*три рода слова язык / тры роды слова мова / tre kjønn av ordet språk*


в моей голове – три языка
тры мовы чапляюцца за нейроны
tre språk kjemper om den samme veien ut

один из них родной, ворочается
бурым комом сгнивших листьев во рту
откроешь рот – люди с отвращением
шарахаются в сторону

другую мову я б і хацела назваць сваёй
але яна – як вавёрка: міргнула сярод лісця – і няма
руды хвосцік тырчыць з дупла

det tredje språket er så ulikt de to andre
at jeg ikke vet om jeg noen gang vil kunne si:
det er akkurat som morsmålet mitt
som den myke pysjen min

все коннотации
все слова, которых нет в словарях
всё, что меня составляет –
спрессовано в буром коме
торчит обглоданными костями
подсекает цепкими крючками
я повисаю в темноте, в немоте
мысли копошатся среди извилин
подхватывают случайные слова

выпадковыя словы на той мове
што ўсплыла на паверхню
па-над чорнаю прорвай несвядомага

som en hval med sin støyende sprut
як рыбка – бліскучая луска
как утопленник с кожей скользкой и синей
som et minne om en manet

слова-медузы, стайки рыбок
hvalenes ubegripelige sang
в сетях трех языков

один из которых – язык медных орд
омертвелый язык убийцы
другая зазірае ў імглістую бездань
на крохкім краі існавання
og det tredje er så lite og ubetydelig
at folk i utlandet undrer: Er det tysk? Nederlandsk?

я не ведаю, якую мову абраць
каб мяне пачулі
ці пажадалі пачуць

магчыма, ніякую
kanskje det er best å tie

таму што ўсе словы ўсё роўна
упадут и сгниют
как черные листья
som ikke etterlater noen spor

да и что они могут значить
у свеце, дзе ўсе занятыя сабой
дзе ўсе забыліся на тое
што мы – адно
что мы – одно
at vi er ett

где мы убиваем
забіваем
dreper hverandre

уничтожаем всё
к чему прикасаемся
адские машины убийства
helvetes ødeleggelsesmaskiner

я не знаю, есть ли будущее у вида,
вся энергия и эссенция которого
заключена в одном слове:
Jeg
Я
Я

или нам просто
лучше исчезнуть
з нашымі мовамі
з нашымі словамі
якія ніхто і ніколі
к счастью
не сможет услышать
не сможет прочесть

30.12.2023


*усё неабавязковае ў гэтым лепшым са светаў*

калі я сяджу на тэрасе
і чырвоная суперпоўня выплывае з мора,
міргае крывавымі блікамі ў хвалях,
я адчуваю цяжар сваіх прывілеяў

чорны чалавек –
чорны, як марскія глыбіні
пад анучкамі колішніх гумовых лодак

мігранты сыплюцца за борт жухлым лісцем:
дзеці ў бездапаможных жоўтых камізэльках,
жанчыны, якія ніколі не ўмелі плаваць

дзіця ткнулася тварам у салёны прыбой,
валасы-багавінне,
хлопчык-анучка ў руках ратавальніка

маці сказала пра памерлую котку:
пацякла з маіх рук як мяккі мяшэчак –
і голас перарваўся
хлопчык-мяшэчак, абалонка мёртвага змесціва

толькі мужчыны чапляюцца за хвалі,
іх ловяць з ратавальных караблёў,
як сачком у басейне збіраюць смецце

чорны чалавек цягнецца ўздоўж пляжа
у самы санцапёк,
прапануе пакрывалы,
але ніхто не купляе
ён разгортвае пакрывала
лепшым бокам да пляжных парасонаў,
без асаблівай надзеі,
у сіесту вандруе з кавярні ў кавярню,
трасе разгорнутым пакрывалам, як махалам
людзі ядуць і п'юць,
я гляджу са сваёй тэрасы

калі б я сядзела ўнізе, то купіла б пакрывала,
спытала б, адкуль ён,
ці размаўляе па-ангельску,
але мне не патрэбна пакрывала,
я проста прывілеяваная белая жанчына,
адпачываю ў празрыстым цені,
пакуль мой блізкі блукае
пад знішчальным сонцам,
і мае дваццаць еўра
ніколі нічому не дапамогуць,
ніколі нікога не ўратуюць,
не спыняць вайну,
не зрынуць тырана,
не ўзнімуцца кандыцыянерным брызам над планетай
проста яшчэ адно пакрывала
не патрэбны свету, лішні прадмет

24.07.2022


*

мая прабабка Ксенія
атрымаўшы пахаванку
на свайго сына Афанасія – Хоньку
упала на зямлю і крычала:
Няма бога! Бога – няма!
Хоньку было каля дваццаці
ён быў яе трэцім памерлым дзіцёнкам
прабабка не ведала граматы
пахаванку ёй нехта прачытаў

яна зусім трохі не дажыла
да майго нараджэння
і часам мне падаецца
што яна – гэта я
а мае дзеці жывуць
замест тых памерлых

я ўзгадваю яе
калі думаю пра людзей пад заваламі
пра ўсіх забітых
пра ўсіх, хто ненавідзіць
хто прагне чужой смерці
спакушае знішчэннем:

Няма бога.
Бога – няма.

26.03.2022


*немагчымасць слоў*

няма сваіх слоў
таму гавару чужымі
пра вайну, якой не ведаю

толькі бачу ўва сне
начное неба ў крыві разрываў
катакомбы, бетонныя бункеры
сухі пыл
падземных жыхароў
і смерць
абгарэлыя целы на паверхні
здзічэлых галодных звяроў

там, дзе я йду
у дарэмных пошуках ежы
у пошуках вады
і ўласнай смерці

20.03.2022


*рэлевантнасць*

(усім творцам прысвячаецца)

рэлевантнасць
рэ-левантнасць
зноў, у які ўжо раз левантнасць
як левант для левантыйцаў
і дзівосныя левантыйскія дзевы
шэпчуць чароўныя словы
пяюць нам асану і славу
ў неверагодным леванце

і мы зноў левітуем
уздымаемся вышэй, вышэй
за нашым духам
над дробнай матэрыяй
якая адтуль
раструшчваецца да неістотнасці
калі ўжо без розніцы
жывая яна ці нежывая
толькі дух наш вечны
і мы знойдзем заўсёды
трапныя словы
важккія выразы
бо мы зноў, у які ўжо раз
здатныя на левітацыю
рэ-левантацыю

і яшчэ мы ствараем
абсалютную каштоўнасць жыцця –
рэ-ле-вітацыю
зноў-ажыўленне прасторы і часу
бо без нас тут нікому не быць
мы з рэлевантнасцю адзінае цэлае
блізняты-браты, як Ленін і партыя

наша лепшая рэлевантнасць
рэле-вантнасць, рэле-ватнасць
адзінае, што мае значэнне
рэха, рэха нашага сэрца
ці рэле, што рэгулюе ватнасць?
як яе вымяраюць, у якіх адзінках?

рэ-ванітацыя – як ваніты, вантробы
ванітаванне сваімі вантробамі,
зноў
мы ванітуем нястрымна словы,
пакуль нехта ў сваім асабістым інфэрна
пераходзіць ад стадыі жывой матэрыі
да стадыі нежывой
але ж па-ранейшаму дробнай
і што нам з таго інфэрна,
калі іначай ніяк
іначай — — ніяк
пра тое й гаворка
рэлевантнасць па-над ўсім, назаўжды

мы ж не можам не ствараць?
бо мы ж — — творцы?

рэ-рэ-рэ-рэ-
-ка времен в своем стремленьи
река времен
рэха чужых слоў
ці можна гэта ўсё ператварыць
у асабістую несмяротнасць
па-над рэчкай, па-над злою плынню, патокам
як патака
няўмольны цукар
бурштын
а мы ў ім – мошкі

так,
захаваныя ў бурштыне рэлевантнасці
на шыі наступных пакаленняў
навечна мёртвыя
прыгожа ўладкаваныя
у класічна рэлевантных пазітурах

бурштын – адзіная надзея
неадчэпная думка ў галовах
рэ-ле-ва
рэ-ле-ва
музыка нашых сэрцаў
і божа, божа, магутны божа
як цяжка
як млосна
калі яе няма

калі яе

скрадае

нехта

іншы

30/01/2024

Тры роды слова "мова"