TAŬBIN

Пазыўны “Адысея”

Верш беларускага паэта Сяргея Прылуцкага

Сяргей Прылуцкі

Сяргей Прылуцкі

Марыі Зайцавай і тысячам тых, хто ня з намі

І

Так сказала ёй сэрца, слухала толькі яго.
Толькі яно паказвала шлях дадому.
Бачыла пальцы пунсовыя Эас і аблічча Гекаты.
Вяла размову з сябрам Гермесам за хвілю да сьмерці.
Верыла ў вечнасьць, любоў і ворагаў праклінала,
пакуль невідочныя Паркі рабілі сваю справу.
Горад яе любімы — такі далёкі і блізкі —
войску варожаму даў прытулак і ежу.
Колькі мінула часу, Памяць? Так пачарнела
навокал усё, што боль і лютасьць,
нібы марскія хвалі, дарэшты ўсё змылі.
Нібы й не было дзён тых вясёлых, шчасьных.
Нібы заўжды папялішча было тут. Памяць,
надзея апошняя і прытулак — не, не здавайся:
захоўвай вобраз бясстрашнае Адысеі,
братоў і сясьцёр яе непераможных.

ІІ

я не хацела быць на шчыце і ва ўсіх на вуснах
жыла кахала трымалася праўды
верыла ў прыгажосьць — не ў прыгожыя словы
цяпер тут у нас ізноў вайна — лета за летам
лета за летам лета за летам лета за летам
як ты там мама? хто ты цяпер і дзе ты?
няўжо для такога чыну мяне нараджала?
нашыя землі на жаль ізноў крывавымі сталі
гамер напэўна жахнуўся б сюды завітаўшы


ІІІ

А там, у моры-акіяне — ужо ні мора, ні акіяна.
А там, дзе жылі-былі — ні жывуць, ні бываюць.
Выган для коней траянскіх зрабілі з Алімпа.
Нехта — ў палоне страху, нехта — проста ў палоне.
Нехта — у шэрай зоне. Адтуль аніякіх зьвестак.
Зімовае сьмерцестаяньне зьмяняецца летнім.
Даўно аніякай карысьці ад патрыярхаў.
Эліны, рымляне… Хто іх цяпер адрозніць?
Кожны ўжо чуе, як човен Харона б’ецца аб бераг.
Каго яшчэ перамеле гэты час пераменаў?
Хістаюцца шалі. Між глуздам здаровым і хворым.
Няма ані будняў, ні сьвятаў — толькі няўцямнае заўтра.
Той, хто з мораку выйшаў, вяртацца змушаны ў морак.
Дапамажы ім кожны, хто яшчэ чуць здольны.
Бо ад багоў — ані слова. Там, за Птушыным Торам,
суцэльная ціша. Толькі на нас надзея.


IV

я не праходзіла паўз калі не спыняўся іншы
пальцы ў раны чужыя як у свае ўкладала
колькі магла — трывала, але не здавалася страху
мела ўзаемнасьць да ўсіх хто мяне ненавідзеў
але не трапляла ніколі ў залежнасьць ад цемры
Лёс падсоўваў ворагаў несупынна:
адных усутыч іншых у вочка прыцэла
розьніцу разумела між “дзяржава” й “краіна”
Мойры мяне ўдачарылі і ўсяму навучылі
і я не шкадую пра гэта


V

Галасы нашых мёртвых гучнейшыя за жывых.
Хто іх зрабіў такімі? Нагадвай, Памяць.
Спыненыя на паўслове, стрыножаныя на паўскоку.
Яшчэ не багі, не сьвятыя, але ўжо ня людзі.
Ёсьць і іншыя, слугі новых дзяржаў Аіда:
гісторыя — анішто для вар’ятаў і дурняў.
Маюць вялікі досьвед у стварэньні трагедый.
Столькі солі на нашых шчаках яшчэ не было ніколі.
Гэтае мора-агора — мора-гора — ня мае межаў.
Твае караблі, Адысея, і тысячы іншых,
на жаль, не здабылі жаданае перамогі.
Столькі яшчэ віроў нас усіх чакае.
Яшчэ дастаткова сілы ў шматкроць залатаных сэрцах.
Асьлепла Фартуна. Няхай жа эрыній войскі
замест яе зробяць усё, што павінны.

VI

Я ўжо ня маю ілюзій: цемра жыла і жыцьме
заўсёды. Бачыла ейныя вочы, трымала за руку.
Ведаю: як і Ахіл, мае свае таямніцы,
мае сваіх між тымі, каго мы лічылі сваімі.
Але й для яе змайструем сілкі і вязьніцу.
Я ўжо ня маю ілюзій — аднойчы сягнем далягляду.
Там наш чароўны востраў-дом незьнішчальны.
Я ўжо ня маю цела, але застанецца голас.
Сяброўка мая, Dea Tacita, багіня моўчы,
ворагам ніткай сталёвай раты зашый назаўсёды,
скіруй свае чары на іхнюю чорную мову.
Калі ўсталюецца мір, каменяраў паклічце:
косткамі іхнімі хай Аід забрукуюць.

Scroll to Top

Discover more from TAŬBIN

Subscribe now to keep reading and get access to the full archive.

Continue reading