TAŬBIN

Без сонца жыць я не хачу

Пераклады вершаў расстралянага ўкраінскага паэта Міхайля Сэмэнко

Міхайль Сэмэнко

Авангардныя 1910-1930-я гады мінулага стагоддзя былі багатыя на выбітных асоб, пра якіх сёння сказалі б “не такія, як усе”. Менавіта “не такім” быў Міхайль Сэмэнко — чалавек-легенда, чалавек-глыба, чалавек, які ўвасабляў сабою ўкраінскі футурызм. Ён умеў спалучыць неспалучальнае: тонкую лірыку пачуццяў і энергію разбурэння звыклага — мовы, слоў, сэнсаў. Тое, што атрымлівалася ў выніку, заўсёды было выклікам, і таму не дзіўна, што Сэмэнко любіў маніфесты. У некаторым сэнсе, усё, што ён рабіў, было маніфестам.

За 45 гадоў жыцця Міхайль Сэмэнко напісаў і выдаў каля трыццаці кніг — у асноўным эксперыментальнай паэзіі (але былі спробы ў драматургіі і аўтабіяграфічнай прозе). Гэта агромністая спадчына, якая стала вяртацца да свайго чытача толькі ў познім СССР і належным чынам не расчытаная і сёння. Але не толькі сваёй творчасцю важны Сэмэнко. Ён фактычна “зрабіў” футурызм для ўкраінскага культурнага поля — з маніфестамі, праграмай, канцэптуальнасцю і паслядоўнікамі. Шматлікімі паслядоўнікамі. За ім пайшлі Геа Шкурупій, Олекса Влызько, Мікола Бажан і іншыя. Спачатку “новая генерацыя”, а пасля — і “маладая генерацыя” таксама, якой, праўда, не далі падняцца і ўзляцець гэтак жа высока.

23 красавіка 1937 года ў Кіеве прайшоў творчы вечар Міхайля Сэмэнко, а праз тры дні яго арыштавалі. Пісьменніку інкрымінавалі актыўную контррэвалюцыйную дзейнасць. 23 кастрычніка паэт быў прысуджаны да вышэйшай меры пакарання на падставе прызнанняў удзелу ў міфічнай “Украінскай фашысцкай арганізацыі”. Ужо на наступны дзень, 24 кастрычніка 1937 года, паэт быў расстраляны ў адной з кіеўскіх турмаў. Вядома, што ў расстрэльным спісе ён займаў 37-е месца. Верагодна, у тую ноч ён бачыў і чуў, як расстрэльвалі іншых. Пасля расстрэлу ўсе целы былі вывезеныя ў Быкаўнянскі лес, які ў перыяд з 1937-га па 1941 год быў украінскімі “Курапатамі” — месцам таемнага пахавання ахвяр масавых палітычных рэпрэсій.

Сёння гэты ўчастак, дзе схавалі целы ахвяр той ночы, адзначаны мемарыяльнай дошкай, прысвечанай Міхайлю Сэмэнко.

IN

Жанчына якая аддаецца нячаста
і таіць у сабе стрыманасці красу —
нібы табе самому — кажа — што сваё каханне
я табе — я табе нясу
і чаму толькі мне — не знаю я —
здзіўляюся — не разумею — не веру ёй —
і яе жыццё — і сваё з плямамі —
сумна і моўчкі змераю —
і навошта мне — яшчэ адна
і навошта — балючая — мне — рана
і хочацца каб то была апошняя
і хочацца каб яна была апошняя...


Сёння

Я сёння палю і палю папяросы
Я сёння маркотны
Я сёння маркотны я сёння
смяротна маркотны
Бо люблю яе косы

Зачарованы сонным месяцам вечар заціх
Дзе самоціць наш парк
Я сёння не там ах я хачу ў парк
Хачу быць гаваркім

Але буду маўчаць пакуль прыйдзе чацвер
Колькі знуджаных дзён
Не магу жа я першы — які цяпер дзень
Месяц вечар знямеў

За адною — адна — я палю папяросы
Я сёння маркотны
Я сёння смяротна смяротна маркотны
Я люблю яе косы


***
Находзіць сум і сэрца б'ецца,
Гады старыя як успомню.
Пусці — адразу панясецца,
Куды — не ведаю, на злом
Глыбока ў неба серца рвецца,
У шырокі моліцца разлог.


Сонцакроў

Без сонца жыць я не хачу
Стрываць не можна мне халодных ліхтароў
Я сонцакроў люблю і кровасонца
І зноўку сонца ў кровафарбах маляроў
А як затуліць хмара маё сонца
Дык не застыне мая кроў тады
Яна гарыць, палае й рве ахвоча
Каб вольнай быць ад полымя і ад вады
Яна бярэ мяне і мы імчым угору
І сонца сустракаем зноў
Крычым:
Сонца
Здароў —
Шле табе прывітанні бунтарны Сэмэнко!


П'еро кахае

Я маўчу
Да ціхіх затокаў сваёй душы прыслухоўваюся
Пра што маўчу не прызнаюся не прызнаюся
Я сумны
Я сумны
Я сумны
Бо нешта сціскае душу як кашмар знявідны
Я вясёлы
Бо ў смутку ёсць бяссмертнае пялёсце

Я не хачу быць лістом асенне-сатлелым
Не хачу пра зіму ўздыхаць увосень
Хачу быць смелым
І чакаю вясны

Хачу быць у парку і любай чытаць Верлена
Хачу кружыцца я з ёю ў пары ў гурме
Багні́на накцюрнаў Шапэна
Душу яе зразумець

Хачу заплюшчыць вочы мацней мацней
Душу сваю адчуваць струнчэй струнчэй
Я люблю
Я люблю
Я люблю

Я маўчу
І да ціхіх затокаў сваёй душы прыслухоўваюся
Што чую — я ў душу табе ўвалью
Я прызнаюся.


Покліч вякоў

Кліча мяне да стальных абрысаў
і мастоў бетонных,
Да ланцуговых парэнчаў і каменных барыкад,
Прыме мяне ў сваю пашчу гнеў
абыякавы і незлапомны,
І стане доля бяссільна кола — спаянае —
размыкаць.

І чорныя коміны размалявалі неба
пякельным зместам,
Прынадным лесам падкрэсліваюць краявід.
Рытмічныя птушкі,
рассыпаючы сляпучую сталь над местам,
Прагнуць эфір, пазбаўлены метафізікі,
разбурыць.

Клічуць мяне жалезныя гамэрні і безупынная гаманіна
Вялікіх натоўпаў,
што рухаюцца пад бетонным узвышшам.
Клічуць мяне паэмы, дзе не хвалююць душу
успаміны,
Дзе ўсе інтарэсы й намеры перасякліся накрыж.

Пераклад з украінскай Евы Арловай.

Для вокладкі публікацыі выкарыстана фота Fethi Benattallah (крыніца: Unsplash).
Scroll to Top

Discover more from TAŬBIN

Subscribe now to keep reading and get access to the full archive.

Continue reading