Нафталі Герц Імбер

Афіцыйны статус "Надзеі" ("Ха-Тыква") быў замацаваны Кнэсетам толькі 10 лістапада 2004 года, хаця яна лічыцца нацыянальным гімнам Ізраіля з моманту яго заснавання ў 1948 годзе. З пачатку ХХ стагоддзя песня выконвалася на ўсіх Сіянісцкіх кангрэсах. Тэкст гімна складаецца з дзвюх першых крыху змененых строф верша, напісанага ураджэнцам Галіцыі Нафталі Герцам Імберам (1856 — 1909) у 1878 годзе. Найбольш верагоднай версіяй паходжання мелодыі гімна лічыцца малдаўская народная песня, якую апрацаваў і адаптаваў кампазітар Шмуэль Коэн (1870 — 1940).


Ха-Тыква
התקווה

Покуль успамін не затух
Ды пазірае на Сіён габрэй,
Покуль у грудзях жыве габрэйскі дух
І з усходу не звесці нам вачэй,

Датуль жывая даўняя надзея,
У прышласць мы з вераю глядзім:
Вольным народам будуць жыць габрэі
Там, дзе Сіён і Іерусалім.

Пераклад з іўрыта Ігара Крэбса


Эма Лазарус

Новы Езэкііль

Ці могуць косткі, ссохлыя здавён,
    Ажыць па дваццаці вяках параз?
Ці гэта Дом Ізраілю, чый плён —
    Як праспяваны гімн і даўні сказ?

Ці гэтыя сляды — усё, што ёсць
    Ад святара, прарока, псалмара?
Няўжо ажывіць райскі вецер косць?
    Ці рэбрам смерці плоць адзець пара?

Калісьці нам прароцтва даў Гасподзь.
    Дыхні, павеў, ізноў — што маеш сіл:
Да косці цягне косць, да плоці — плоць,
    Хоць жыць магчыма нават між магіл.

Бо Дух — жывы! Паруш жа цішыню:
    Дзе леглі косткі — войска, паўставай!
Сказаў Гасподзь: Я труны расчыню
    І вас, жывых, у ваш адпраўлю край.


Ганна Марголін

Залатая пава

Залатая пава нам махнула крылом,
Залатыя вочы ноч адкрыла цішком,
А цяпер, мой светлы, засынай.
Залатыя вочы ноч адкрыла цішком,
Я зрабілася скрыпкай, а ты — смычком.
А цяпер, трывожны, засынай.

Я зрабілася скрыпкай, а ты — смычком,
Шчасце закахана зазірнула ў наш дом.
А цяпер, пяшчотны, засынай.
Шчасце закахана зазірнула ў наш дом,
І пасля на развітанне махнула крылом.
А цяпер, мой сумны, засынай.

Пераклад з англійскай і ідыш Ганны Янкуты


Уладыслаў Шленгель

Nihil novii

Іду праз смутак і кпіны
дзве тысячы доўгіх гадоў,
а ў спіну —
ад рання да новага рання —
бязлітаснае літанне:
          што тручу я ў студнях воды,
          насылаю непагоду
          і шматлікія нягоды,
          што хваробе быдла рады,
          што крыжы з касцёлаў краду,
          і тапчу іх, і плюю,
          і, вядома, прадаю.
          На вячэру я, няйначай,
          ем мацу з крывёй дзіцячай,
          д’яблу душамі плачу
          і злавесна рагачу.
          Краду дзетак штосуботы
          каб забіць іх люта потым,
          выдраць вочы, абяскровіць, —
          і ніхто мяне не зловіць.
Мяняецца свет назаўжды,
ляцяць імкліва гады,
мінае іх дзесяць, сто —
а я так і чую, што:
          цэлы свет мне падуладны,
          я такі, што дай мне волю —
          развяжу вайну дакладна
          па сіёнскім пратаколе.

Спекулянт, вялікі маг!
Бунт? Дык гэта я даў знак!
Закруціла свет віхура —
рух, прагрэс, кіно, культура,
развіваюцца законы,
гінуць прымхі, забабоны,
свет яднаецца ў любові,
а са мною — nihil novi
і наступны катэхізіс:
          хто ты? я — сусветны крызіс,
          багацей і камуніст,
          і хасід, і атэіст.
          Я — падступны, я — заганны,
          я пляту свае падманы,
          я — прыхільнік запавету
          "Адусюль грабі манеты".
          Варта толькі мне прапасці,
          як ва ўсіх наступіць шчасце,
          цемрашалам цешу душы
          кучай локшыны на вушы.

…І ўсё жыву.
З такое ганьбы
забіўся б, можа, і бандыт.
А я на злосць жыву.
Бо жыд.

i Нічога новага (лац.).

Пераклад з польскай Кацярыны Маціеўскай


Нэлі Закс

***

          І заняпад адбываецца
          дзеля ўзвышэння.
                 Кніга Зоарi


Хтосьці быў,
які дзьмуў у шафарii
Голаў ён адкідаў,

Як робяць сарны, як алені,
Прыйшоўшы да вадапою.
Грае:
Тэкіяiii

Адбываецца смерць ва ўздыху.
Шварымiv

Насення зярнятка пáдае —
Тэруаv

Паветра кажа пра святло!
Зямля круцяцца, і круцяцца сузор'і
У шафары,
У які Хтосьці дзьме —
І каля шафара гарыць святыня —,
І Хтосьці дзьме —
І каля шафара абрынаецца святыня —
І Хтосьці дзьме —
І каля шафара толькі попел —

І Хтосьці дзьме…

i Адна з галоўных кніг Кабалы.
ii Старадаўні габрэйскі музычны інструмент, зроблены з рога
жывёлы.
iii Доўгае раўнамернае гранне на шафары, якое выдае светлы гук.
iv Тры кароткія гукі, агульнай працягласцю, як тэкія.
v Хуткае чаргаванне вельмі кароткіх гукаў.

Пераклад з нямецкай Лявона Баршчэўскага


Хто выцерушыў пясок з вашых туфляў

Хто выцерушыў пясок з вашых туфляў,
Калі да смерці вы мусілі ўзняцца?
Пясок, які Ізраіль вярнуў дахаты,
Пясок яго беспрытульнасці?
Пякучы пясок Сінаю,
Змяшаны з салаўінымі горламі,
Змяшаны з матылінымі крылцамі,
Змяшаны са змяіным прахам тугі,
Змяшаны з усім, што выраклася мудрасці Саламонавай,
Змяшаны з горыччу палыновай тайны —

О вы пальцы,
Вы, што выцерушылі пясок з туфляў мёртвых,
Ужо заўтра вы зробіцеся прахам
У туфлях тых, хто прыйдзе!

Пераклад з нямецкай Юлі Цімафеевай


Паўль Цэлан

Акно хаціны

Вока, цёмнае:
як акно хаціны. Яно ўбірае,
што было светам, светам ёсць: вандроўны
Усход, тых,
што лунаюць, тых
людзей-і-іўдзеяў,
той воблачны народ, ты як магнітам
прыцягваеш пальцамі сэрца,
зямля:
ты прыйдзеш, прыйдзеш,
мы будзем жыць, жыць, штось —

дыханне? імя? —

блукае ў сіратлівым вакол,
танцуючы, няўклюдна,
анёлава
крыло, цяжкое ад невідочнага, на
сцёртай да крыві назе, з галавой,
ураўнаважанай
градам чорным, які
выпаў і там, у Віцебску,

— і тыя, што яго сеялі, тыя ж
яго выкрэсліваюць
міметычнай лапай фаўст-патрона! —,

ходзіць, ходзіць наўкол,
шукае,
шукае ўнізе,
шукае ўверсе, далёка, шукае
вокам тым, цягне
Альфа Цэнтаўру ўніз, Арктура, цягне
праменне таксама, з магіл,

ідзе ў гета і ў Эдэм, зрывае
разам сузор’е, у якім
ён, чалавек, мае патрэбу, каб жыць, тут,
між людзей,

мінае
літары і літар смяротна-
бессмяротную душу,
ідзе ад Алефа і да Ёда, рухаецца далей,

будуе яго, той Шчыт Давідаў, кажа яму
агнём заняцца, раз,

кажа яму загаснуць — і вось ён стаіць,
нябачны, стаіць
ля Альфы і Алефа, ля Ёда,
ля іншых, ля
ўсіх: у
табе,

Бэт, — гэта
дом, дзе стол стаіць,

светач і Светач на ім.

Пераклад з нямецкай Юлі Цімафеевай

Надзея
Эма Лазарус
Паўль Цэлан
Ганна Марголін
Уладыслаў Шленгель
Ігар Крэбс
Ганна Янкута
Нэлі Закс
Кацярына Маціеўская
Лявон Баршчэўскі
Юля Цімафеева
Нафталі Герц Імбер