(паэма Яўгена Кунцэвіча "Самнасамасць")

На пачатку лістапада былі абвешчаны пераможцы літаратурнага конкурса, прысвечанага стагоддзю "Маладняка" — літаратурнага згуртавання беларускага міжваеннага часу, амбітнага праекта літаратурнай моладзі тых дваццатых, забітага бязлітасным наступам савецкай русіфікацыі.

Конкурс меў на мэце даць дарогу маладым паэтам, празаікам і эсэістам — мэта цалкам "маладнякоўская", і вынікі таксама: сапраўды, сярод пераможцаў імёны, пакуль што вядомыя вузкаму колу чытачоў, і не таму, што вартыя толькі вузкага кола, а таму, што шлях гэтых новых беларускіх літаратараў толькі распачынаецца, прычым распачынаецца, як і ў тых, гістарычных "маладнякоўцаў", не ў самы спакойны час: рэпрэсіі, вайна, уцёкі, і паэзія — наша адвечная песня пасярод гуманітарных катастроф.

Паэзія гістарычнага "Маладняка", на жаль, мае нешчаслівы літаратурны лёс. Эксперыментальная, шматгранная і смелая ў дні свайго з’яўлення, яна не нарадзіла літаратурнай традыцыі, бо была знішчана разам са сваімі стваральнікамі, і наступныя паэтычныя пакаленні мусілі браць і эксперымент, і жанравую разнастайнасць, і смеласць у суседзяў, найперш — рускіх паэтаў, дазволеных для чытання. У дзевяностыя з чыёйсьці (ня)лёгкай рукі "Маладняк" быў запісаны ў агітацыйныя матэрыялы, і па школьнай і каля-школьнай літаратуры, а таксама па незалежніцкай эссеістыцы пачаў гуляць вобраз неталенавітых камсамольцаў, што хваласпевілі партыю і Сталіна, а потым "самі сябе паздавалі" на допытах у НКВД. Аж да апошніх часоў, да з’яўлення ў масавым наратыве феномену "нерасстраляных", да пашырэння імпрэз памяці загінулых у ГУЛАГу літаратараў і народжаных імі маштабных культурных праектаў, спадчына "маладнякоўцаў" вельмі сціпла вывучалася і ўспрымалася маргінальнай. Нават і цяпер згадкі літаратараў гэтага пакалення ў сучасных крытычных тэкстах успрымаюцца як маркеры: прыкладам, некаторыя чытачы лічаць аўтарку гэтай рэцэнзіі ні больш ні менш зашыфраванай Ганнай Севярынец. А чаму? Таму што ў сваіх тэкстах я раз-пораз згадваю літаратараў "Маладняка". Няўжо ў Ганны Севярынец ёсць манаполія на такія згадкі? Нікога не здзіўляе наяўнасць спасылак на Апалінера ці Рэмбо ў крытычных тэкстах французскіх літаратуразнаўцаў, наяўнасць спасылак на Шэкспіра ці Джона Дона ў англамоўных эсэ. Але чамусьці згадкі нашага не такога ўжо і далёкага цэлага пакалення творцаў пры асэнсаванні сучасных тэкстаў — успрымаюцца чымсьці адзінкавым і даступным аднаму-двум даследчыкам.

На гэтым фоне цэлы літаратурны конкурс, прысвечаны стагоддзю "Маладняка", і яго пераможцы — не проста чарговы конкурс і чарговыя пераможцы. Гэта магчымасць аднавіць традыцыю, уключыць тое пакаленне ў жыццё пакалення цяперашняга, вывесці тэму "расстраляных паэтаў" па-за межы жалобных імпрэз і ўключыць іх, нарэшце, у літаратурны працэс не ў якасці музейных артэфактаў, а ў якасці жывога цела верша.
Што і адбываецца ва ўганараванай першым дыпломам конкурса паэме Яўгена Кунцэвіча "Самнасамасць".

І, канешне, не толькі гэтае. Дый, па вялікім рахунку, якраз уцёкі ад гэтага і ёсць зместам паэмы.

Прастора "Самнасамасці" выразна акрэсленая ў назвах раздзелаў: "Раздзел выпаленых сцежак", "Раздзел змрочных лясоў", "Раздзел адвечнага возера". Зразумелы і кірунак руху: сцежкамі праз лес да возера, метафорыка пошукаў даволі празрыстая і даступная для дэшыфроўкі. Адпаведна, зразумелы і сам шлях лірычнага героя: "выпаленыя сцежкі культурацэнтрызму" "пасярод кніжнай цвілі", спроба пазбавіцца чужога кніжнага досведу і чужых словаў, і нарэшце — пазбаўленне, сустрэча са сваім уласным досведам і сваімі ўласнымі словамі, "самнасамасць" на беразе "адвечнага возера".

У гэтых цалкам зразумелых каардынатах чытач мае магчымасць засяродзіцца якраз на тым, як мяняецца самое слова, чым адрозніваюцца фармулёўкі "на сцежках", "у лесе" і "на возеры".

Першы раздзел, у якім герой напрыканцы назаве свой спосаб мыслення "крыжом і праклёнам культурацэнтрызму", перанасычаны персаналіямі, цытатамі, прыхаванымі спасылкамі, алюзіямі на хрэстаматыйныя і нехрэстаматыйныя радкі і творы.

Цікава сабраць у адзін шэраг раскіданыя па "выпаленых сцежках" імёны: Дудар, Мамардашвілі, Барадулін, Рыжы, Таўбін, Пастарнак, Боўі, Кант, Купала, Ахматава, Роўлінг, Караткевіч, Рэмбо, Цвятаева і "Разанаў, Разанаў, Разанаў". Праз алюзіі і рэмінісцэнцыі ў шэраг дадаюцца неназваныя, але пазначаныя праз пазнавальныя маркеры Шэкспір, Хайям, Колас — гэта тыя, каго счытала я, іншы чытач, магчыма, пры ўважлівым чытанні знойдзе яшчэ не адно знакавае імя, дадзенае праз згадку альбо схаваную цытату. Гэты прыём, добра распрацаваны ў постмадэрнісцкіх тэкстах, дае магчымасць бясконца пашыраць межы ўласнага выказвання праз сэнсы і зместы згаданых першакрыніц альбо праз маскультавы вобраз, звязаны з тым ці іншым імем у свядомасці аўтара і чытача. Прыкладам, дастаткова згадаць адным радком "сто трыццаты санет", нават не назваўшы яго аўтара, — і можна абрынуць ва ўласны твор усю міфалогію легендарнага санета: ад біяграфічных таямніц Шэкспіра да гісторыі яго перакладу Дубоўкам. І гэтыя колы будуць бегчы ад кароткай згадкі бясконца па вадзе адвечнага возера. "Раскажы, што такое каханне. Без Цвятаевай раскажы" — звяртаецца лірычны герой ці то да сябе, ці то да суразмоўцы, і ў гэтым звароце даданымі сэнсамі — і ўся любоўная лірыка Цвятаевай, і тое, як яе інтэпрэтуе маскульт, і жаданне пазбавіцца штампаў, якія, між тым, пры Цвятаевай якраз штампамі не былі, але пакрысе сталі, як гэта заўсёды адбываецца з надта любімым "у народзе" паэтычным радком.

У гэтым прыгожым па задуме і ўвасабленні раздзеле мяне кранае той факт, што ў адзін шэраг з цалкам вытлумачальнымі тут Кантам, Цвятаевай, Шэкспірам і Рэмбо (не першы раз яны фігуруюць у падобных постмадэрнісцкіх шэрагах разам са сваімі замацаванымі ў агульным успрыняцці сэнсамі) пастаўлены і "маладнякоўцы" Таўбін з Дударом. Для іх гэта фактычна ўпершыню — стацца не проста самімі сабой, канкрэтнымі людзьмі з канкрэтнымі біяграфіямі, а менавіта мастацкімі адзінкамі, якія змяшчаюць у сабе не толькі саміх сябе, але і дадатковыя, прадукаваныя імі ў свой час думкі, вобразы і словы (дзеля праўды трэба ўсё ж адзначыць, што рэдакцыя партала "Таўбін" і стваральнікі выдавецкай ініцыятывы "Пфляўмбаўм" усё ж зрабілі першыя крокі ў гэтым перспектыўным кірунку).

Паказальна і тое, што Яўген Кунцэвіч згадвае і Дудара, і Таўбіна ў пачэсным суседстве з Мамардашвілі і Рыжым, размыкаючы ўсе магчымыя літаратурна-філасофскія каноны і "табелі аб рангах". Так аднаўляецца тое, чаго нашы паэты доўгі час былі прымусова пазбаўленыя — прысутнасць у культуры, у мастацкай свядомасці, у наступных тэкстах, прысутнасць разам са сваімі набыткамі ў досведзе спадчыннікаў.

І няхай сабе лірычны герой "Самнасамасці" якраз і шукае шляхі, каб сысці ад чужога досведу і сфармаваць свой, пераназваць, пераказаць рэальнасць сваімі словамі замест чужых. Узяцца "ў рожкі са старымі", пераадолець чужы досвед на карысць свайго — гэта таксама "маладнякоўскі" шлях, маніфеставаны імі шматкроць і сапраўды пройдзены ў свой цяжкі час.

У другім раздзеле "змрочных лясоў" герой зноў блукае пасярод чужых вобразаў і словаў, але тут мы ўжо не сустрэнем імёнаў — толькі згадкі і адсылкі да тэкстаў. Белы воўк (як не згадаць Еву Вежнавец?), Дзікае паляванне (зразумела), тройчы паўторанае "мяне няма" (здароў, дзядзька Акудовіч), “мяне няма, не існуе, не існавала” (свядомая ці несвядомая алюзія на Караткевічава “быў, ёсць, буду”, а можа, на Дударова “жылі, жывем і будзем жыць”), “безназоўных прымае зямля” (а гэта, канешне, Купала), “норы і гнёзды”, якія нагадваюць нам Скарынаву прадмову да кнігі “Юдзіф”, “дрыгва” — не перакажу ўсе цьмяныя і выразныя намёкі, пошук такіх — вялікае задавальненне, таму пакіну яго чытачам.

Адзначу галоўнае: цяпер, вызваліўшыся ад чжых імёнаў, герой выблуквае і з чужых тэкстаў, радкоў, мемаў, якія ўсё яшчэ вызначаюць яго спосаб мыслення, усё яшчэ не даюць яму адбыцца.

І ўрэшце ў трэцім разделе мы ўжо не сустрэнем ані персон, ані іх твораў. Герой вылузнуў з абдымкаў чужых, дарагіх яму досведаў і аказаўся адзін на адзін з сабой. Зніклі не толькі алюзіі і цітаты. Знік, прыкладам, традыцыйны верш з дакладнай, заўсёды свежай рыфмай, якім мы насалоджваліся ў першых раздзелах, — застаўся толькі верлібр. Безліч галасоў, што гучалі ў прасторы героя, сышліся ў абагульненых "паэтах", "вершах", сканцэнтраваліся ў ёмістыя фармулёўкі, якія цяпер належаць не чужым, а самому герою. "Жыць мы будзем, колькі зямлі свяціцьмуць згаслыя зоркі" — апошнія радкі паэмы ўяўляюць сабой такі моцны канцэнтрат сэнсаў і вобразаў, што з яго мы можам "разгарнуць" назад усю паэму — ад адзіноты на беразе возера да гісторый зорак, якія ўсё яшчэ свецяць нам, згаснуўшы ў вечным космасе.

І гэта калі казаць пра сюжэт. Але ў паэме акрамя бездакорна, нават, мабыць, заната ўяўна разгорнутага сюжэту ёсць безліч паэтычных знаходак, дакладных вобразаў, трапных і небанальных метафар:


Змрочны лес
застаўся за плячамі,
яго прывідаў
я больш не палюблю.
Толькі
дрэвы ўстаўлены
карчавымі ключамі,
каб аднойчы адамкнуць
і мне зямлю.


Я б сказала, што ў паэме "Самнасамасць" таленавіта спалучаны зразумелая, выразна акрэсленая думка, яскравыя, хаця і не наватарскія, мастацкія прыёмы, акуратны, густоўны верш — і нейкая асаблівая аўтарская інтанацыя, спакойная і пяшчотная, глыбокая і разважлівая, не радыкальна смелая — але і не махрова традыцыйная.

І я хачу павіншаваць беларускую літаратуру з такім здабыткам. Калі кожны конкурс, праведзены да гістарычнай даты альбо любой іншай нагоды, будзе даваць дарогу такім добра складзеным, прадуманым, ахайна зробленым і, безумоўна, таленавітым тэкстам — будзем жыць.


Выпаленымі сцежкамі культурацэнтрызму

Яўген Кунцэвіч
Вера Бейка