Джон Кітс
Ода салаўю
Дратуе сэрца млявая туга,
Мне цяжка, быццам ад балігалову,
У думках — апіятная смуга:
Я ў Лету акунуўся напалову.
Не зайздрасць гэта да шчаслівых нот —
Я ўсцешаны тваёй уцешнай доляй,
Калі, дрыяда, легкакрылы дух,
Тваіх мелодый лёт
Лаўлю між ценяў, букаў і таполяў,
Калі пра лета ты пяеш за двух.
О, мне б глыток віна, што шмат гадоў
Хавалася глыбока пад зямлёю,
Што пахне песняй цёплых гарадоў,
Правансам, танцам, свежаю раллёю.
Мне б келіх з поўднем, з сонцам цэлы год,
Мне б чыстай і іскрыстай Іпакрэны,
Такой, што перальецца цераз край,
Мне б пурпуровы рот,
Каб мог я піць і свет пакінуць тленны,
З табой пайшоўшы ў твой лясісты рай.
Пакінуць свет і зрынуць у нябыт
Усё, чаго не знаў ты між лістоты:
Бяссілле, ліхаманку, плач наўзрыд,
Той свет, дзе людзі чэзнуць ад самоты,
Дзе лёс старых — хваробы й сівізна,
Дзе маладыя нікнуць, быццам цені,
Дзе думкі — гэта чыстая нуда,
Знямога ў іх адна,
Дзе прыгажосць жыве ўсяго імгненне
І дзе любоў сплывае, як вада.
Хутчэй, хутчэй! Я да цябе ляцеў
Не ў калясніцы Вакхавае світы —
Узняў мяне на лёгкіх крылах спеў,
Хоць розум мой змарнелы і знябыты.
Вось я з табой — і цемра ажыла:
Прынцэса-поўня ўжо сядзіць на троне
Сярод сваіх васалак — зорак-фей,
А тут няма святла,
І толькі скрозь зялёнае сутонне
Нясе ясноту з неба ветравей.
Хавае цемра кветкі ад вачэй,
Ды водары струменяцца ў паветры,
Духмянай ноччу адгадаць лягчэй,
Чым гэты месяц аздабляе нетры,
Зялёныя гаі і паплавы,
Што дарыць глогу, дзічцы, і шыпшыне,
І любым дочкам майскае пары —
Фіялцы між травы
І ружы мускуснай, што ў росах стыне
І ўлетку аж гудзе ад жамяры.
Я слухаю. Як часта я ў жыцці
У смерць бываў амаль што закаханы
І ў рыфмах заклікаў яе прыйсці,
Каб выправіць мой дух у свет нязнаны.
Памерці зараз — як дзівосны дар,
Растаць у гэтай ночы без пакуты,
Твой спеў найлепшым будзе вестуном,
Ён поўны палу й чар!
Ды рэквіем твой будзе не пачуты —
Я страчу слых, зраблюся дзірваном.
Ты не для смерці, бессмяротны птах,
Бо кожны род быў да цябе прыязны.
Я ўзношу спеў твой — і яго ў вяках
Узносілі і каралі, і блазны.
Магчыма, той жа песні бег струмень
У сэрца Рут, зняможанай ад гора,
Калі яна збірала каласы,
І той жа песні цень
На вокны падаў, што глядзелі ў мора
У краі фей у даўнія часы.
У даўнія! Як пахавальны звон,
Гучыць радок, мяне вярнуўшы свету.
Бывай! Бо ва ўяўлення — горшы плён,
Чым марылася некалі паэту.
Бывай, бывай! Цішэе твой харал,
Знікае ў лугавінах за ракою.
Яго схавалі курганы між ніў
Ці праглынуў прагал.
Заціхла песня — ці растала мроя?
Яе прытрызніў я альбо сасніў?
Сэмюэл Колрыдж
Эолава арфа
Задумлівая Сара! Ты шчакой
Мне да рукі прыціснулася, мы
Сядзім, спакойныя, перад хацінай,
Яе схавалі ў цені мірт з язмінам
(Кахання сімвалы і чысціні),
Глядзім у неба — позняе святло
Паціху гасне, ды ўзыходзіць зорка,
Нібыта мудрасці зіхоткі знак.
З бабовых агародаў вецер скраў
Салодкі водар, свет вакол змаўкае,
І лёгкі шэпт аддаленага мора
Расказвае пра цішу.
Лютні гук,
Якая ля акна вісіць, пачуй!..
І лашчыць кожны ветрыку павеў
Яе, нібы дзяўчыну, што здаецца
Каханаму, гучыць адно папрок,
Каб быў смялейшым. Вось кранае ён
Яе струну — і паслухмяна ноты
У хвалях тонуць і ўсплываюць зноў,
Яны – нібыта чарадзейны спеў
Тых эльфаў, што выходзяць на змярканні,
Пакінуўшы нам невядомы край,
Дзе птушкамі з чароўных райскіх шат
Гучаць мелодыі ў мядовым квеце —
Заўжды няспынна, дзікім, ім лунаць!
Адно жыццё ўнутры нас і наўкола,
Яно — адзіны рух, адна душа.
Гучыць святло, святлом палае гук,
У кожнай думцы — рытм, у сэрцы — радасць.
Мяркую, немагчыма не ўсхваляць
Усё, чым поўны неабсяжны свет,
Дзе ветрык грае, і само паветра
Ёсць музыкай, якая ў арфе спіць.
Так, любая! Калі прылягу я
На схіле вунь таго пагорка ўдзень
І трошкі змружу вочы, каб глядзець,
Як танчаць дыяментавыя промні,
Спакойных думак поўны пра спакой,
Перасячэ фантазій лёгкіх плынь
Мой нерухомы і бяздзейны мозг,
Нястрыманых, дзівосных, нібы вецер,
Што на чароўнай лютні сёння граў.
І што, калі прырода ўся наўкол —
Жывыя арфы, розныя абліччам,
Што думкамі трымцяць, як праляціць
Праз іх бязмерны і разумны вецер,
Які душа ўсяго і Бог для ўсіх?
Ды бачу я ў вачах тваіх папрок,
Каханая! Такія думкі — грэх,
Належыць іх адразу адрынаць.
Ты кажаш, што адзіны шлях — да Бога,
Ціхмяная дачка ў сям’і Хрыста!
Ты не ўхваліла выдумак маіх,
Якія спарадзіў бяздушны розум, —
Як бурбалкам, аднойчы лопнуць ім
У марным філасофскім ручаі.
Не здольны гаварыць я пра Яго,
Неспасцігальнага, адно спяваць хвалу
З трымценнем і глыбокай, шчырай верай,
Таму, хто лекаваў маю душу
І грэшніку няшчаснаму калісь,
Што заблукаў, спакой падараваў,
І гэтую хаціну, і цябе!
Уільям Уордсварт
Нарцысы
Блукаў я хмараю самотнай,
Што над пагоркамі плыве,
Ды ўбачыў: купкай бесклапотнай
Нарцысы ззяюць у траве.
Схаваўшыся пад дрэў камлі,
Яны свой танец завялі.
Яны гарэлі, нібы сонцы,
Што скупіліся ў Млечны шлях,
І віўся іх ланцуг бясконцы
Уздоўж затокі, у палях.
Мне кветкі чарадой жывой
Ківалі ў танцы галавой.
А побач — танец хваль, аднак
Ім кветкі не пераўзысці,
Якія для паэта — знак,
Каб быў шчаслівым у жыцці,
Бо я не ведаў, што наўкол
Сапраўдным скарбам ззяе дол.
Цяпер, як млява я сачу
Сваіх няспешных думак ток,
Яны з’яўляюцца ўваччу —
Самотнай радасці глыток:
Душа лунае без турбот
І з імі водзіць карагод.
Алфрэд Тэнісан
Сэр Галахад
Хутчэй, мой верны конь, ляці,
Сячы, мой меч вячысты!
Я моцны сілай дзесяці,
Бо я душою чысты.
Гучыць труба ва ўсе бакі,
Даспех запырсканы крывёй,
Ляцяць зламаныя клінкі,
Без сіл і конь, і вой.
Яны без сіл, спыніўся бой,
Дажджом з пялёсткаў і духоў,
Сустрэнуць нас паненкі ў час,
Калі мы вернемся дамоў.
Глядзяць з пяшчотаю яны
На тых, хто сэрцу любы,
І я гатовы ў час вайны
Іх ратаваць ад згубы.
Але ў імя Хрыстовых мук
Я сэрцам прысягнуў Яму,
Я не кранаў жаночых рук,
Я клятваў не прыму,
Бо мне магутнейшы парыў
Мацуе цела і душу,
Я чысціню найперш цаню
І веру ў свой зарок нашу.
Калі сыходзіць маладзік,
Я бачу скрозь прагалы:
У лесе дзіўны бляск узнік,
Паўсюль гучаць харалы.
Я праз таемны еду храм,
Ён дзверы расчыніў свае,
Але няма нікога там,
Хоць знекуль хор пяе.
Зіхціць начынне серабром,
Бялее покрывам алтар,
Гукае звон, а наўздагон
Святочны ўзносіцца трапар.
Падчас знайду ў гарах ставы,
А там — чароўны човен,
Вядзе яго не стырнавы
У свет, што змроку повен.
Сляпучы бляск, пяянне хваль!
Люструе сонная купель
Анёлаў, што нясуць Грааль,
Гарыць іх столаў бель.
Святарны від, Хрыстова кроў!
Дух трыумфуе, летучы.
Мгле насупор Твой знак між зор
Гарыць, як зорка, уначы.
Калі звіняць падковы ў лад,
На плошчах – тупат гулкі,
Вястуе певень дзень Каляд,
Маўчаць снягамі вулкі.
На дахах непагадзь раве,
А на даспехах – градзін скок,
Ды слава цемру разарве,
Заззяўшы між аблок.
Я кіну дол, я мчу да скал,
На пустцы — ні душы жывой,
Ды шчасны дух між завірух
Над мёртвай лётае дрыгвой.
Я цнотны рыцар — і мой лёс
Бясстрашна жыць надзеяй,
Аб ветры, што з саміх нябёс
Мне на зямлі павеяў,
Аб радасці, што на вякі,
І прамяністай старане,
Лілеях — водар іх п’янкі
Падораны мне ў сне.
Калі ж анёл кране даспех,
Зямное паразіць кумір —
І сталь клінка, й сама рука
Ператвараюцца ў эфір.
Разыдзецца заслона з хмар,
З-за горнае грады
Арганы скалануць абшар
І сцішацца тады.
Шумяць дубы і гнецца гай,
Трапечуць крылы між раўнін:
"Скачы — і свой спазнаеш рай,
Мой верны паладзін!"
І я аб’еду цэлы свет,
Праз замак, лес і дол — у даль,
Праз брод і мост, заўжды наўпрост,
Але знайду святы Грааль.
Уільям Мэйкпіс Тэкерэй
Балада пра буябес
Ёсць у Парыжы кут, панове,
Rue Neuve de Petits-Champs, — яму
Не знойдзеш рыфмы ў нашай мове,
Без рыфмы ў верш яго вазьму.
Гадоў мінула ўжо нямала,
Ды я не трачу інтарэс
Да вулкі той — на ёй, бывала,
Я еў найлепшы буябес.
Ласунак падаваў там годны
Карчмар Тэрэ — ён майстар дзіў:
У місе — цэлы свет падводны,
Такога Грынвіч і не сніў.
Ялец і плотка, многа перцу,
Часнок з цыбуляю (ці без):
Змяшай усё ў адной талерцы —
І атрымаеш буябес.
Калі ў красе ва ўсіх праявах
Філосаф бачыць сэнс быцця,
Ён мусіць знацца і на стравах,
І на прыемнасцях піцця.
Ні езуіт, ні францысканец
Не пойдуць з верай уразрэз,
Калі надарыцца ім шанец
У пост адведаць буябес.
Я крочу зноў знаёмай сцежкай…
Усё як трэба — дом, ліхтар,
І вустрычніца вунь з усмешкай
Ля ганка хваліць свой тавар.
А дзе Тэрэ? З крыўляннем міма
Падносіў ён далікатэс,
А потым, як праходзіў міма,
Пытаў, ці смачны буябес.
Заходжу — і карчма ўсё тая ж.
"А дзе месье Тэрэ, гарсон?"
Той дзівіцца (чаго пытаеш?):
"Даўно ўжо бачыць вечны сон".
"Такі наш лёс — усе там будзем,
Герой ты ці галаварэз".
"Дык што прынесці добрым людзям?"
"Ці падаюць тут буябес?"
"О, oui, Monsieur, ніякіх зменаў!
Чаго да супу вам наліць?"
"Парайце". "Можа, шамбертэну?
З пячаткай вось, як мае быць".
Спачыў ён, значыць... І са скрухай
Я ў звыклы свой куток палез.
"Ну што ж, прысніцца карчмару хай
Бургундскае і буябес".
А вось і звыклы мой куточак,
Знаёмы стол каля акна,
Ах, колькі выпілі тут бочак,
Пакуль жыццё я піў да дна.
Калісьці ж я, о cari luoghi,
Найпершы быў сярод гарэз,
І ўрэшце зноў, сівы і строгі,
Тут замаўляю буябес.
Дзе ты цяпер, мая сябрына?
Вы зніклі шмат гадоў таму...
Гарсон, чаму няма графіна?
За іх я келіх падыму.
Вось і ўспамін пра пагулянкі
Амаль адразу ж уваскрэс —
Як разам асушалі шклянкі,
Як каштавалі буябес.
Вось Том крыўляецца па звычцы,
Вось Джэк, што ўзяў някепскі шлюб,
Агастэс вунь імчыць у брычцы —
Во дзе сапраўдны жыццялюб!
А Джэймс падаўся да Абрама —
Ён першы з нашых збег трапез,
Хаця сядзеў жа тут таксама
І піў кларэт пад буябес.
О, як гады імчаць няспынна!
Не выбрацца нам з іх ярма.
Яна б са мной сядзець павінна,
Але са мной яе няма.
Былыя ўспамінаю хвілі
І ўсмешку цёплую тваю —
Мы чашу на дваіх дзялілі,
Цяпер яе адзін я п’ю.
.........
І вып’ю ўсё, што лёс рыхтуе.
Даволі ж, рыфмы! Ну я вас!
Сябе самога пачастую
У памяць пра мінулы час.
Віват віну любое маркі,
І покуль я зусім не счэз —
Усё прыму, што выткуць паркі.
А вось і пахкі буябес!
Пераклала з англійскай Ганна Янкута
Эолава арфа: Пяць англійскіх паэтаў ХІХ стагоддзя
Класічная англійская паэзія ў беларускіх перакладах