TAŬBIN

Я буду першым з самых першых

Вершы рэпрэсаванага паэта Змітрака Астапенкі

Змітрок Астапенка

Як мала, мала ў нас расчытаныя тыя, іншыя, з таго часу, у якім слова было подзвігам, праклёнам, прысудам. Але што чытаць, куды глядзець, калі шмат чаго спалена, страчана, знікла разам з аўтарамі ці пыліцца ў архівах? Вось так і з вершамі Змітрака Астапенкі, якія магчыма было знайсці і пачытаць у 70-я, іх перавыдавалі на пачатку 90-х, але з таго часу ўжо столькі вады выцякла, што і кніг тых не знайсці.

Змітрок Астапенка — фігура загадкавая і вельмі неадназначная, ягоны лёс сам па сабе як кніга. Прычым кніга, у якой наўрад ці будуць кананічна “добрыя” і “дрэнныя” персанажы. Не будзе там і хэпі-энду — як не магло яго быць ні ў кога з тых часоў, каго перастрэлі на шляху супрацоўнікі НКУСа і вайна. Астапенку напаткала і тое, і другое — і хто яго ведае, якімі сцежкамі-дарожкамі яны разыходзіліся.

Але тое пра аўтара — а ён, як вядома, не раўназначны сваім вершам. Ёсць у Астапенкі тэксты, якія па-добраму здзіўляюць — небанальнымі думкамі, рыфмамі, якіх не чакаеш, здольнасцю паміж непазбежных лозунгаў і штампаў уставіць яркі вобраз, які дакладна запомніцца. Ёсць тэксты, якіх лепш не бачыць, канешне — але яны таксама маюць права на існаванне, бо без іх карціна была б няпоўнай, менш багатай на фарбы і іх адценні.

У 1933 годзе ў Змітрака Астапенкі мусіў выйсці зборнік вершаў “Як шум дажджу”, у якім паэт сабраў тое, што напісалася за 1930-1932 гады. Але так і не выйшаў — “забракавалі”.

Зборнік не выйшаў — а вершы засталіся, і там ёсць што пачытаць. Напрыклад, вось такую частку:

***
Высокі дом, шчаслівы дом
Рукой сумленнай майстра зроблен.
З высокіх яблынь звоняць кроплі
Увечар за яго вакном.

Пасля дажджу такая радасць
Прайсці праставалосым сад.
Няспынна пахне палісад
І спеюць агуркі на градах.

Я зноў прыйшоў у гэты дом.
Тут будзе спын маім шуканням.
Навала шумная з дажджом
Над ім заціхла на змярканні.

Нікога ў ім цяпер няма,
Нікога й не было, прызнацца.
Супольнікаў сваіх па працы
Я зроду жаднага не маў.

Яны прайшлі, як шум дажджу —
З тым разышоўся, той – памершы...
Я зноў сам-насам тут хаджу,
Выношваючы ў думках вершы.

Увечары, калі ў сад
Ўрываецца наземны вецер, —
Пішу на той жа самы лад
Пад лопат яблынкава вецця.

З героямі маіх паэм
Цяпер ніколі я не ладжу...
Яны супроць адменных тэм...
...Ўвесь повен сад глухога плачу
Дажджу свінцовых кропляў...

Вось
Я зноў адзін з сабой сам-насам.
Самота нялюдская скрозь,
Ажно задумаешся часам.

Глыбокай ноччу нада мной,
Здаецца нехта ў белым стане...
Сад пахне шалаю вясной
І белы месяц на паркане.

Магчыма, гэта зноўку тая —
Ў звычайныя прыйшла часы
І гладзіць ціха валасы,
І тое, што пісаў, чытае.

Я зноў спакойны. Нада мной
Той самы свет, якім быў зроблен.
Сад пахне даўняю вясной,
Усе дрэвы ў шуме звонкіх кропляў.

Даволі позна. Ўсе ўжо спяць.
І я ізноўку ў сваіх вершах
Не адступаю ні на пядзь
Ад светлых дум маіх найпершых.

Да позняй ночы прахаджу,
Наскрозь запоўнены, шчаслівы...
Усё ідзе, як шум дажджу,
Як светлых вёснаў цёплы лівень.


Песня

А сонца заходзіць, сонца заходзіць
За морскую сінь, за дальнія горы.
Ударыў мне ў вокны вораг мой, злодзей —
Думка мая,
песня мая, —
даўняе маё гора.

Не руш мяне,
не руш мяне,
нядобры мой госць.
Я аддаў табе ўсё, што было і што ёсць —
Кроў сваю, сэрца сваё —
за голас твой срэбны,
бо ні сэрца, ні кроў без цябе не патрэбны.

Весела мне, весела...
Ой, як весела...
Песня мяне мучае, не дае спакою:
- На дубовым суку маці люльку павесіла, —
Спі, сынку, спі...
Махнула рукою.


Прыляцелі вятры, ліхія вятры,
Ударылі ў бубен вясельны.
Адзін з-за марэй,
другі з-за лясоў,
трэці з сыпучай пустэльні.

Як жа пакінуць мне гэтую песню?
Хочу забыцца, а выходзіць не тое.
Позірк зрабіўся такім балесным,
Сэрца, адно, маладое.

Неба ўбіраецца ў барвовы колер,
Дужае, крывавае перад заходам...
Песні мае, думкі,
за што, за што такое
хочаце мяне вы даходаць?

Песні мае ад вясны маладзейшыя,
Сны ім трызняцца зорныя...
Зноў мне прыснілася тая дзеўчына,
Статная, на выгляд пазорная.

Дзеўчынка мая пазорная,
Тоненькая, як былінка,
Што глядзяць твае вочкі зорныя?
Хто цябе сюды паклікаў?

У сяброў маіх ёсць
Запал, маладосць
(Як і ў людзей — звычайная),
А я, мая дзеўчынка,
я зусім адзін.
Адзін, адзін да адчаю.

Я па струнах удару — загавораць яны,
Я такое пайду зайграю
Па сцежках вясны,
па сцежках вясны,
па сялібах нашага краю.

Ідзе вясна,
На ўвесь свет вясна.
Гавары, струна,
Не маўчы, струна.

Радасць не згублена,
Шчасце ёсць.

Будзь здарова, мая маладосць!

(май 1931 – жнівень 1932)


На шчасце песень

Прымі мяне ў свае абыймы,
Непераможнае жыццё!
Рукамі дужымі, грубымі
Расклаў я светлы мой касцёр.

На вогнішчы яго вясёлым
Дрыжыць мільённы шумны смех —
Аб чым прыснілі мае сёлы,
Зямлёй натруджаны лямех.

Гняла пачварная прытуга
У моры згадак і надзей.
На шчасце песень цвёрдасць духу
Я не згубіў між дробных дзей.

Збярогшы песень белы статак,
Прайду, як сон мае зямлі.
Пакіну іншым сотні згадак,
Як тыя, што да нас прайшлі.

Начэй не сплю ў глухую бессань
З усімі разам і за ўсіх.
А сэрца ў тым жа ладзе б'ецца,
Як б'ецца ў сяброў маіх.

Я буду першым з самых першых
І сынам сонечнага дню,
Аддаўшы краю ў шчырых вершах
Сваю сумленную данню.

Жнівень 1932


Запалім люлькі

Грызці хлеба чэрствую скарынку,
Запіваць вадой халоднай, потым —
Люльку запаліць і безупынку
Хрыпам бавіцца яе сухотным.

Хараство. Ніхто не наракае
І ніхто не мае жаднай справы
І часіны надышла такая,
Што ўсё зрабілася яскравым.

Жаднага сябра свайго ня ганю —
Усе яны, бясспрэчна, чалавекі...
Стаў спакой на ўзрушаны прыганак,
Хітра жмурыць тонкія павекі.

Гэта ўсё, канешне, паміж іншым
І не вартае, нарэшце, ўвагі...
Вось і вечар прылятае – сіньшы
Вечароў на ўзваллях Аю-Дага.

З цішынёй апушчаных фіранак
І знаёмы з нашаю тугой —
Нашы болі дробныя і раны
Як ніхто ўмее ён загойваць.

Цішыня... адзінае ў прыродзе,
Што паслухаць, зрэшты бы, і варта.
Праўда, я з сабою сам не згодзен,
І таму пускаюся на жарты.

Смейцеся! У смеху ёсць здароўе —
У смеху звонкім, радасным, яскравым.
Каб крыві ўзняўся пругкі ўзровень,
Каб на шчоках ружамі зайграў ён.

Я смяюся і ў сваю гаворку
Уплятаю здзек халодных кпінаў.
Калі хочаце, на сэрцы горка,
Быццам нешта блізкае пакінуў.

Гэты боль ніяк не зразумець мне
І ніяк не ўцяміць гэту горыч —
Проста шкода, што сяброў не мецьму
І ніхто са мной не стане поруч.

Калі б трэба – ў твар звычайнай смерці
Я б зірнуў спакойнымі вачыма.
Але і ў дзівацкім гэтым сэрцы
Б'ецца радасць за сваю айчыну.

Мне, прызнацца, каяцца дарэмна
З даўняе пары ўжо абрыдла —
Што прысніў далёкі ход Трырэмы
І шырокі ўзмах наземных скрыдлаў.

Люльку запаліў я паняверцы,
І дыміцца з ціхім хрыпам люлька.
Я прыслухаўся да сэрца – сэрца
Б'ецца важка ў грудзёх і гулка.

Значыць землі знойдуцца Калумбам,
Хоць яшчэ – няскора і далёка.
І ў надхмар'і гордым і галубым
Заклікальны мкне арліны клёкат.

Чэрвень-жнівень 1932


Пра думку гэту

Прыношу думы з сотняй ілюстрацый
Глухога болю.
З усіх, з усіх хацеў бы насмяяцца,
З сябе найболей.

Хутчэй, хутчэй праз слабасць і мізэрнасць,
Шалёным тэмпам!
Ў цяжкіх снапох не выбіць песень зерні
Халодным цэпам.

Віецца шлях і вольна, і нястрымна,
Якая шырач!
Патрэбна нам глыбокая інтымнасць
І ў песнях шчырасць.

Ў дурное сэрца зазірнеце гэта,
Яно раскрыта.
Яно за нас, за вольны край саветаў,
За нашы рытмы.

Яно не здраджвала, не прадавала,
Яно не лгала.
Шуміць, ідзе нястрымная навала
Над земнай галай.

Ёсць заклік ваяўнічым ратам,
Гул перуновы.
Душа гудзе распаленым набатам,
Шумуюць словы.

Мы з любых песень пазмывалі плямы,
Сон ліхалеццяў.
Наш горды шлях заўсёды перад намі,
Гарыць і свеціць.

Верасень 1932


***
(З кнігі «Абураныя»)


Чорнатварыя хмары звісаюць
Па-над краем адымленым чорна...
Пелянаюць яго паясамі,
Да зямлі прыціскаюць напорна.
І дзікунскі раз'ятраны вецер,
Адзначаючы свістамі ярасць,
Узмятае ў шалёным імпэце
Земляную адвечную старасць.

І трывожыцца снамі сучаснасць,
І глядзіць на далёкія зоркі.
Зоркі стынуць і гаснуць дачасна,
Лёс варожачы чорны і горкі.
Праляталі стагоддзі, як саколы,
І без выйсця кружылі па свеце...
Тыя ж зоркі гарэлі высока,
Той жа ярасны блытаўся вецер.

Тых жа хмар алавяннае пер'е
На зямлю аблятала штодзённа.
Па калоніях чорных імперый
Мчаўся сковыт і енк прыгонны.
І цяпер у стагоддзі суровым
Напярэдадні бур і боек
Я ўзнімаю крывавае слова
І распальваю над зямлёю.

Чорнатварыя хмары звісаюць
Па-над краем адымленым чорна,
І, віхруючыся ў гайсанні,
Вецер лётае непакорны.
Я звяртаюся да вялікіх,
І душою, і думкаю дужых —
Час узняўся і час паклікаў,
Час баёў і суровай сцюжы.

Па чужацкім драпежным стане,
Па заплямленым ганьбай свеце
Хай імчыцца вястун паўстання —
Малады і памстлівы вецер.
Чорнатварыя хмары звісаюць
Па-над краем адымленым чорна...
Пелянаюць яго паясамі,
Да зямлі прыціскаюць напорна.

Хай жа яркне, гарыць сурова
Слова мудрасці новай, кара,
Акрываўленай помсты слова,
Слова бойкі і змогі —
ЯРАСЦЬ.

1931

Для вокладкі публікацыі выкарыстана фота Fethi Benattallah (крыніца: Unsplash).
Scroll to Top

Discover more from TAŬBIN

Subscribe now to keep reading and get access to the full archive.

Continue reading