TAŬBIN

Радыё “Тытанік”

Вершы Змітра Дзядзенкі

Зміцер Дзядзенка

***
тут кожны трэці хоча ўзняцца з каленяў
і піўны жывот — першы прызнак мáча
тут кожнае новае пакаленне
адразу сябе запісвае ў страчанае

тут кожную восень называюць апошняй
і перагортваюць календары
тут вечна пяюць над счарнелай пожняй
пра маладосць памерлыя песняры

тут гуляюць у хованкі і даганялкі
і vae victis таму выбірай
тут кожны хто выскачыў за межы сталкер
а хто застаўся апошні самурай


***
Нечапаны на палях снег,
Пашматаны снег уздоўж дарог…
Хтосьці змог — і па дарозе збег.
Хто не змог — у гурбы снегу лёг.

Па дарозе цяжка йдзе Бог,
На плячы ў яго старцоўскі мех.
І блішчыць ад сонца ўздоўж дарог,
Быццам толькі яшчэ выпаў, снег.

Люты 2022


***
Не спяшаўся нікуды, прыватна жыў
І з дзяржавай поспехі не дзяліў.
Не ішоў у нагу пад бравурны марш,
Адчуваў у пафасе даўкі фальш,
Не хацеў заваёўваць ні Рым, ні Крым,
Бо любіў, як рыбы, свае віры…


КАЛЯДНЫ ГОСПЕЛ

Госпадзе, зірні: тут навокал такая шняга.
Што хочаш фотай — любая фотка прыдасца ў мем.
Але Ты, стварыўшы, сказаў, што гэта няблага…
У гэтым “няблага” дагэтуль мы і жывем.

Госпадзе, Ты чуеш? Мы вечна ходзім па краі:
Нехта — па краі родным, хтосьці — па краі ляза…
І апошняе слова, як міласціну, падбіраем,
І, пэўна ж, “дзякуй” за гэта сказаць.

Госпадзе, Ты ведаеш?.. Зрэшты, чаго я?..
Ты ж усяведны — знаеш і гэта.
Таму я і маўчу падчас размовы з Табою.
А Ты, калі чуеш, запалі зорку.
Або запусці камету.


БАЛАДА ВАРТАВОГА

Я яшчэ лічуся сярод жывых,
Але ўжо гучала “Іду на вы!”.
І туман кладзецца на паплавы,
Зацірае мае абрысы.
Я яшчэ жывы і таму іду.
Набіраюць красоўкі мае ваду,
І ад стомы ногі мае гудуць,
І язык — бы асыпаў прысак.

Я, магчыма, апошні між вартавых
І таму лічуся сярод жывых.
Я за спінай чую свіст цецівы,
Але зброі не выпускаю.
І прамень апошні яшчэ не згарэў,
І кладзецца медны водбліск між дрэў,
І мяне яшчэ трымае мой гнеў —
Не пускае мяне да раю.


РАДЫЁ “ТЫТАНІК”

вітаю ўсіх тых хто ў гэтыя хвіліны
да нас далучыўся
вы з намі мы з вамі
у нас у эфіры апошнія навіны
з вамі на хвалі радыё “Тытанік”

на палубе пасажыры гучна ў запале
дыскутуюць пра перавагі глыбоцкай і рагачоўскай
сівы тапёр на разбітым раялі
грае мелодыі роднай вёскі

дайце джазу! распраўце спіны!
радыё “Тытанік”
апошнія навіны

зараз хвілінка на рэкламу VIP-каютаў
утульныя ложкі шырокія ванны
праз сценкі не пройдуць навалы і пакуты
заставайцеся з намі
радыё “Тытанік”

цяпер паслухайце пару зонгаў
а потым у гонар Дня кнігадрукавання
пройдзе футбольны матч і заплыў у шэзлонгах
слухайце анонсы радыё “Тытанік”

дайце джазу! распраўце спіны!
радыё “Тытанік”
апошнія навіны


***
Паветра волі ў краіне засталося хіба дні на тры.
Хочаш — дыхай ашчадна, можаш — не выдыхай.
Лёгкія, бы цыркулярка, раздзірае надрыўны хрып…
Нам засталася толькі гэтая Зона.бай.

Вучы ролю Сталкера — наўкол партызанскі край:
Сюрпрызы могуць паднесці і ворагі, і сябры.
З табой застаецца толькі гэтая Зона.бай,
І ў ёй паветра волі — мінімум дні на тры.


***
зранку зноў давядзецца прачнуцца ў нялюбай краіне
дзе ня можна пазбавіцца цяжкай задушлівай стыні
на’т у думках мяняючы колер нябёсаў на сіні
і да болю, да болю, да рэзі ўваччу ўспамінаць
што ў маленстве зіма мандарынамі пахла, згушчонкай
што гілі за вакном навісалі рабінавай гронкай
і ніхто не будзіў цябе воклічам “Ёбтваюмаць!”


***
табе не здаецца, што нам падмянілі віно?
калісьці яно ап’яняла і нас весяліла
а сёння віно патыхае адкрытай магілай
бы з ворагамі каптэнармус ужо заадно

табе не здаецца, што нам падмянілі паход?
арламі лятуць, як раней, малайцы-камандзіры
а мы свае боты стапталі амаль што да дзірак
як быццам варожы бальшак іх прабіў навылёт

табе не здаецца што нам падмянілі сцягі?
і сонца зіхціць на драпежных арлах бізантыі
а мы застаемся вядома ўсё тыя ўсё тыя
і ўсцяж па-ранейшаму месім пяскі ды снягі


***
…калі абрынуцца траянскія муры,
і запануюць на пажарышчах вятры,
і долу бразнецца зламаны меч стары,
як збіты яблык,
ты прачытаеш крыва крэслены радок
і хапанеш паветра дымнага глыток,
пакуль Харон праз тонкі восеньскі лядок
вядзе караблік.

Scroll to Top

Discover more from TAŬBIN

Subscribe now to keep reading and get access to the full archive.

Continue reading