Артур Фішэр-Кольбры
Сьнегапад на Адвэнт
(Adventschnee)

Зірні на дах, які пад грузам гнецца Зімовых хмар, ды мае моцы шмат. Зірні на дрэва, што галінкамі, здаецца, Пакорліва прымае сьнегапад!
Зірні, як вуліцы ўсплываюць з навакольля, Ў нябесным патанаюць крышталі,
Пасьля зьнікаюць у бясконцым полі Пад покрывам засьнежанай зямлі.
Чым для цябе была над полем замець, Душа, цяпер прымроена ўзгадай,
Званам адвэнту каб вярнуцца ў памяць, Дзяцінству шчаснаму — у гэты белы край.

Ганс Готшальк
***
(Das ist die Nacht)

Ноч надышла —
і зорка не маўчыць, і існае, і сьвет
укленчваюць прад дзівам. Такой, што Бог абраў,
не ведаў сьвет начы, калі бярэ Зямля
шлюб зь Небам, пеючы любоўны сьветлы спеў у харастве шчасьлівым.

Ганс Гайнрых Форман
Хрыстос нарадзіўся
(Christ ward geboren…)

…каб замірыць нас… Сьляза ўваччу,
калі ты ў вочы глядзіш у час Адвэнту камусь — без воску сьвечкі
тады гараць

…каб замірыць нас… Ледзь не крычыш
як слухаеш сьпевы ты у зьзяньні нэону
дзе толькі фальшывых модлаў рэха.
…каб замірыць нас… Ды ўсё ж усьмешка лагодзіць тваё нутро у той зямны вечар трыумфу дзіцяці
у лахманах
…каб замірыць нас…

І Боскаю ўцехай зазьзяў цэлы сьвет над краямі й марáмі зь любоўю ды мірам успыхнуў

Хрыстос нарадзіўся каб замірыць нас
усіх назаўсёды
каб замірыць нас

Ламбэрт Біндэр
Хрыстова ноч
(Christnscht)

У жыцьці начэй турботных шмат было ў мяне, апроч той, што раз на год бывае… Гэты цуд — сьвятая ноч!

Я тады ў цябе выходжу, у пабожнасьці сваёй:
над палямі, лесам сьветла, над дамамі ціш, спакой.

Дзесь далёка за царкоўкай вецер ціхі сьпеў пяе.
Хай ён, людзі добрай волі, мір, лагоднасьць вам дае…

Пераклад з нямецкай Лявона Баршчэўскага


Лявон Баршчэўскі
Калядныя вершы з Аўстрыі