TAŬBIN

У выпадку дажджу

Паэзія Мілены Канціні

Мілена Канціні

Аксана Данільчык

З кнігі “У выпадку дажджу” (“In caso di pioggia”, 2025)

***
нешта ўва мне жыве
заняло маё месца
есць спіць працуе гаворыць
нават думае
не маю звестак пра самую сябе
не ведаю дзе законная
гаспадыня гэтай душы
што яна робіць
як бавіць дні
пыл якіх дарог яе зніклыя ногі
ўздымаюць


***
нават калі б я і ты былі ворагамі
карацей калі б не ладзілі
нашыя целы ўсё роўна любілі б адно аднаго
ўночы яны б таемна
размаўлялі ў цемры
пакуль мы спім
на сваёй уласнай мове
незразумелай звонку
слоўнікам без ілжы
адбіткамі пальцаў
вытатуяванымі на павеках
валасамі і вуснамі
у пошуках ласкі


***
некаторых людзей
сустракаеш толькі ў дождж
яны хапаюцца за стрыжань парасона
каб не зваліцца ў лужыну
здольныя любіць
у прасторы між кроплямі
змоклыя ад заўтрашняй буры
вільготныя не суцешаныя морам
папросіш прайсціся
пад іх плашчом
прыцісніце душы адна да адной
а потым кожны –
да свайго ўмоўнага сонца


***
мая валізка стаіць сабраная для афрыкі
я б паехала нават зараз
у пантофлях і бігудзях
хвіліну каб павесіць лейку на шыю
а пасля пабегла б выклікаць ліфт
казала яна
а сёння паехала сапраўды
ва усемагчымыя афрыкі
як матыль што болей не адчувае смагі
а хоча толькі лётаць
уздоўж бясконцых водбліскаў святла зараніцы
шаўковая нябачная коўдра
для празрыстых крылцаў
што лашчаць маўкліва
найсвяцейшую плынь слязы


***
ты кажаш што я не веру ў шчасце
але я веру
шчасце — гэта ты
калі спіш на маім улонні
пакуль на вуліцы кроплі
сварацца з асфальтам


***
гадую дваіх дзяцей
ды не сталею
выкладаю
ды не вучуся
учарашнія памылкі
адбіваюцца ў заўтрашнім моры
душа (калі існуе)
не падпарадкоўваецца календару


***
мускулістыя абдымкі сагуара
палёт вясёлкавых адзінарогаў
у мазаічных спляценнях ранка
павольна вяртаецца млявая смеласць
скарыцца няпэўным анамаліям пустыні
ляжаць пакінутай на дзюне
пясчынкі ў маіх валасах
на нагах уздоўж спіны між сцёгнаў
і робіцца натуральным прызнаць
што ты можаш рабіць са мной ўсё што хочаш
у ложку і па-за ім
можаш падарыць мне слімака на каляды
без скрынкі і паштоўкі
можаш гадзінамі сядзець ля ракі
не кажучы пра што думаеш
можаш забыцца ключы
пальчаткі сумку ў дзень нашай гадавіны
але найперш ты можаш прайсці
па самых тёмных сцежках маёй душы
не запальваючы святла


***
наркагандляр словамі
з заганнай схільнасцю да вершаў
падаеш у чарніліцу
і перапэцканы мастацтвам
лунаеш як кветкі над травой
пакуль эпідэмія маўчання
захоплівае вусны горада


***
знікаеш павольна
як сняжкі
што ўпалі ў фантан
заўтра
узыйдзе сонца
і ад цябе застанецца толькі
вада ў вадзе


***
геаграфія батанікі
цені раслінаў
сціплы дождж
на засмяглых стагах сена
водар мокрай прыроды
уся надзея
на сустрэчу са слімаком
разам са здзіўленнем
перад туманам
што падымаецца на ліфце
і ператвараецца ў аблачыну

Пераклад з італьянскай мовы Аксаны Данільчык
Scroll to Top

Discover more from TAŬBIN

Subscribe now to keep reading and get access to the full archive.

Continue reading