TAŬBIN

…Паэзія проста цячэ долу

Вершы сучаснай украінскай паэткі Алесі Мамчыч

Алеся Мамчыч

Андрэй Хадановіч

Фота Марыі Сёдэрберг

***
паэзія гэта дождж
што падае на поле палеглых
што сьцякае па іхніх тварах
што хвошча целы, але ня будзіць іх

паэзія ліецца ў зямлю з усёй сілы
ліе як шалёная
ліе доўга
і доўга і доўга
зацяжны дождж паэзія
проста цячэ долу


***
і было мне так
нібы я перайшла цераз рай
і выйшла па іншы ягоны бок
ад параднага ўваходу

і зьняла туфлі
прасушыць
і стаю босая
і пячэ ў ступакі
з усяго сонца
райскага
з усяго золата
раю

і раз-пораз нібы чую
іх галасы з-за сьцяны
як вячоркі

і чую: там стукаюць чаравікі
як тут дождж пастуквае


***
у нас больш няма старых рэчаў

салюты з ашмоцьця лятуць над гарадамі
салюты з ашмоцьця робяцца журавамі
птушка з кашулі
птах з чаравіка
сьпяваюць пра новы
вольны сьвет


***
ты будзеш такая моцная
што і памрэш — не заўважаць

не прынясуць табе кветак
прынясуць аўтамат — каб страляла
прынясуць немаўлят — каб умыць
кожнае малое мацнейшае за іншае

кожнае мае ручкі жалезныя
і кулачкі каменныя

ніхто й не зірне:
ёсьць ці няма

пакуль сьвет існуе —
значыць, ёсьць


***
бачыла дзьве мёртвыя асы,
абедзьве мёртвыя

гэта мая перавага: аддзяляць
жывое ад мёртвага
так, нібы сьмерць існуе

мой прывілей ведаць:
што адкласьці ўправа
што загрэбсьці ў траву
а што будзе ляжаць тут
накрытае сонцам
як прасьціной


***
дома ратуюць і сьцены
і дрэвы
і боль

і хвароба дома ратуе
і здрада
і сьмерць ратуе

і сьцены цябе слухаюць
і сьцены даюць сабе рады
і сьцены як кураняты — самі сябе гадуюць
самі ходзяць за табой чародкай

пуль-пуль-пуль
мае сьцены
мае кураняткі!
хутчэй дадому!

праз кладку
па парадку
па парадку


***
праз дарогу ад сьвету
у якім я ёсьць
сьвет, у якім мяне няма
перакідваю пусты
келіх з гэтага боку
на іншы

хай упадзе
і разаб’ецца


***
я карыстаюся моваю як нажом
усё што я ем разразаю моваю як нажом
усё што ўнутр пераходзіць вострае
паколатае
вострай косткай па пысцы
а па-за тым усім —
мова ня важыць
нічога ня важыць
нават віно —
вострае як бітае шкло
у трэснутай шклянцы горла


***
гэтая раскоша спаць ва ўласным целе
Ія Ківа


раскоша спаць ва ўласным целе
у каго ёсьць цела, у таго ёсьць дом
а іншага й ня трэба

у сваім целе свая маленькая вайна
свае выбухі ды катастрофы
свае кошыкі плеценыя з лазы нябеснае
і жылаў зямных
свая армія крокаў унутры
свае горы дажджу
вось яно, маё цела-мільёньнік
мой урабінізм вантробны
тысячы вокнаў адчыненых і зачыненых
а яшчэ будынкі


***
калісьці я слухала вайну
а яна мяне
мы стаялі адна супраць адной
як два сабакі

мы скрыжоўвалі позіркі
красамоўна

мы ўцягвалі ноздрамі пах
маё жывое цела пахла прыемней
і часьцей

умый рукі —
сказала вайна
і адвярнулася


***
мой кот плача
майго ката няма
калісьці ў мяне быў кот і быў дом

калісьці поле напятае між даляглядам і даляглядам
мяне прапускала

кот пабег па полі
калосьсе самкнулася над ім

мяжа зарасла

лес перад мяжою зарос

вуліца што вяла ў лес зарасла


***
дзяцінства не зьмяняецца
яно стаіць
там дзе яго паставілі
ідучы далей

я сваё паставіла як вазон
на гаўбцы

я зачыніла гаўбец
зачыніла кватэру
зачыніла горад за сабой

а сонца
ня здолела зачыніць
так яно і стаіць
прыадчыненае


***
тваё сэрца камусьці перасадзілі
толькі ня ведаеш, каму
хтосьці зь ім там жыве
толькі ня ведаеш, хто
хтосьці яго даглядае, гадуе, гладзіць як цёплага пса
у кагосьці яно на каленях
толькі ня ведаеш, у каго

а можа
а можа
дзе тваё сэрца — там ты і ёсьць насамрэч
а тут штось засталося
толькі ня ведаеш, што


***
які хочаш дом
якога хочаш горада
як хочаш гарыць

усякі чалавек
як яблык у вадзе
ля вадаспаду

вадмеркі пісалі свой тэкст па вадзе
тэкст зьмяло
няма больш тэксту
тэксту няма


***
я не прашу ў цябе нічога
апроч усяго
апроч таго каб жыць
ня зводзячы зь мяне вачэй
ведаеш, як рыбы плаваюць
на старонках вады
яны разварочваюцца там дзе коска
але не зьнікаюць
яны заплываюць за зьмест
значна далей
заплываюць за тэхнічныя старонкі
і за вокладку
там дзе найцямней
цячэ струмень
такі моцны
што зьбівае атамы
на паваротах


***
палякі вязуць з Галандыі цыбулькі туліпанаў
а я трымаю цыбульку
двума пальцамі

моцна трымаю
каб вырасьціць проста ў сабе
з кулака

ня маю зямлі пад сабою
нават на цыбульку

Пераклаў з украінскай Андрэй Хадановіч паводле: Олеся Мамчич. Любов беззахисна як ніж. Видавництво “Крок”, Тернопіль, Україна, 2023.
Scroll to Top

Discover more from TAŬBIN

Subscribe now to keep reading and get access to the full archive.

Continue reading