TAŬBIN

Seismograph

Marius Burokas' poems in translations

Marius Burokas

Cichan Čarniakievič

Вершы з кнігі "Сейсмограф" (2025)


ЧАРНІГАЎСКАЯ ВІШНЯ

схапілася за гэтую зямлю карэнне часу, расце па-над шкілетамі, шаломамі, мячамі, гарматамі гісторыі напятае голле дрэва, крывавымі ягадамі спее ягоны ўраджай, крывавымі ягадамі і свістам снарадаў, завывання сірэнаў не забуду ніколі. трава схавае шнары ад выбухаў, хвоі схіляюцца, ахінаюць, там пустэча, там зеўрае вокнамі выламанае дзяцінства, расстраляная навука размаўляе зубамі бітай цэглы, там трымаецца на сцяне намаляваны пяціклашкай Алесяй сланечнік. старая едзе на ровары, жагнаецца, завываюць, завываюць сірэны, свет разарваны, прабіты як мячык, суне наперад пысу драпежная і бяздушная цемра, усё як заўсёды, па руінах разбягаюцца дзьмухаўцы, вісіць на бярозе ваконная рама і рые як крот глыбіню асколак снарада. я вярнуся, стогадовая вішня, я скаштаваў караляў тваіх крывавых, я сцісну ў далані непраглынутую тваю слізкую костку, я абыду цэрквы гэтага горада, толькі там зразумеў стрыманасць іх прыгажосці, раны на скульптурах загояцца, загорнуцца працятыя асколкамі вокладкі кніг, і мова вернецца зноў да мяне.
завываюць завываюць сірэны па-над покрывам цэркваў, па-над ракой, па-над гісторыяй. там, дзе паставіў машыну — яма і аскепкі калонаў.



ГРЭБЕННЭ — РАВА-РУСКАЯ

сцяна нагадвае механічны кішэчнік, рыштаванні спыненага будаўніцтва, знаёмы свет падышоў да гэтай кропкі і скончыўся. трапляеш на перапынак у чысцец. усе выходзяць паваляцца й выпіць шклянку гарбаты, лянотна перабіраюць пажоўклыя, пад капірку напісаныя паперы. спыняецца і час. ляжыць, не рухаецца каля ангараў з гафрыраванага жалеза.
толькі ты тут спяшаешся, думаеш пра цемру, каменданцкую гадзіну, пустыя, прывідныя блокпасты, што прабягаюць наўзбоч, сірэны, ракеты, кулі, што ўразаюцца ў цела. пра шыны, якімі будзе ўвальвацца ў бруд перададзены табой для вайскоўцаў аўтамабіль.
думанне гэтае простае, празаічнае, сухое, як дакумент, што ўпітвае нарэшце пастаўлены мытнікам штамп. глухое рэха ляскання дзвярэй. скразняк кашляе з падзямелля. некалькі гадзін, што ператварыліся ў дні, — і вольны.
на іншым баку свет аднаўляе рух: адкрываецца неабсяжная прастора з чырвонай, прымацаванай да далягляду ніткай: там — мэта, тут — вецер, завея. чаканыя паведамленні.


***
Аляксандру Крыўцову

Бацька спрабуе праспяваць сына, калыхаецца, голас дрыжыць, нібы скол у акне. Сын — дзве груды кніг на стале. На дзвюх розных мовах. Сын — у Роўне на могілках.
Бацька спрабуе вымавіць сына, сын у ім не змяшчаецца, сына ўсюды так шмат, сына нідзе больш няма, сын рвецца з яго, голас рэхам у залі.
Бацька спрабуе пачуць сына, круціць у руках падораны ім тэлефон. Сын там, пікселем сярод пікселяў.
Бацька спрабуе пабачыць сына, усё падымае галаву, азіраецца. Ён азіраецца так, нібы сын знячэўку адпусціў ягоную руку і знік у натоўпе.
Маці перадае нам малітоўнік, надрукаваны ёю самой. На вокладцы — сын і кот.
Спяць удвох у бліндажы.


Κ. Μ.

Канца-краю няма пустым прыгажэнным палям, усе замінаваныя, аніводнай жывой душы, толькі яркапёрыя фазаны снуюць, — піша яна з Усходняе Украіны, а я думаю пра сюррэалістаў, вар’яцтва жывапісу, пра талент і смерць. Думаю пра чырвань і зеляніну тумановых палеткаў, свежы вецер над цёплай зямлёй, думаю пра тыя прасторы, якіх тут няма, пра неўявімае і забароненае, і небяспечнае.
Думаю пра міны, не трымаў іх у руках, не ведаю, ці цяжкія, колькі й якія з іх там закапаныя. Толькі ведаю — смерць у іх будзе жывою яшчэ 50 гадоў. Пакуль я думаю, вакол тае смерці як ашалелае зноў мэнчыцца і круціцца жыццё.
Зялёныя палі й лугі смерці. Гляджу на гэтую будучую раскошу і прагну, каб рукі каранёў схапілі тое жалеззе, выціснулі з яго смерць, нібы ваду, хачу пустое абалонкі, няздзейсненага агню. Ачышчальнае помсты.
— Я бы хацела, каб ты напісаў пра гэта, каб яно захавалася ў вершы, — так канчаецца паведамленне.
Ну вось, напісаў.
Не ведаю толькі, захаваў ці замінаваў.


УЛИЦА ПЫЛЕСОС

усмоктваецца наваколле ў вялізную дзірку, сыплюцца ў яе цягнікі, быццам запалкі з далоні, рэйкі адслойваюцца ад зямлі, трышчаць як засцёжка, лятуць цыстэрны, вагоны, платформы проста ў туман
- - і ўстае цішыня - - -
як на пажоўклым здымку з 19 стагоддзя, выцвілы ў чаканні стаіць самотны вакзал, колькі бачыў даўнішніх віленскіх здымкаў, будынкі на іх заўсёды самотныя, збянтэжаныя, нібы з лесу выйшаўшы грыбнікі
- - і ўстае цішыня - - -
карычневая, тлустая, шчодра ўгноеная мазутам зямля, цаліна рэальнасці, памежжа, загарадная зона, Вільня адслойваецца, як старая абіўка, зеўраюць пасярод дзве драўляныя халупы, бразгаюць патрапаныя завесы
- - і ўстае цішыня - - -
тады ўжо цэгла цэгла цэгла, белая і звонкая, як косці, бетон бетон жалеза шкло, пустэча за ім простай фарбай залітая, лінолеум разеткі тэлевізары радыё кропкі
- - і ўстае цішыня - - -
дзіця ў чыгуначным парку бегае вакол вагону для жывёлаў, транзітныя рускія твары вочы ў вочы з руінамі Украіны, стары з слоікам лісічак, шыльды, парачка, толькі што ўзяўшы дозу
вецер толькі вецер той самы
- - і ўстае цішыня - - -


ЛІПОЎКА. ВЯСНА

Манатоннасць пакуе валізы, акуратна раскладае падобныя да гаспадарчага мыла дні. Неўзабаве прыйдзе святло, жарсці і клопаты. Пейзаж раскрываецца, нібы нежылая гасцёўня.
Узыдзі на Ліпоўку бадзёра — вынырнеш на вяршыні, сканцэнтраваўшыся перад выбухам: няма большае сілы ад той, што расшчапляе далонь пупышкі.
Горад наводдалі яшчэ напаўголы — зжаўцелыя за зіму іклы будынкаў цэдзяць мокры вецер, бярозы пачырванелі, амаль што чуеш, як цячэ іх сок. Ашчэрыўшыся, клацае сківіцамі сабака, жуючы першую траву.
Скончана. Усё, што вернецца — цемра, холад, смерць — вернецца няхутка. Так, усё паўтараецца, наіўны аптымісце, а пакуль што — хвілінны перапыначак, звонкі птушыны пошчак, расшчэпленая далонь пупышкі.
І, спусціўшыся, бачыш, як па вечна зялёным стадыёне ганяюць мяч два зняможаныя гульцы.


47

На ранішнім экране — колькасць загінулых, руіны. Штодзённыя клопаты і ўсё бліжэйшае падпаўзанне агню зніштажэння. Адна шаля вагаў усё больш перацягвае другую.
Удзень хадзіў з пакою ў пакой, соўгаў шуфлядкі гісторыі, разглядаў рэшткі жыцця, раскладзеныя ў цёмных вітрынах. Твары, манеты, асколкі. Твары на манетах, крычалкі. Сонечны, ясны холад эпохі.
Увечары глядзеў з Ліпоўкі на зялёную, згорбленую спіну Вільні. Горад зблажэлы ад сонца, аслеплены, млявы. Бачыў калыханне белай квецені, не падабраў да гэтага слоў. Спусціўся ўніз.
Ноч адарвала яшчэ адзін лісток. Не паспеў перагледзець, што я там у спешцы накрэмзаў.
Scroll to Top

Discover more from TAŬBIN

Subscribe now to keep reading and get access to the full archive.

Continue reading