ІМГНЕНЬНІ
я хачу
каб імгненьні цягнуліся вечна
тыя імгненьні
а ня гэтыя
ДАРОГІ, ЛЁД І ШТАНГЕНЦЫРКУЛЬ
...А потым нашыя дарогі разыдуцца,
але не зусім, а толькі да пэўнай мяжы —
прыкладна як сталёвыя ножкі штангенцыркуля на паперы
альбо жывыя ножкі фігурысткі,
якія разьяжджаюцца на лёдзе,
разьяжджаюцца цёплыя на халодным,
калі яна сядае на шпагат.
У яе фірмовая расьцяжка,
нуль тлушчу і натоўпы прыхільнікаў.
Яна зрывае гром воплескаў
сярод яснага неба,
неба, адлюстраванага ў лёдзе.
Заўтра яна заваюе золата.
Калі ня золата, дык срэбра.
...Лёд, лёд, лёд...
...І надводныя часткі нашых айсбэргаў
ня ведаюць, што робяць падводныя...
...І толькі два словы,
нейкія два выпадковыя словы,
за якія дагэтуль сорамна,
павіснуць недзе ў мінулым
на вяроўцы, нацягнутай паміж Дрэвам Разгубленасьці
і Слупом Непаразуменьня.
ГАРЫЦЬ СЬМЕТНІЦА
гарыць сьметніца
таварышы гарыць сьметніца
палымнеюць гарачыя сэрцы
якія некалі належалі партыі
дымяцца моцныя ўпартыя
дымяцца дужыя сьмелыя
ужо напалову згарэлыя
паветра
заўсёды вабіла чысьцінёй
але
гарыць сьметніца
алё
гаворыць сьметніца
жывы этэр
дым стаіць слупом
у попеле
наўрад ці знойдуцца словы
сьметніца
сьмяротніца
так
рукапісы не гараць
але сэрцы
гэта вам ня рукапісы
ЗАВУЛАК У НІКУДЫ
завулак у нікуды
размытыя постаці
пракладаюць хвілінаправод
праз мур бясчасься
цень дрэва
з галінамі мацнейшымі за ствол
толькі цень
толькі цень
плюс адна безвыходнасьць
у агульную калекцыю
дзьве з паловай бурбалкі
вам у вакуум
ДАСЬЛЕДЧЫКАМ СУЧАСНАСЬЦІ
найчасьцей град
не прабівае парасон
але бывае
і такі што прабівае
потым нехта
калекцыянуе прабітыя парасоны
а нехта
градзіны што іх прадзіравілі
парасоны вядома ж
дольш захоўваюцца
затое градзіны
не займаюць лішняга месца
спачатку лішняга
а потым і зусім ніякага
але толькі
празь нейкі момант
хоць
навошта той нейкі момант
калі можна і так
можна калекцыянаваць
не парасоны і ня град
а толькі прабітыя дзіркі
КРЫВАЖЭРНАЕ
Ці можна адным стрэлам
забіць усіх зайцоў сьвету?
Не, справядлівей усіх ваўкоў сьвету —
каб абараніць тых самых зайцоў.
Але рызыка трапіць у зайцоў
усё адно застанецца.
Рызыка ходзіць паўсюль
у доўгім брудным плашчы
і накідвае ўсім на галовы
поліэтыленавыя пакеты.
БЕГ ЗЬ ПЕРАШКОДАМІ
калі ў галаве працуюць
адначасова дзьве праграмы
1) заплюшчыць вочы каб ня бачыць усяго гэтага
2) бегчы куды вочы глядзяць
- бяжыш з заплюшчанымі вачыма
- уразаешся ў сьценкі
- спатыкаешся
- падаеш
- разьбіваеш лоб
- застаешся бяз носа
- ламаеш рукі і ногі
затое сапраўды
ня бачыш усяго гэтага
ЯК НАФТАВАЯ ПЛЯМА Ў АКІЯНЕ
калі гэта было
калі можна было ўзважыць наступствы
і ўсё прадухіліць
цяжка адлавіць імгненьне
калі яно занадта размытае
імгненьне размытае на тры гады
на пяць на дзесяць
імгненьне размытае на ўсё жыцьцё
прычым у абодва бакі
можа нават на ўсю эпоху
а можа нават па-за жыцьцём яно
і па-за эпохай
можа
нават
ДЫВАН
дыван
з рассыпанымі белымі крошкамі
нагадвае
перакуленае зорнае неба
ну і няхай
затое дзеці сытыя
праўда цяпер
бачачы ў акно зорнае неба
я чамусьці
інстынктыўна хапаюся
за пыласос
за перакулены пыласос
ПАДКАЛОДНАЕ
чалавек
у чатырох сьценах
бегае мітусіцца хапаецца за скроні
ягоны дом руйнуецца
ды ня той што звонку
а той што ўнутры
храм душы
развальваецца як картачны дамок
на які чхнулі не прыкрыўшыся
пліты з грукатам падаюць на пліты
гіне цывілізацыя
маленькіх каляровых чалавечкаў
іскрыць збуцьвелы мурашнік
карты складваюцца назад у калоду
пакідаючы прывідны шанец
на новую гульню
ЛЯЛЬКА БУДУЧЫНЯ
безгаловая лялька зь дзіўным імем Будучыня
ляжала голая ў брудным сьнезе ля сьметніцы
я падабраў яе прынёс дадому памыў
адзеў у ружовую сукенку
і пасадзіў за столік з плястыкавай ежай
адзінае што няма галавы
і я ня ведаю дзе яе здабыць
аблазіў вакол усе сьметніцы
а галавы нідзе не знайшоў
прыстаўляў да лялькі
то каменьчык то кветку то печыва
нічога ёй не пасуе
нічога ёй не галава
і толькі на нейкім інтэрнэт-сайце
я даведаўся
галава не прадугледжана
так і сядзіць мая Будучыня
за столікам з плястыкавай ежай
прыгожая чыстая ружовая
безгаловая
ДОБРА БЫЦЬ КОБРАЙ
добра мутанту зь пяцьцю нагамі
ён адной нагою ў магіле і не баіцца
у яго яшчэ чатыры нагі запасныя
і ён спадзяецца што на ўсе яго ногі
ня хопіць магіл у сьвеце
напэўна добра быць павуком
крабам і васьміногам
а яшчэ лепей сараканожкай
у яе так шмат запасных
а яшчэ лепей быць доўгай коўзкай зьмяёй
добра быць кобрай
яна жыве ў магіле ўся
і не баіцца нічога
Імгненьні
Вершы Віктара Жыбуля