь Разанаў"!

Будуць прыгарадныя
міжгародныя
міжнародныя
і ўсе свае

Цягнік Полацак-Менск "Еўфрасіньня"
і Полацак-Масква "Сімяон"

Менск-Масква, выбачайце, "Купала"
і Менск-Вільня, даруйце, "Танк"

Цягніка Петраград-Брэст
"Іван Шамякін"
перапрашаю, ня будзе

Затое будзе
Полацак-Прага-Падуя "Ф.Скарына"
прычапны "М.Гусоўскі", да Рыма

і яго паменшаная копія
"Міколка-Паравоз"
для дзіцячай чыгункі

Хуткі ў Ялту "Максім Багдановіч"
і з Прагі "Ларыса Геніюш"

"Эліза Ажэшка" з Grodno ў Гародню
і "Ева Вежнавец" з Чэрвеня ў Ліпень

Цягнік Гародня-Віцебск "Быкаў"
з вагонам-рэстаранам "Барадулін"

Плацкартны да Гомеля "Сыс"
Электрычка да Койданава "Глобус"

(і прычапны СВ да Барсэлоны
зь перасадкай у Амстэрдаме
"Толькі не гавары маёй маме")

Ворша-Кіеў
праз Гальшаны і Рагачоў
"Караткевіч" (бо чухаў
левай рукой праз правае вуха)

Берасьце-Кіеў "Пістончык"
і Кіеў-Берасьце "Сяргей Анатолевіч Прылуцкі"

Шкада, што няма цягніка ў Амэрыку
каб назвалі "Вальжына Морт"
давядзецца называць аэрапорт
Scroll to Top

Discover more from TAŬBIN

Subscribe now to keep reading and get access to the full archive.

Continue reading