Перш як мы выраслі

Перш як мы выраслі
час ніколі не быў у пазыку

абароненае існаванне
ад падлічаных дзён

мы елі дзіўныя пігулкі
каб суняць нарастаючы боль
калі мы змушана
назіралі свае перамены

я забыла як можна тужыць
але палявала на будучыню
быццам гэта адно і тое ж
пад пагрозай знікнення
нібы дзяцінства

ўзнікла гэтая спрэчка
пра давер
і валоданне:

чый той час, які нам застаўся?

накопленая зваротная пазыка

занадта шмат
і хутка
занадта позна
каб сплаціць


Міністэрства навакольнага асяроддзя

тут спачывае
міністэрства навакольнага асяроддзя
укрыжаванае мёртвае закапанае

яно сказала:
не аплаквайце мяне
але аплаквайце сябе і сваіх дзяцей

ад зямлі з якой ты прыйшла
да зямлі ты ніколі больш не пойдзеш

людзі стаялі і глядзелі на
іншых якім яно дапамагло
цяпер яно мусіць дапамагчы сабе

хутка на нас абрынуцца горы
хутка гук вернецца назад

нашы пустыя словы пачутыя зноў
калі мы молімся
калі ласка паслухай

мы крычым прабач нас Маці Зямля
хаця ведаем
што мы робім


ЯГНЯ

здароўе пачынаецца ў ва сне
новы дзень у вячэрнім рытуале
гігіена сну
з moisturising night cream
і падрыхтоўкі ложка

лічы авечак
можна пачаць з лугу
можна пачаць з ягняці
мы ўсе маем доступ да малога ягняці
глыбока ўнутры

клапаціся пра сваё ўнутранае ягня
клапаціся і стрыжы
кармі несалодкім малаком
вучы любіць самое сябе

падводзь сваё малое ягня да люстэрка
дазволь малому ягняці паўтараць
i am beautiful
i am worthy
i claim my own power

вучы сваё малое ягня
піць шмат вады
і ствары трэкер звычак на 74 пункты
палова з каторых - цяжкія ранішнія дзеянні

расцягвай сваё малое ягня штодня
ужывай скраб для цела пад воўнай
вучы сваё малое ягня ўсім важным рэчам пра biohacking
як абараняць і тлумачыць сны

я стараюся быць ваўністай маці-авечкай
але мая скура плямістая
амаль калючая
заблытаныя думкі пад мяккімі вушамі
і кволае бляянне
маленькага ягняці
глыбока ўнутры
якое немагчыма падлічыць
якое проста скача наўкол

я ўбіраю сваё малое ягня ў нядзельную спадніцу
расчэсваю воўну пасля выхадных
і кажу што заўтра панядзелак
заўтра будуць новыя крокі

я іду на курсы хірургіі малых жывёл
і ўжыўляю pacemaker ў маё малое ягня
каб палепшыць сэрцабіццё
чым больш высілкаў прыкладаецца ўдзень
тым лягчэй пасля расслабіцца
ўночы
і заснуць

калі малое ягня мерзне
я апранаю яму шарсцяны швэдар
але пасля малое ягня панікуе
не хоча каб яго прымалі за авечку
не хоча выглядаць дарослым

я кажу ягняці
claim your own power
я іду са сваім малым ягнём да ветэрынара
чацвёрты раз за паўгода
за second third fourth opinion
і атрымліваю адказ што здароўе пачынаецца са сну

я бяру сваё малое ягня і зноў іду дамоў
кладу яго спаць
кажу ўяві сабе луг але
малое ягня адказвае
што гэта не працуе
што яно не ведае
як гэта павінна пачацца
што яно мусіць лічыць
калі яно мусіць пачаць лічыць
са мной.


МАЦІ З SOLLEFTEÅ

ён поўны
на жаль ён поўны

недастакова раскрыты
недастаткова трэснуты

раённы шпіталь смяецца
сушыць каляплодныя воды
і машынальна слёзы

пераломная кропка
паміж жыццём і смерцю
белыя палоскі паўз жывот
выцягнутыя нібы е4n
150 кіламетраў
да бліжэйшай радзільні

150 удараў на гадзіну
сэрца блізкае каб узарвацца
ад усёй нагрузкі свету
ад усёй нагрузкі турботы

штуршок
у жываце

пасведчанне аб нараджэнні становіцца мрояй
часам ёсць закіс азоту і гэтага дастаткова
але не саромцеся рыхтавацца дома

відэлец у зубах
не шкадуючы эмалі
штодзённая страта зубоў
да родаў
штодзённае руціна
ледзяны лістэрын у раны

на жаль ён поўны
зашмат жыцця ў маці
каб хвалявацца

уздоўж e4n
у пачакальнях
чарга з мам
перакусвае пупавінне
выплёўвае ніткі
ў круглую міску разам з зубамі
звыклыя да болю спрабуюць
паскорыць
штуршкі
ў жываце

на жаль ён поўны
недастаткова раскрыты
недастаткова трэснуты

бальнічная кава take away
можа быць іншым разам
з плацэнтай у doggy bag
адзінае што дастаткова трэснутае
гэта надзея

залатая манета ад зубной феі
фактура ад Region Västernorrland
сэрца да сэрца

назад і ўперад
уздоўж пераломнай кропкі

150 кіламетраў сціскаюцца
застаюцца тры-чатыры сантыметры
і адно

на жаль
прыходзьце заўтра



каробка для пераезду

мы тут
на кожным краі
таго што магло б быць
агульнай каробкай для пераезду
але замест гэтага
складзеныя
чатыры разы пасярэдзіне
кінутыя ў кантэйнер для гофракардону
сапсаваныя
спаленыя
ў агні


пераклад са шведскай Артур Камароўскі
Ягня
Артур Камароўскі