Ранішняе сонца
Morning Sun
Бягуць цягнікі на поўнач і поўдзень, сінія ніткі прадуць,
Паблісквае, нібы рапіра, трамвайны пуць,
Афішы абвяшчаюць сваю манаполію на праўду, дабро, прыгажосць,
Усюды натоўпы людзей, і кожны — у клічным склоне «гэй, ягамосць»,
Спярэшчана словамі ранняя муць.
Жоўтае сонца здаецца белым у люстры мокрых вуліц, але
Затое жаўцее хром у ягоным вясёлым святле,
Што, на стужкі нарэзанае, паласуе ліловы туман —
На ўсім, як ні глянь, рашэцісты пацалунак сонца, якое тут
Зачэрпнута ды разліта па шыбах адкрытых вітрын,
Там адбіваецца ад няспынных аўтобусаў і машын.
А на плошчы паветра рабаціць ад вясёлкі:
Гэта асколкі вадаграя аздабляюць сонцам
Чырвоную ятку і скруткі рыб на мармуровых прылаўках,
Свісток паставога, што ляціць праз сярэбраны плот,
Ды гудкі машын, тушэ, тушэ, выпад-рык у адказ — усе гукі дня,
Запісаная на паветры мітусня зіхацення й нот.
Але калі сонца гасне, то вуліцы стынуць у рэшце рэшт,
Выцвітаюць — мёртвыя зноў — кумпякі ды ярусы рыб,
Неўратычна гудуць машыны, й мярцвеюць твары кабет,
Што на дыбачках спатыкліва спяшаюць — «дыб-дыб»;
І я бачу, як у паветры, хоць яму там не месца,
Парашок вадаграя ўецца, шэры, бы попел, які з цыгарэт
Пакрысе выцясняе чырвоны квет.
Таласа
Thalassa
Спускайце лодзь, прапашчыя сябры;
Хай мора саскрабе старую гразь
З бартоў, не заўважаючы апошняй
Выправы абняможаных мужоў,
Няхай ліхтугі ўсе абсядуць нас —
Мы мусім выправіцца ў шлях ізноў.
Узносце парус, скрушныя сябры;
Хай крэн даюць усе паземы, вам
Вядома горшае: вы слабавольны,
У сэрцах — бруд, у прынцыпах — бязлад,
Мінулае — разбураны ўшчэнт храм,
Ды хай вам лекам стане ваш жа яд.
У мора ж, дзе, бясчэсныя сябры,
Яшчэ чакае ваша чэсць. Пара!
Вунь як нарвал тараніць бурны мармур,
Маўляў, а вы б быць вольнымі змаглі?
Нам праваднік — высокая зара,
А цэль — Жыццё. У мора! Паплылі!
Карыкфергус
Carrickfergus
Я нарадзіўся ў Белфасце між гарой і кранамі порта
Пад кліч заблукалых сірэн і трамвайны бой —
Адтуль да Дымнага Карыка ў графстве Антрым,
Дзе рыльца гавані здаўна збірае гразь, у якой
Вязнуць маленькія лодкі пад мурам Нарманскага замка;
Дзе блішчыць ад крышталікаў солі прычал;
Дзе Шатландcкі квартал складаўся з утульных будынкаў,
А з трушчоб для сляпых і кульгавых — Ірландcкі квартал.
Апоўдні прадзільня, як па нябожчыку, выла гудкамі,
Смярдзючы і жоўты ад хлору ручай не стамляўся цячы;
Нашы агні мігалі агням Бангора на тым баку бухты,
У якой тануў месяц, як вочка ў павіным пяры начы.
Гэты горад нарманы абнеслі глухой сцяною,
Каб не чуць скавытання сваіх рабоў,
Ды ўзвялі царкву ў форме крыжа — з тым жа пасланнем,
Што й на крыжы Хрыста ў адным з нефных кутоў.
Як сыну англіканскага пастара, мне было ад пачатку
Забаронена набліжацца да свечак ірландскае беднаты;
У трансепце мармуровыя Чычэстэры кленчылі ў фрэзах,
Упэўненыя, што ім неба забяспечана назаўжды.
Прыйшла вайна, й з-пад зямлі каля нашага дома
Вырас вайсковы лагер з шыбеніцамі дзе-нідзе,
А на іх — манекены для практыкі штыхавога бою,
І круглыя суткі варта выкрыквала: «Хто ідзе?»
Каля каравулкі круціўся ёркшырскі тэр’ер ды цяўкаў
Крыўдліва на штацкіх, калі яны падыходзілі да варот;
Спяваючы весела «Хто забіў пеўня Робіна?», войскі
Атрад за атрадам крочылі паўз вартоўню на Фронт.
Параход, што забраў мяне ў Англію, быў камуфляваны,
У поездзе на Карлайл — хакі, пот і гам;
Я думаў, што вайна будзе доўжыцца вечна, а цукар заўсёды
Выдавацца малымі пайкамі і што аніколі нам
Не пабачыць тыднёвіка без мяшкоў з пяском на старонках,
Што мая гувернантка рабіцьме павязкі з імху заўжды,
А ў людзей над камінам нязменна вісецьмуць карты
Са сцяжкамі, якія перапрыколваюцца туды-сюды;
Перагукаліся недзе ражкі за жываплотам з глогу,
Перакрэслівалі ракеты начны далягляд,
Па заліве ішоў плывучы астрог для немцаў,
Якія глядзелі на бераг з-за крат.
У школу я пайшоў у Дорсэце, і свет дарослых
Сціснуўся ў лялечны свет сыноў,
Далёкі ад дзяўчат-прадзільшчыц і саляных капалень,
Ад паху портэру й салдацкіх штыхоў.
Бірмінгем
Birmingham
Над бухтай вакзала, схаванай за строем рэклам, паўзе навобмацак дым,
Пішчаць тармазы машынаў, калі паставы падымае далонь, спыняючы тым,
Нібы вычасаны з каменя фараон, чаргу мітуслівых аўто
(На капотах сядзяць храміраваныя сабакі, за трыплексам — паліто),
А за спінай ягонай бягуць вуліцы паміж гордымі шыбамі крам,
Кубікамі парфумы, электрашвабрамі і пясцамі для багатых дам,
Але чым бліжэй да трушчоб, тым скупейшы, як дыяграма, пейзаж: з-за дрэў
Адсутных пустуюць кузні Вулкана, які на ўсё гэта пляваць хацеў.
Раскінулі рукі прыгарадамі дамы, дамы, чый выгляд спакусны
Выгодамі ўсякімі, фахверкавыя дамы, што, шчыльна стуліўшы вусны,
Глядзяць і глядзяць на дарожны рух праз невыразны глог,
І толькі шэсць цаляў бягучай зямлі ў бетонных іх кіпцюрох;
Усярэдзіне людзі, быццам у сне, імкнуцца да платанічных форм,
З дапамогай прылад, керн-тэр’ераў і радыё трымаючыся капрызных норм,
Намагаюцца Бога знайсці й абагнаць суседа, лезучы не без млосці
Па лесвіцы нізкааплачванай працы і хапу-лапу-прыгажосці.
Абед: у магазінах пуста, і твары прадавачак расслабляюцца да пары,
Празрыстыя, як зялёнае шкло, пустыя, як старыя календары,
Настолькі ж няскладныя ў акружэнні паліц з мішурой-разнатой,
Як вітражы Бёрна-Джонса ў саборы, растрэсканыя свінцоваю павутой;
Прэсныя колеры, абрыўкі пачуццяў, тэатар суботніх забаў
(Чэрвеньскага разліву) — нашым старым афішам месца на дне канаў:
Ужо ж на будучых выхадных, на атракцыёнах сэрца, мы возьмем удосць
Ад жыцця — прынамсі, такая мажлівасць як быццам ёсць.
Па зіхоткіх канатах трамваі, як вялізныя труны, паўзуць
У вячэрняе неба колеру слівы з адценнем качынага яйка, ў ліловую муць
Цэпелінаў-аблокаў, і промені фар, як на Тройцу, вырываюцца з-за рагоў
Бакавых дарог, і агні святлафораў, мятны лікёр і бычыная кроў,
Кажуць сапатым маторам то спыніцца, то ехаць далей туды,
Дзе, нібы чорныя трубы арганаў, на захадзе патрапаным ды
Завялым фабрычныя коміны будуць панура ўсю ноч ахоўваць плот,
Каб ранкам суровым пазваць атупелыя сосну твары да штодзённых варот.
Бераг
The Strand
Я крочу басанож па пеністых аблоках Тынтарэта,
Па мокраму пяску, што адлюстроўвае гады
Прагулаў астраўных; мой крок сягоння — гэта
Крок некага, хто берагі падобныя пакінуў назаўжды,
Як хлопчык, шлёпаючы лужынамі, зняўшы боты,
Прысадзістая постаць, зразумелая для далі і вады, —
Мой бацька. Што адказна падыходзіў да работы,
Набожнаю руцінай запаўняючы гросбухі дзён,
І ўсё ж было ў ім штось ад нескаронай адзіноты,
Ён так любіў заходні акіян і не ў зяленіве карон
Сябе знаходзіў, а ў абрысах Круагана і Сліўмора,
Мінона і балот паміж. Шаснаццаць год, як ён
Апошні раз ішоў па гэтым беразе няскора,
Наперадзе — 12 год, пазадзе — больш як 60,
Разглядваючы танец сталі ў калашыне мора,
І паўтараўся ў люстры, як вось я, але адбітак пад
Анучай пены знік, як знікне мой, — ні твару, ні слядоў
Не застаецца тут пасля гасцей, калі яны назад
Вяртаюцца дамоў.
Харон
Charon
Рукі кандуктара былі чорнымі ад грошай:
Захоўвайце талончыкі, кажа ён, бо кантралёр
Чорны ад недаверу, і не выкідайце гэтай
Знікомай мапы. Мы ехалі праз Лондан,
Мы бачылі праз шыбу галубоў, але не чулі
Іх ваенных чутак, мы бачылі, як брахаў
Згублены сабака, але так і не дазналіся,
Што брэх яго рэзкі, як кукарэканне пеўня, —
Мы проста пляліся наперад, і на кожным
Прыпынку чакаў натоўп агрэсіўна пустых
Твараў, мы проста пляліся наперад,
Вечнасць казырала кручэннем свяціл,
І вось вы пад’ехалі да Тэмзы, але ўсе
Масты былі разбураны, той бераг губляўся
У тумане, і тады мы спыталі кандуктара,
Што нам рабіць. А ён: нічога не застаецца,
Як сядаць на паром. Мы прасігналілі агнямі,
І з’явіўся паромшчык — той самы, што й перад
Вергіліем і Дантэ. Ён зірнуў на нас холадна,
І вочы яго былі мёртвымі, рукі на вясле —
Чорнымі ад аболаў, а мармур лытак — у прожылках
Варыкозных вен, і ён сказаў нам холадна:
Калі вы хочаце памерці, давядзецца заплаціць.
Пераклад з англійскай Ігара Кулікова