*
Белыя мятлікі ночы
чорныя мятлікі дня
быццам нябачныя вочы
сочыць за мной цішыня
Тонучы ў ценях бязь межаў
дрэмле ракітнік і бор
соладка безь відзежаў
сьпіць ля калоды тапор
Ціхай сумотаю сталі
сажалкі бераг і сад
цёмныя сінія далі
зоры і зарапад
Змоўклі ноты і словы
голас віны і маны
кожнаму сум адмысловы
кожнаму ўласныя сны
Ці ў залюстроўі крыніцы
мой адбіваецца твар
беламу мятліку сьніцца
ён філосаф пясьняр
*
Магу маліцца толькі Богу
ўваскрашальніку ўсіх вымерлых
апроч мяне
я застануся на тым баку
разам зь леташнім сьнегам
і яблынямі ў квецені гэтай вясны
а ўсе мае вершы малітвы ды мантры
разьнясе ранішні вецер
па ўсіх кірунках сьвету
шляхах-дарогах і паштовых скрынках
*
Прайсьці празь сьвет і прастору
створаныя Нікім і для Нікога
нават калі тваё імя і твой досьвед маюць значэньне
нават калі пісьмёны Бога не згараюць разам зь бяростай
іх ніколі ня будуць чытаць
прачнуўшыся зранку знаходзіш
што ўжо твае сьляды пакрытыя апалым лісьцем
і ты зноў забыў
толькі што ўбачаны сон
*
Усё за што мы жылі памерлі хварэлі ды змагаліся
дастанецца ветру — той хто сее
можа й ня ведаць што вырасьце зь яго пасеву
яскаркі так падобныя на сьветлячкоў а часам на думкі
а з памяцьцю так жа цяжка згадзіцца або спрачацца
іншым разам здаецца што пустаты амаль няма
занадта шмат нявінна-безыменна забітых і забытых
і наўрад ці знойдзецца шлях назад да ціхай мудрасьці
да вечнага вяртаньня веснавой травы
шлях назад да сябе сваіх сьлядоў сваёй душы
якая ўсё роўна нічога не заўважала
назад да пралесак і чорных павукоў
у высахлай леташняй траве
*
У пошуках сэнсу жыцьця мы ахвяруем жыцьцё сэнсу
а свае крылы крылатым лятучым словам
хаця бяз памяці нічога не зьмяняецца а проста ёсьць
проста стаіць проста ляціць проста мінае
адзін за адным
хваінкі разьвітваюцца зь ялінай сьвечкі прагараюць
толькі водбліск апошніх агеньчыкаў што змагаюцца
за сваё жыцьцё
ледзь адбіваецца на серабрыстым шарыку пад стольлю
калі няма памяці нічога не застаецца ўсё проста ёсьць
і мы ня ў змозе штосьці спазнаць або даказаць
і зразумець ці мы пакутуем ад быцьця ці ад небыцьця
*
Правае ды левае абменьваюцца месцамі
нават у некрывым люстэрку праўда бывае падобная на крыўду
і моўчкі глядзіць той іншы табе ў вочы
тваімі ж нявінна-блакітнымі вачыма
так ландышы з касачамі ня хлусяць
але яны вянуць нагэтулькі хутка
і ўсё што застаецца гэта смутак і водар
можа быць гэта адно і тое ж
няўлоўнае невытлумачальнае нешта
якое не адстае ад цябе ані ўдзень ані ўночы
*
Усё цячэ як чарніла так і чарніліца
старая лямпачка і акуляры на стале
стол і крэслы дні і ночы зімы і леты
ногі і сьляды пачаткі і канцы розум
і разуменьне ўсё што я ведаў і ня ведаў пра сябе
цячэ цішыня цякуць галасы гукі і водгукі
якія ўсё цяжэй адрозьніць ад голасу самой цішыні
ад голасу паўднёвага ветру і веснавой цеплыні
*
Рана ці позна мы ўсе дамо нырца ў невядомае
будучыня нахлыне на ўсё што ад нас засталося
сьляды на паверхні перародзяцца ў колы
а пад вадой нам так хочацца сьпяваць пад вадой
галава такая пустая што ўзьнікаюць дзівосныя думкі
але тыя што прыйдуць што прыплывуць за намі
умеюць адно барабаніць і рохкаць ня ведаюць
пра сьмерць і прагу не сьпяшаюцца жыць і сьпяваць
*
Першы сьнег белыя лясы белыя палі і дарогі
белыя старонкі ўсё мінулае закрэсьлена зацярушана
сьлядоў яшчэ няма ёсьць толькі памяць аб тым
што тут калісьці было напісана што тут расло і квітнела
і малюткія чорныя знакі першыя літары словы
новай гісторыі абарванага аповеду
нашы апавяданьні дапішуць казулі гарнастай і ліса
і сабакі пакінуць на кожным сумёце
свае іерогліфы намаляваныя цёплай мачой
і ня будзе каму распазнаць і сказаць хто мы —
чытачы ці пісьменьнікі
ці проста літары маленькія цёмныя знакі
жывыя і нежывыя на тых абноўленых старонках
*
Малітва і ёсьць тое што застанецца
калі ўсё ўжо сказана і больш няма чаго сказаць
Бог тое што застанецца калі ўсяму ўва што можна верыць
настаў канец і больш няма ўва што верыць
а сена ўсё там на паддашку і хлеб на стале
пад белым ільняным ручніком
пра ўсё гэта я ўжо калісьці пісаў
як пісалі іншыя да мяне да нас усіх
але недалёкі дзень калі ўжо ня будзе розьніцы
між тым ці сказаў я ў двух словах усё
ці ўсімі словамі анічога
*
Вы пагрукалі ня ў тыя дзьверы націснулі ня той гузік
тут даўно ўжо няма мяне няма ні Яана ні Яна
і прозьвішча таксама ня тое яго даўно зьмянілі
разам з фотаздымкам — той хто на ім застаўся
даўно зьехаў немаведама куды і яго подпіс
расплыўся на мокрай паперы і таксама неразборлівы
як тыя старонкі што ён пакінуў на стале
разам са старою люлькай пушкай запалак
і томікам вершаў Алвару дэ Кампуша
на чыёй пыльнай вокладцы чыйсьці палец
накрэсьліў штосьці палобнае да знаку які
даўно ўжо нічога не азначае
*
Гэты стары паўзабыты штодзённы боль
крамянёвы наканечнік старажытнае стралы
некалі паразіў мяне затрымаўшыся
дзесьці ў грудзях не дайшоўшы да сэрца
ператвараючыся з каменнага ў бронзавы
з бронзавага ў жалезны а потым ужо
з вастрыя стралы ў сьвінцовую кулю
а потым нарэшце ў пучок сьмертаносных промняў
ці лозунгі крыкі зь цёмных нетраў гісторыі
дзе ківач хістаецца ад бяды і да катастрофы
ад катастрофы і да бяды дзе сьвятло ў канцы тунэля
можа быць водбліск пажару ад запальных бомбаў
ці вогнішчаў на якіх паляць кнігі або людзей — ізноў
сэрцу так невыносна балюча — я разумею
ўсё ясьней што мне ўжо не дачакацца канца каменнага веку
*
Можа быць ня позна яшчэ навучыцца адымаць
значэньне музыкі ад музыкі значэньня
ня позна яшчэ зразумець ці ёсьць розьніца
між рытмам дыханьня і рытмам верша
бегам лісы за зайцам і бегам зайца ад лісы
ці рытмам падзеньня жоўтага лісьця
са старога клёна ля сьцяжынкі на ўзгорку
зранку пасьля замаразкаў на пачатку кастрычніка
можа быць сьвет зусім ня плынь а музыка танец
сусьветны танец усяго з усім усіх з усімі
танец багоў журавоў атамаў слоў і складоў
безыменны бясконцы танец у гонар Вялікага Выбуху
і Вялікае Пустаты
Пераклаў з рускай Андрэй Хадановіч
Ян Каплінскі (1941-2021) — культавы эстонскі паэт, празаік, эсэіст, перакладчык. Дэбютны зборнік вершаў “Сьляды ля ручая” быў апублікаваны ў 1965 годзе. З таго часу напісаў больш за тысячу вершаў, перакладзеных на дзясяткі моваў сьвету. Знаўца ўсходняй філасофіі, антычнай культуры і міфалогіі. Пераклаў на эстонскую мову творы Лаа-Цзы, Лі Бо і Ду Фу. Асноўны корпус паэтычных тэкстаў Каплінскага створаны па-эстонску, але частка вершаў напісана таксама па-ангельску, па-фінску і на паўднёва-эстонскім (вырускім) дыялекце, які паэт лічыў сваёй роднай мовай. У апошнія гады жыцьця зьвярнуўся да рускай мовы і стварыў на ёй пяць паэтычных зборнікаў. Зьмешчаныя тут вершы паходзяць з кнігі “Белыя мятлікі ночы” (2014). Перакладчык шчыра ўдзячны Тыйі Тоамет за ласкавы дазвол на беларускую публікацыю вершаў яе мужа.