“Пратэст — гэта гаварыць праўду перад грамадскасцю... Мы задзейнічаем свае целы, свае словы, сваё мастацтва, свае гукі і каб сказаць праўду, пра боль, які мы церпім, і каб запатрабаваць справядлівасці, якая, як мы ведаем, магчымая».
ДэРэй Маккесан, “Па другі бок свабоды”
E logo le tuli ona tātā.
Глухія чуюць, калі ім нагадваюць.
Самаанская прыказка
250-я гадавіна прыбыцця Джэймса Кука ў Новую Зеландыю
Гэй, Джэймс,
ну, ты,
у белым парыку,
у гэтым вялікім «Індэвары»,
плывеш па блакітнай-блакітнай вадзе
як вялікая срака.
ІДЗІ НАХУЙ, СУКА.
Джэймс,
я чула, што нехта
ўпіхнуў нож
прама
ў шчыліну паміж
тваімі белымі рэбрамі,
у бухце Кеалакекуа.
Я паеду туды,
зраблю вялікі Макахікі абед,
прыгатую белага кабана,
скармлю яго сабакам
і АД.....У ЦЯБЕ, СУКА.
Гэй, Джэймс,
гэта мы.
Цяпер
мы ездзім па коле
на джыпах,
шукаем цябе
ці белых мужыкоў, такіх як ты,
якія могуць быць злодзеямі,
ці гвалтаўнікамі,
ці выкрадальнікамі,
ці забойцамі,
ну, ці кімсьці з тваіх нашчадкаў,
ці якім-небудзь з тваіх увасабленняў,
бо, разумееш,
гэй, сука?
Мы АД.......М ЦЯБЕ.
Сёння ўвечары, Джэймс.
Гэта я,
Лані, Даніэль
і машына, поўная карычневых дзевак,
мы знойдзем цябе
на раёне
Дома правасуддзя.
У цябе яшчэ адна жанчына
ў палоне,
а ў мяне ў кулаку
нож майго бацькі
для палявання на кабаноў,
і мы ідзём схапіць цябе,
таго, хто плавае
на сваім «Рэзалюшэне»,
на сваім «Фрэндшыпе»,
на сваім «Дыскаверы»
і на сваім хрэнавым «Фрылаве».
Сачы за сваімі рэбрамі, Джэймс,
бо я іду разам з
Каланіёпу'ум,
Канекаполей,
Кана'інам,
Кеаве'опалам,
Кука'ілімоку,
богам,
і Нуа'ам,
каралём з нажом.
А потым,
Джэймс,
потым
мы
АД.......М.
ЦЯБЕ.
ДА ......
СУКУ.
Джасінда Ардэрн¹ едзе на Ціхаакіянскі форум у Тувалу, а мая сям'я каланізуе яе хату
Гэта прыгожая новая двухпавярховая хата у Паўднёвым Оклендзе, з вёскай у двары
Думаю, гэтая вёска насамрэч не належыць Джасіндзе і яе сям'і, але яны цалкам ёю карыстаюцца
Мы зайшлі на другі паверх хаты Джасінды і ўчынілі гармідар — гэта ўсе дзеці
Хто можа спыніць іх танцы і ежу, якая падае на падлогу і потым трапляе ў кілімы?
Я ведаю Джасінду — прэм'ер-міністра — у гэтай краіне мы ўсе называем адзін аднаго па імёнах, што падобна на тое, як у Тувалу прэм'ер-міністр сядзіць на даху сваёй хаты
Я ведаю, што Джасінда стамілася: там у Тувалу горача, і ад гэтага стамляешся, бо мора заваёўвае ўсё, таму цяпер адзінае месца, дзе можна гуляць у крыкет, — гэта ўзлётна-пасадачная паласа аэрапорта
А школьнікам даводзіцца сядзець у класах, скрыжаваўшы ногі, па пояс у марской вадзе, але яны ўсё яшчэ з гонарам носяць сваю форму і гэтыя прыгожыя бліскучыя чорныя валасы дзяцей з астравоў
Гэта, вядома, крызіс, але ён таксама стамляе, і Джасінда вяртаецца ў сваю хату, якую яна купіла на сваю зарплату прэм'ер-міністра
Мы ўсе ведаем, што яе партнёр даглядае іхняе дзіця, і не кажыце мне, што гэта не стамляе, быць прэм'ер-міністрам цэлай краіны і мець дзіця
Гэта, напэўна, амаль гэтак жа стамляе, як быць прэм'ер-міністрам Тувалу, які сядзіць на ўласным даху, каб не патануць
Мне шкада Джасінду, таму што я — маці-адзіночка, і ведаю, наколькі гэта знясільвае, працаваць і адначасова даглядаць дзіця
Я хачу параіць ёй наняць няню, я ведаю, што сама б наняла няню, каб паспаць, калі б у мяне было столькі ж грошай, як у прэм'ер-міністра
Я не ўпэўненая, наколькі яна злуецца праз тое, што мая сям'я каланізавала яе хату, але яна выглядае напружанай і не такой, як па тэлевізары
Яна спрабуе прыдумаць, што сказаць, перакрыкваючы маіх родных, якія размаўляюць адно з адным на вялікай адлегласці, бо ў яе тут вельмі вялікая хата, — і яна кажа мне:
Так, у палінезійскім акцэнце ёсць нешта такое, што робіць тое, што вы кажаце, вельмі пагрозлівым
Пакуль я спрабую прыдумаць, што адказаць, я чую галасы маіх стрыечных, якіх я даўно не бачыла. Яны ходзяць вакол, садзяцца і захопліваюць вёску. Вёску Іхуматао. Прама тут, у яе двары.
¹Прэм'ер-міністр Новай Зеландыі з 2017 па 2023 гады.
З кнігі “Вялікая Тоўстая Карычневая Сука”
Ніводзін белы чалавек не пацярпеў пры стварэнні гэтай кнігі.
Аўтарка «Кнігі лютага каланізатара» адказала ACT² пасля таго, як партыя назвала яе творы «падсілкаванымі нянавісцю» і «расісцкімі». Зараз ідзе праца над тэатральнай пастаноўкай паводле кнігі паэткі, лаўрэаткі прэміі Ockham, Тусіяты Авіі. Пастаноўка фінансуецца грашыма падаткаплацельшчыкаў праз Creative NZ.
У сераду ACT апублікавала прэс-рэліз з крытыкай кнігі і тэатральнай пастаноўкі, заявіўшы, што дзяржава «фінансуе нянавісць» праз шоў пра «забойства Джэймса Кука, яго нашчадкаў і такіх як [ён] белых мужчын, з дапамогай нажоў для палявання на кабаноў».
«Дзяржава праз Creative New Zealand, якую фінансуюць падаткаплацельшчыкі і чыіх членаў савета прызначае ўрад, падтрымлівае творы, якія падбухторваюць да гвалту па расавым адзнакам», — заявіў лідар ACT Дэвід Сеймур у сераду раніцай.
…Сеймур абвясціў, што ўрад павінен выступіць і асудзіць тэатральную пастаноўку і «заявіць, што ён нічога не дасць на расізм, і адклікае фінансаванне».
«Урад кажа, што хоча спыніць нянавісць, а потым прызначае членаў савета, якія фінансуюць такія рэчы. Чым гэта адрозніваецца ад таго віду нянавісці, што прывяла да масавай страляніны ў Крайстчэрчы?»
Камісія па правах чалавека паведаміла Newshub, што атрымала скаргі і запыты ў сувязі з апублікаванымі ўрыўкамі з «Кнігі лютага каланізатара». Яны іх разглядаюць.
«Мы не можам рабіць якія-небудзь канкрэтныя публічныя каментары па ўзнятых пытаннях, пакуль мы ацэньваем і адказваем на гэтыя скаргі і запыты».
Newshub, 2 сакавіка 2023 г.
²Правая, класічная ліберальная, правалібертарыянская і кансерватыўная палітычная партыя ў Новай Зеландыі.
Верш пра свабоду слова
██, Джэймс,
████,
█ белы████
у███ вялікім «Індэвары»,
плыве█ па блакітнай-блакітнай вадзе.
██████
████████.
Джэймс,
█████████
████
███
████████
█████белы█████
████████.
██████,
█████вялікі███████
████████бел████ы.
████████
████████████.
██Джэймс,
гэта мы,
████
████████
████
███████
█белы█я█мужык█і,█такі█я як ты,
████████████
████████,
█████████,
████,
████████тва█е нашчадк█і,
████████тва█е увасабленн█і,
█████,
████
Мы████████.
████████Джэймс.
███,
██████
██████поўн██████ы████
████████
████
████правасуддзя.
████████████
████
████████
████████
████████████
███████████
████████
████Рэзалюшэн█
████Фрэндшып█
████Дыскаверы█.
█████████████
██████████Джэймс,
███████
██████
████
████
██████
██████
бог█
і███
кар█ол██ь████
████████
██████
████
███████████
█████
████
███
████
█████
██████
Гэй, Дэвід³
Ох, бэйб, ты ў парадку?
Я чула, што сёння ты чытаў верш.
О не!
Ён жахлівы, праўда?
Гэтае пачуццё, калі хтосьці кажа тое, што цябе засмучае.
Бэйб, я думала пра тыя радкі з нашага агульнага радаводу.
доўгія шэрагі продкаў, якія спатыкаюцца адно аб аднаго —
бабулі і дзядулі, дзядзькі і цёткі круцяць галовамі
і кідаюць свае токотоко⁴ ў расчараванні.
Пачакай, бэйб, паслухай хвілінку.
Чуеш гэты ціхі, маленькі галасок?
Што ты робіш, хлопча? Перастань быць дурнем. Ідзі ў хату і налупі бульбы для бабы
і не выходзь, пакуль не спазнаеш, дзе твая манава⁵.
Пачакай хвілінку, бэйб,
хіба гэта не ты казаў, што хвалюешся з-за магутнасці дзяржавы?
Ведаеш, як большасць замоўчвае непапулярныя погляды?
Разумееш, пра што я, га, бэйб?
Гэтыя законы датычна мовы нянавісці, супраць якіх ты выступаў?
Таму што яны падаўляюць свабоду слова, га?
Напрыклад, хм, хто гэтыя людзі, пра якіх ты згадваў?
Мао Цзэдун і Адольф Гітлер, га?
Бэйб, калі ты супраць закону датычна мовы нянавісці, то не гавары на “мове нянавісці"
— я стаўлю гэтыя два словы ў двукоссе, бэйб,
каб ты ведаў, які тон я тут выкарыстоўваю, добра?
Ці не стане “мова нянавісці” занадта суб'ектыўнай і адкрытай для злоўжыванняў?
Вось гэта ты сказаў, га?
Божа мой, які ты разумны!
Але, каз⁶, таму што мы абое палінезійскага паходжання, я сапраўды спачуваю табе,
бо, чорт пабяры, я магу расказаць табе з асабістага досведу:
гэта вельмі балюча, калі людзі ненавідзяць цябе з-за колеру тваёй скуры.
Каззі, мяне гэта таксама вельмі злуе.
Я так засмучаюся, што мне трэба кудысьці пайсці, сесці і пісаць вершы.
Але справа ў тым, што, бэйб, гэта ж проста вершы, га?
І ўсе — нават мая маленькая дачка — ведаюць, што такое вершы:
яны як аповед, але з праслойкамі
сэнсу,
як, хм-м
як велізарны слаёны торт
ці лазання,
ці пласты атмасферы, якія абараняюць нашу планету.
Яны як мова душы.
Вершы — гэта цудоўна, бэйб, табе не трэба панікаваць
і пакутаваць, злавацца, маніпуляваць
і прагнуць увагі.
Супакойся, бэйб.
Трымай мяне за руку, бэйб, усё добра,
бо вершы:
часам яны любяць прымушаць нас адчуваць,
часам яны любяць змяняць сцэнар
і абавязваюць нас задумацца:
Як было б, калі б усё было інакш?
А некаторыя вершы могуць прымусіць нас запытацца:
Чаму?
Чытай, чытай. Я амаль скончыла.
Ну, я ведаю, бэйб, ты вельмі доўга слухаў
і нічога не казаў, га?
Вершы таксама так робяць.
³Гэты верш – адказ на навіну, узгаданую вышэй.
⁴У культуры маары сымбалічная разная палка для хады, якая з’яўляецца сымбалам аратара; на афіцыйных мерапрыемствах гаварыць можна толькі тады, калі вам перадалі токотоко.
⁵У культуры маары азначае сэрца, сімвалізуе аснову чалавека, у тым ліку эмоцыі, дух і жыццёвую сілу.
⁶Ад cuz, cousin, слэнг Новай Зеландыі, заснаваны на тым, што маары блізкіх і далёкіх родных клічуць стрыечнымі (cousin). Далей - каззі (ад cuzzy).
Расіст, падсілкаваны нянавісцю
Яна — расіст, падсілкаваная нянавісцю!
Яна — расіст, падсілкаваная нянавісцю! Яна
Яна
Яна
Яна — расіст, падсілкаваная нянавісцю —
Слухайце. Гэта Вы — расіст, падсілкаваны нянавісцю,
і Вы, расіст, падсілкаваны нянавісцю,
і Вы,
і Вы,
і вы — расісты, падсілкаваныя нянавісцю.
Я — расіст, падсілкаваны нянавісцю?
Не!
Я не расіст, падсілкаваны нянавісцю!
Я не
Я не
Я не расіст, падсілкаваны нянавісцю!
І вось паслухайце:
Кук таксама быў расістам, падсілкаваным нянавісцю.
Што? Кук?
Не!
Не!
Не!
Ён не быў расістам, падсілкаваным нянавісцю!
Яна — расіст, падсілкаваная нянавісцю.
Так, гэта праўда, ЯНА,
ЯНА
ЯНА
Яна — расіст, падсілкаваная нянавісцю.
Храналогія пагрозаў смерцю,
1 траўня 2023 г.
Глыбока пад зямлёй, за морам,
кіпіць Самаанская Багіня Вайны,
чакаючы майго поклічу. Чакай. Яна вырвецца
з-пад зямлі, усе чатыры баявыя дубінкі
закруцяцца закруцяцца,
так нібы са свістам набліжаецца смерць —
Няўжо, сукі? Я пішу верш пра капітана Кука
а вы сноўдаецеся ў сваім цёмным павуцінні,
у сваіх піжамах?
Няўжо, сукі? Я чую як непадстрыжаныя кіпцюры
на вашых маленькіх лапках
клацаюць клацаюць.
Ці я пакрыўдзіла вашыя пачуцці? Ці духоўныя нашчадкі
капітана Кука і Джорджа Грэя сёння пакутуюць?
Ці стогне на ветры зямля, на якой вы стаіцё?
Ці голас дзьме пад вашыя дзверы
і ў шчыліны вашых вокнаў?
Ці ты злуешся, бэйб?
І дасылаеш мне пагрозы смерцю
за тое, што я напісала, як было,
і назвала капітана Кука сукай?
Бэйб, ён быў сукай,
Таксама як і Грэй, і Ролстан, і Гобсан.
А вось як усё адбывалася:
За крадзеж зямлі на трыльёны даляраў
і згвалтаванне жанчын і дзяцей,
і забойства мужчын,
і працягванне гэтага
аж да сённяшняга дня
ўжо з нашымі дзецьмі
ў тваіх школах
і тваіх турмах —
за ўсё гэта
вінаватыя не панеслі ніякага пакарання,
ніякіх наступстваў,
нічога.
Мне нават не дазволена пісаць пра іх вершы,
каб іх нашчадкі — па веры ці крыві —
не засмуціліся і не адчулі,
што іх хтосьці ненавідзіць
ці праяўляе расізм
да іх.
Бэйб, у нашыя дні сукі —
паўсюль, куды ні глянь,
і, магчыма, бэйб, ты таксама — сука.
Вялікая тоўстая карычневая сука 23: У год выбараў да яе завіталі з візітам
Калі ты сядзіш у гаражы ў Паўднёвым Оклендзе⁷ са сваімі двума
братамі, скажы сваім сёстрам, каб яны стаялі на вуліцы, спынялі
крутыя машыны і правяралі, ці няма там членаў банды ці членаў
парламента.
Калі ты сядзіш у гаражы ў Паўднёвым Оклендзе са сваімі двума
братамі, схавай свае ступені бакалаўра, магістра, доктара,
уладальніка ордэна «За заслугі» Новай Зеландыі ў галіне
мастацтва, навукі, спорту, медыцыны і тэхналогій. Лепш
падумай, як бы табе трапіць у банду і стаць злачынцам.
Калі ты сядзіш у Паўднёвым Оклендзе са сваімі двума братамі і
пішаш оперу для SOL3 Mio, ці Ізабелы Мур, ці Пене Паці (новага
Павароці), кінь тое, што ты робіш, супыні члена банды
і купі трохі метамфетаміну. Дзеля Бога! жыві як сапраўдны
карычневы чалавек!
Калі ты сядзіш у Паўднёвым Оклендзе са сваімі двума братамі,
абмяркоўваеш велічную архітэктуру атамаў, рытм
прыліваў і свячэнне галактык — неадкладна спыні гэта
і падумай пра магчымасць стаць членам банды і пра тое,
што яна можа табе прапанаваць.
Калі ты сядзіш у гаражы ў Паўднёвым Оклендзе са сваімі двума
братамі і членамі банды або членамі парламента, ты на
правільным кар'ерным шляху, да якой банды ты б ні далучыўся.
Калі ты сядзіш у гаражы ў Паўднёвым Оклендзе з пэўным
членам парламента, адцягвай яго ўвагу гісторыямі пра
твае сувязі з бандаю, пакуль твае два браты
ўзламваюць і шукаюць у яго BMW сёмай серыі ключы ад
яго іншых шыкоўных машын альбо дамоў, альбо нумары
яго замежных або ўнутраных рахункаў.
Калі ты сядзіш у Паўднёвым Оклендзе з членам парламента,
а твая дачка прыносіць гарбату і какосавыя булачкі і
нахіляецца, каб прашаптаць табе на вуха: «Ён каштуе 30 мільёнаў
даляраў, мама», скажы ёй, каб схавала дзяцей у шафу, пад ложак,
у маразільнік, і займі яго размовай пра тое, якая гэта добрая ідэя —
адправіць злачынцаў ва ўзросце ад 10 да 17 гадоў у трэніровачныя лагеры.
Калі ты сядзіш у Паўднёвым Оклендзе з кандыдатам на пасаду
прэм'ер-міністра 2023 года, і пасля таго, як ён зноў ляпнуў
нешта расісцкае, апрані яго ў рабочую вопратку, каб ён змог
забіць некалькі цвікоў з тваімі двума карычневымі братамі,
што ўсміхаюцца на заднім плане. Затым адпраў яго
ў паездку ў Крайстчэрч.
Прывітанне, хлопцы, я тут, у McDonald's⁸ у Мерівейле, і гэта вельмі асаблівае месца. Я вельмі ўдзячны людзям, Залатым аркам, грузчыкам багажу Air NZ⁹, кол-цэнтрам, стажорам. #Luxononthejob!¹⁰
⁷Лічыцца не вельмі добрым раёнам.
⁸Навазеландскі прэм’ер-міністр Крыстафер Лаксан у часы вучобы ў старэйшых класах працаваў няпоўны дзень у Макдональдсе.
⁹Крыстафер Лаксан, перад тым, як стаць прэм’ер-міністрам Новай Зеландый, займаў пасаду генеральнага дырэктара Air New Zealand.
¹⁰Адзін з хэштэгаў прадвыбарчай кампаніі Крыстафера Лаксана.
Яна ідзе ў бальніцу
Усё пачынаецца з таго, што медсястра вымярае мяне — рост і вагу.
Яна сыходзіць і вяртаецца з выразам на твары і кажа:
бла-бла-бла Індэкс масы цела.
бла-бла-бла Ты разумееш, як харчавацца?
бла-бла-бла Ты — вялікая тоўстая карычневая сука.
Насамрэч, яна не кажа: Ты — вялікая тоўстая карычневая сука.
Але яна мае на ўвазе: Ты — вялікая тоўстая карычневая сука.
Яна таксама мае на ўвазе: Ты — вялікая тоўстая карычневая гультаяватая сука
Ты — вялікая тоўстая карычневая дурная сука.
І: Ты — вялікая тоўстая карычневая нічога не вартая сука.
Я не кажу ёй, што ведаю: індэкс масы цела
быў вынайдзены чалавекам па імені Адольф,
белы мужчына, які вымяраў целы белых мужчын — мера
сацыяльнага ідэалу
у 1830 годзе, у часы буму расісцкай навукі, генацыду і каланізацыі.
Я не кажу ёй, што да пачатку 1900-х гадоў ІМЦ стаў абгрунтаваннем
для еўгенікі, для стэрылізацыі інвалідаў,
аўтыстаў, бедных і каляровых.
Я не кажу ёй гэтага, таму што ведаю, што яна ніколі не паверыць у тое,
што выходзіць з вуснаў вялікай тоўстай карычневай сукі.
Таму я выпростваюся ва ўвесь свой рост Вялікай Тоўстай Карычневай Сукі
і спрабую выглядаць упэўнена, але не занадта пагрозліва,
адукавана, але не занадта пагрозліва,
і спакойна, але не занадта пагрозліва.
Змрок супраць святла
Чаму такая змрочная, Карычневая Дзеўчына, чаму такая змрочная?
Будзь светлай, будзь лягчэйшай за святло
Будзь светлай як Бог
Сядзь у пакоі і ўрубі сабе царкоўныя спевы
Будзь лягчэйшай за Бога
Будзь лягчэйшай да немагчымасці
Сядзь у пакоі і ўрубі сабе «Сілу мысліць пазітыўна»
Будзь белай, дзеўчына-паўкроўка
Ты ведаеш, што можаш
Ты ўжо напаўдарозе там
Будзь напаўдарозе да той паўдарогі
Будзь настолькі паў, каб другая палова таксама была поўнай белай крыві
Падбадзёрся, Карычневая Дзеўчына
Сядзь у пакоі і ўрубі сабе «Майн кампф»
і перастань скардзіцца, жаліцца і наракаць
на расізм, каланізацыю і прывілеі белых
Людзям яно надакучыць
Магчыма, гэта зараз у модзе
але так не будзе доўжыцца вечна
Сядзь у пакоі і ўрубі сабе «Сем звычак высокаэфектыўных людзей»
і Падбадзёрся Нахуй.
Вялікая Тоўстая Карычневая Сука 56: Ёй надакучыла пісаць вершы, якія ніхто ніколі не чытае
Мужчыны завуць мяне на спатканні і пытаюць:
Дык чым ты займаешся?
А я адказваю: Я пісьменніца, — што гучыць трохі ўражліва
і трохі дзіўна для карычневай дзеўчыны.
Я гэта ведаю, бо яны выглядаюць крыху здзіўлена і вельмі збянтажана.
Я ніколі не кажу, што я паэтка, бо ганарар за кнігу складае 3 долары
(нават калі вы выдаткавалі 30 баксаў, каб прачытаць гэтую кнігу).
Я магу жыць лепш на дапамогу па беспрацоўі.
Мы не бедныя, дарагая, кажу я сваёй чатырнаццацігадовай дачцэ,
калі яна гаворыць мне, што мы павінны менш траціць на прадукты,
і што ёй не трэба хадзіць у квест-рум з сябрамі,
бо ён каштуе 30 баксаў, а гэта 10 кніг, якіх ніхто не купіў.
Мне надакучыла пісаць вершы, якія ніхто не чытае.
Я пішу гэтыя ёбаныя вершы гадамі.
Гэта проста смешна.
Я б лепей была жанчынай-маці, якая гаворыць пра свой рамонт
і свайго мужа, і іншую лухту.
Мне надакучыла пісаць вершы, якія ніхто ніколі не чытае,
акрамя белых людзей сярэдняга ўзросту пэўнай дэмаграфічнай групы
і ўсмешлівых сівавалосых жанчын у чарзе за аўтографам,
і класаў, поўных карычневых дзеўчын, якія захапляюцца мной.
Мой стрыечны брат кажа, што ненавідзіць паэзію.
Я яго не вінавачу.
Нават мае ўласныя вершы мне надакучваюць.
Калі толькі я не б'ю кагосьці па твары
ці не засоўваю сваю нябачную руку ў яго майткі,
і кожная страфа прымушае яго жорстка канчаць,
то мне надакучыла пісаць вершы.
Мне надакучыла пісаць гэтыя ёбаныя вершы,
якія ніхто ніколі не чытае.
Гэта менапаўза паэзіі.
Прыступы спякоты скончыліся.
Бессань і самагубства сплюснуліся, як мае цмочкі.
Цяпер гэта нулявое лібіда пейзажных вершаў
і старонкі сухія як мая пізда.
Мне надакучыла пісаць вершы, якія ніхто ніколі не чытае.
Ёсць краіны, дзе паэты выступаюць на футбольных стадыёнах
і пад лямант у турмах. Паэтаў арыштоўваюць і катуюць
не іх уласнай нудой, а за змову супраць урада
пры дапамозе вершаў.
Мне пара спыніць гэтую лухту, інакш я страчу жыццё, спрабуючы.
Poems are made this way too
Translations of the poems by modern New Zealand poet Tusiata Avia