Вымаўленае невымоўнае: "Маё невымаўля" Насты Кудасавай

Чым вядомая Рагачоўшчына? Акрамя знакамітай згушчонкі, яна дала Беларусі цэлы шэраг гучных пісьменніцкіх імёнаў: тут нарадзіліся Андрэй Макаёнак і Міхась Лынькоў, вучыліся Алена Васілевіч і Міхась Скрыпка, пісалі свае творы Анатоль Вярцінскі і Уладзімір Караткевіч. А яшчэ з Рагачова паходзіць топавая сучасная паэтка Наста Кудасава.

Першыя дзве кнігі аўтаркі, паводле ўласнага прызнання, атрымаліся спантаннымі — іх проста прапанавалі укласці і выдаць. Аднак у 2016 годзе пабачыў свет зборнік, які павольна выспяваў амаль пяць гадоў. Эксперыментуючы са словаўтварэннямі ("ждома", "свербы" і г. д.), Наста доўга не магла падабраць яму назву, аднак на дапамогу прыйшоў рэдактар Андрэй Хадановіч. "Маё невымаўля" — гэта не толькі надпіс на вокладцы кнігі, але і яе кароткі, максімальна сканцэнтраваны, сціснуты да неверагодных памераў змест.


люляй мяне, маё невымаўля,
закалышы ўвесь боль, на сэрцы змоўчаны.
я запалю мінулага кальян,
я абдыму цябе хвастом вавёрчыным.

за ўсё гарчэйшы памяці тытунь,
ды ўжо кранае золак лапкай макавай,
і я, закалыханая, расту —
вось-вось... і пацалую сосны ў макаўкі...


У зборніку няма доўгіх тэкстаў, амаль усе вершы займаюць менш за паўстаронкі. Інтымныя і часта балючыя, яны ўтрымліваюць столькі сэнсаў, што нагадваюць вастрыё дзіды. Прычым накіраваная гэтая дзіда на саму аўтарку, якая не проста піша, а перажывае свае радкі.

Разважаючы пра сучасную паэзію, паэтка даволі крытычна ставіцца да маладога пакалення: "Не заўсёды верыш, што вось у гэтым вершы аўтара на кавалкі парвала". Аднак творы Кудасавай настолькі шчырыя, што рве не толькі аўтарку, але часам і чытача.


адзіноты затоены віскат,
быццам нітку, перакушу
і пайду па-жабрацку, па-мніску
гадаваць самазванку-душу,
каб дарогамі нас і трыпутнік,
і сунічнік мядовы люляў,
каб, на сцежках радзімы распнутая,
узрасла гадаванка мая.


Крытыка небеспадстаўна залічвае Кудасаву ў адзін шэраг з такімі тытанамі айчыннага прыгожага пісьменства, як Дубоўка і Барадулін. Пэўнае падабенства з паэзіяй Рыгора Іванавіча сапраўды ёсць, аднак справа не толькі ў гэтым: усе яны схільныя да словаўтварэння. Хаця ў выпадку з Настай пачыналася ўсё даволі трывіяльна: трымаючы сябе ў строгіх акадэмічных рамках, яна адбракоўвала ўсё, што адсутнічала ў слоўніку. Паваротным стала знаёмства з паэтам і перакладчыкам Ігарам Куліковым, які ўразіў сваёй свабодай у абыходжанні з моўнымі сродкамі. І панеслася.


вершалінаў вершалініі —
соснаў роспачнае sos —
я самотаю птушынаю
чую рытмаў вашых рост:
як жукамі-караедамі
словы пад карой свярбяць,
павучынай абэцэдаю
тчэцца вершавая бязь,
як радок бурштынам свеціцца
на хваінавай руцэ —
лес якубаваю лесвіцай
у нябёснае расце…


Новыя, арыгінальныя, сакавітыя словы — гэта сапраўдная "фішка" паэткі. Яны трапляюць так дакладна, як ніколі не здолелі б традыцыйныя моўныя сродкі. Узяць хаця б "ніскімныя ночы": хіба можна больш удала і сцісла апісаць гэтыя ночы, праведзеныя ў адзіноце — то-бок ні з кім? Або "невыгаўкны свет", пра які вядзецца ледзь ні ў кожным інтэрв’ю паэткі. Сабакі шмат значаць у жыцці аўтаркі, але пра іх жыццё немагчыма распавесці па-чалавечы праз адсутнасць адпаведных словаў. Калі можа быць "невымоўны" свет для нас, то які ж ён для сабакі, акрамя як "невыгаўкны"?


а святое аддайце сабаку.
у сабакі на донцах вачэй
адбіваецца свет невыгаўкны:
будкі храм,
дзе малітвамі ў лапках
колкі студзень пячэ,
казань-восень, казурак харалы...
і анёл прызямліўся на нос,
каб, адклаўшы нябёсныя справы,
слухаць разам у здзіўленых травах
дабравесце стракоз.


"Маё невымаўля" — тэрыторыя свабоды ад традыцыйных умоўнасцей. Кудасава ігнаруе не толькі слоўнікі, але і пунктуацыю, бо коскі, кропкі і вялікія літары прысутнічаюць тут не заўсёды. Гэта дадае вершам варыятыўнасці: не звязаны аўтарскай задумай, чытач можа сам вырашаць, дзе паскорыцца, дзе запаволіцца і дзе зрабіць паўзу.


ілбом
выпіваю сцяну
нагбом
мокражылле цягну
з нутра
беспрытульны калос
пара
распранацца да слёз


Эксперыментуе паэтка не толькі са словамі і пунктуацыяй, але і з гукамі. Многія яе творы хочацца чытаць менавіта ўслых, каб адчуць пералівы і сугуччы. Гэта не заўжды лёгка, бо дэкламаванне вершаў Кудасавай можа стаць сапраўдным выпрабаваннем для моўнага апарату. Аднак гэта своеасаблівая музыка.


акрыяць гэта крылы і хлеба акраец
родны край і крый божа не скрадзены вырай
гэта выкрывяніць да раскаяння памяць
і на ветразі перакраіць свае шырмы
гэта прага няскоры і скарбы адкрыццяў
піць паскораным сэрцам крынічнае слова
каб урэшце зрабіцца прыўкраснай сініцай
і сагрэцца пад пахай святарнай каровы


Кніга выйшла вельмі жаночай. Аднак гэта не значыць, што са старонак цячэ салодкая ваніль — наадварот, Кудасава агаломшвае чытача дзіўным кактэйлем з рэзкага болю і ціхай пяшчоты. Чырвонай ніткай праходзіць праз зборнік вобраз мужчынскага пляча, на якім лірычная гераіня знаходзіць спакой. Аднак гэта хутчэй недасяжная мара, бо ў душы — бездапаможнасць і нават вусціш.


здрада хапае за горла, як таць,
і надыходзіць вусціш:
ні зварухнуцца нельга, ні ўстаць,
ні проста сказаць камусьці.
а нешта ўнутры, як аб сценку гарох,
б’ецца, псуе гэту цішу.
з усіх тваіх мараў, падзей і дарог
я самая-самая лішняя…


Пад канец кнігі сустракаюцца і больш традыцыйныя вершы, якія нават дзіўна чытаць пасля мегаперагрузкі ад папярэдніх твораў. Напрыклад, вось такую мілую калыханку Наста прысвяціла свайму сыну Ягору (ёсць яшчэ і дачка Маша, якая таксама атрымала свой ласкавы вершык).


Спі, мой верны, мой маленькі рыцар!
Спіць на кухні булачка з карыцай,
Спяць у норках бурыя лісіцы,
Хвосцікі паклаўшы пад шчаку.
Спяць цукеркі ў залатых абгортках,
Спі і ты, пакуль не звялі зоркі,
Спі, мой любы сыне, спі, Ягорка,
Спі, а я твой сон пасцерагу…


РЭЗЮМЭ: "Маё невымаўля" — страва для гурманаў, якую не праглынеш адным заходам. Яе хочацца смакаваць маленькімі кавалачкамі, павольна разбіраючы кожны радок. А потым вяртацца, каб знайсці новыя сэнсы і іх адценні. Сцісла, інтымна, вобразна і нечакана.




Вершы Насты Кудасавай на "Таўбіне": "Адкрытая рана".
Знайсці кнігу "Маё невымаўля" можна тут: kamunikat.org.
Наста Кудасава