Шлях цела

***
сны — гэта кнігі
што пішуць нам
нашы памерлыя

таму і варочаюцца
ўначы
пад коўдрай
павекаў
вочы

бо чытаюць



баба Маня

1

баба Маня нарадзілася
ў сям’і з палямі, сенакосам і лесам.

бацька ведаў, як сабраць радыё,
і не жадаў ведаць ні кукарэку
ад чалавека
пад сталінавым партрэтам.

радыё,
палі, сенакос і лес
забралі разам з бацькам.

у сям’і нарадзілася ціша.

пакой лішні
аддалі ў вайну партызанам.

— куды ідзеш, дзеўка?
— мама па хлеб паслала, —
прыкрывала хусцінкай лекі.

агонь над хатай палаў,
як трох нямецкіх цукерак
абгорткі чырвоныя
некалі.

паштальёнкай
разносіла весткі,
і благія, і добрыя:
жыццё як карова —
бела-чорнае.

адбудоўваўся дом,
насаджваліся гароды,
малако калгасных кароў
вылівалася ва ўзнагароды.



расхрыстаныя грудзі
квяцістага халата.
Беларусь —
тая самая хата.


— я сёння сніла бабу Маню.
— да змен надвор’я, да туманаў.


2

на руках
жанчыны
з дрэва
плод
са смакам
хлеба


3

я вуха,
я слімак мазгоў, схаваны ў ракавіне.
я ракавіна, што паглынае думак тваіх пясок.

я самкнутыя вусны,
твой пясок абрастае маёй перламутравай слінай.

я пярліна,
ты ў руках не трымаў нічога, цяжэйшага за мяне.
якія камяні,
якія жанчыны,
якое ўкаменаванне жанчын?

я сухое вока,
што бачыць, як слёзы іншых жанчын
плёскаюцца ля тваіх ног
і як ногі табе выціраюць іншых жанчын валасы.
я валасы, скручаныя ў спіраль,
я іх зыбкі вір.

я зыбкі пясок думак тваіх —
не пакінуць на ім ні следу.
я цень,
які слімаком за табой паўзе.

я прыпаўзла
намасціць цябе сваёй сліззю,
а пясок праху твайго
узняўся бурай.


communio

вось крывава-млечны шлях
майго цела
бяжы

я круглая як поўня
вернешся напэўна
ў кропку А

я крывавая як рудая поўня
раву
я вялікая як жнівеньская поўня
рады?

кратары майго твару
кратай

снежань студзень люты
чэрвень ліпень руды

туды дзе
моляцца на месяц малпы
хадзем

поўню як булку
з’ем

малако майго цела збегла
з ім


360

я ёсць
шлях
і праўда
і жыццё

ніхто не прыходзіць
да бога
акрамя як
праз сябе


Ганна Шакель