Науатль
Ты
кветка і песня
недаступная як
заяц на месяцы
ніколі няма
цябе там
дзе ўздымаецца дым
дзе ўзлятаюць птушкі
і я
шукаю цябе
Птушка
Птушка, якую ўчора котка злавіла ў кустах, нагадала мне
цябе. Відаць, нешта такое было ў яе вачах. У любым разе
котку я зачыніў, падняў птушку і пасадзіў на яблыню, на
самую высокую галіну. Яна сядзела, глядзела на мяне
тваімі вачыма. З усіх знаёмых жанчын ты мне найменш
зрабіла балюча, падумаў я, стоячы пад яблыняй,
і найбольш… Урэшце я прынёс птушцы дажджавога
чарвяка. Потым пакінуў яе адну, вярнуўся ў дом і
выпусціў котку.
Ніякі верш
Ніякі верш
Ніякі верш
не быў мне настолькі важны
як СМСка
табе
Пры тым
што ў ёй так няшмат радкоў
так няшмат сімвалаў
іх я штоночы
самотна і
бясконца павольна
набіраю ў тэлефоне
Гэта ўсяго 160 сімвалаў
максімум
пры тым што сімвал
гэта так мала
сімвал
гэта нават не слова
гэта нават не факт што літара
гэта толькі працяжнік
ці кропка
ці што яшчэ меншае
сімвал
гэта яшчэ і прабел
і гэтым
усё
сказана
160 прабелаў максімум
каб не сказаць нічога
прынамсі нічога
што і так не было б вядома
(ты ведаеш
што я маю на ўвазе)
На досвітку
я свае СМСкі
(не тое каб мне хаця б адна ўдалася але)
адпраўляю ўрэшце
на твой
Невядомы нумар
Штоночы
я адпраўляю
нічога
нікому
І цэлую вечнасць
чакаю адказу
Мовай дзядоў
У бітву, што ідзе за ураджай,
учора ранкам кінулі мехбат.
За вёскаю стаяла кукуруза.
Усю яе пад корань пакасілі.
Адно пад вечар наступіў спакой
на полі бою, так бы мовіць, мір —
чамусь яму ў сусветнай мове войнаў
метафары ніякай не знайшлося.
Рэйс LH2166
Хто хоча ляцець, мусіць проста сядзець
з плавальнай камізэлькай пад крэслам ці без
з плавальнай перапонкай пад пахай ці без
Хто хоча ляцець, мусіць проста выблытацца
з мабільнай сеткі, заплюшчыць вочы і дыхаць
пакуль машына стартуе, вось як цяпер
у самалёце
ці без
Рэалісты
Тады мы жылі як Бальзак
на пазыкі пад авансавыя выплаты роялці
за ненапісаныя кнігі —
сіквелы да дэбютных трытментаў,
дату выхаду якіх яшчэ не прызначылі,
ва ўсім Парыжы мы мелі крэдыт,
і думалі, што ён, як і будучыня, неабмежаваны.
А потым… мы сталі як Флабер:
пераехалі да маці, на той самы паддашак,
і пісалі… не, не пісалі – крэслілі, крэслілі больш, чым пісалі,
увесь дзень выкрыкваючы адзін адзінюткі радок (першы),
пакуль не зрывалі голас —
штовечар;
цяпер, у шлафроку спускаючыся да сняданку,
мы моўчкі плацім
асобна за кожнае слова.
Таму, каго я ведаў
Як і ўсе мае аўтабіяграфічныя вершы / гэты таксама камусьці
адрасаваны / таму, каго я, па шчырасці, ніколі не сустракаў
Адно ягоныя зношаныя чаравікі / я памятаў і яшчэ — як гэта
з папяровай валізай / прыехаць у горад, у якім ідзе дождж
калі падводзіць жывот ад жадання / апынуцца ва ўтульным
пакоі, ад мары аб танным віне / цыгарэтах, сімфоніях Брамса
і друкавальнай машынцы, што пратрывае адну / апошнюю ноч…
З усіх друкавальных машынак у пекле / твая была самай палкай
настолькі гарачай, што нават ты / мусіў штораз адхопліваць рукі
ад граху падалей / відаць, з гэтай прычыны ты па ёй так дубасіў
Калі ж твой кулак вулічнага байца / біў па клавішах, з-пад яго
прабіваўся агонь / так мне ў тыя часы, прынамсі, гэта ўяўлялася
Ты быў паэтам, а я / юнаком, хай і не надта юным для гэтага роду
пажару, дагэтуль / я прыкрываю ягоныя гнёзды мокрай паперай
Copyright: aus Haus ohne Türen. Gedichte © Literaturverlag Droschl 2025
Науатль
Вершы аўстрыйскага паэта, пісьменніка і перакладчыка Андрэаса Унтэрвэгера ў перакладах Ігара Крэбса