Вільгельм Гараўскі (19.04.1908 – 27.08.1937)
Прозьвішча Гараўскі вядомае ў мастацкім сьвеце. У ХІХ стагодзьдзі жылі й працавалі мастакі Іпаліт, Апалінар і Гіляры Гараўскія. Раней лічылася, што расстраляны ў 1937-м пісьменьнік-маладняковец Вільгельм Гараўскі — не інакш як родны ўнук акварэліста Гілярыя.
Насамрэч усё ня так. Ягонае сваяцтва з мастакамі было такім далёкім, што невядома нават, ці здагадваўся пра гэта сам Вільгельм. Але нейкі мастацкі ген ад далёкага агульнага продка, відаць, атрымаў і ён. Вільгельм Гараўскі таксама любіў шпацыраваць з альбомам і рабіць замалёўкі з натуры, а ў апавяданьні... не, у этудзе (менавіта так ён абазначыў гэты твор) "Сон" падрабязна, амаль на мяжы з плыньню сьвядомасьці, адлюстраваў творчыя памкненьні маладога мастака. "Трудна распазнаць, дзе канчаецца сапраўднасьць і пачынаецца сон звадлівы..." — пісаў схільны да вобразнай перадачы эмоцый В. Гараўскі. Сучаснікі неаднойчы адзначалі яго "прыгожы стыль" з "моцным налётам імпрэсіянізму".
Пісаў Вільгельм Гараўскі на дзьвюх мовах: беларускай і польскай. І больш прозу, чым паэзію. У нешматлікіх вершах ён дзесьці тонка вытрымліваў той свой імпрэсіянізм, а дзесьці заглушаў яго гулам трактароў і поклічам піянэрскіх горнаў. Але найлепшае ў ягонай творчай спадчыне — гэта, відаць, усё-ткі беларускамоўныя імпрэсіі, якія вельмі нагадваюць вершы ў прозе.
Віктар Жыбуль
Ноч у вёсцы
Ціхі пакой ахінаецца цемрай,
блякла міргае агеньчык газоўкі:
кідае жоўтыя плямы на сьцены,
сьвеціць на столік, паперу, алоўкі.
Ноч у акне і пахмурная восень,
вые віхура амаль ільдзяная,
б’ецца аб шыбы, дзіка галосіць,
енчыць, шалее і недзе канае.
Кроплі зьвіняць і на шкле застаюцца —
плаўна, бы сьлёзы, сьцякаюць накатам,
сьцішна дадолу сплываюць і б’юцца —
быццам у пырсках купаецца хата.
Страшна галіны над вокнамі віснуць, —
бы канцавіны выпроствае прывід, —
зловяць, здаецца, за шыю і сьціснуць...
Ды застываюць у кволым парыве.
Нікнуць хвіліны павольна і ціха,
мерна цік-так адбівае гадзіньнік,
стогне віхура з плачам і ўздыхам,
штосьці шукае ў глухіх далячынях.
Жывіцца ноч непагодай, слатою,
брудам і подыхам лютай віхуры,
золкім дажджом, чарнатою густою,
голых галінаў усьмешкай панурай.
[1929]
Звон і горн
Агромністы звон на касьцёльнае вежы
Вісеў цягам доўгіх стагодзьдзяў.
Ягоная слава сягала ў замежжа,
Хвала красавала ў народзе.
Паводле нядзельнай сваёй завядзёнкі
Залазіў дзядок на званіцу,
І гук разьліваўся пануры і звонкі,
І хтось падыходзіў маліцца.
З гадамі звановая песьня заглухла:
Сівы дзед зрабіўся і кволы.
Ды ўнука ён меў — неўгамоннага зуха
З шчасьлівай усьмешкай вясёлай.
Здаровы той рос, загарэлы ад сонца,
А ў час адпачынкавы, вольны
Занурваўся ў кнігі, чытаў іх бясконца —
Ня крочыў да вежы касьцёльнай.
Склікаючы моладзь да працы напорнай,
Сыгналам паветра ён рэжа.
Прыемней, відаць, для яго гукі горна,
Чым звон на пахіленай вежы.
[1929]
Пераклад з польскай Віктара Жыбуля
Скрыпка
Змоўкніце!
Ня плачце, струны. Вы плакалі ўсю ноч. Калі на небе чарнелі хмары. І нават калі на ўсходзе ружавеў дзень.
Часам і цяпер пробуеце плакаць вы голасам маіх успамінаньняў аб тым, калі на небе хадзілі хмары. Вы ўвабралі ў сябе ўвесь сум і ўсю скаргу і цяпер хочаце раніць маё сэрца. Вы навязваеце балючыя ўспаміны.
Ня трэба! Сэрца ня будзе плакаць. Ня плачце, струны!
___________
Кожны вечар яна прыходзіла на бераг ракі. І мы сустракаліся там. Я доўга ўглядаўся ў глыбіню яе бяздонных вачэй і бачыў у іх мільёны вялікасных зор. Яна сьпявала мне; і гаварыла яна шэптам трывожнага лісьця.
Я кідаў ёй пад ногі ружовыя кветкі сваіх палахлівых дум і мары свае сьплятаў з шоўку яе валос, і шоўк гэты пераблытваўся з маімі лятуценьнямі ў клубок перажытых шчасьлівых хвілін. Я ўпрыгожваў яе сваімі жаданьнямі і ахіляў квяцістасьцю свайго каханьня. Срэбрам раньняй расы цалаваў яе вусны.
Яна йшла ад мяне, калі на небе тухлі зоры.
А я заставаўся і адзін сустракаў усход сонца.
Сонца поўніла мяне вялікаю радасьцю, і ўсё-ж варушыўся ў ёй смутак, што пайшла яна ад мяне.
Ня плач, скрыпка, — плач твой гаворыць мне аб тым, як яна адыходзіла ад мяне.
___________
Ня плач, скрыпка. Бо яшчэ нешта большае ты нагадваеш мне.
Я хачу забыцца пра жудасьць мінулае ночы. Я ня хочу, каб хмары плавалі ў небе маіх успамінаньняў.
Няхай твае струны зьвіняць гулам перамогі.
Няхай твае струны зайграюць мне бурную песьню, ад якой-бы віхрылася маё сэрца.
Мае вусны пяюць шчырую радасьць! Мяне вабяць узораныя загоны.
Я доўга ўглядаюся ў іх, і гэта цешыць мае вочы.
Я гляджу, як сухі быльнёг на мяжы лашчыцца пад чорнай скібай.
О, Маці Зямля! — шэпчуць мае вусны, — колькі ты выпіла людзкіх сьлёз і нядолі сваімі грудзьмі!
Я гляджу, як калосіцца рунь сёнешняй радасьці тварэньня для вялікай будучыны.
Гучэце, струны, бурныя мэлёдыі мае радасьці!
28-V–27 г. Вёс. Сенажаткі.
Вільгельм Гараўскі. Ня плачце, струны!
Вершы расстралянага беларуска-польскага паэта Вільгельма Гараўскага ў перакладзе Віктара Жыбуля