Бі ў барабан бяды

Вячаслаў Лявіцкі

Абвестка

"Szukam pokoju", —
піша дзяўчына ў суполцы
па арэндзе нерухомасці ў Польшчы.

А сацсетка перакладае:
"Шукаю міру".


Ія Ківа

Бі ў барабан бяды

жыццю прыходзіць канец
калі сцягі ў тваім горадзе больш не паказваюць дзве палоскі
калі твой сусед дэманструе "прыхільнікам фэдэралізацыі"
то бок акупантам і грэбаным сепарам
як лепш забіваць з будынку насупраць грамадзян Украіны
калі слова "вясна" знікае з агульнага ўжытку
расійская вясна маць тваю вечная вясна маць тваю
вясна вясна вясна і зноў вясна
іншыя поры году зацкавалі да смерці

рэальнасці прыходзіць канец
калі вуліцы напаўняюцца клікушамі і вар’ятамі
калі кожная паездка ад канцавога да канцавога
ператвараецца ў мітынг з элементамі карнавалу
ды ўдзелам герояў савецкіх фільмаў і матросаў з Севастопаля
"час прыйшоў браты забіваць прыдуркаў
нацягнем хахламу скінем кіеўскага цара"

паветру прыходзіць канец
калі ружы страчваюць водар
і прыдатныя хіба для цярновых вянцоў мясцовым ды сябрам з-за парэбрыку
калі ціша робіцца невыноснай
усе з’ехалі мама ўсе кінулі гэты горад на звалку
смурод разносіць па хатах споры хваробы

часу прыходзіць канец
калі ў горадзе абвяшчаюць каменданцкую гадзіну
калі мінакі баяцца адно аднаго не менш чым чалавечкі са зброяй
калі трамваі гуляюць пустымі кварталамі
калі сны здзіраўленыя аўтаматнымі чэргамі
а чэргі ў крамах адно па гарэлку
"слухай а колькі гэтая пляшка каштуе ў рублях?
колькі? скрыню бяром што за дурныя цэны"

сэнсу прыходзіць канец
калі збіваешся лічачы страты
загінаеш пальцы то бок лічы адсякаеш пальцы
падбіты аэрапорт параненая чыгунка
знявечаны да непазнавальнасці твар гораду
пераламаныя канцавіны вуліц
перапужаныя вершаліны белых таполяў
перакручаныя сасуды звычных шляхоў

бі ў барабан бяды
разгойдвай званы сусвету
мёртвыя дзеці запаўняюць пустыя шахты і астылыя ложкі
чэрві танчаць у спусцелым чэраве горада
бі бі бі ў барабан бяды

***

восем гадоў казаць: у мяне дома вайна
каб урэшце прыняць: мой дом — гэта вайна
яе павольны цягнік з усходу на захад краіны
у якім смерць жыццё перавозіць

ноч у зямлю ўваходзіць корчамі чэзлых кветак
і кладзецца ў раты нам гнілымі зубамі маўчання
наша мова цяпер — валанцёрска-ўцякацкі чат
у якім Адысею сірэны спяваюць песню

наша памяць цяпер — брудная вышыванка свабоды
яе доўгі шлях ад сэрца да сэрца


Дарына Гладун


нават думкі пра
мір
цяпер
такая раскоша

01.03.2022

***

амбасадары вайны
хутаемся ў пакрывала вайны
сядзім на ваеннай дыеце
на сняданак у нас вайна
вайна на абед на вячэру
вайна ліецца ў нас з вачэй
сцірае падэшвы нашых цяжкіх чаравікаў
залазіць стрэмкамі пад скуру і пачынае гнаіцца
пераносім вайну ў нашых галовах
пераносім вайну ў нашых ратах
пешшу ў грузавых і легкавых аўтамабілях у маршрутных аўтобусах
міжгародніх зносін і прыгарадных цягніках
праз межы вялікіх і маленькіх населеных пунктаў праз дзяржаўныя межы
радыёэфіры цяпер што толькі вайна-вайна
уключаем тэлевізар — вайна-вайна
напаўняем вайною залі чакання чужыя будынкі дарогі тэлефонныя размовы
пераказваем пачутае пабачанае і навіны з франтоў
намагаемся выгаварыць вайну выціснуць вайну вымыць з сябе вайну
але вайна не пакідае аніводнае з нашых цел
у глыбінях ратоў не канчаюцца словы

01.03.2022

адзінаццаты дзень запар
вайна расчэсвае мне валасы
вымывае мяне начыста выцірае твар насуха
такая клапатлівая

06.03.2022


Алег Коцараў

Прагуляная паветраная трывога

1

збягаем з пяцігадовай дачушкай
з пятага паверху,
і на міг робіцца смешна:
нашы ногі боўтаюцца ў паветры,
па-сапраўднаму мы кранаемся
толькі адно аднаго,
касманаўты,
коцманаўты.

2

пачынаеш прагульваць
паветраныя трывогі
як старшакласнік.

3

хто рухаецца
ў цёмным будынку
насупраць твайго цёмнага будынку
будынку
у якім
паварушылася
тваё цёмнае валоссе?

5

змест заплечніка:
уцякаючы з-пад абстрэлаў
чамусьці
ўзяў з сабой
кнігу вершаў
"змест мужчынскай кішэні"*

6

уцякач грае
нячыста —
у яго ў рукавах
восем слоў
з розных
дыялектаў.


*зборнік Алега Коцарава (2021 г)


Пераклад з украінскай Юлі Цімафеевай

Дарына Гладун
Вячаслаў Лявіцкі
Алег Коцараў