TAŬBIN

Сад

Верш амерыканскага паэта Лэры Левіса ў перакладзе Кірыла Булая

Лэры Левіс

Лэры Левіс

Кірыл Булай

Я ўжо зразумеў, што рэчы ня судзяць па тым, чым яны выглядаюць,
Калі падняў вочы і крыкнуў па бацьку.

Ў нашым садзе персікаў сорту Эльбэрта
Работнік павесіўся,

Цела дагэтуль ціха гайдалася.
Я чуў, як рыпіць пад цяжарам галіна

І пчолы рая́цца, нібы кіпіць золата, побач
З гладкаю белаю скрыняю іхняга вулея.

Увагу тады я зьвярнуў не на цела,
А на маўклівы гальштук ў гарошак,

Карычневы на белым тле, і на тое, як гальштук,
Занадта кароткі для справы, няхітрым вузлом злучаўся

Зь вяроўкай, якую нябожчык навіў на галіну,
Каб потым зацягваць свой шоўкавы гальштук на шыі

Да канца. Помню: тэкстура вяроўкі нагадвала
Пыл, прыбіты дажджом, а цені пад дрэвам

Мяняліся так, што мне было цяжка пабачыць,
Калі адбываецца іх перамена, і я б не пабачыў,

Каб нават узяўся сачыць за адным толькі гэтым.

Мужчына ўвязаў сябе ў вечнасьць,
Вяроўка ж узьнеслася ў будучыню безь яго,

І гальштук, здаецца, быў той цішынёй, у якой ён блукаў,
Хадзіў ўперад і ўзад між Мінулым і Будучым.

———

Дзікі смак персікаў, што расьлі ў старым садзе,
Цяпер ужо страчаным, вызваляў усё

Ад таго, чым яно было — і гул пчолаў, і пыл, што віўся
Ў слупах сьвятла, мазалі́, што мы разглядалі ў школе,

Гугненьне нашае мовы, падобнае ветру ў дроце, падобнае лёсу —

Усё на імгненьне вярнулася й стала сьвятлом, калі,
Гадамі пазьней, я ізноў паспытаў гэты смак,

Ён зрабіў сьвятлом ўсё, апроч цела,
Якое гайдалася перад вачыма. Сьвятлом

Такім бязважкім і мімалётным, што я —

———

На імгненьне, але ўсяго на імгненьне, спазнаў,

Пра што цела шаптала сваім гайданьнем —
Што б ні імкнуўся сказаць чалавек, які так абышоўся зь ім —

Я спазнаў, пра што шаптала цела, калі ўзьняў вочы.

Цела шаптала аб тым, што лунае над намі, у кроне, у небе

Й вышэй.

Scroll to Top

Discover more from TAŬBIN

Subscribe now to keep reading and get access to the full archive.

Continue reading