Паэтычны пераклад і трохкутнік Пэнроўза
«чараўніцтва ёсць спагада»
                           Айна Вілангер

ГАННА КОМАР — беларуская паэтка і перакладчыца, тут ментарка
ДЗМІТРЫ ПЛАКС — беларускі пісьменнік, перакладчык і журналіст, жыве ў Швецыі, тут ментар
МІКАЭЛЬ НЮДАЛЬ — шведскі перакладчык і выдавец, не прымае непасрэднага ўдзелу ў майстэрні, але вельмі ўсіх падтрымлівае
ЭЛЕН НОРДМАРК — шведская паэтка і візуальная мастачка
САГА ВАЛАНДЭР — шведская паэтка і рэдактарка
ПРЫЯ БЭЙНС — нарвежская паэтка і рэдактарка
МЕРЫМА ДЗІЗДАРЭВІЧ — паэтка, перформерка і перакладчыца; нарадзілася ў Югаславіі, але большую частку жыцця пражыла ў Швецыі ды іншых краінах
ДЖУЛІ ГУФЛЕР — дацкая паэтка і перакладчыца
АЙНА ВІЛАНГЕР — нарвежская пісьменніца і паэтка
АРТУР КАМАРОЎСКІ — беларускі паэт і перформер
КРЫСЦІНА БАНДУРЫНА — беларуская паэтка і рэдактарка
ГАННА ШАКЕЛЬ — беларуская паэтка і перакладчыца
ДАР’Я СМІРНОВА — беларуская паэтка, літаратурная крытыкеса і кніжная блогерка
ДАНІІЛ АРЫЯНАЎ — беларускі паэт і літаратурны крытык
ПАВЕЛ КАПАНСКІ — беларускі паэт і аўтар апавяданняў

Я ГАННА, і ў паэтычным перакладзе я найбольш люблю дзве рэчы: шукаць словы — нібы збіраць грыбы ў вераснёвым лесе, самой, асцярожна і засяроджана, а пасля разам з больш дасведчанымі грыбнікамі перабіраць іх, каб пакінуць толькі ядомыя. Але склалася так, што на майстэрні ў Мальмё я адчувала сябе хутчэй той, хто суправаджае іншых падчас грыбнога трыпу. Паэзія была ідэальнымі варункамі для трансцэндэнтнага падарожжа.

Дзень першы. Семь беларускіх паэтаў і паэтак пешкі ідуць да месца, дзе будзе праходзіць майстэрня паэтычнага перакладу. Дарога блытаецца ды займае значна больш часу, чым прадказвала Гугл-мапа. Цікава, а ці ёсць нейкі невядомы ім больш кароткі шлях? На другім канцы вуліцы яны бачаць жанчыну, падобную да ДЖУЛІ. Яна ўпэўнена паварочвае на нейкую вуліцу, нібы дакладна ведае той карацейшы шлях, бо яна ж са Скандынавіі, значыць, больш мясцовая, значыць, верагодна, лепш арыентуецца тут… Аднак беларускія паэты і паэткі, нягледзячы на кружлянні, прыбываюць на месца роўна, а 10-й. Ім моцна патрэбная кава, бо дарога з Мінска да Мальмё ў чатырох з іх заняла больш за 24 гадзіны, а кароткага начнога сну не хапіла, каб нагнаць недасып. Яны вітаюцца са скандынаўскімі ўдзельніцамі і праходзяць у пакой, дзе будзе адбывацца большая частка майстэрні.

У першы дзень я адчуваю прыемную ўзбуджанасць і прагну працаваць! На другі дзень я разумею, што працы для мяне няшмат, адчуваю сябе стомленай, а маю прысутнасць — дарэмнай. На трэці дзень я ўнутрана прыміраюся са сваёй незвычайнай роляй ментаркі і больш не шукаю апраўдання свайму праву быць. Тут няма чагосьці, што адчувалася б невыпадковым, і аніводнага выпадковага чалавека — дык чаму я лічу сябе лішняй? Калі разам мы — шматмоўная паэма ў працэсе стварэння, то я, напэўна, — таксама частка кампазіцыі.

ДЗМІТРЫ ПЛАКС, які мусіць распачаць майстэрню тэорыяй перакладу, спазняецца.

МІКАЭЛЬ НЮДАЛЬ кажа: «Я пазваніў Дзмітрыю, ён падняў слухаўку, але нічога не адказаў. Аднак я чуў крокі — значыцца, ён ідзе».

Я чапляюся за тое, як паэтычна гэта гучыць, і застываю, бы кропля, што доўга збіраецца пад кранам перад тым, як упасці. Мы — блоб, вялікі дваічны аб’ект. Штосьці тут адбываецца.

Пазней ДЗМІТРЫ прызнаецца, што не чакаў ад паэтаў і паэтак шмат. [Я ведаю, як цяжка сканцэнтравацца, калі трапляеш у новае асяроддзе і мусіш працаваць з людзьмі, якіх бачыш упершыню.]

Большасць з нас не мае чаканняў, і падаецца, што гэта наш свядомы выбар, бо само тое, што майстэрня такі адбываецца, падаецца прыгожым сном. Ці не таму так блытала нас дарога — каб адцягнуць момант, калі мы зразумеем, што ўсё гэта адбываецца толькі ў нашым уяўленні?.. Але не, не толькі: Сага і Элен змаглі нас усіх сабраць і такім чынам стварылі трохкутнік Пэнроўза.

Пакой-скрыня. Пяць немудрагелістых драўляных сталоў, удосталь складных «ікееўскіх крэслаў», вялікі белы экран і белая дошка. Маленькая чырвоная скрыня імбірнага печыва. Вузкі калідор адчыняецца ў вялікую прастору і два меншыя прыватныя пакоі. Пятнаццаць чалавек перасоўваюць сталы і крэслы, гутараць, ходзяць у прыбіральню, стаяць у чарзе да чайніка, п’юць каву, уладкоўваюцца за сталамі. Ім холадна. Ім холадна — гэта адзінае, што мы ведаем напэўна, нібыта холад — адзіная аб’ектыўная рэальнасць у гэты момант.

ДЗМІТРЫ распачынае майстэрню пытаннем: «Чаму вы тут?» І гэта вельмі трапнае пытанне.

Для бальшыні з нас гэта складанае пытанне. Некаторыя распавядаюць пра свой досвед і інтарэсы, іншыя прызнаюцца, што для іх гэта шанец сустрэцца з сябрамі (беларускія паэты і паэткі цяпер раскіданыя па ўсім свеце, і сустрэцца для іх амаль немагчыма — рэпрэсіі і зачыненыя межы). Ёсць тыя, хто спадзяецца, што пераклад паэзіі дапаможа ім зноў пісаць уласныя вершы. А я пакуль яшчэ не ведаю, навошта я тут. Як верш звычайна пачынаецца з імпульса, за якім ідзеш следам, і толькі калі ён дапісаны — можна зразумець, што хацела ці хацеў сказаць. Альбо не зразумець. Так і тут. Часам іншыя значна лепш могуць патлумачыць нам нашы ўласныя вершы. Часам мы разумеем іх, толькі перакладаючы.

[Спачатку я пераймалася: я? перакладаць? Я ж не перакладчыца. Дык што я тады буду там рабіць? Але… мяне моцна ўразілі людзі і наша праца. Такія інсайты здарыліся датычна сваіх вершаў, таму што вось ты спрабуеш патлумачыць іншаму чалавеку і сама разумееш лепш, паглыбляешся ва ўласныя словы і знаходзіш… новыя сувязі паміж уласнымі словамі, то-бок я не проста нешта там напісала на паперы, у гэтага ёсць сэнс.]
ДАР’Я

Вось я, дзялю прастору з паэтамі і паэткамі, якія перакладаюць вершы адны адных — не толькі паміж мовамі і культурамі, не толькі паміж спосабамі мыслення, але і паміж спосабамі бачыць, чуць і гаварыць пра свет — паміж целамі і прасторай. Перакладаць паміж болем і суцяшэннем.

Зялёнымі літарамі на белай дошцы: «Пары, у якіх мы будзем працаваць».
ГАННА КОМАР назірае і з цікавасцю чакае, пакуль паэты і паэткі разыдуцца па парах і пачнуць працу.

ПРЫЯ і ГАННА ШАКЕЛЬ займаюць авальны столік ў адзіным пакоі, які зачыняецца. Седзячы наспураць, адна з іх гаворыць, другая слухае. Яны зусім не падобныя да людзей, якія толькі што сустрэліся — хутчэй да далёкіх сваячак, якія ўпершыню пабачыліся жыўцом.

[Я чакала, што мова будзе больш сур’ёзным бар’ерам, але мы стварылі як бы трэцюю мову ў пакоі. Ты тлумачыш, што гэта значыць, але я разумею, што насамрэч ты шукаеш больш дакладнае слова. І ў той жа час я пытала сябе, ці разумею хоць кагосьці ўвогуле, нават на мове, якой валодаю?]
ПРЫЯ

Чакаю, пакуль мяне паклічуць, пакуль мая дапамога спатрэбіцца. Трошкі аўтсайдарка, спадзяюся, што ў паэтак і паэтаў будуць пытанні і што я змагу на іх адказаць, зрабіць свой унёсак у пераклады…

Я пакуль пра гэта не ведаю — бо ціхенька сяджу, хаваючы сваю няёмкасць, — але розныя пары выпрацавалі розныя падыходы да перакладу: адны пачыналі з асабістага, лінгвістычнага і гістарычнага кантэксту, іншыя чыталі свае вершы ўголас, хтосьці тлумачылі асноўныя вобразы і задавалі пытанні, іншыя рабілі пераклад з дапамогай Гугла, каб зразумець агульную ідэю верша.

Але незалежна ад выбранага спосабу супрацы сінергію ў парах амаль што можна памацаць рукамі. Яна — у тэмах, стылях, эмоцыях, асноўных пасылах вершаў…

[У першы дзень мы не шмат расказвалі пра сябе, адразу ўзяліся за працу, і, можа, акурат дзякуючы гэтаму ў нас атрымалася перастварыць паэзію ў паэзію. Мы адчувалі адна адну, проста разумелі, нават без тлумачэнняў.]
ГАННА ШАКЕЛЬ

Прайдзіся па пакоі, паглядзі на гэтую пару: позірк паэткі застыў на кропцы паміж ёю і паэтам, пазногаць паміж зубоў. Нібыта яны гуляюць у шахматы і гэта яе самая важная гульня. Позірк паэта скіраваны на паэтку, мы чытаем у ім: «Я лічыў сябе рэдкім тыпам гульца, але ты мяне здзівіла, я ўражаны».

[Мы задавалі адна адной вельмі асабістыя пытанні, так звычайна не робяць, асабліва ў гэтай краіне, але так было патрэбна. Пасля мы больш працавалі з кантэкстам і менш звярталі ўвагу на эстэтыку і стыль вершаў. Ведаеце, некаторы жыццёвы досвед дапамагае лепш зразумець гісторыі іншых — у нас атрымалася. Досвед гвалту, прыгнёту і адчужэння. Для нас было важна тое, што многія рэчы нават не трэба было тлумачыць.]
МЕРЫМА

[Са мной такое ўпершыню, калі мы настолькі супадаем з чалавекам, што літаральна зрываем думкі адна ў адной з языка.]
КРЫСЦІНА

Хадзем далей, да іншай пары. Вочы паэта паднятыя ўгару, і ўсё яго цела імкнецца туды ж. Рука напаўсагнутая, пальцы ў паветры, нібы дэльфіны, што падскокваюць з вады, нібыта гэтая поза дапамагае яму перамясціцца ў іншую прастору, дзе поўная цішыня і дзе ўсе патрэбныя тлумачэнні толькі чакаюць, што ты іх знойдзеш: мяне, мяне, выберы мяне!

У харвацкай мове ёсць слова «prepjev», яно азначае «пераспяваць» і нават трошкі «перавершаваць», а ў нарвежскай мове ёсць слова з падобным значэннем: «gjendiktnin» — «пераказваць». У нашай мове ёсць «пераствараць» — то-бок у розных мовах існуюць розныя словы, якія азначаюць больш чым проста «перакладаць». Хутчэй «ставіць верш», нібы спектакль.

Якім чынам шэсць пар паэтаў і паэтак, якія не разумеюць мовы адны адных, могуць паразумецца? З практычнага боку дапамагае лінгва франка — англійская мова. Не абазвязкова валодаць ёю дасканала, дастаткова хаця б трошачкі, у дадатак да творчай упартасці, якая дапаможа знайсці верны спосаб патлумачыць патрэбнае — нават калі на адзін радок сыдзе 15 хвілін. Калі справа тычыцца паэзіі, то час — не грошы, час — падарожжа ў глыбіні іншай свядомасці.

Аркушы, запоўненыя почыркамі, якіх не разабраць — пырскі марской вады на драўлянай пустыні сталоў. Ці знойдзе хто-небудзь аднойчы гэтыя перлінкі неіснуючых месцаў — нашы неапублікаваныя творы?

[Я быў паглыблены ў тэксты, і мне гэта падабалася. Не было асабліва часу, каб рэфлексаваць пра тое, што ж там адбывалася вакол, што мы рабілі і як усё праходзіла. Я быў занураны ў тэкст. Звычайна мне цяжка падоўгу сядзець і рабіць штосьці для іншых, але падчас майстэрні гэта было акурат тое, што трэба. Час пралятаў хутка: толькі я пачаў перакладаць — вось ужо і абед, а тут і канец. Я проста шчаслівы. Не магу падабраць сінонімаў — усе сінонімы я растраціў на пераклады.]
ДАНІІЛ

Я трошкі зайздрошчу ім, калі шчыра, бо люблю такі тып супрацы, ён можа быць вельмі тэрапеўтычным. Уяві: вы толькі што сустрэліся і адразу разам выпраўляецеся ў вельмі асабістае, інтымнае падарожжа, даеце нырца ў акіянскія глыбіні досведу, але вам зусім не страшна, бо вы асвятляеце адно аднаму дарогу і ў вас ёсць кіслародны балон. Вынырваеце на паверхню іншымі, абноўленымі. Трансфармацыя — шлях героя.

Тлумачачы словы, фразы і сказы, вобразы і канцэпцыі, ідэі ды кантэксты, ты пласт за пластом здымаеш са свайго верша абарону, якую выбудоўвала псіхіка, і тады нарэшце можаш зразумець, што хацела ці хацеў сказаць, што сказала ці сказаў, часам абсалютна несвядома. Ёсць яшчэ дадатковая вартасць: ты пачынаеш бачыць, што працуе і што не працуе ў тваім тэксце, і патэнцыйна можаш яго палепшыць.

Можа падацца, што гэтай пары патрэбная дапамога, што кожная метафара, аб якую яны спатыкаюцца, — твой шанец праслізнуць у іх бурбалку і застацца там. Але мембрана настолькі наэлектрызаваная, што лепш не ўлазіць — каб не здарылася замыкання.

[Усе вельмі сур’ёзна паставіліся да працы. Для мяне асабліва каштоўнай была атмасфера, вольная ад агрэсіі і напружання. Мы шмат часу знаходзіліся ў пары, для мяне гэта незвычайна, бо патрабуе даверу, і таму гэта такі важны досвед для мяне. То-бок спалучэнне даверу і людзей дапамагло мне ўключыцца — не шмат існуе месцаў, дзе такое магчыма.]
ДЖУЛІ

Я амаль што адчуваю на дотык гэтую тканіну даверу, які для іх — коўдра, а для мяне — барабанная перапонка. Тое, пра што яны гавораць між сабой, — мне нельга чуць, пакуль пераклады не будуць скончаныя і прачытаныя ўголас. Тады я змагу адчуць сябе як дома ў гэтых вершах — дом, пабудаваны талакою.

Яна слухае. Слухае кучу розных варыянтаў, якія ён прапаноўвае, з жывым інтарэсам. Яна выглядае заземленай і вітае кожную ідэю мякка і паважліва.

Многія паэты і паэткі лічаць, што паэзія мусіць існаваць асобна ад палітыкі. Нібыта раздзяляючы іх, мы вызваляем свае целы, свой розум, свой досвед, свае пытанні, успаміны і сувязі ад улады ідэалогій. Насамрэч мы належым сабе роўна настолькі, наколькі можам сябе адваяваць, і мне падаецца, што падчас майстэрні, узяўшы пад поўны кантроль целы вершаў, паэты і паэткі адваявалі і свае чалавечыя целы, і сваё права на іх — хаця б трошачкі. А паколькі жыццё пад гнётам дыктатуры азначае, што ў цябе менш свайго і менш сіл на адваёўванне свайго, скандынаўскія паэткі мусілі зрабіць трошкі больш, чым толькі сваю частку.

Майстэрня завершылася, і ўдзельніцы ды ўдзельнікі праводзяць імправізаваны дэбрыф ва ўтульнай гасцёўні МЕРЫМЫ, перадаючы з рук у рукі клубок супольна пражытага досведу.

[Я ведаю, што гэта зменіць мяне: і тое, як я пішу, і тое, як жыву. Штосьці адбываецца, мы яшчэ не ўсведамляем глыбіні і наступстваў, але мы ведаем, што гэта нешта вельмі асаблівае.]
АЙНА

Цяпер гэта асабістае, але не ўсе разумеюць, што з гэтым рабіць. Для беларускіх паэтак і паэтаў ужо само ўсведамленне — раскоша. Нават мець час і энергію на тое, каб падумаць пра гэта, — раскоша. Наперадзе ў іх доўгі і трывожны дзень вяртання дадому — да дому, які яны могуць страціць у любым момант, дому, які ў іх могуць забраць, які яны штодня вымушаныя адваёўваць.

[Цяпер перад намі стаіць ключавое палітычнае пытанне: хочам мы гэтага ці не, але гэтая краіна цяпер — частка нашага досведу. Я не змагу абыякава ставіцца да Беларусі. У скандынаўскіх краінах мы маем звычку знаходзіць прычыны, каб не апекавацца праблемамі іншых краін. Магчыма, гэта звязана з тым, што невялікая колькасць людзей жыве даволі разрэджана ў прасторы, так што большасць застаецца сам-насам з уласнымі перажываннямі. Але нічога не паробіш, цяпер на нас ляжыць адказнасць — мы не маем права заставацца ўбаку. Я не кажу, што мы мусім штодня змагацца за Беларусь, але ўсё гэта вельмі важна для будучыні. І мы мусім паставіцца да гэтага сур’ёзна.]
МЕРЫМА

Трохкутнік Пэнроўза створаны — людзьмі, якія знайшлі агульную мову, каб клапаціцца адны пра адных. Бясконцы працэс перакладу спагады ў дзеянне — ён вісіць у мяне на сцяне побач з бел-чырвона-белым сцягам.
Ганна Комар