Публікацыі Ларысы Геніюш у часопісе "Taubin":
Беларуская паэтка, пісьменніца, грамадская дзяячка.

Нарадзілася 27 ліпеня 1910 года ў маёнтку Жлобаўцы Гродзенскага павета. У 1928 годзе скончыла Ваўкавыскую польскую гімназію. У 1935 годзе выйшла замуж за Янку Геніюша, У той самы год у іх нарадзіўся сын Юрка Геніюш. У 1937 годзе пераехала ў Прагу, дзе вучыўся, а потым працаваў урачом муж.

Пасля далучэння Заходняй Беларусі да СССР (1939), быў арыштаваны бацька Ларысы Геніюш. Неўзабаве, па кароткім зняволенні ў гродзенскай турме, яго расстралялі. Маці Ларысы Геніюш і двух яе сясцёр выслалі ў Казахстан.

У 1937-1947 гадах жыла ў Празе. Наладзіла сувязі з беларускай эміграцыяй, удзельнічала ў рабоце ўраду БНР на эміграцыі. У сакавіку 1943 годзе стала Генеральным сакратаром ураду і займалася захаваннем і ўпарадкаваннем архіва БНР. Апекавала беларускіх эмігрантаў, палітычных уцекачоў, беларускіх работнікаў і ваеннапалонных у Германіі. Прымала ўдзел у Другім Усебеларускім кангрэсе.

З 1945 года савецкія ўлады дамагаліся экстрадыцыі Геніюшаў, ставячы ім у віну "антысавецкую нацыяналістычную дзейнасць" падчас вайны. Пад канец 1947 года Ларыса Геніюш перабралася з мужам з Прагі ў Вімперк.

5 сакавіка 1948 года арыштаваная, а 12 жніўня разам з мужам перададзеная савецкім уладам. Утрымліваліся ў савецкіх турмах Вены і Львова, з канца 1948 года — у турме ў Мінску, дзе Ларысу Геніюш дапытваў міністр Дзяржбяспекі БССР Лаўрэнцій Цанава, які беспаспяхова патрабаваў ад яе перадаць архівы БНР.

У лютым 1949 года Вярхоўны Суд БССР прыгаварыў Ларысу Геніюш да 25 гадоў зняволення ў лагерах. Да такога ж тэрміну быў прыгавораны і Янка Геніюш. Пакаранне адбывала ў лагерах Інты і Абезі (Комі АССР) і ў Мардоўскай АССР.

У 1956 годзе разам з мужам часткова рэабілітаваная, тэрмін пакарання зменшаны да 8 гадоў, якія ўжо прайшлі з моманту прысуду. Пасля вызвалення пасяліліся на радзіме мужа ў Зэльве.

Прынцыпова адмаўлялася прымаць савецкае грамадзянства, засталася грамадзянкай Чэхаславакіі. Дом Геніюшаў у Зэльве стаў прыцягальным асяроддзем для творчай моладзі Беларусі. Нягледзячы на нагляд КДБ, частымі гасцямі ў Зэльве бывалі паэты і пісьменнікі, мастакі, навукоўцы.

Вершы Ларыса Геніюш пісала яшчэ ў гімназіі, друкавацца пачала ў 1939 годзе ў беларускіх эмігранцкіх перыядычных выданнях. У час вайны друкавалася ў газетах "Раніца", "Беларускі работнік", "Новы шлях" і інш. У 1942 годзе ў Празе выйшаў першы зборнік яе паэзіі "Ад родных ніў", у якім пераважаюць нацыянальна-вызваленчыя матывы. Пісала вершы і ў зняволенні. Пасля вызвалення яе творчасць на працягу 10 гадоў была забаронена. У 1967 годзе пры садзейнічанні Максіма Танка надрукаваны яе першы ў савецкай Беларусі зборнік "Невадам з Нёмана". Доўгі час Ларысе Геніюш дазвалялі выступаць толькі як дзіцячай пісьменніцы, апублікавала дзве кніжкі вершаў для дзяцей "Казкі для Міхаські" (1972), "Добрай раніцы, Алесь" (1976). Аўтар зборніка "На чабары настоена" (1982). Пасмяротна былі выдадзены найбольш поўныя і значныя зборнікі яе твораў.

Пайшла з жыцця ў 1983 годзе (на той момант ёй было 72 гады).

Пахавана ў Зэльве.
Ларыса Геніюш