TAŬBIN

Душа смыліць

Паэзія Цімура Буйко

Цімур Буйко

***

Сцюжны вецер
голым веццем,
пераплеценым
да смерці,
хвошча,
хлешча.

Свішча
толькі ўсцяж
голых сцюж
кантата…


***

І штось трымціць,
і штось шчабеча
аб нечым цёплым,
мяккім нечым,
не адпускае ні на хвілю,
нібыта сполах зіхаткі,
пакуль да кропелькі не вылью
дабраславёныя радкі.
І ўсё ж ты ведаеш, як я
цішком шапчу тваё імя.


Вусная пошта

Усё, што сэрца спапяляе,
грызе сшалелае нутро,
ты вуснай поштай адпраўляеш
на ўцеху сцішаных вятроў.

Няхай яны цяпер шалеюць,
віхуры круцяць у палях,
а ты ўзляці над сонцавеем,
на ўскрайку воблачка прыляг.

Там спакайней, там не трывожна,
дзе бель пухнатая плыве,
дзе ты нябесны падарожнік,
ад шчасця кружна галаве.

І вось, калі душа такая ж,
як яснасць вымытага шкла,
ты ў рэшце рэшт усведамляеш,
што пошта вусная дайшла.


***

Шкада, што не магу з табой
у гэты вечар прагуляцца,
калі не танчыць лістабой
свае заезджаныя танцы,

калі завея не сцябе,
мароз да костак не праймае,
калі так сумна без цябе
у гэты дзіўны вечар мая.


***

Хрыстос прапаў,
ні следу на вадзе,
ні ценю добрай думкі,
прапаў.
Я не ўскладаў надзей,
я брыў павольным тропам,
і там, дзе напаткаў
пяшчотную слязу,
аскепак сэрца,
гораснае тло,
мне быў адказ
усмешкаю зласлівай
параненага пса.
Хрыстос прапаў,
і кругавід у ім.
Палац барочны,
лёс барачны
самкнуліся ў гарызанталь.
Дзе ўсё,
там даль.


***

Ад слёз макрэе хустка,
ад слоў марнее свет,
і бачыш дробны след,
які ўтварае пустку,
і, як павер’е, кволы,
зняверыўся, ачах
і губіш на вачах
да ўваскрасення волю.
І ўжо не выпадае
ні клясці, ні маліць:
душа смыліць,
занепадае…


Эротык

У цьме начэй
ратуй ад згуб,
бяры хутчэй
цалунак з губ,

бяры іх сок,
які яшчэ
ані абсох,
які цячэ

на язычок,
пасля глыбей
паўз ямкі шчок
на шыі бель,

па целе ўніз,
па гладкаце
да тонкіх рыс
на жываце,

дзе, уяві,
чакае рай.
Нектар любві
збірай,
збірай.


***

Святло пагасла,
змрок апанаваў
утульны дом,
дзе толькі мы з табою.
А за акном
жахліва ад навал,
а за акном
прывольна лістабою:

дзе ні зірнеш,
імглой завалакло
і рэдкіх дрэў
рухавыя абрысы...
Змрок перамог
патухлае святло,
і датлявае
пераспелы прысак.


Актава

О, прынясі, наступны дзень,
сваю вышэйшую спагаду,
каб не абрынуцца нідзе
бяды бязлітаснаму граду,
каб у здарэнняў чарадзе
я захаваў тваю параду:
як славіць сонейка дзіця,
бязмежна славіць дар жыцця.


Рубаі

Хіба наўчыўся я жывіць душу?
Спрабую ўчуць дарэмна ветру шум:
зямля маўчыць, і неба скрозь глядзіць,
як я лісты ў мінулы дзень пішу.


Вяртанне з Ліды

Я сустракаю з цягніка
тваю журбу, тваю тугу,
якіх не хочацца ўнікаць,
якіх унікнуць не магу.

Як на далоні ўся ты ёсць,
твая пяшчотнасць у журбе,
і сам, пяшчоты вечны госць,
я пакланяюся табе.

Не праміну тваёй красы,
адна паміж сталічных дам.
Мяне, сасмяглага, насыць —
красе належнае аддам,

цябе ад суму ахіну,
ад думак злых абараню,
калі ты скажаш навіну,
якую кветкай абраню.

Цяпер запозна унікаць
таго, чаго не можа быць.
Хтось сустракае з цягніка,
а мне баліць, а мне баліць.


***

Адзінота
куляецца ў прорву,
і больш
не паказвае нораву,
і больш
ні аб чым не спытае.
Адзінота
цяпер
святая.


Унутранае дзіця

Над слязой дзіцяці
ўстае вясёлка,
зіхацістая,
нібы колер душы,
пяшчотная,
нібы росная свежасць,
кранальная,
нібы хустка архідэі,
што ўкрыла
маленькую мушку
ад піру жыцця
і пацалавала яе
водарам лета.


Элегічны двуверш

Спёкай ліпень абняў, і крыляе ўначы навальніца...
Лета чарговы капрыз — роспачнай восені знак.


Хайку

Пэндзля лёгкі ўзмах
Будзіць белы сон паперы
Светлай фарбай дня.


***

ігліцай пажоўклай
мой смутак асеў
на плячах
танкастволай
сасны

сівога камення
супынены рух
абудзіў
адзіноту
ўва мне

ніхто не раскрые
таемства маёй
палыном
пасівелай
душы

маўчы о каменне
ігліца маўчы
як зямля
замаўкае
навек


***

"Нічога не мае значання..." —
сказаў бы я год таму.
А сёння жыццё зыначана:
парывы адно ўтаймуй!

Упіта густымі сокамі,
паветрам жывой вясны,
спявае душа салоўкаю,
і рэха нясуць лясы!..

Калі намалюеш крэйдаю
паветраны ў небе шар,
паверылі б вы — не ведаю —
што гэтак ляціць душа?

А мне, далібог, так верыцца,
што ў свеце не ўсё дарма,
што вецер сустрэчны вернецца,
а з ім — карабля карма.

Марскія шляхі адзначаны,
і колькі б ні біў тайфун,
а сёння жыццё зыначана —
парываў ані таймуй!


***

Я так сумую па табе,
як па расе сумуе кветка,
якая слабне, смягне ўлетку,
калі спякотаю скрабе.
Я так сумую па табе...

Я так марнею без цябе
як птах марнее без палёту,
калі паныла каля плоту
зярнятка кволае дзяўбе.
Я так марнею без цябе…


Хайку

Бель тваіх плячэй
лёгкай хусткай туліць ледзь
майскай вішні квет.


***

Калі б вы цяпер расказалі,
што ў цемры сяйва кучаравасць,
што месяца конь раскілзаны
развожвае па вечарах вас,

таго не прыняў напавер бы
і, мабыць, пусціўся ўнагонку
пухнатым каточкам па вербах
убачыць сузор’я багоўку.
Scroll to Top

Discover more from TAŬBIN

Subscribe now to keep reading and get access to the full archive.

Continue reading