Райсн

100 гадоў таму, у лютым 1922 году ў Нью-Ёрку ў часопісе "Цукунфт" пабачыў сьвет адзін з самых вядомых паэтычных твораў Мойшэ Кульбака — паэма "Райсн".

Што такое Райсн? Ці Райсн — гэта Беларусь? І не, і так. Рэч у тым, што хоць паняцьці Райсн і Беларусь шмат у чым супадаюць — гістарычна і геаграфічна, яны існуюць як бы ў розных вымярэньнях, як два паралельныя сусьветы ў адной часапрасторы. Райсн — паняцьце яўрэйскай мэнтальнай геаграфіі, якое называе гістарычную тэрыторыю пражываньня яўрэяў на нашых землях. Тэрыторыя Райсн фактычна заўсёды супадала з тэрыторыяй Беларусі, прычым калі лякалізацыя Беларусі з часам мянялася і ўдакладнялася — гэтак жа паралельна за ёй перамяшчалася ў прасторы і Райсн.

Аднак ужо на пачатку ХХ стагодзьдзя гэты тэрмін у яўрэйскім асяродзьдзі ўспрымаўся як архаічны, старасьвецкі, легендарны — нешта са старонак старадаўніх рукапісаў і з народных легендаў. Згадваў пра яго і наш аматар старасьвеччыны і легендаў Вацлаў Ластоўскі: "У жывой мове, як і ў старых друках, Беларусь па-жыдоўску называецца Райсэн. Цікава, што пад найменьнем «Райсэн» жыды разумеюць ня толькі цэнтральную Беларусь, але і найдалей на ўсход і захад высунутыя беларускія акраіны...", — пісаў ён у 1918 годзе ў часапісе "Крывічанін".

Стварыць паэтычны сьвет краіны Райсн Кульбак задумаў на чужыне, калі ён на некалькі гадоў пакінуў родны край. У Бэрліне, у 1921 годзе, у яго раптам абудзілася вострая настальгія, якая дала яму натхненьне напісаць самыя свае райснскія (ці беларускія) творы.

Райсн у аднайменнай паэме Кульбака — гэта краіна, якая існавала ў ягоных марах, ідылічная ўтопія, дзе пануе адвечны лад, цяжкая але надзвычай эстэтызаваная аўтарам праца, прыгажосьць прыроды і каханьне.

Геаграфія паэмы таксама збольшага прымроеная. Хоць у ёй і гучаць знаёмыя нам назвы, укласьці дакладную карту наўрад ці ўдасца. Безумоўна, аўтар апявае свае родныя мясьціны смаргонска-нарачанскіх ваколіцаў, але недзе побач нясе свае воды Нёман — хутчэй сымбалічны, вялікая Рака — бо рэальны Нёман ад тых мясьцінаў цячэ за сотню кілямэтраў. У сьпяванай раптам пад бандуру(!) народнай легендзе пра князя і яго дачок малююцца абрысы краіны зь нейкай сівой даўніны — Крэўскі замак, Мір, Крывічы, Дзятлава, Мазыр. Суток Вяльлі зь Нёманам, апяяны ў адным з разьдзелаў паэмы, нагадвае нам пра тое, што паэт некалькі гадоў пражыў у Коўне, ля таго самага сутоку...

Пры жаданьні да паэмы "Райсн" можна знайсьці нямала літаратурных паралеляў. Нам адразу згадваецца "Новая зямля", але ў адрозьненьне ад яе чароўнай ямбічнай манатоннасьці, Кульбак прапануе нам цэлы россып розных паэтычных формаў, тут мы знойдзем і шматстопныя амфібрахіі, якія гучаць па-гамэраўску эпічна, і баляды амаль "пад Міцкевіча", і простыя зямныя песьні, і відавочныя біблійныя парафразы — усё гэта надае паэме магічную шматвымернасьць.

У вуснах наратара паэма гучыць як успамін, як мара, як пераказаная сямейная сага — вельмі хочацца ўбачыць у ёй элемэнты аўтабіяграфічнасьці. Кульбака ўсё жыцьцё вабіла да сябе яго прымроеная, ідылічная краіна Райсн, яна клікала яго далей і далей на Ўсход, ён ішоў за ёй — з Бэрліну ў Вільню, зь Вільні ў Менск — але ўрэшце на месцы яе знайшоў рэальнасьць бязьлітаснага сьвету.

Сяргей Шупа


13.11.2020 - 10.04.2021

Дзядзька Аўром пасьвіць коні

На варту начную адправіўся дзядзька Аўром,
Узяў кажушок і дарожную кайстру з харчамі.
Сядзеў каля вогнішча шэрым вялікім карчом,
І толькі магутныя косьці няроўна тарчалі…
Бо дзядзька Аўром на лугах пасьвіў коні ўначы,
Што фыркалі цяжка, ступаючы крокам зьвязаным.
На сьпінах кабыліных месяц зіхцеў, дрыжучы.
Над полем туман быў, і Нёман зьвінеў за туманам.
Сухое цяпельца амаль дагарэла датла,
Аўрома гайдалі дрымотна-пяшчотныя хвалі —
І дрэва зьлівалася з дрэвам у рэштках сьвятла,
Ды чутна было, як скубалі траву і жавалі…
Ды чутна было, як варушацца ў небе агні,
Як цёплым напевам туманяцца зорныя далі,
Бы срэбная сетка дрыжала ў начной глыбіні
І ў ёй калыхаліся рыбы й міргалі, міргалі…
Аўром лёг на сьпіну і зорыў на зорак сьвятло —
І месяц вадзіў карагоды ў касьмічным суквецьці,
І танчылі зоркі, і зорак сямнаццаць было,
А тая, зялёная — найпрыгажэйшая ў сьвеце…
І тут задрыжала. І падае, быццам знарок
Зьбіваецца з такту ў сатканым з блакіту паветры,
Як іскра з блакітнае зрэнкі, зрываецца ў змрок
І зьнічкай ляціць у лясныя замшэлыя нетры, —
Як сон абараваны, што ён разгадаў праз гады…
Іскрыстая сінь ахінула начное прадоньне,
І дзядзька ўздыхнуў і падняўся, і крочыў туды,
Дзе ў цемры стаялі, драмаючы, цёплыя коні…
І ён завіхаўся ля коней, і чутна было,
Як дыхаюць, шыя пры шыі, глыбока й няспынна.
Раз-пораз на нейкага падала збоку сьвятло,
І ў змроку відаць была толькі стамлёная сьпіна…
Змарыўшыся, у саламяным прылёг будане.
Зьліваліся коні, бы грыва да грывы прышыта.
Заснула таполя і зьзяла лістотай у сьне,
І ў месячным срэбры драмала далёкае жыта.
Аўром паляжаў ды ўсьміхнуўся самому сабе,
Згадаўшы пра вёску і ўсё, што было дарагое, —
І раптам пачулася песьня з такою тугою,
Бо выйшла душа зь берагоў і пяяла ў журбе:

"Ты найпрыгажэйшая ў вёсцы, Настасься,
Глядзі,
Як наліўся ячмень, як гадуе бародку авёс,
Балоты ў тумане аж зьзяюць ад рос…
Паслухай!
Паслухай!
Як ходзіць між елак, як вязень вясны,
Размораны поўняй, раструшчаны скрухай,
Замшэлы і босы нячысьцік лясны…
Выходзь у палі, бо ўсе птушкі паснулі,
І толькі крынічка — усё яшчэ не,
Твой стомлены бацька храпе на гумне, —
І толькі старая рабіна пачуе ў падворку
Ды ветрык з аеру падслухае нашу гаворку.
"Ты найпрыгажэйшая ў вёсцы, Настасься!"

Аўром выцірае сьлязу, што цішком пралілася,
Прыслухваецца, ды наўкола ні гуку, ні кроку:
З душою душа разьвіталася ў змроку…


Настасься

Настасься зьбірала зялёнае шчаўе ля сьцежкі —
Хацела абед згатаваць свайму тату, Антошу.
Хвала Беларусі за сьвежага шчаўя раскошу,
За футра ялінаў, за чорных гракоў галавешкі…
Узяўшы фартух, да зямлі нахіляецца Насьця,
Ступаючы качкай, ня ведае клопату зь ліхам,
Ідзе па расе, удыхаючы кожным удыхам
Жыцьцёвыя сілы зямлі, яе п’янае шчасьце.
А зь лесу хтось крочыць, хамут начапіўшы на плечы.
Прыклала далонь да вачэй: што за дзіўнае дзіва?
А ён гэткі зух, бы ў лясной нарадзіўся гушчэчы.
Настасься з высокага шчаўя глядзіць сарамліва.
А гэта Аўром пасьля варты вяртаўся дахаты:
"Дабрыдзень Настасечцы, любай цялушцы рахманай!"
Яна стрымгалоў празь лістоту ў таемныя спраты —
Туды, дзе сілкамі асілка ня будзе спайманай.
Аўром — у пагоню празь лес, па сьлядах сваёй мэты,
Далёка чуваць яго крыкі і сьмех у кустоўі:
"Цялушка мая! Маё золатка любае, дзе ты?!
Настасься!.." Яна ж уцякае й цікуе зь любоўю.
"Бо ён гэткі зух, бы ў лясной нарадзіўся гушчэчы!"
Шалёныя вочы гараць, валасы як папала, —
Дагнаў, а яна ўся надзеяй і страхам трапеча…
Нібы куранятка пад сонечны дожджык папала…
Абняў шырачэзнымі лапамі ўсё яе цела,
Цалуючы ў смуглую шыю пяшчотна і чула.
Яна ж толькі ціхенька ўсхліпнула і затрымцела,
А потым мацней і мацней да грудзей яго льнула…


Зімовая ноч у старэнькай хаце

У хаце старэнькай сям’я спачывала ўначы,
Дзядзькі пазіралі бяздумна, бо змучыла праца,
Вялікія люлькі палілі, праз дым сапучы,
А хтосьці захроп за сталом, не пасьпеўшы падняцца.
Трашчала лучына й давала скупое сьвятло,
Каб дзядзька Рахміэл зашыў нагавіцам каленкі.
Гудзела завея і плюхала сьнегам аб шкло,
У коміне скрэблася люшка, як мышка ля сьценкі…
На печцы гарачай, сьцягнуўшы кашулю амаль,
Круціўся дзядуля, бо сон не прыходзіў здаровы.
Біў вецер па нёманскім беразе поўхамі хваль,
З хлява далятала рыканьне старое каровы.
Паклаліся ў ложкі, у кожным па двое, дзядзькі,
Маўчалі і ў цёмную столь пазіралі бяздумна ­– ­–­ –
Дзядуля круціўся, а потым прамовіў-такі:
"Аўромчык, сынок, засьпявай, каб зрабілася сумна!"

І дзядзька Аўром падхапіўся зь ляжанкі ўначы,
Ялінаю шэрай магутныя выпрастаў плечы – ­–­ –
Як восеньскі вецер у лісьці сухім, пеючы,
Завыў, застагнаў сярод хаты ў зімовай цямрэчы.
На цёмных дарогах у сьцюжу так выюць ваўкі,
На сьветлых ад поўні раўнінах так выюць на зоры – ­–­ –
Як тыя калоды, бяз гуку ляжалі дзядзькі,
І раптам дзядуля заплакаў, завыў, як у горы,
На печы варочаўся, біў у цагліны, хрыпеў:
"О Божухна, дапамажы, столькі цемры і злосьці…"

А ў дзядзькі Аўрома трымцелі цягліцы і косьці,
Ды быў ад люстэрка чысьцейшы ягоны напеў.
Той сьпеў разьліваўся вадою ў сівых туманах,
А дзядзька Аўром рос у цемры вялізарным дубам,
Раз-пораз угору і ўніз патрасаў сваім чубам
(Бо гойка Настасься яму паказалася ў снах).
Устаў на дыбкі і заржаў — так у поце і мыле
Распалены конь па гарачай сумуе кабыле, —
Падскочыў, расправіўшы плечы, і стаў рукі ў бокі,
І кожны ўсьміхнуўся, і бліснула шчасьце з вачэй,
І кепскія думкі, як шэрыя птушкі-сарокі,
З той хаты старой разьляцеліся як найхутчэй…
Сьпяваў ён і танчыў, а потым упрысядкі ў скокі,
Гарачы парыў запаліў у вачніцах зару,
І дзед адчуваў, быццам хата ляціць угару,
Па хісткіх прыступках караскаўся проста ў аблокі…

Аўром дапяяў і ў зьдзіўленьні наўкол паглядзеў.
Агеньчык амаль дагарэў на апошняй лучыне.
Дзядуля маўчаў, а пасьля запытаў неўспадзеў:
"А скуль у цябе гэты кантарскі голас, мой сыне?"

Блакітны сьвітанак зайшоў у нагрэтую хату,
Салома пры дрэвах камлям не давала цяпла,
Вятры з кажуховай падкладкі вышчыпвалі вату,
Старая карова замоўкла і больш не раўла.


Антоша грае на бандуры

Гэй, гэй,
Грай, Антоша-салавей,
Нам гучней,
Не шкадуй сваёй бандуры,
Шуры-буры-муры-туры,
Весялей,
Гэй, гэй!

Князь у Крэве быў сівенькі,
Быццам лунь,
Быццам лунь,
Дзьвюх дачок расьціў у замку,
Дзьвюх красунь,
Дзьвюх красунь.
Ды служыў на стайні чмут,
Ветрагон Зьмітрок Бядуля
Па мянушцы Шалапут.

Гэй, гэй,
Грай, Антоша-салавей,
Нам гучней,
Не шкадуй сваёй бандуры,
Шуры-буры-муры-туры,
Весялей,
Гэй, гэй!

Тут вясна прыйшла ў адведкі,
Родзіць кветкі і лісткі,
Завяліся ў птушкі дзеткі
І ў сабачкі шчанюкі,
У хляве — цяля вясновае,
Ёсьць і ў замку нешта новае:
Тая ж доля — дзякуй ёй!
Хутка прынясе ў падоле
Князю кожная дачка —
Байстручка…
Аёй-аёй…

Гэй, гэй,
Грай, Антоша-салавей,
Нам гучней,
Не шкадуй сваёй бандуры,
Шуры-буры-муры-туры,
Весялей,
Гэй, гэй!

Князь камандуе: "Па конях!",
Цягне з похваў меч стары,
І ў Вялейцы ды Смургонях,
Дзятлаве і Мазыры —
Вершнікі яго, карэты,
Пасланцы ды эстафэты
Абшукалі кожны кут,
Толькі цуд —
Зьнік няўлоўны Шалапут!..

Гэй, гэй,
Грай, Антоша-салавей,
Нам гучней,
Не шкадуй сваёй бандуры,
Шуры-буры-муры-туры,
Весялей,
Гэй, гэй!

У лясох пад Крывічамі
Затаіўся Шалапут,
А сівенькі князь начамі —
Там і тут,
Там і тут.
Конь і вершнік, нібы здані,
Мчаць у рыцарскай красе,
І ад рэха паляваньня
Ўсіх трасе,
Ўсіх трасе…

Гэй, гэй,
Грай, Антоша-салавей,
Нам гучней,
Не шкадуй сваёй бандуры,
Шуры-буры-муры-туры,
Весялей,
Гэй, гэй!

Вершаваны пераклад Андрэя Хадановіча

Пераклад зь ідыша Сяргея Шупы і Вольфа Рубінчыка






Мойшэ Кульбак
З паэмы "Беларусь"

Сяргей Шупа