мтз

мае дзеці,
узрошчаныя на
дызельных стэроідах
вырадкі,
прыбраныя ў
адмерлую скуру
сіняе робы!
вы маглі бы
быць роўныя
богу,
калі б
ён схуднеў
да вашай
вагавой катэгорыі.
а пакуль
сплаў вашых цел
на маім языку,
я выдзяру
ў словаў-падзёнак
крылы,
каб праляцець
паўз
манаў
талых
зямлю


страх
які глыбока пад скурай
недзе там
паміж пражылкамі мяса
бліжэй да касьцей
які зьядае цябе
які зьядаеш ты
мажаш яго на хлеб
замест масла
страх без тлушчаў
празрысты
цягучы
ён частка цябе
не саскрабеш
рабром нажа
як бы віртуозна
ні вучыўся
па кніжках этыкету
страх
гэта
я


матчына мова

вырваць з карэньнем язык
траўматычны рытуал
якім павінен прайсьці кожны
з нашых
вырваць не дастаткова
поўная ачыстка
розуму і душы
выс
кра
бці
забыцца
як мама на ноч сьпявала
зарыцца
ва ўспаміны
якіх не існуе
а што калі матчына мова
не ёсьць мовай
Тваёй маці?
сама сабе маці
сама сабе слова
сама сабе


татава мова

напалову армянка?
на якую палову?
дзе твая армянская мова
ці хаця б яе палова?
.
мова
на якой ты ўмееш толькі Чэ
мова
на якой ты ніколі не чула Люблю
.
родная мова твайго роднага таты
смакуе
тытунём з клятчатага баўла
адна па адной цыгарэце
увечары ў калідоры на апошнія грошы
маці пакуе

родная мова твайго роднага таты
каштуе
два лісты ў год цягам шасьці
нязьменнае
я вярнуся слухайся маму
у дужках чакай і цярпі

родная мова твайго роднага таты
пільнуе
па нашай традыцыі ты мусіш
назваць свайго сына
у гонар свайго айца
памятай, Лусінэ-джан

роднае мовы твайго роднага таты
бракуе


4.4.22.

вынікі пільнага вывучэньня
ўсіх не фізічна даступных
слоўнікаў беларускай мовы
прывялі да высноў:
маем трыццаць чатыры
сінонімы слову
Гора.
ніжэй далучаю спіс:

Бяда
Сум
Смутак
Журба
Маркота
Жаль
Катастрофа
Авохці
Няшчасьце
Цяжкасьць
Няўдача
Бедства
Адчай
Нядоля
Бядота
Горыч
Пакута
Туга
Недахоп
Ліха
Нуда
Сумненьне
Праблема
Роспач
Дакука
Бяздольле
Нягоды
Нястача
Непрыемнасьці
Мука
Клопат
Галеча
Траўма
Упадак духу


дзевам на водах

на тэрыторыі Беларусі
сустракаюцца два віды рагозу
(той які ты ўсё жыцьцё блытаў
з камышом):
typha angustifolia i
typha latifolia
ты запярэчыш што гэта нішто
на фоне трыццаці відаў
каралеўскіх брытанскіх садоў К’ю
але нашто мне тыя дваццаць восем
калі ў іх не блукае яна
захінутая ў чырвонае цела
вочы поўныя жаху
перад полымем соснаў
перад бляхай маўклівага месяца
па-над чоўнам у неспакойнай вадзе
дзе яна па калена ў гарлачыках
па горла ў бядзе
шкадуе што яшчэ не нарадзілася
Філіф’ёнка
каб распавесьці ёй
пра вятры й цыклоны
а галоўнае — пра сябе саму
хоць і ведае што гэта
дурны тон
каб памаўчаць
пра разбураны дом
без надзеі і даху
нарэшце
больш няма чаго чакаць
каб навучыць яе
як перажыць сьмерч і
як праць
у рацэ дываны
без воцату і
без страху


а так хораша размаўлялі

"бэзе мой,
твае зламаныя рукі кранаю,
пальцы твае духмяныя
у слоіку ад мацінага сочыва
з кіслых вішняў
разам з мутнаю вадою —
вы ўсё, што мне засталося
ад дому..

па той бок неба,
бэзе мой бэзе,
птушкі маўчаць
чалавечым голасам
пра галоўнае,
пакуль срэбнымі
лускамі лупіцца
кволае цела горада..

каб толькі драбочкі
тых лусак
калісь даляцелі
і на маю галаву!

па той бок сонца,
якому горад аддана падстаўляе
свае чорныя ад пакоры грудзі
расце такі ж бэз,
уяўляеш?"

"а што засталося дому
ад цябе?"
пытае.

вось дзе паскуда.


словы

страчаныя
паміж пальцамі
пабітыя
аб зямлю
я зьбіраю
рупліва
як толькі ўмею
іх
мае бедныя
паданкі словаў
дасведчаныя
садаводы
кажуць
што нельга
іх пакінуць
гніць
дарэмна
разлічваць
што яны ўгнояць глебу
недасьпелыя
і хворыя

толькі што цяпер зь імі
толькі што цяпер з намі
Алесе?

Паданкі словаў
Лусінэ Маскалюнец