Багдан Хмяльніцкі
Фота: Аліна Пірштук
Халодная хваля Кляшторнага

Сінь і цемень, лёд і зазімак…

Ёсць нешта бязмерна тужлівае ў лірыцы Тодара, ад чаго становіцца зімна нават пасярод лета. Пакручасты лёс паэта, шчодра акроплены алкаголем ды марнымі канфліктамі з сучаснікамі, вёў скрозь сіверы цёмнай эпохі, пакуль не абарваўся разам з сотняй іншых у Чорную Ноч.

Няхай "хтосьці там", "хтосьці незнаёмы" цкуе недзе побач, аднак менавіта сярод скрухі, калі працінае холадам і "стыне ўсё", ягоныя вершы здольныя прытуліць адно да аднаго, адну да адной, аднаго да аднаго. Насуперак ледзяным сярпам верша "Зазімак" услед за паэтам "хочацца вечна кахаць".

На кантрасце таксама ўяўляю, як лёгка вершы Кляшторнага могуць пакласціся словамі да дарк- ці колдвэйв музыкі. Дарэчы, дзецюкі з "Tonqixod" тут ужо павялі рэй з электрычна-зараджанай кампазіцыяй "Імчы, цягнік" на фаталісцкі верш "Растратчык".То чытайма, слухайма ды разважайма, ці ўсё-ткі можна "ўцячы ад чорных думак і сумленьня"?

"Белыя паляны, белыя гаі..."

Белыя паляны, белыя гаі...
Пчолы ледзяныя кружацца ў галлі,

Кружацца раямі, сыплюцца на дол,
Апушылі хвоек срэбраны прыпол.

А з-за лесу-гаю скача па лугах
Хтосьці незнаёмы ў ледзяных санях.

З сіняватых даляў, з сіняватай цьмы
Хтосьці напявае залатыя сны.

Хай галосяць ветры ў цемені начной,
Сядзем, дарагая, пасядзім з табой.

Раскажы мне шчыра, праўду раскажы, —
Хто ў чароўных вочах зоры патушыў?!

Хто замёў снягамі у душы вясну?
Сэрца хто параніў — вымеў цеплыню?!

Хто распяў з каханнем сэрца на крыжы,
Раскажы мне праўду, любая, скажы?!

І маўчаць пацёмкі... любая маўчыць....
Ледзянеюць словы, і душа баліць...

Белыя паляны, белыя гаі,
Пчолы ледзяныя кружацца ў галлі.

І мярцвеюць змрокі між сівых завей,
Прытуліся бліжай, сэрца абагрэй...

[1926]


Зазімак

Мёрзлы месяц з-за гор васількамі
Перасыпаў азёрную сінь.
Стыне ўсё...
Ледзянымі сярпамі
Выйшла восень рабіну касіць.

Тоўпы зор снегавым пералівам
Разматалі ў палях павады.
Быццам коні з намыленай грывай,
У пацёмках застылі сады.

Хтосьці там, у шырокім прыволлі,
Дзе узмежкі гараць серабром,
Заспяваў пра шырокае поле,
Засвістаў ледзяным салаўём...

Эх, як рвецца душа у прасторы,
Штосьці хочацца вечна кахаць
І дзіцячае радасці зоры
Ў ледзяных перазвонах збіраць.

Мёрзлы месяц з-за гор васількамі
Перасыпаў азёрную сінь.
Стыне ўсё...
Ледзянымі сярпамі
Выйшла восень рабіну касіць.

[1927]

Растратчык

Скрозь электрычныя агні
Цягнік на поўдзень мераў мілі...
А восень прала туманы,
Ды ткала жоўтыя тканіны.
Агульнай ростані імпэт
Пераганяў начныя цені...
Праз вокны кожнага купэ
Глядзелі розныя імкненні.
Адзін пакінуў дзесьці грым,
Другі сямейныя клапоты,
А трэці вёз у дальні Крым
Свае няшчасныя сухоты.
Яму так дораг наш пэйзаж
І колер восеньскіх настурцый...
...Сухоты здаў-бы у багаж,
Каб да кагосьці зноў вярнуцца.
І нават сонныя агні
Яго тугою затужылі...
Аб розных дзівах на зямлі
Тут разважалі пасажыры.
У кожным русе гаманіў
Грамадскай думкі горды выраз:
— Няма на свеце лепшых дзіў,
Як наша творчая імклівасць.
Па рэйках стомлены імпэт
Пераганяў уласны стукат...
І толькі нейкае купэ
Хавала нейчы чорны смутак.
Забыўшы нават слодыч сна
Там нехта хмуры, як магіла,
Стаяў ля чорнага акна
З тугой і дзікаю агідай.
Пад мерны лязгат,
Мерны стук,
Пад перазвоны рэек звонкіх
Яму здалося:
Пара рук
Да шыбы шкла прыстала звонку.
Ён адхіснуўся ад акна,
А потым доўга хмурыў бровы,
Што ўласных пальцаў не пазнаў
На шкле таемны адлюстровак...
Хоць ноч халодная маўчыць,
А ўсё-ж дрыжаць яго калені.
— Няўжо няможна уцячы
Ад чорных думак і сумлення?!
І нават пальцаў тонкі рух
Зрабіўся страшны,
Нібы краты...
Вось імі толькі што глаўбух
Зрабіў заклятую растрату.
А навакола гаманіў
У кожным русе горды выраз:
— Няма на свеце лепшых дзіў,
Як наша творчая імклівасць!
А за акном,
А за акном,
Дзе ноч туманы карагодзіць,
Народ крывавым мазалём
Шляхі пракладываў стагоддзям.
Радзелі пушчы і лясы,
Між дзікіх сёл,
Між дзікіх шатаў —
Раслі да неба карпусы —
Асілкі сонечнага заўтра...
.........................
Вагона цёмнае акно
Ён адчыніў кароткім рухам...
І вырваўся магільны стогн
З грудзей растратчыка-глаўбуха.
— Няхай шукаюць там сляды,
Сляды зладзейскае растраты...
Я сам сябе для грамады,
Назаўсягды,
Таксама страціў.
Імчы цягнік,
Імчы хутчэй,
Прымі зямля свае дарункі!..
...Крывавы сноп жывых касцей
На рэйках хруснуў чорным клункам...
А за акном,
А за акном,
Дзе ноч туманы карагодзіць,
Народ крывавым мазалём
Шляхі пракладываў стагоддзям

(1929)