Галалёд
Бывае, ідзеш,
паслізнуўся такі – хуяк.
Добра хоць сто адзеж –
зіма як-ніяк.
Мінак падыходзіць:
“Жывы? Ну ты як”
А мог жа ціха не заўважыць,
або як абысці.
Вось і прыклад нашай з вашай
абыякавасці.
Далёкае і блізкае,
стабільнае і слізкае,
жыццё ляціць і бліскае
ярчэй ад навальніц.
А ноч зусім бяззорная,
і думаеш рэзонна:
аж неяк падазрона,
што спіна не баліць.
***
Фантаны працуюць апошнія дні
апантана і дружна.
Фатальна гараць камізэлькі — агні
камунальнае службы.
Ім шчасце шукаць — як свае рукавы —
сярод смецця і лісця.
Сядаць на дванаццаты, саракавы,
каб на Оперным выйсці,
дзе подыхі лета штоноч халадней,
ну а восень — уяўней;
дзе оперы прывід стаіўся на дне
аркестровае ямы.
Такую сівую легенду наплёў,
нават сам і не ўспрыме,
а прыме не меней як сотку рублёў,
хай сабе і старымі.
Фантаны працуюць апошнія дні,
і ўзнікаюць аднекуль
фантомныя думкі што-небудзь змяніць
і не кінуць манетку.
Ноч паэзіі
Мы знаёмыя толькі вечар,
а я ўжо ведаю твой пін-код,
колькі каштуе твой мані- і педыкюр.
Прызнаюся ў сімпатыі, і ў тым,
што шукаў нагод –
пазнаёміцца –
можа год
(ну ладна, загнуў крыху).
Я пытаю адразу, ці ёсць у цябе хто,
і станоўчым адказам не здзіўлены аніколькі.
Не, я не Дон Кіхот /donkey hot/
і гэта не тонкі ход,
проста думаю, як не займець сінякоў.
Але – не.
Справа толькі ў табе і ўва мне.
Ты такая высокая і смяешся з маіх жартаў.
I я дзіўлюся, чаму цябе не сустрэў раней,
мо’ таму і цалую ўпарта і ледзь не са старту.
***
Людзям тонкай душэўнай арганізацыі
жывецца цяжэй.
У іх рэфлексій абзацы,
месца для тэм і імправізацый:
там не ўвязацца, тут не звязацца –
не жыццё, а танцы
Феі Дражэ.
Мусіш знаходзіць сказы і выразы,
словы вышукваць.
Каб не абразіць і не пакрыўдзіць.
Бач, які выразаўся,
паляшук.
Людзям тонкай душэўнай арганізацыі
цяжка знаходзіць дзэн.
У памяць усё ўразаецца
ад каланізацыі да каналізацыі.
І наўрад ці каму прызнаецца,
што сапсавала дзень.
Людзям простай душэўнай арганізацыі
ўсё да задніцы.
***
Добра ўсё ж
папаліць на балконе ў дождж
ці няспешна прайсці
ўвесь праспект Нежалезнасці
ўздоўж.
Пакрысе
дарабіць свае справы ўсе,
калі час то імчыцца,
то цягнецца як кісель.
Добра так
па старонцы ў метро чытаць
ці па дзве перад сном,
ці паўкнігі за раз – дарогай.
Добра жыць
і не ведаць сваіх сцяжын.
І ўступаць у даросласць
з усмешкай і перасцярогай.
***
Нават масты –
і тыя –
разводзяцца.
Ты ўсё ніяк.
Нібы нявольніца,
нібы бязвольніца,
хоць і сцвярджаеш:
твая.
Супраць фармальнасці,
супраць нармальнасці
сэрца маё
пратэстуе, глядзі!
Кажаш,
усё яшчэ ў нас
атрымаецца.
Ай, не піздзі.
Фры-дайвінг
Мы з табою былі літаральна
ва ўсіх на віду.
Ды ніхто не глядзеў, натуральна,
тады – у ваду.
І раптоўна з табою насустрач
далі мы нырца.
Я злавіў твае тонкія вусны
і трываў да канца,
колькі хопіць дыхання й жадання.
Ты русалкай сплыла.
Гэта быў наш дэбютны free diving
у фармаце free love.
Школа травы
Вечар плыў як хацеў,
і сплывала ўсё перад вачыма.
Выпадковасць і шанец
займелі раптоўна правы.
Ты прывык карыстацца,
калі выпадае магчымасць,
а цяпер пагатоў,
бо прайшоў толькі школу травы.
І так зараз няважна,
пра што там грукоча Манхэтан,
тут спыняецца час
і прыстойнасць сыйшла папаліць.
Ты мяркуеш, як быццам
нічога такога дагэтуль,
але дзе там,
ты проста не помніш, калі.
І пакуль стаіцё
і таксі выклікаеце моўчкі,
нейкі водар жывёльны
з’яўляецца раптам вакол.
І рукой непрыкметна
кранаешся ейнае смочкі,
і пытанне, праз колькі хвілінаў
кранеш языком.
Сумна жыць і трымаць наваколле
ў сябе на кантролі,
быць цвярозым кіроўцам
з заўсёднай рукой на стырне,
калі хочацца ў вір,
нават бруд, а пасля аніколі
не міргнуць пры сустрэчы
і нават не пачырванець.
***
Знерваваны й знясілены, прыйдзеш з павіннай,
сам прызнаешся ў тым, што парушыў закон
адпачынку, выходных, бо справы лавінай,
а цяпер ледзь варушыш сухім языком.
І за дачу такіх паказанняў заменяць
твой суворы прысуд на часовы ад’езд.
І агучаць табе сутак дзесяць, як меней.
І пасадзяць цябе на дамашні агрэст.
Каб на свежым паветры падумаў, як след, чым
нам абернецца праца ў бясконцую ноч.
І да самага лецішча з рэчкі, як следчы,
будзе дождж за табою ісці басанож.
Праспект Нежалезнасці
Вершы Мікіты Найдзёнава