TAŬBIN

Intimacy is a weapon against colonialism

Translations of the poems by modern Brazilian poet Yacunã Tuxá


Yacunã Tuxá

Volha Yermalayeva Franco

From the collection “Da tua boca saem as palavras sementes” (2025).


Пяшчота

Я вырасла на руках сваёй маці, бабуль,
цётак, сёстраў — стрыечных і роднай. Яны клапаціліся пра мяне.
Часалі мне валасы, падразалі ў час і аддавалі пасмы расьлінам

Ці водам.

Я вырасла ў абдымках і навучылася быць шчодрай.

Спачатку я бачыла, як жанчыны майго народу
захоўвалі таямніцы ў плеценых торбачках з караá (1),
выпускалі дым, сьпявалі і танчылі.

Потым я таксама сьпявала і танчыла.

Блізкасьць — зброя супраць каляніялізму.

(1) Караá (caroá, лат. Neoglasiovia variegata) — тыповая для паўночна-ўсходняй Бразыліі расьліна, калючая брамэлія, зь лісьця якой здабываюць валакно для вырабу вяровак, торбаў, кошыкаў, капелюшоў і інш.


Ці ёсьць у зямлі памяць?

Ці памятае зямля ногі,
поступ нашых продкаў?

Ці памятае зямля час, калі дыхала паветрам,
а не асфальтам і сажай?
.................................................
Я ведаю, што ў зямлі ёсьць памяць.
Я ведаю, што ў зямлі ёсьць рытм
і яна памятае сьвятыя словы,
што жылі ў гарачых вуснах нашых дзядоў.

Зямля — жывое цела,
яна мае мову
і сьпявае

голасам
рачных плыняў,
нараджэньня спрадвечнага заўтра.


Пра час, калі нашыя галовы бачылі адзін сон

Сёньня я прачнулася, думаючы пра нас,
Пра час, калі нашыя галовы бачылі адзін сон,
А нашыя целы выпраменьвалі адну энэргію.

Урэшце, мы ж з адной матэрыі —
Нашая плынь, нашыя сны,
Нашая генэтычная спадчына,
Чырвоныя ніці памяці.

Хтосьці напісаў нашую гісторыю за нас,
А нас павесіў на сьцяну, як сувеніры,
Фотакарткі нашых дзядоў.

Але ў гэтай раме зьмяшчаемся я і ты.
Дзьве карэнныя жанчыны
Буйным плянам —
Нашыя вочы, нашыя твары,
Маўчаньне.

Хтосьці абвясьціў гэтае каханьне
І напісаў яго ў ценю умбузэйру (2) або кішабэйры (3),
Пусьціў дым і танцаваў дзеля мяне і цябе,
Дзеля нас.

Зачараваная (4) сувязь жыве
І працінае наскрозь нашыя ўласныя жыцьці.

Яшчэ пачуюць пра нас,
Дзьвюх жанчын, што свабодна кахалі адна адну
У змаганьні за правы і зямлю, сярод крывых поглядаў.
Кахалі гераічна, напоўніцу, упэўнена.

Я кахаю цябе з дазволу сьвятых сіл,
І сьвятыня не застаецца, не зьмяшчаецца ў руках, у далонях,
Як прыходзіць, так і адыходзіць,
Ёй нельга затрымацца,
Яна то тут, то там.

Сьвятыня каханьня —
Гэта рух, прыбыцьцё, смутак.
Успышкі жарсьці, няпэўнасьць часу.

Я памятаю дым нашых малáкаў (5),
Твой прыглушаны голас, якому бракуе моцы…
Як праўдзіва я адлюстроўваюся ў тваіх вачах!

Нашыя гарачыя сэрцы прагнуць жыцьця,
Руху па коле,
Як наш поступ у коле тарэ (6).

Я за табою, ты за мною,
І мы круцімся, круцімся ў танцы,
Галава цяжэе ад караляў, журэмы (7) і песень.

А зараз давай затанчым іначай,
Радасна адрэпетуем тарэ смутку,
Бо напамін пра добрае каханьне —
Дабраславеньне для любога сэрца.

(2) Умбузэйру (лат. Spondias tuberosa) — невысокае дрэва з шырокай кронай, якое расце ў засушлівых рэгіёнах паўночна-ўсходняй Бразыліі і захоўвае ваду ў каранях. Назва паходзіць з карэннай мовы тупі́ і азначае "дрэва, што дае напіцца". Дае кіслыя зялёныя або жаўтлявыя круглыя плады умбу памерам са сліву, багатыя на вітамін C. Ужываецца як ежа і выкарыстоўваецца ў народнай мэдыцыне карэнных народаў.

(3) Кішабэйра (лат. Sideroxylon obtusifolium) — раскідзістае дрэва да 15 м у вышыню, тыповае для засушлівых рэгіёнаў паўночна-ўсходняй Бразыліі. Мае трывалую драўніну, кару з лячэбнымі ўласьцівасьцямі, салодкія ядомыя плады. Ужываецца як ежа, прымяняецца ў народнай мэдыцыне і як корм для жывёлы падчас засухі. Назва паходзіць з карэннай мовы тупі́ і азначае "месца для адпачынку" або "пасцель".

(4) Зачараваны (encantado) — у бразыльскай культурнай традыцыі, асабліва сярод карэнных народаў паўночна-ўсходняга і амазонскага рэгіёнаў, гэта дух продкаў або звышнатуральная істота-заступніца, зьвязаная з прыродай (рэкамі, лясамі, гарамі). Калі чалавек з карэннага народу памірае, пра яго могуць сказаць, што ён зачараваўся (encantou-se) — перайшоў у сьвет зачараваных.

(5) Малáка (malako, або malaco) — гэта рытуальная конусападобная трубка для курэньня, якую выкарыстоўвае народ тушá. Вырабляецца з гліны або дрэва, часта з кораню сакральнага дрэва журэма. Малака з'яўляецца цэнтральным элемэнтам як у паўсядзённым жыцьці, так і ў рытуалах тушá. Гэта ня проста трубка, а форма перадачы ведаў, гуртаваньня супольнасьці і сувязі з продкамі.

(6) Тарэ (toré) — гэта сакральны рытуал, распаўсюджаны ў карэнных народаў паўночна-ўсходняй Бразыліі, у тым ліку ў народу тушá. Уключае песьні і танцы, часта ў карагодзе. Мае глыбокае сакральнае значэньне, служыць сродкам сувязі з духамі, продкамі і "зачараванымі" істотамі, а таксама выступае як форма супраціву, культурнай памяці і калектыўнай ідэнтычнасьці. У многіх супольнасьцях тарэ захоўваецца як цэнтар духоўнага жыцьця і палітычнай мабілізацыі.

(7) Журэма (Mimosa tenuiflora, Mimosa hostilis) — куст або нізкарослае дрэва, характэрнае для засушлівых рэгіёнаў паўночна-ўсходняй Бразыліі. У многіх карэнных народаў лічыцца сакральнай расьлінай. Зь яе кары гатуюць рытуальныя напоі, яна зьмяшчае псыхаактыўныя рэчывы. Журэма хутка аднаўляецца пасьля пажараў і дапамагае ўмацоўваць глебу. Мае калючыя галінкі, дробнае падвойнае лісце і духмяныя белыя кветкі. Кара таксама выкарыстоўваецца ў народнай мэдыцыне як антысэптык і гаючы сродак.

Тушá

Памяць пра нас ёсьць у голасе рэк.
Памяць пра нас ёсьць у сухіх галінах сэртану (8).

Зямля адчувае поступ нашых тарэ.
Камяні захоўваюць гук нашага сьмеху.

Люстэрка ракі заўсёды праявіць твар і цела-ваду
нашага народу.

(8) Сэртан (sertão) — шырокая паўпустынная вобласьць у паўночна-ўсходняй Бразыліі. У адрозьненьне ад іншых паўпустыняў сьвету, сэртан суседнічае не з пустыняй, а зь вільготнымі зонамі, што надае яму асаблівую кліматычную і дэмаграфічную спэцыфіку. Тыповая расьліннасьць — каатынга (caatinga), засухаўстойлівая флёра з калючымі, малалістымі дрэвамі і кустоўем. Для карэнных народаў Бразыліі сэртан — гэта крыніца жыцьця і сэнсаў, прастора змаганьня за зямлю, ваду і ўраджай, а таксама прастора фармаваньня і перадачы традыцый, рытуалаў і сувязі з продкамі.

Translated from portuguese by Volha Yermalayeva Franco.
Scroll to Top

Discover more from TAŬBIN

Subscribe now to keep reading and get access to the full archive.

Continue reading