TAŬBIN

Надзея

Падборка вершаў габрэйскіх паэтаў і паэтак

Нафталі Герц Імбер

Нафталі Герц Імбер

Эма Лазарус

Эма Лазарус

Ганна Марголін

Ганна Марголін

Уладыслаў Шленгель

Уладыслаў Шленгель

Нэлі Закс

Нэлі Закс

Паўль Цэлан

Паўль Цэлан

Ігар Крэбс

Ігар Крэбс

Ганна Янкута

Ганна Янкута

Кацярына Маціеўская

Кацярына Маціеўская

Юля Цімафеева

Юля Цімафеева

Лявон Баршчэўскі

Лявон Баршчэўскі

Нафталі Герц Імбер

Афіцыйны статус “Надзеі” (“Ха-Тыква”) быў замацаваны Кнэсетам толькі 10 лістапада 2004 года, хаця яна лічыцца нацыянальным гімнам Ізраіля з моманту яго заснавання ў 1948 годзе. З пачатку ХХ стагоддзя песня выконвалася на ўсіх Сіянісцкіх кангрэсах. Тэкст гімна складаецца з дзвюх першых крыху змененых строф верша, напісанага ураджэнцам Галіцыі Нафталі Герцам Імберам (1856 — 1909) у 1878 годзе. Найбольш верагоднай версіяй паходжання мелодыі гімна лічыцца малдаўская народная песня, якую апрацаваў і адаптаваў кампазітар Шмуэль Коэн (1870 — 1940).


Ха-Тыква
התקווה

Покуль успамін не затух
Ды пазірае на Сіён габрэй,
Покуль у грудзях жыве габрэйскі дух
І з усходу не звесці нам вачэй,

Датуль жывая даўняя надзея,
У прышласць мы з вераю глядзім:
Вольным народам будуць жыць габрэі
Там, дзе Сіён і Іерусалім.

Пераклад з іўрыта Ігара Крэбса


Эма Лазарус

Новы Езэкііль

Ці могуць косткі, ссохлыя здавён,
    Ажыць па дваццаці вяках параз?
Ці гэта Дом Ізраілю, чый плён —
    Як праспяваны гімн і даўні сказ?

Ці гэтыя сляды — усё, што ёсць
    Ад святара, прарока, псалмара?
Няўжо ажывіць райскі вецер косць?
    Ці рэбрам смерці плоць адзець пара?

Калісьці нам прароцтва даў Гасподзь.
    Дыхні, павеў, ізноў — што маеш сіл:
Да косці цягне косць, да плоці — плоць,
    Хоць жыць магчыма нават між магіл.

Бо Дух — жывы! Паруш жа цішыню:
    Дзе леглі косткі — войска, паўставай!
Сказаў Гасподзь: Я труны расчыню
    І вас, жывых, у ваш адпраўлю край.


Ганна Марголін

Залатая пава

Залатая пава нам махнула крылом,
Залатыя вочы ноч адкрыла цішком,
А цяпер, мой светлы, засынай.
Залатыя вочы ноч адкрыла цішком,
Я зрабілася скрыпкай, а ты — смычком.
А цяпер, трывожны, засынай.

Я зрабілася скрыпкай, а ты — смычком,
Шчасце закахана зазірнула ў наш дом.
А цяпер, пяшчотны, засынай.
Шчасце закахана зазірнула ў наш дом,
І пасля на развітанне махнула крылом.
А цяпер, мой сумны, засынай.

Пераклад з англійскай і ідыш Ганны Янкуты


Уладыслаў Шленгель

Nihil novi 1

Іду праз смутак і кпіны
дзве тысячы доўгіх гадоў,
а ў спіну —
ад рання да новага рання —
бязлітаснае літанне:
          што тручу я ў студнях воды,
          насылаю непагоду
          і шматлікія нягоды,
          што хваробе быдла рады,
          што крыжы з касцёлаў краду,
          і тапчу іх, і плюю,
          і, вядома, прадаю.
          На вячэру я, няйначай,
          ем мацу з крывёй дзіцячай,
          д’яблу душамі плачу
          і злавесна рагачу.
          Краду дзетак штосуботы
          каб забіць іх люта потым,
          выдраць вочы, абяскровіць, —
          і ніхто мяне не зловіць.
Мяняецца свет назаўжды,
ляцяць імкліва гады,
мінае іх дзесяць, сто —
а я так і чую, што:
          цэлы свет мне падуладны,
          я такі, што дай мне волю —
          развяжу вайну дакладна
          па сіёнскім пратаколе.

Спекулянт, вялікі маг!
Бунт? Дык гэта я даў знак!
Закруціла свет віхура —
рух, прагрэс, кіно, культура,
развіваюцца законы,
гінуць прымхі, забабоны,
свет яднаецца ў любові,
а са мною — nihil novi
і наступны катэхізіс:
          хто ты? я — сусветны крызіс,
          багацей і камуніст,
          і хасід, і атэіст.
          Я — падступны, я — заганны,
          я пляту свае падманы,
          я — прыхільнік запавету
          “Адусюль грабі манеты”.
          Варта толькі мне прапасці,
          як ва ўсіх наступіць шчасце,
          цемрашалам цешу душы
          кучай локшыны на вушы.

…І ўсё жыву.
З такое ганьбы
забіўся б, можа, і бандыт.
А я на злосць жыву.
Бо жыд.

Пераклад з польскай Кацярыны Маціеўскай


Нэлі Закс

***

І заняпад адбываецца
дзеля ўзвышэння.
Кніга Зоар 2

Хтосьці быў,
які дзьмуў у шафар 3 —
Голаў ён адкідаў,

Як робяць сарны, як алені,
Прыйшоўшы да вадапою.
Грае:
Тэкія 4

Адбываецца смерць ва ўздыху.
Шварым 5

Насення зярнятка пáдае —
Тэруа 6

Паветра кажа пра святло!
Зямля круцяцца, і круцяцца сузор’і
У шафары,
У які Хтосьці дзьме —
І каля шафара гарыць святыня —,
І Хтосьці дзьме —
І каля шафара абрынаецца святыня —
І Хтосьці дзьме —
І каля шафара толькі попел —

І Хтосьці дзьме…

Пераклад з нямецкай Лявона Баршчэўскага


Хто выцерушыў пясок з вашых туфляў

Хто выцерушыў пясок з вашых туфляў,
Калі да смерці вы мусілі ўзняцца?
Пясок, які Ізраіль вярнуў дахаты,
Пясок яго беспрытульнасці?
Пякучы пясок Сінаю,
Змяшаны з салаўінымі горламі,
Змяшаны з матылінымі крылцамі,
Змяшаны са змяіным прахам тугі,
Змяшаны з усім, што выраклася мудрасці Саламонавай,
Змяшаны з горыччу палыновай тайны —

О вы пальцы,
Вы, што выцерушылі пясок з туфляў мёртвых,
Ужо заўтра вы зробіцеся прахам
У туфлях тых, хто прыйдзе!

Пераклад з нямецкай Юлі Цімафеевай


Паўль Цэлан

Акно хаціны

Вока, цёмнае:
як акно хаціны. Яно ўбірае,
што было светам, светам ёсць: вандроўны
Усход, тых,
што лунаюць, тых
людзей-і-іўдзеяў,
той воблачны народ, ты як магнітам
прыцягваеш пальцамі сэрца,
зямля:
ты прыйдзеш, прыйдзеш,
мы будзем жыць, жыць, штось —

дыханне? імя? —

блукае ў сіратлівым вакол,
танцуючы, няўклюдна,
анёлава
крыло, цяжкое ад невідочнага, на
сцёртай да крыві назе, з галавой,
ураўнаважанай
градам чорным, які
выпаў і там, у Віцебску,

— і тыя, што яго сеялі, тыя ж
яго выкрэсліваюць
міметычнай лапай фаўст-патрона! —,

ходзіць, ходзіць наўкол,
шукае,
шукае ўнізе,
шукае ўверсе, далёка, шукае
вокам тым, цягне
Альфа Цэнтаўру ўніз, Арктура, цягне
праменне таксама, з магіл,

ідзе ў гета і ў Эдэм, зрывае
разам сузор’е, у якім
ён, чалавек, мае патрэбу, каб жыць, тут,
між людзей,

мінае
літары і літар смяротна-
бессмяротную душу,
ідзе ад Алефа і да Ёда, рухаецца далей,

будуе яго, той Шчыт Давідаў, кажа яму
агнём заняцца, раз,

кажа яму загаснуць — і вось ён стаіць,
нябачны, стаіць
ля Альфы і Алефа, ля Ёда,
ля іншых, ля
ўсіх: у
табе,

Бэт, — гэта
дом, дзе стол стаіць,

светач і Светач на ім.

Пераклад з нямецкай Юлі Цімафеевай

__________________________________________

  1. Нічога новага (лац.). ↩︎
  2. Адна з галоўных кніг Кабалы. ↩︎
  3. Старадаўні габрэйскі музычны інструмент, зроблены з рога
    жывёлы. ↩︎
  4. Доўгае раўнамернае гранне на шафары, якое выдае светлы гук. ↩︎
  5. Тры кароткія гукі, агульнай працягласцю, як тэкія. ↩︎
  6. Хуткае чаргаванне вельмі кароткіх гукаў. ↩︎

Scroll to Top

Discover more from TAŬBIN

Subscribe now to keep reading and get access to the full archive.

Continue reading