К.: — Раскажы мне, калі ласка, у якім стане ты зараз? З кантактаў з іншымі маімі ўкраінскімі сябрамі я ведаю, што гэта самае складанае цяпер — гаварыць пра эмоцыі і пачуцці. Але гэта важна для мяне, для нас тут — для вашых сяброў, якія за вас перажываюць. Як ты?

В.: — Гэта на самой справе складана, але і сама фраза "Як ты?" стала вельмі сімвалічнай для ўсіх украінцаў. Яна — асаблівы пароль, па якім цяпер можна лягчэй за ўсё зразумець, хто шчыра хвалюецца за цябе. Таму перш за ўсё дзякую за такое пытанне, дарагая Крысціна!

Я ўвесь гэты час застаюся ў Кіеве, а значыць, так ці інакш знаходжуся на адной хвалі з родным горадам. Мы з ім аптымісты і імкнёмся адпрэчваць панічныя настроі. Мы з ім перажылі нямала страшнага (беспадстаўныя расстрэлы на Майдане Незалежнасці і іншыя цынічныя дзеянні антыўкраінскіх чыноўнікаў у лютым 2014 года — гэта яшчэ зусім свежыя ў памяці падзеі). Мы ў цэлым псіхалагічна загартаваныя. Зрэшты, навошта крывіць душой: нерваў хапала, у прыватнасці, на пачатку поўнамаштабнага ўварвання РФ. Ды і цяпер, хоць Узброеныя сілы Украіны выціснулі расійскіх акупантаў з Кіеўскай вобласці, у нас і далей раздаюцца сірэны. Фактычна ні дня не праходзіць без паветранай трывогі. Як паказвае практыка, нават паспяховая праца ўкраінскіх сіл супрацьпаветранай абароны не выключае таго, што збіты асколак варожай ракеты можа разнесці жылы дом.

Уласна, цяперашні красамоўны вобраз Кіева і кіяўлян — задуменны віяланчэліст, які грае сярод руін шматпавярхоўкі. Відэа з такім музыкам нядаўна апублікаваў паважаны Дзяніс Дудзінскі, і гэтай спробай зберагчы гармонію ў самым страшным антуражы шмат сказана пра нас.

Мы мусім трымацца і перамагаць — вось такая квінтэсенцыя майго цяперашняга ладу думак.

К.: — Да вайны ты быў адным з найбольшых папулярызатараў беларускай літаратуры ва Украіне. Зноў жа, з іншых сваіх кантактаў я ведаю, што ва ўкраінцаў цяпер складаныя адносіны з усім, што звязана з Беларуссю. Ці адчуў ты гэтыя змены? Ці змянілася нешта ў тваёй сістэме каардынат?

В.: — Праз двух звар'яцелых дыктатараў мы цяпер аказаліся ў катастрофе, якую, мабыць, любым іншым краінам-суседзям цяжка было б нават уявіць...

Гэта пакутлівая дадзенасць: многія ўкраінцы перасталі ўспрымаць Беларусь так, як успрымалі да лютага 2022 года. І сярод іх — прадстаўнікі крэатыўнай індустрыі, якія гадамі спрыялі жывому дыялогу паміж украінскай і беларускай культурамі. Такія людзі, нярэдка бывае, пазбавіліся жылля з-за ракет, выпушчаных з Гомельскай вобласці, або падвергліся іншым жахлівым выпрабаванням, якім паспрыяў самаабвешчаны кіраўнік Рэспублікі Беларусь. Гаворка ідзе не проста пра подласць і вераломнасць канкрэтнага палітыка, у якіх мы ў чарговы раз пераканаліся, але і пра вельмі вострыя асабістыя страты. Гэта раны, якія цяжка гояцца.

Што тычыцца мяне, то я з першых дзён поўнамаштабнага ўварвання РФ публічна гаварыў: не сумняваюся ў сваіх беларускіх сябрах-пісьменніках. Гэта дакладна не яны едуць на танках і абстрэльваюць украінскія гарады, а вораг у нас наогул агульны... Вядома, у мяне тады таксама было нямала эмоцый. Але цяпер хачу шчыра, вельмі цёпла і сардэчна падзякаваць усім беларусам, якія з намі трымаюць адну і тую ж лінію абароны. Сёння беларускі народ, у адрозненне ад яго нелегітымнай антыбеларускай улады, шмат робіць для перамогі Украіны. Калі ў канцы лютага з Беларусі на Кіеў рушыла бронетэхніка акупантаў, то ў канцы сакавіка сярод тых, хто адбіў чарговыя спробы наступу на нашу сталіцу, быў менавіта батальён імя Кастуся Каліноўскага ў складзе Узброеных сіл Украіны. Таму дзякуй беларускім воінам-добраахвотнікам, беларускім валанцёркам і валанцёрам, адважным партызанам, журналістам незалежных СМІ, усім беларусам, якія па ўсім свеце прымаюць удзел у акцыях у падтрымку Украіны!

Сваёй "беларускай справай" (перакладамі і даследаваннямі) мне б хацелася займацца і далей. Усяго яшчэ за тры дні да нападу РФ я хадзіў у архіў, у якім знайшоў нямала цікавага пра кіеўскае асяроддзе Уладзіміра Караткевіча. Я так мару напісаць кнігу пра гэтага аўтара! Мне так хочацца патрымаць у руках зборнікі вершаў Альгерда Бахарэвіча і Юлі Цімафеевай, якія вось-вось выйдуць. Я да гэтага часу як чытач чакаю выхаду кніг Марыі Бадзей і Ганны Шакель. Як укладальнік і адзін з перакладчыкаў я яшчэ не супраць прэзентаваць анталогію "Бум-Бам-Літу" з удзелам яе аўтараў на нейкай вельмі "бум-бам-літаўскай" лакацыі ў Мінску.

Ці атрымаецца рэалізаваць гэтыя і іншыя мары і новыя задумы? Некалькі, мабыць, так. Але пры ўмове існавання свабоднай дэмакратычнай Беларусі дакладна атрымалася б значна больш. Пасля ўсяго, што нарабіў цяперашні нелегітымны прэзідэнт РБ, гэта будзе вельмі неабходна для таго, каб ад народнай дыпламатыі мы перайшлі да поўнай нармалізацыі адносін паміж краінамі.

К.: — Паэт — вельмі тонкая субстанцыя, ён рэагуе на самыя дробныя хістанні сваёй глебы і яму не чужы любы боль Іншага. Як ты перажываеш трагічныя падзеі ў сваёй краіне?

В.: — Украінцы цяпер вымушана звыклі да "новай нармальнасці". Для мяне, на жаль, таксама сталі паўсядзённымі дэталямі роў сірэн і дрыжанне вокнаў у кватэры з-за выбухаў. Я цяпер таксама навучыўся па гуках, гучных і вельмі агідных, прыкладна разумець, што адбываецца ў паветранай прасторы.

Аднак ёсць рэчы, якія нават у такую бытавую дзікую "нармальнасць" ніколі не будуць ўпісвацца. Маю на ўвазе масавыя забойствы грамадзянскага насельніцтва ў Бучы, Ірпені і Гастомелі, наўмыснае сціранне Марыупаля, Харкава і Чарнігава з твару зямлі. І задача кожнага разумнага чалавека, у тым ліку паэтаў, — паказваць ненатуральнасць, вар'яцтва і жахлівую перакручанасць гэтых дзеянняў.

Цяпер вельмі важна гаварыць пра крохкасць чалавечнасці, таму што ў перыяд вайны яна як ніколі адчуваецца. Пра пяшчоту самой сутнасці чалавека і адначасова — пра абвостраную прагу справядлівасці, дзякуючы якой тая чалавечнасць можа імгненна станавіцца непахіснай. На гэта і накіраваныя асноўныя мае думкі, перажыванні і новыя творы.

К.: — Пасля жніўня 2020 года ўкраінскія паэты і паэткі актыўна падтрымлівалі нас, беларусаў і беларусак, у змаганні за свабоду. Ці адчуваеш ты цяпер падтрымку ад сваіх калег з іншых краін? Ці далятае да вас падтрымка ад беларусаў?

В.: — Так, безумоўна! Ільвіная доля меседжаў, якія прыходзілі мне 24 лютага, ды і раней, на працягу абвастрэння ваеннай сітуацыі, былі ад беларускіх сяброў. Таму я вельмі добра адчуваю, як падтрымліваюць мяне і мой народ усе свабодныя духам беларусы, як уважліва яны публікуюць актуальныя матэрыялы пра ўварванне РФ, як актыўна перакладаюць нашы вершы.

Ну, і не магу не падкрэсліць: сіл мне надало запрашэнне ад Лявона Вольскага далучыцца да працы над украінскамоўным тэкстам песні "Героям слава!". Не толькі таму, што без гэтага чалавека я сфармаваўся б зусім іншым і як меламан, і як паэт, і як перакладчык з беларускай. Новы трэк Вольскага — не проста рамантычны знак павагі да ўкраінскай культуры, але і прамень салідарнасці з усімі абаронцамі Украіны.

К.: — З 24 лютага я паабяцала сабе, што не напішу ні аднаго паэтычнага радка, пакуль вайна не скончыцца. Лічу, што зараз ваш час пісаць і гаварыць. Але для многіх украінцаў гэта час знямення. Ці пішацца табе? Ці ёсць што сказаць у гэтым моманце?

В.: — У журналістыцы ёсць такое паняцце — "фіксер", то-бок арганізатар падрыхтоўкі матэрыялу, які на месцы падзей дапамагае вывучыць фактаж, знайсці кампетэнтных суразмоўцаў і да таго падобнае.

На маю думку, падчас вайны паэт у значнай ступені павінен быць нейкім фіксерам, дзякуючы якому свет будзе бачыць праўду пра ўсё, чым жыве яго краіна ў гэты пераломны момант. Менавіта чалавек, які мае дачыненне да мастацтва, можа неназойліва, аднак надзвычай рэзка прыцягнуць увагу як да буйных, так і да больш дробных, прыватных драм. Верш пра вайну — гэта пазнака на Google maps, гэта раптоўны халодны душ, гэта катарсіс. Але гэта і дакумент, задакументаванае ўзрушэнне (часта з канкрэтнай датай, якая будзе нагадваць і аўтару, і чытачам пра тыя ці іншыя злачынствы ворага).

У рэшце рэшт, цяперашняя расійска-ўкраінская вайна — гэта і вельмі жорсткая барацьба за захаванне культурнай ідэнтычнасці. Не сакрэт: падманны пуцінскі лозунг "дэнацыфікацыі" , як і даўняя дактрына "рускага свету", накіраваныя на выкараненне ўсяго ўкраінскага. Таму кожная ўкраінскамоўная фраза становіцца надзейным артылерыйскім снарадам, а дарэчны мастацкі выраз — наогул трапным байрактарам.

Я невыпадкова сказаў "дарэчны". Пісьменніца Любоў Якімчук яшчэ ў 2014 годзе адзначыла: "про війну не буває поезії // про війну є лише розкладання // лише літери // і всі вони — ррр". Сапраўды, жорсткі верлібр са словамі ў прамых сэнсах становіцца больш адэкватным, шчырым, каштоўным, чым іншыя формы. І мне цяпер больш натуральным уяўляецца такое даволі мінімалістычнае пісьмо. Парадаксальная мініяцюра ў духу Станіслава Ежы Леца або Войцеха Бановіча можа быць больш ёмістай, чым паэма. У цэлым польская паэзія (ад Збігнева Герберта да "новай хвалі" і некаторых пазнейшых літаратараў) зараз імпануе мне сваёй мовай: філасафічнай, нярэдка па-майстэрску дэканструяванай, а разам з тым — сацыяльна ангажаванай і з моцнымі рытмічнымі мускуламі.

З некалькіх вершаў, якія з'явіліся з канца лютага, найбольш метафарычным, напэўна, стаў "План бамбасховішча", бо мне хацелася ў ім акрэсліць, як сучасныя мудрагелістыя, дзе-нідзе не надта для таго прыстасаваныя, хованкі ўключаюцца ў міфалогію Кіева. Для майго горада, як вядома, звыклыя розныя "бункеры": або пячоры манахаў, або змяіныя логавы... Ну а нармальны рыфмаваны тэкст у мяне склаўся пакуль адзін — гісторыя пра котку, якую я завёў бы пасля вайны і назваў бы Чарнабаеўкай — у гонар знакамітага ўжо сяла. Рыфма тут выяўляе рух іранічнага сюжэту.

К.: — Калі пачалася вайна, мы з Артурам вырашылі публікаваць на "Таўбіне" пераклады ўкраінскай паэзіі — на знак салідарнасці з вамі і як выказванне супраць вайны. Пасля мы сустракалі меркаванні, што гэта цынічна і лепш памаўчаць і нічога не рабіць, калі гэта не спыніць бомбы. Што ты пра гэта думаеш? Ці ёсць зараз месца паэзіі? Ці маюць права паэты з іншых краін гаварыць пра ваш боль?

В.: — Паэзіі заўсёды ёсць месца там, дзе ёсць месца чалавечнасці.

І, магчыма, паэзія не спыняе бомбы, але дакладна блакуе аўтаматычнасць мыслення, якая таксама можа аказацца забойчай.

Не лічы манерным кампліментам, але ты, Артур Камароўскі і ўсе людзі, якія супрацоўнічаюць з сайтам "Taubin", рэгулярнымі публікацыямі ўкраінскай паэзіі робіце велізарную добрую справу для Украіны!

Я ў курсе, што ў Беларусі ўкраіністыка ўжо дэ-факта становіцца забароненай галіной. Таму вы не толькі праяўляеце сваю падтрымку канкрэтных аўтараў, але і не дапускаеце наўмыснага ігнаравання і дыскрэдытацыі ўсёй украінскай літаратуры ва ўгоду Крамлю.

І яшчэ: Крысціна, калі ласка, не паўтарай свайго абяцання нічога не пісаць да перамогі! Мне здаецца, што, калі замежныя паэты будуць мець жаданне і магчымасць сумленна выказацца пра гэтую вайну, сама наша перамога, а значыць, трыумф дабра і чалавечнасці, будуць бліжэй.

К.: — Як рэдактарка, якая перыядычна публікуе вашы пераклады, я чамусьці ўвесь час, калі іх стаўлю, думаю пра Паўля Цэлана. Ці ёсць у цябе нейкія паралелі з іншымі часамі, з людзьмі, якія пісалі вершы, калі за іх вокнамі хадзіла смерць?

В.: — Паралель, якую я адчуваю тут і цяпер, — гэта сугучча са светам аповесці згаданага Уладзіміра Караткевіча "Лісце каштанаў".

Ведаеш, 23 лютага я засынаў у элегантным постіндустрыяльным горадзе 2022 года, а раніцай прачнуўся ў насцярожаным Кіеве 1940-х. І цяпер маленькімі крокамі, на дыбачках, разам з сапраўднай вясной у маіх родных вуліц вяртаецца больш размеранае жыццё. Амаль як пасля вызвалення Кіева ад нацыстаў падчас Другой сусветнай вайны. Амаль гэтак жа, як пасля здранцвення ад масавых забойстваў удзельнікаў Рэвалюцыі годнасці ў 2014 годзе.

Мабыць, у новай рэальнасці такой аповесці Васілька і Нонка ўступілі б у групу хакераў "Anonymous", упарта ламалі б рашысцкія сайты, а на алеі кіеўскага велатрэка ў паўзах паміж паветранымі трывогамі маглі б набіраць на смартфонах вершы пра вайну. І, можа, узненавідзелі б навакольныя маўклівыя каштаны за асацыяцыі з навінамі пра Бучу і Ірпень, якія тады асэнсоўвалі сярод гэтых дрэў...

Дарэчы, ты заўважыла? "Лісце каштанаў" — ледзь не самы вядомы літаратурны твор пра беларускага дабраахвотніка ва Украіне.

К.: — Што для цябе верш зараз? Я ведаю, што ў нас пасля 2020-га ў кагосьці гэта была тэрапія, у кагосьці — дзённік, хтосьці вершам фіксаваў сябе і час, як адбітак у гіпсе. Збольшага — рэакцыя, але ніколі — рэфлексія. А як у вас?

В.: — Мы пражываем момант, калі ўсё адбываецца на мяжы магчымага. Сама рэальнасць бывае больш неверагоднай за мастацкую выдумку. Без сумневу, гэта спараджае патрэбу адрэфлексаваць свет і выгаварыцца пра яго хоць бы імпульсіўна, на адным дыханні.

Паўтаруся, у выніку можа узнікаць пэўны дакумент, псіхалагічны і гістарычны. Але тое, што гаворка ідзе пра адбітак у гіпсе, як ты кажаш, не змяншае тэрапеўтычнага, дзённікавага, разважальнага і іншых вымярэнняў.

К.: — Памятаю твой "Мінскі цыкл" і верш для "Фэста аднаго верша". Падаецца, Мінск стаў для цябе важным горадам. Для мяне такім горадам ёсць Кіеў, у якім я вельмі хацела б яшчэ калісьці пабываць. Як ты думаеш, гэта магчыма? Ці зможам мы калі-небудзь зноў усталяваць страчаныя сувязі?

В.: — Крысціна, гэта найпрасцейшае пытанне!

Значыць так, у нас прынята выбудоўваць планы на час пасля перамогі. Таму давай адразу дамовімся: калі Украіна перамагае ворага, ты прыязджаеш у Кіеў, сустракаемся ля выхаду з метро "Золоті ворота", бяром па вялікім кубку капучына насупраць помніка Яраславу Мудраму і ідзём да дома, дзе жыў Караткевіч, а потым — адпраўляемся ў іншыя кварталы старога горада.

Як чытач і перакладчык я вельмі мару ўбачыць твае кіеўскія вершы!
Ну а ты можаш запрасіць мяне ў Мінск, свабодны і дэмакратычны, пасля вашай перамогі. Я ахвотна прыехаў бы і, магчыма, прэзентаваў у музеі Багдановіча свой паэтычны зборнік "Long Play", у які ўвайшоў "Мінскі цыкл".

Карацей, заклікаю ўсіх як да канструктыўных калектыўных мар, так і да іх паступовага дзейнага ўвасаблення.

К.: — Калі мы з табой дамаўляліся наконт інтэрв’ю, ты сказаў, што недастаткова робіш для перамогі. Што для цябе было б дастатковым? Што мусіць рабіць паэт падчас вайны?

В.: — Не толькі я, але і многія мае знаёмыя перажываюць праз тое, што недастаткова робяць для перамогі, хоць прыкладаюць намаганні да яе набліжэння.

На самой справе я пакуль застаюся карысным для сваёй асноўнай працы і сваёй краіны як чалавек, які працуе са словам. А мая праца далёкая ад бесклапотнасці.

Агулам мы жывём ва ўмовах ваеннага становішча. Няма такой ваенна-ўліковай спецыяльнасці — "паэт". Шэраг маіх сяброў і знаёмых — паэтаў, у тым ліку дзяўчат, ужо мабілізаваныя. Павер: пасля доўгіх чэргаў у ваенкаматы і знаходжання ў рэзерве яны чакалі магчымасці скласці прысягу з не меншым натхненнем, чым выдання новай кнігі. Іх творчы працэс трансфармаваўся ў нешта бясконца каштоўнейшае і істотнейшае. Таму менавіта яны маюць найбольшае маральнае права выказвацца на тэмы паэзіі і вайны.

Вось што я меў на ўвазе ў той нашай размове.

К.: — Адным з галоўных наратываў, якія пануюць у любы ваенны час, ёсць расчалавечванне: кожны з бакоў канфлікту бачыць у іншым цэль, якую трэба знішчыць любым шляхам. Парадаксальным чынам украінская уладная вертыкаль імкнецца пазбягаць наратыву нянавісці, і гэта тое, чым я абсалютна шчыра захапляюся. Як жыхарка краіны, з якой на вас ляцяць бомбы, я разумею, што вы маеце поўнае права нас ненавідзець. Як чалавек, якая ніколі не падтрымлівала гвалт у любых яго праявах і паслядоўна выступала супраць дыктатуры, я адчуваю вялікі боль ад фраз пра тое, што няма “харошых” (і расейцаў, і беларусаў), пра баязліўцаў і няздар. Балюча, калі гэта "прылятае" ад "сваіх". Якая твая пазіцыя на гэты конт? Ці мусіць быць у нянавісці нейкая мяжа?

В.: — Мушу сказаць, што і ў мяне, і ў большасці ўкраінцаў цяпер прынцыповая пазіцыя: размовы пра "харошых рускіх" абсалютна не да часу. Гэта не звязана з нашым расчалавечваннем — гэта выклікана нечалавечымі дзеяннямі нашага ворага. Думаю, пасля шматлікіх фота- і відэаматэрыялаў з вызваленай ад рашыстаў Кіеўшчыны свет зразумеў, што РФ імкнецца жорстка знішчыць усё насельніцтва Украіны. І гэта не персанальнае злачынства Пуціна. Па-першае, гвалтавалі жанчын, забівалі маладых мужчын і дзяцей, душылі танкамі дзядуляў на роварах сотні радавых расійцаў. Па-другое, такое адбываецца ўжо не ўпершыню ў гісторыі расійска-ўкраінскіх адносін: раю зацікаўленым пачытаць пра Батурынскую трагедыю 1708 года. Не змяніліся ні мэты, ні метады, ні расійскае грамадства, у асноўнай масе заражанае агрэсіяй, шавінізмам і пакорай ў дачыненні да самых маленькіх кіраўнікоў.

Я не абвяргаю існавання маральных расіян. Але цяпер яны аказваюцца маўклівымі саўдзельнікамі разбэшчаных забойцаў. Задача такіх асоб, не пазбаўленых сумлення, — узяць на сябе адказнасць за пабудову новай Расіі, дэмакратычнай і чалавекацэнтрычнай. Такой, што гатовая пакаяцца за злачынствы РФ і назаўжды пазбавіцца перавагі ў дачыненні да Іншага: ад непаліткарэктных анекдотаў пра чукчаў і ўкраінцаў да практык адкрытага генацыду. Толькі тады, калі ўсё гэта ўдасца, можна было б думаць пра вяртанне тэрміна "харошы рускі" ў абарот. Аднак рэальна праз няспыннасць РФ у здзяйсненні ваенных злачынстваў я не бачу, не адчуваю ў сабе сіл для талерантнасці ў дачыненні да расійцаў, па меншай меры, на некалькі дзесяцігоддзяў. Сцвярджаю пра ўсё гэта як "неанацыст", ад якога расійцы прыйшлі вызваляць маю краіну...

Сябры-беларусы, улічыце, калі ласка, урокі Украіны 2014-2022 гадоў. Мне балюча чытаць паведамленні сяго-таго з вас пра нібыта несправядлівасць санкцый у дачыненні да "простых расійцаў" і пра Пуціна як адзінага вінаватага ў смерцях "простых украінцаў"... Зрабіце лепш маленькую добрую паслугу: распаўсюдзьце спасылку на відэазапіс з лекцыяй не Дзмітрыя Быкава, а Ярыны Цымбал, Расціслава Семківа або Багданы Раманцовай, на "Kult: Podcast" Таццяны Агарковай і Уладзіміра Ярмоленкі, падкаст "Станцыя 451" Аляксандра Міхеда. Не на праграму Дудзя, а на чарговы эфір Яніны Сакаловай або іранічнага "Телебачення Торонто", над якім на самой справе працуюць некалькі найкруцейшых дзяўчат і хлопцаў у Кіеве.

У той жа час мне не здаецца, што словазлучэнні "харошы рускі" і "харошы беларус" раўнацэнныя. Шчыра кажучы, калі б ты не сфармулявала пытанне менавіта такім чынам, я б, мабыць, наогул не наткнуўся на вызначэнне "харошы беларус". Ва Украіне так не гавораць — напэўна, таму, што ў нашай карціне свету беларусы атаясамліваюцца ў асноўным з чымсьці добрым ці хутчэй нейтральным. Пра катэгарычна нядобрых, дрэнных беларусаў не вельмі і гавораць. Магчыма, таму што мы іх таксама называем "лукашыстамі".

Праз розную ментальнасць, асабліва ва ўспрыманні ўлады, і гістарычны досвед, а таксама подласць самаабвешчанага прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у цяперашні час не сціхаюць дыскусіі паміж украінцамі і беларусамі. Але ў перспектыве не можа быць нашым ворагам народ, у якога адсутнічаюць імпульсы да захопніцкіх замашак і з якім мы разам давалі адпор нападніку яшчэ ў часы Аршанскай бітвы.

Раней я казаў пра асабістыя раны многіх украінцаў, і наперадзе ў нас з вамі відавочна вельмі няпросты дыялог. На ім дакладна будуць гучаць тэзісы, непрыемныя для беларусаў. І ў асноўным іх будуць агучваць людзі, якія маюць маральнае права на вострыя заўвагі, у тым ліку маладыя паэты і паэткі, якія страцілі здароўе на вайне.

Думаю, што новы досвед, сумесная барацьба ў шэрагах УСУ, будучая перамога Украіны, у якую мы верым, паскорыць працэсы пабудовы свабоднай Беларусі. Гэта і будзе самым важкім і пераканаўчым завяршэннем усялякіх дыскусій.

К.: — У мяне няма ніякіх сумневаў, што перамога будзе і яна будзе за вамі. Самым распаўсюджаным жаданнем, якое я бачу ва ўкраінцаў, акрамя, канешне, вашай перамогі, ёсць жаданне наведаць тую ці іншую мясцовасць, калі ўсё скончыцца. Ці ёсць у цябе планы на пасляваеннае жыццё?

В.: — Такая дзіўная штука: я абараніў дысертацыю па ўкраінскай паэзіі 1910–1930-х гадоў, гэта значыць "расстралянага адраджэння", працаваў у кіеўскіх архівах з дакументамі тагачасных харкаўскіх мастакоў, аналізаваў, як складваўся вобраз Харкава — першай сталіцы Украінскай ССР. Але — о жах! — неяк так усё складвалася, што пабываць у Харкаве да гэтага часу не атрымалася. Мяне крыху апраўдвае тое, што маёй асноўнай тэмай быў кіеўскі урбаністычны тэкст у літаратуры, аднак пасля перамогі я проста абавязаны паехаць у гэты гераічны горад.

Яшчэ мяне неверагодна захапляе супраціў херсонцаў акупантам. Я наведваў Херсон адзін раз і вельмі даўно, затое запомніў яго дзякуючы каларытнай фразе мясцовых: "Не треба козлячити!" Чамусьці думаю, ёю там цяпер таксама могуць троліць расійцаў, не горш чым сентэнцыяй пра "ваенны карабель". Хачу вярнуцца ў гэты вельмі атмасферны мяцежны горад на поўдні.

Ну, а з планамі па нашай прагулцы па Кіеве мы дамовіліся, праўда ж?..


Фота на вокладцы — Насты Анцімонік

Украінскі паэт Вячаслаў Лявіцкі: Цяпер вельмі важна гаварыць пра крохкасць чалавечнасці
Ідэя гэтага інтэрв’ю прыйшла мне ў галаву нечакана. Гаварыць пра Украіну важна і трэба, але ніхто не зможа сказаць пра яе і пра вайну сёння больш, чым самі ўкраінцы. У многіх з нас Украіна застаецца ў сэрцы геніяльнай лірыкай пейзажаў, ландшафтаў, гарадоў, людзей. Менавіта пра гэта — пра паэзію ваеннага часу і пра многія іншыя важныя рэчы мы пагаварылі з украінскім паэтам і перакладчыкам Вячаславам Лявіцкім.


Фота: З. К.