***
Вішня ў жніўні саладзейшая за лукум.
Сінія слівы, іх зорная скура —
Фотаздымкі з Джэймса Уэба.
Галактыкі рві з галін!
Срэбныя ў вадзе.

Дай мне руку, мы ўваходзім у раку.
Навучы мяне шэпту, рэчка.

Мы залатыя, як мёд, шэрыя, як зямля.
Толькі колер і пах вартыя апявання.
І немагчымыя.


***
Скульптуры на дахах вакзалаў
Гарадоў, узрошчаных чыгункай.

Антычныя статуі ў ватоўках і валёнках
Трымаюць стрэльбы
Як струнныя музычныя інструменты.
На іхнія локці сядаюць
Чорныя галубы.

Хто мы такія?
Рука, забыўшыся, тчэ.
Дзе мы?
Спляценне вуліц як тканіна сімфоній,
Як сцены гуку,
Як цуд зачацця, як злоўленыя маланкі,
Як замова ад сполаху.

Стома.
Калі яна стане мостам?
Дзе масты стануць сталом?

Якое імя тваё сёння?
З кім я гавару?
Тут, на памежжы,

Змест нашай памяці —
Тасьма, вышытая чырвоным у цішыні.

Для любові мне трэба столькі ж слоў,
Колькі іх ёсць для ветру, балота, смутку.

Глядзі, тут вельмі прыгожыя летнія захады.
Глядзі, тут падае снег
І пахне лістота
Так, як нідзе.

***
На гэтай зямлі,
Дзе бомбы змяняюць цені гор
І з кукурузных палёў найлепей відаць сузор’і.

Самота зямлі, прага адлюдніцтва.

На гэтай зямлі ёсць зямля.
Нічога няма больш жывучага
За падлёдныя рэкі яе.
Самота зямлі, немагчымасць адлюдніцтва.

Хто кім ёсць у вежах з падранымі дахамі?
Якія веды ў гнёздах пад вінаградам?
Якая вада поіць карэнне ружаў,
Што яны такія рудыя?

Вада захаду і ўсходу,
Вада, абпаленая сонцам,
Вада, разнесеная птушкамі,
Вада, у якую не варта кідаць вяроўку,
Цяжкая вада
Жалезнай зямлі,
Добра ўгноенай зямлі.

Мы не прах, мы не тлен.
Мы словы і спевы.

Глядзі ў труну, каб зразумець
Семдзесят чацвёрты санет.

На небе вытокі ўсіх рэк.

На горкай Проні ўсё скончыцца,
І ўсе памірацца тыя, хто застануцца, —
Казаў мой першы прадзед сыну.

Проня была чырвоная ад крыві, —
Апавядаў другі прадзед дачцэ.

Трэці прадзед ляжыць у жыце,
Назаўсёды ляжыць у жыце.

Чацвёрты прадзед між зямлёй і Парыжам
Выбраў зямлю
І выйграў жыццё.

Самота зямлі, зямля тчэ сваю кудзелю
Гадавых кольцаў, карэння, галля,
Учынкаў мячоў, прагі плугоў чакае.

Гаркавыя ружы,
Крывёй абпітыя арабіны.

***
Грузія — горыч, зоры.
Горад у прыгаршчы гор,
Сок каралька салодкі, як цень
У дзень гарачы,
Восеньскі сквар, паўнакроўнасць граната:

Лопаюцца плады ў паветра!

Усё вінаградна, усё верагодна:
Сустрэча рэчак —
Кура! Арагва!
Сустрэчы сваіх і родных
У краі няродным —
Сціскае горла —

Запі Сапераві
Песні, званчэйшыя за малітвы.

Тбіліскі рынак — мой Пітэр Брэйгель,
Рогат і рызыка, дзе

Вершы крэпасцей:
Радкі дрэў, рыфмы дамоў —
Са страхі на страфу,
Азірнуўшыся, дзівішся: ты высока,
За табой столькі ўсяго,
Перад табой усяго яшчэ столькі.

Зрываць плады з дрэў важней за гісторыю царстваў.

Я так хачу цябе цалаваць, але ты далёка.

***
Пільнаванне цяпла, пілавінне сцюжы,
Шэрыя зайцы на сакавіцкім снезе,
Лапы ялін, што пілі холад паветра.
Час ідзе хутчэй, чым можа сабе дазволіць.

Ускраіна Кракава,
Фанабэрыстасць і самота нарцыса
У палях чорна-белых.
Нарысы горных дарог, соль Усходняй Еўропы.

Межы нашай любові, мера нашай вернасці.
Што застаецца пасля чалавека?
Мелодыя, сарваная з горла як з галіны,
На найвышэйшай ноце
Працятая палётам стралы.
Тое, што застаецца ад чалавека
Дзевяць стагоддзяў.

І абяцанне цуду,
Заўсёды абяцанне цуду.

***
Скрозь дзіркі памяці прарастаюць настуркі.

Дзяўчо ўвівае ў валасы
Ваду сямнаццатага стагоддзя,
Перад Паўлем Брылем
У зале фламандскіх майстроў,

У зале фламандскіх майстроў
Пахне настуркамі.

Вочы сінеюць,
Калі доўга глядзець
На неба Драздовіча,

І хочацца піць.

Гэта рукі твае
Пахнуць настуркамі,
Калі яна пляце валасы.

***
Радыё сцюжа, альбомы Ulis і ваўчыныя вочы —
Там, дзе подых садоў Антарктыды, кола вечнай надзеі,
Толькі колы, і кропкі, і колы, замовы і змовы.
Я не ведаю, колькі стагоддзяў прайшло, як мы бачылі мора,
Я не ведаю, колькі стагоддзяў міне, як мы ўбачымся зноўку.
Толькі гэтых палёў паляванне ў снягах не захопіць,
Бо прастора размазвае час, нібы масла, — глісанда:
Нажы промняў захаду сонца ажно да далягляду.

Мы не думалі, што можна так датыкнуцца душою
Да душы, бы языком у чужым роце правесці.
Тут агіда ці слодыч — сляды, усё як след, дотык, памяць і словы.
Памяць — мёд паміж пальцаў,

І твой смех, быццам пыл на сэрцы маім,
Быццам пыл.

***
Вернасць ад слова "вяртацца",
Выбар бязвер’я і дзверы да веры.

Трыпутнікам між шпал буду,
Падлёднай ракой буду,
Сівым воласам буду.

Хачу быць старой і падвязваць памідоры,
Расказваць пра ўсё гэта
І каб унук
Гаварыў на маёй мове

І мне не верыў.

Дэбютную кнігу Марыі Бадзей "Мёд і дым" можна набыць тут.



Зрываць плады з дрэў
Марыя Бадзей