АДАМ АСНЫК
***
(Miejcie nadzieję!... Nie tę lichą, marną)
Будзьце з надзеяй!... Не ліхой, мізэрнай,
З чэзлай сцяблінай, у сухіх пялёстках,
Толькі з нязломнай, што нібыта зерне
Будучых чынаў у душы геройскай.
Будзьце з адвагай!... Не на дзень ці тыдзень,
Той, што ў намеры роспачным падводзіць,
Толькі з такою, што зусім не сыдзе,
Будзе заўсёды з узнятай галавою.
Будзьце з адвагай!... Не прапахлай шалам,
Той, што ўсляпую ляціць і без зброі,
Толькі з такою, што, бы стойкім валам,
Ворагаў лёсы нязломнасцю кроіць.
Цешыцца хопіць вечнымі слязамі,
Досі ўпівацца кляцьбой пастаяннай:
Скаргі ў каханні — уласцівасць дамы,
Рыса мужчыны — ўзбройвацца маўчаннем.
Толькі шануйма нашыя святыні
Ды захавайма ідэалаў славу;
Наш абавязак — даць ім зброю, сілу,
З мройнай краіны перанесці ў яву.
КШЫШТАФ КАМІЛЬ БАЧЫНЬСКІ
***
(Dziś rano cały świat kupiłem)
Я цэлы свет купіў сягоння,
лес, мора, сонца, зораў пас,
і сэрцы, вены рэк і гоні,
Цябе й сябе, прастору, час.
Я цэлы свет купіў сягоння,
сусвет за сэрца, што адно,
пакінуў зоркі у пагоні,
і час, і год марское дно.
Дзе сэрца морамі клякоча –
недасягальнай славы міг,
мяне абыдуць рэкі ночы
прадоннем зёлак залатых.
КАНСТАНТЫ ІЛЬДЭФАНС ГАЛЧЫНЬСКІ
***
(Ale są jeszcze sprawy drobne: loty ptasie)
Ёсць процьма дробных спраў: палёты птаства,
трыснёг ля азярца, бляск вечарніцы,
і колеры пладоў світальным часам,
і вецер, што пяе сапрана, басам,
малая лямпа, стол нягеглы, ніцы.
Але за ўсе карціны Тыцыяна
я не аддам стала: за ім працую,
ён сябра мой з пары амаль што ранняй,
а ў ночны час...
Тамара-ханум
(Tamara Chanum)
Мне і да сёння зоркай укрытай,
поўная бліску,
свеціць далонька, твар залаты твой
па-візантыйску.
Голас? Быццам фантану свежасць,
звончыкі, звоны;
словы вады і канцэрт пацешны
птушак зялёных.
Каметы? Поўню стрымаюць імгненна;
ўпушчана ліра.
А за камету сотню санетаў –
толькі Шэкспіра.
ІГНАЦЫ КРАСІЦКІ
Доктар і здароўе
(Doktor i zdrowie)
Рэч цікавая, праўда, прагучыць, як плётка:
Аднойчы са здароўем перасекся доктар;
Ён у горад — здароўе горад пакідала.
Злякаўся, калі ўбачыў, ды, паколькі стала,
Кажа: “А чаму ж ты так спешна сыходзіш?
Куды ты?” А здароўе: “Дзе ты сам не ходзіш”.
БАЛЯСЛАЎ ЛЕСЬМЯН
Раманс
(Romans)
Я спявак! Я рамансы пяю, бо пяецца!
Ён жабрачыў, яна жабравала, здаецца.
Закахаліся раптам на вулках шумлівых,
Не было гарадской таямніцы шчымлівей.
Ноч маёвая зоркай заззяла вясёла,
Селі поруч яны на прыступках касцёла.
Падавала яна у рашучасці пэўнай
То для радасці вусны, то хлеб для грызення.
І, снючы, яны грызлі пад травеньскім небам
Хлеб пяшчоты, а потым пяшчоту ўжо хлеба.
І спатольвалі голады, быццам насланні:
Першы быў праз жабрацтва, другі праз каханне.
Паэт, што іх бачыў, дапяў, як жыць трэба?
Галадае, аднак, без дзяўчыны і хлеба.
ВАСІЛЬ СІМАНЕНКА
***
(Маленьке — не смішне)
Малое не смяшыць:
Малое – тое ж зерне,
Што можа волатам і геніям даць сіл.
Яно тады смяшыць,
Калі яно мізэрнае,
Калі сябе паставіць над усім.
Скажыце мне, хіба такога мала,
Хіба такіх выпадкаў не было,
Што, нібы сцяг, малое падымалі —
За ім народы йшлі натоўпамі аслоў?
Мізэрнае, што смешным нам было
Ці страшным станавіцца не магло.
ВАСІЛЬ СТУС
***
(То все не так. Бо ти не ти)
То ўсё не так. Бо ты не ты,
і не жывы. А толькі згадка
мінулых год. Цераз масты
вякоў заве малая кладка.
А неба курчыцца тады
ў табе напятым запусценнем,
што называеш ты мучэннем.
У ганьбе страчаны гады –
то так судзілася…
ЮЛЬЯН ТУВІМ
Лірыка
(Liryka)
Плыннасць... плыннасць... гуллівасць...
Рытм начных назіранняў...
Дрогкасць, ртутная жывасць...
Сціпласць сноў і прызнанняў.
Хвільнасць і мімалётнасць,
Нікласць, смутак знікнення,
Цішы, цішы самотнасць,
Цені, цені і цені...
Словы: словы схаваны.
Вочы: вочы самкнёны.
(Так глядзіць расцвітанне
Праз павучую плёнку).
ЖАН ФАЛЕН
Гісторыйка
(L’Anecdote)
Адзіны ў горадзе мастак
перафарбоўваў змрочную краму
і напяваў,
калі з вакзала вярталіся
дзве непаўторныя ваяжысткі,
абыякавыя да кахання,
якое акрыла вясну паўсюль,
але гэтыя спевы вяртаюцца,
і нам іх прыносіць ветрык.
О свет, я не магу цябе ўявіць
без гэтых мастака і дзвюх дам.
КАЗІМЕЖ ВЕЖЫНЬСКІ
Пахвала зямлі і праху
(Pochwała ziemi i prochu)
Дай мне гарбаты з верасу, імху,
З канюшыны пры шляху ды мяты.
Нап’емся зямельных сокаў,
Нап’емся цяпер і тут,
Проста з яе губ раслінных,
З кораняў дабрачынных
Ля самай крыніцы сну.
Падглебны адвар нас апоіць
І пусціць па моры траў:
Навокал па хвалі узгоркаў
Грудзьмі на зёлках
Мы пусцімся ўплаў.
І паплывем мы з праху ў прах,
З адной у другую існасць,
Палямі густымі,
Лугамі літымі,
Дзе вісне
Панікла мглістасць
На стыні.
Не паглыне нас задуха, цямрэча,
Гніллю каморы не ўсмокча нас страх.
Паплывем жа з ветрам у траўках
На вечныя векі ў адкрытым прыстанку.
Мінем маці нашу раслінную,
І каханне ўсё дабрачыннае,
З белага свету ў іншы,
З праху ў прах.
ФЕРНАНДУ ПЕСОА
***
(Como uma criança antes de a ensinarem a ser grande)
Як дзіця перад тым, як яго навучылі быць вялікім,
Я быў праўдзівым і лаяльным у тым, што бачыў і чуў.
***
(Deito-me ao comprido na erva)
Я кладуся на высокую траву
І забываю пра тое, чаму мяне навучалі.
Тое, чаму мяне навучалі, ніколі не давала мне больш цяпла ці холаду,
Тое, што мне казалі пра былое, ніколі не мяняла мяне ў форму рэчы.
Тое, што мяне вучылі бачыць, ніколі не тычылася маіх вачэй.
Тое, што мне паказвалі, ніколі не было там: там было толькі тое, што там было.
***
(Falaram-me os homens em humanidade)
Казалі мне: людзі чалавечныя.
Ніколі я не бачыў ні людзей, ні чалавечнасці.
Бачыў некалькіх, незвычайна адрозных адзін ад аднаго.
Кожны адасоблены ад іншых бязлюднай прасторай.
***
(Não sei o que é conhecer-me)
Не ведаю, што трэба ведаць пра мяне. Не бачу свайго нутра.
Не думаю, што маё існаванне за мной.
***
(Patriota? Não: só português)
Патрыёт? Не, толькі партугалец.
Я нарадзіўся партугальцам, як і бландзінам з блакітнымі вачыма.
Калі я нарадзіўся, каб гаварыць, я павінен гаварыць з сабой.
Пераклаў з польскай, украінскай, французскай і партугальскай Цімур Буйко.