TAŬBIN

Прыліт

Вершы Галіны Свірынай

Галіна Свірына

ПРЫЛІТ

Калі адбыўся цудам між дваіх
прыліт жыцьця да моўкнага субожжа,
чакае слоў ахвяравіты слых,
віно чакае губ,
засекі — збожжа.
Пакуль на ночным дне нічому днецца,
зьлітоўнікам любові застаецца
у сьвежай загаворанай ральлі
завязнуць без карэньня
што ёсьць сілы
і дачакацца прыцемку, калі
на счорненым акраі мовасхілу
адбудзецца аголена ды сьціха
прыліт віна да губ і слоў да слыху.


НЯЗЬДЗЕК

Не залежыць ад ветру напрамак ветру.
Не залежыць ад пральлі напрадак пральлі.
Бо за кожным чыньнікам ёсьць прычына.
Бо за кожным рухам ёсьць цень спаруху.
Ці напрамак адменны ёсьць зьдзекам з плыні?
Ці напрадак адметны ёсьць зьдзекам з пражы?
Ці маё словатканьне ёсьць зьдзекам з мовы?
Так здаецца камусь, ды ня можа стацца.
Бо за кожным словам расьце пракорань,
сам прарослы колісь як плён прасеву.
Я праду бы пральля празь неведзь зьдзеку.
Я лячу бы вецер скрозь моц спакою,
і шторух залежны ўва мне ад мовы.


ШЧАСЦЕ

Шчасце — глядзець у неба, якое ніхто не забрудніў,
выведаць тонкасьць правіл, заблытацца ў назвах студняў
і цэласьць вады пераняць у іх,
выбраць да рэк дарогу, спавіцца ў ільны старыя,
слухаць сьпевы паўночных зорак пра тое, якія
нязбытныя цуды спародзіць дых.
Бродам брысьці праз Мову, праз самаздабытак стаміцца,
безваль перамагчы,
узорыўшы цьвержы Сталіцы
на высьпе, якую апеў прыбой,
верыць першапаэтам, насьледаваць продку-магуту,
мовіць усім багам, быць толькі Адным пачутай.
У рукі Твае аддаваць дух мой.


ДЫМ’Е

У знаёмы адцінак блакіту зноў
узьвіваецца дым замест
белавоблака. Слова ўзбывае з слоў
да бясслоўя чужы пад'езд.
Неўзабаве залье акаёмы змрок,
цішынёй забаліць пралёт.
Гукам-прывідам быцьме твой першы крок,
мой апошні нясьпешны ход.
За парогам, што цень паглынае твой,
за дзьвярыма ўсяго твайго
паўтараю, сыходзячы:
Бог — спакой,
і маўчаньне — мова Яго.


ПРАГА

пад Карлавым мостам лускою жалезнай рыбіны
адсталае ад чарады пабліскваюць эўрацэнты мы прыехалі ў Горад па ночных наземных згібінах
каб вынайсьці карані ўсіх трох паднябесных цэнтраў
няіснымі нотамі тут адгудзела сьвятая імша
вобразы зь цёплае казані вярнуліся на афорты
нас у споведным шэпце натоўпу сустрэў усёведны М.Ш. і праз тры паднябесныя цэнтры правёў у чацьвёрты
і там я запомніла Влтавы даўгую ўскосьніцу —
ірваную стужку — якой
паэт друкара абязвочыў
з павязкаю да невідушчых ня кожны ўзносіцца
на Біблію абапіраючыся уночы
ня кожны вядзе туды дзе сталёвая галава
разяўляе свае ўваходы на гасьцінны капыл каўчэга
дзе з дамка па найзвонкім адрасе Злата вулачка 22
у бязьяблычны рай выпаўзае шчасьлівы Грэгар
дзе будыйскі народны альбом аздоблены гульнямі
розуму — зьзяньнем розуму — па струнах і на паперы
...
чую трымт зьнітаваньня трыма гарадамі агульнымі у чацьвёртым маўчу распускаючыся ў даверы


САНСКРЫТ

асьцярожна
як травеньскі сьнег
як перакладчык з лаціны
дыхаю
дастаючы зь-між старонак кнігі
белае поле бітвы маёй шматгадзіннай
сінюю кроў ваярства
наверша ўздрыгі
асьцярожна
зь вялікай воддальлі
як сонца маўклівым промнем
дакранаюся да пасьледзьдзя наставы кемнай
як змагалася ажыўляючы сінь — ня помню
аб вытоках нямысных мысьліла — не дарэмна
асьцярожна
як уласныя словы
гэтаксама як словы чужыя
нішчу сінія плямы разрывам
сьлязой
прабелам
недзе ў шыі згубіўшы гук пачынаю з шыі
рытуал для душы ў перакладзе на мову цела
Scroll to Top

Discover more from TAŬBIN

Subscribe now to keep reading and get access to the full archive.

Continue reading