88 гадоў, цэлыя некалькі жыццяў таму абарваліся ніткі лёсаў соцень таленавітых, разумных, сумленных людзей, для якіх словы не былі проста словамі, а стваралі новыя галактыкі — і кожная з іх была ўнікальнай.
88 гадоў таму адны людзі ўзялі ў рукі рэвальверы і сталі на ўскрайках яроў, упэўненыя ў сваім праве караць, навечна затыкаць раты тым, хто меў смеласць гаварыць — у поўны рост, ва ўвесь голас. Тым, хто проста жылі, сустракалі розныя поры года і моцна хацелі быць — нягледзячы ні на якія пагрозы і небяспеку.
Праз 88 гадоў імёны тых смелых людзей, якія былі заўчасна пазбаўленыя магчымасці пакідаць сляды, загучалі з новай сілай — як напамін нам, цяперашнім. Як перасцярога ад апошняй мяжы.
Магчыма, сярод гэтых галасоў Вы знойдзеце “свой” — за які зможаце трымацца ў найбольш змрочныя часіны; у якім знойдзеце апірышча і надзею; які будзе весці Вас скрозь віхуры і “завалы часу”. Хочацца верыць, што перамены надыдуць хутчэй, чым нам падаецца, і што кола гісторыі, абярнуўшыся, нарэшце замкнецца.
Да гадавіны “чорнай ночы беларускай літаратуры” часопіс “Таўбін” друкуе падборкі вершаў расстраляных і рэпрэсаваных паэтаў, укладзеныя людзьмі года 2025-га, якія адсюль, з вышыні гэтага часу, асэнсоўваюць падзеі крывавых 1930-х, блізкіх нам як ніколі.
У гэтым годзе мы дапаўняем наш невялікі збор апошнімі перакладамі Юлія Таўбіна, некалі забракаванымі савецкай цэнзурай вершамі Змітрака Астапенкі і новымі перакладамі з украінскага “расстралянага адраджэння”. Пра гэтых паэтаў, быць можа, Вы нават не чулі — і ў гэтым таксама наша місія: расказаць пра іх, нагадаць, што яны былі і што стаялі на тых месцах, дзе сёння стаім мы.
Тэрор не мае межаў, нацыянальнасцей і колеру скуры. Няхай галасы забітых стануць гучней.
Для вокладкі публікацыі выкарыстана фота Fethi Benattallah (крыніца: Unsplash).











