TAŬBIN

The Uncontrolled Dream of Matter

Yanis Sinayko's poems in translations

Yanis Sinayko 

Artur Kamarouski

ph Vlada Khmel

///

калі дакранаешся да мяне, я набываю скуру. яна, сухая, тонкая і халодная, як старонкі самай выдаванай кнігі ў сусвеце, лушчыцца ля маіх межаў усімі пануючымі альфабэтамі; вабіць катаў, галаварэзаў, наймітаў, гвалтаўнікоў і іншых змагароў за мір. а словы тым часам - вострае шалупінне думак - злятаюць з вуснаў тваіх. адгукаюцца ў ва мне галоднымі шчылінамі: вушы - каб вучыцца мовам любові, нянавісці, мемам, папсовым песням, нацыяналістычным, маркетынгавым лозунгам, імперскай рыторыцы і гэтак далей. мой рот - я шкадую пра ўсё, што казаў і рабіў, калі быў галодны - гэта толькі плэер з плэйлістом для фудкорта, а для цябе я хаваю іншы, павольны язык. я кахаю, таму я жывёла. пасля цябе не мыюся, бо ўсё жывое мае ўласцівасць смярдзець самай блізкай смерцю. як кожны прагрэс - будаваць дом з касцей. ты той, хто здольны думаць пра будучыню, каменне, што ўсведамляе свой стан, чырвоныя бібліятэкі ў агні, аблокі начных аб’яднанняў; пра тое, што сусвет такі, які ёсць, бо яго акупавалі і ён так ці іначай будзе належаць нам: ніколі ізноў сваім - чужым; і памерлым, і жывым, і маргіналізаваным. ледзь саспелыя, вочы варушацца ўжо пад павекамі. целы - нібы нерухомасць нам не па кішэні.

///

крэслы пляткараць пра забітых. кнігі, закаханыя, труцца адна аб адну. ніводная нават не ўскрыкне. крадком, шуфляда душыцца клеем у поліэтыленавым пакеце. камякі пылу, учарашнія прыхадні, скачуць з паліц па чарзе. стол апусцелы падмалёўвае колцамі кавы найпрывабнейшыя рысы сваёй паверхні. кагосьці чакае. некаторыя грэбуюць мною, бо псуюся хутчэй, чым іншыя рэчы. бо мае самыя верныя таварыш_кі - перабітыя шыі навушнікаў, кубачкі з зубастымі пашчамі, расплаўленая пралка, іржавыя гантэлі, заплеснелы татаў матрас. мы тыя, хто прабілі самае дно класавай сістэмы. усе іншыя проста будуюць камунізм не з гэтага боку. мы не ўдзельнічаем у канструяванні сацыяльнай рэальнасці ўласных культур. нам бракуе хімічных рэчываў у мозгу - смеласці зажадаць. калісьці нашым спонсарам будзе хлорпратыксен. тады, пасля знясільваючай барацьбы, я першы скачуся на падлогу з рэвалюцыйным лозунгам, упадзі, зламайся, не ўставай. але пакуль што між намі стаіўся вораг, пра якога маўчаць. пад рукою ў мяне бензадыязепін. у самым вільготным куце пакоя штосьці ледзь стрымала смех. я згрызаю скуру на сваіх пальцах, абы толькі маўчаць.

///

<...>

чарговая паводка памяці. сем стымуляцый у секунду. галава - скарлупа ў гумовай шапачцы. чорны маркер вызначае межы мыслення. на правым баку цела мяне няма. на левым - хтосьці ўсміхаецца, хтосьці падміргвае, хтосьці танчыць; святкуецца не маё свята. не лялькавод і не лялька: я - сутарга. чыясьці кроў на падлозе ў чакальні. патыхае застарэлым скурным салам. дзьверы прыбіральні зачыняюцца тут толькі звонку.

<...>

я не ўстаю штораніцы. пазногці бруднейшыя, вастрэйшыя за ўсе думкі; разрастаюцца хутчэй, чым фармулююцца мае сказы. ведаеш, што я не маю ўяўлення? святло пужае мяне. я буду хавацца ад цябе - доўга, каханая - аж пакуль не звядзе нас пах адно аднаго; я скажу табе, вось падарунак мой, не варты ўвагі, глядзі на мяне, не плач.

<...>

дэрмафагія. адам, сын сабакі, дома апранаю скарпэткі на чатыры лапы. мыю толькі тыя месцы, на якія сфармаваўся сацыяльны запыт. вада, што цячэ, ніколі не знаеш, што ад яе чакаць. <...> на заходнім баку горада, дзе адна самотная вуліца з фашысцкімі татуіроўкамі ўгрызаецца ў іншую, гучна звярэе мой мозг.

<...>

зноў 2007. варажу на пальцах: любіць - не любіць. пад ногі падаюць белыя пялёсткі скуры. свет велічынёй з маю сківіцу. цвілі ўласцівыя толькі прылівы. ружа-паразіт падступае да глоткі: у яе мае жоўтыя іклы, твае зеленаватыя вочы.

<...>

кветнік на захадзе горада. чорныя люстэркі - лакаваныя боты міліцыянтаў. гвалтам раструшчанае на жываце рабочага цела, укленчыць вялікае чырвонае вока душы. не знаю, ці плакала ты. я ніколі не зведаю, хто ты. але пакуль на тым баку вуліцы ў мяне змяіцца страўніка зонд, я падміргваю.

///

важыць не больш чым два ці тры словы, якімі нас клічуць. надмора шалее. крывыя двайнікі, што абсыпалі неба, леглі пад ногі бездані, падзеленай зверам. варожая іх сустрэча, і той, хто глядзеў на яе, знікаюць у размоўленым дне - тварам камення. кветка без розуму, што распусцілася - мая галава - самлела паміж рухам пражытага й думкай. пад вочы ляглі кішэні цякучай сілы. і сутарга не скораная. чужою рукой стрымаў я абдымкі, на іншага ашчэрыўся пакорлівы сляпы элемент. у ссохлых ложках і падскурных пакоях, ці стрываеш мяне? бо звычайна ў пустэчу прыходзіць вучонымі крокамі драпежная вага.

///

несвядомы сон рэчываў. ды іншыя глыбіні салёнай карысці разумовага цела. дзе ўвага звяртаецца вязкім няведаннем да рэчаў - ад глухой празмернасці іхнага ціску. і сорам - трывога чужой радасці. што недзе за белымі кратамі прыватнага шкла селяцца ў небе шэра-заплеценыя вострыя ейныя жыцці. ёсць дурныя плёткі пад уласнай зямлёю, згаладалыя па казках бязважкіх, па прытулку думкі, што карміла дзіцячы дом. а гэта, напэўна, чэрапа смак без глыбіннай памяці - нагрувашчаны камнем на камні. існуе чорная ідэя і чорныя ейныя гульцы на падпаленых плямах старых палітычных мап. іхныя галовы пакідаюць сякеры на ўласных месцах, калі сціхае гул зброі. чырвоныя сляды пасля іх - замардаваны прамежак тканкі падгруднай цягліцы. змушаны быць назаўсёды ў сабе, абыякавы посуд вырваўся з рук на мяжы ўласнага шкла - яны ўхапіліся за цягу дзікага вока да сталай гісторыі знікненняў. хутка, дзе схопленая старасць прыроды забыла помніць сябе, будуць ляжаць безыменныя пашчы, назаўсёды расталыя пад уплывам наўмысна–распаднага ззяння.

///

і ўсе гэтыя песні, звязаныя ў жабрах твайго паднябення, па баках распаўзліся вугляроднымі косамі. кожная - гісторыя, мара пра агульную мову. здараецца, іхныя хвалі, спознена набягаюць і на маю гладкую галаву, дзесьці паміж каменнем і глеем. будзёныя футравыя ўпрыгожанні стрэсліся ў мінулыя жыцці. нашыя рукі і ногі - дагістарычныя прылады прыгнёту, любові і працы - схаваліся ў сухую зямлю. чакаюць ціхенька, калі да іх дарастуць трыбуналы трапічных лясоў. запамінанне разарвала апошнія сувязі з гукам. але нашым хвастам вядома шмат якіх рытмаў. таму і трымаецца памяць. плакоіднай лускою ўзнікаюць на скулах новыя слоўнікі. каб сказаць табе ўсё, што хацеў, я калечу свой твар.

Пераклад з украінскай Артура Камароўскага
Scroll to Top

Discover more from TAŬBIN

Subscribe now to keep reading and get access to the full archive.

Continue reading