Кшыштаф Каміль Бачыньскі
(Krzysztof Kamil Baczyński)
1921—1944


Самы значны польскі паэт з “пакалення калумбаў”. Нарадзіўся ў Варшаве. Яго бацька, Станіслаў Бачыньскі, быў польскім пісьменнікам і літаратурным крытыкам, маці, Стэфанія Зяленьчык (паходзіла з акаталічаных габрэяў), — педагогам, аўтарам некалькіх школьных падручнікаў. У дзяцінстве хлопчык пакутаваў на астму, меў слабае сэрца і ўсё жыццё знаходзіўся пад пагрозай захварэць на туберкулёз. У 1931 годзе ён паступіў у гімназію імя Стэфана Баторыя і ў траўні 1939 года атрымаў атэстат сталасці.

Пасля заканчэння школы Бачыньскі марыў вучыцца ў Акадэміі прыгожых мастацтваў і зрабіцца графікам ці ілюстратарам, але пачатак вайны перашкодзіў яму рэалізаваць гэтую мару. У 1940 годзе было створанае габрэйскае гета, але Кшыштаф разам з маці застаецца жыць па-за ім, рызыкуючы ў выпадку выкрыцця іх паходжання быць расстралянымі на месцы. Увосень 1942 года паэт паступіў у падпольны Варшаўскі ўніверсітэт, дзе вывучаў паланістыку. У той жа час ён шукаў хоць якую працу: шкліў вокны, працаваў вугольшчыкам і тэлефаністам, а таксама вучыўся ў школе дэкаратыўнага мастацтва і жывапісу.

6 ліпеня 1942 года Бачыньскі ажаніўся з Барбарай Драпчыньскай, таксама студэнткай аддзялення паланістыкі падпольнага Варшаўскага ўніверсітэта.

У ліпені 1943 года Бачыньскі трапіў у батальён “Зоська” Арміі Краёвай у чыне яфрэйтара пад імем Кшыштаф Зяліньскі. Тады ж ён кінуў навучанне ва ўніверсітэце і заняўся выключна падпольнай дзейнасцю і паэзіяй, кажучы, што калі яму будзе лёсіць, то ён вернецца і да навучання.

Падчас нямецкай акупацыі Бачыньскі выдаў 4 томікі вершаў: “Замкнёны рэхам” (Zamknięty echem, лета 1940), “Дзве любові” (Dwie miłości, восень 1940), “Выбраныя вершы” (Wiersze wybrane, май 1942), “Паэтычны аркуш №1” (Arkusz poetycki Nr 1, 1944) і зборнік “Спеў з пажарышча” (Śpiew z pożogi, 1944). Аднак большая частка яго твораў, якая ўлучае каля 500 вершаў, некалькі паэм і два дзясяткі апавяданняў, была надрукаваная пасля вайны.

Кшыштаф Бачыньскі загінуў на чацвёрты дзень Варшаўскага паўстання, 4 жніўня 1944 года, смяротна паранены нямецкім стралком. А 1 верасня таго ж года загінула і яго жонка Барбара.

Кшыштаф Бачыньскі — адзін з самых легендарных творцаў у польскай літаратуры. Створаная паэтычная прэмія яго імені. Песні на яго вершы спяваюць многія барды, у тым ліку Эва Дэмарчык. Ён патрон шэрагу школаў, бібліятэк, скаўцкіх дружынаў і інш. Кшыштафу Бачыньскаму прысвечаная кніга апавяданняў Ежы Анджаеўскага “Нос”. У 1984 годзе быў зняты фільм “Чацвёрты дзень”, прысвечаны апошнім чатыром дням яго жыцця.


Публікацыі вершаў Кшыштафа Каміля Бачыньскага ў часопісе "Taubin":