TAŬBIN

Дарога пчол

Паэзія Крыстыны Дамброўскай

Крыстына Дамброўска

Фота Лісбэт Салас

Андрэй Хадановіч

Фота Марыі Сёдэрберг

Вершы з кнігі "Гукавыя дарожкі" (2018)

Гукавыя дарожкі (1)

У краінах, дзе дублююць замежныя фільмы,
сусьветная зорка і яе тутэйшы голас,
заўсёды той самы, ствараюць сымбіёз
да канца жыцьця зоркі або голасу.
Што адбываецца, калі памірае зорка?
Голас губляе твар і з экрана вяртаецца на зямлю?
Беспрацоўны, сам ня свой у сваім старым целе,
у якім прамаўляеш згодна з рухам вуснаў?
А калі памірае голас? Знаходзіцца новы,
такі падобны, што амаль не чуваць розьніцы?
Але па-за гукавой дарожкай чуваць
чужую мову, якую немагчыма прыцішыць.


Дарога пчол

"Сьмерць — гэта курва на эстрадзе", — піша мне
партугальская паэтка ў адказ на мой
мэйл пра пахаваньне бабулі.
Так напраўду піша: "Гэта паварот на дарозе",
але, як ведаем, на дарозе ад мовы
да мовы процьма розных паваротаў.
Неяк я расказвала ёй — па-ангельску —
верш Лесьмяна, дзе пчолы памылкова
павярнулі ў сьвет, ці пазасьвет, памерлых.
Яна спрабавала вымавіць слова "пшчола".
Амаль атрымалася: выйшла "пэсоа".
А гэта з Пэсоа цытата: "A Morte
è a Curva da Estrada". Мне больш даспадобы
у памылковым польскім перакладзе.
А ты што на гэта скажаш, бабуля?


Кантрабанда

Пані Кубіцка, што ў маладосьці,
убачыўшы самалёт у аблоках,
кідала серп і хавалася ў калосьсі,
ляціць першы раз да дачкі ў Амэрыку.
Дачка якраз выходзіць замуж.
За пустадомка — фыркае пані Кубіцка.
Пад адзеньнем таемна вязе для яе
здабытую са скрыні вясельную сукенку.
Агарнула талію, быццам бінтамі.
Разумее: калі знойдуць, то адбяруць,
усё жыцьцё, заўсёды ўсё адбіралі.
Ідзе на кантроль бясьпекі.
Ёй кажуць зьняць колькі верхніх слаёў.
Пані Кубіцка дрыготкімі пальцамі
разьвязвае хустку, расшпільвае гузікі.
Праходзіць брамку, штось пікае або, можа,
гэта ейнае сэрца, мацаюць чужыя рукі
і зьвініць у скронях. Хтосьці штосьці кажа,
паўтарае, што ўсё. Што яна свабодная.
Толькі тады адчувае, колькі ж важыць
тая сукенка. І як жа драпае голае цела.
Пані Кубіцка сядзіць у самалёце.
Бачыць: у акне драбнеюць лапікі палёў.

Біяграфіі

Як фрылансэрка, рэдагую
біяграфіі людзей з варшаўскага гета,
якія стварылі Архіў Рынгельблюма.
Яны маюць быць ляканічнымі, не перагружанымі,
каб іх хацелася чытаць.
Не перагрузіць даведку пра таго, хто не пакінуў
пасьля сябе нават поўнага імя, толькі ініцыял:
Ш. Шайнкіндар.
Не абцяжарыць біяграфію Саламеі Астроўскай,
што працавала ў карантынным пункце
для перасяленцаў на Лешне;
невядома, адкуль была, калі нарадзілся,
дзе, калі загінула.
Апускаць дэталі, якія сёньня нічога нікому,
акрамя спэцыяліста, ня скажуць. А яны
кожную дэталь, кожны голас, цень голасу,
усё, што могуць, колькі пасьпеюць,
спрабавалі зьмясьціць у мэталёвых скрыначках.
Навуковыя працы, інтэрвію, дзёньнікі.
Вершы, рэпартажы, вобразы і лісты.
Цыдулку, перад сьмерцю кінутую зь цягніка:
"Будзь разважнай, бо мы едзем на вясельле".
Скарачаю біяграфію васямнаццацігадовага хлопца.
Які ў запавеце напісаў: "Я ня ведаю свайго лёсу.
Ня ведаю, ці змагу вам расказаць, што было далей.
Памятайце: мяне завуць Нахум Грывач".


***
Ацалелі і той
і гэты. У розных гарачых
кропках пекла.
Гэтыя ўжо апошнія.
Езьдзяць на ўгодкі.

Але разам — ніколі.
Там, дзе прамаўляе першы,
другі не жадае.
Ня зносяць адзін аднаго,
яны ж канкурэнты.

Як звычайныя жывыя людзі.
Можа, гэта іх і ратуе.


Наша мова

Калі ты кажаш: "ці магу яшчэ
паспаць, бо маю ў сабе крыгу сну,
якая мусіць растаць,
нібы лёд увесну",

калі я скарджуся на ступар у пісаньні,
а ты мне раіш: "цярпеньне! вучыся ў мяне",
на што я: "гэта як вучыцца
вэгетарыянству ў коткі",

калі мы згадваем нашу ўсяночную язду
па віетнамскіх гарах на вытрасальніку ўспамінаў,

або калі ў адной з эўрапейскіх сталіцаў
мы прагна ўглядаліся
ў двор памаломупатрэбны,

калі сустракаемся на паўдарозе
між тваёй і маёй самотняй
і рушым наўкруг па раёне, а ў вокнах
старыя жанчыны ўсьпіраюцца локцямі
на падушках-аглядушках,

мне хочацца нашу мову ўключыць у сьпіс
моваў меншасьцяў пад пагрозай зьнікненьня,
бо яе ведаюць толькі двое людзей,
але адначасна ў сьпіс наймацнейшых,
бо тут і сёньня бароніць нас.


Бэстыярый

Спачатку ты ня верыў, што я
адзін з табой знак задыяку.

Ды хутка зьмяніў думку: "О так,
ты баран, ды яшчэ які!"

Цяпер дадаеш: "Баран,
але з трыма рагамі.

Часам два хаваеш
і робісься аднарогам".


Словы ў паветры

Пасярод сквэру столік са стосікам чыстых аркушаў.
На вяроўцы ўжо сьпісаныя, прышпіленыя шчымлёткамі,
нібы вільготныя праяўленыя здымкі.
Барадаты маладзён круціцца з плакатам,
на ім надпіс: ЗЬБІРАЮ ВАШЫЯ ГІСТОРЫІ.
Ні да кога не чапляецца. І ня трэба. Людзі самі
падыходзяць і чытаюць, сядаюць, пішуць.

Дзіця пра дыназаўраў. Дзяўчына, што зрабіла
некалькі спроб самагубства, пра тое,
што ўжо не хавае шнараў на запясьцях.
Іншая пра валацугу з музыкай у навушніках,
так што ўсё робіцца пантамімай.
Чорны мужчына пра прыніжэньне.
Хтось пра хваробу. Якую спынілі. Пакуль.
Індуска пра тое, што мела шлюб паводле дамовы
і вельмі кахае мужа, што яны расьлі ў розных
сусьветах, але стварылі супольны.

Пішуць, некаторыя першы раз пра сябе.
Як быццам раптам раскрываюцца
перад незнаёмцам, сустрэтым у падарожжы.

Пішуць ананімна,
падпісваюцца ўласнай гісторыяй.
Зьбіральнік тых аповедаў зробіць зь іх кнігу, але
перш чым іх прачытае й прасее, перш чым прыхлопне
іх вокладкай, яны калыхаюцца ў паветры —


Калі сівыя валасы

Калі сівыя валасы — гэта белы сьцяг,
вывешаны пад абстрэлам часу,
чаму тады ягоныя ніткі,
якія ў жанчын з маёй сям’і
зьяўляюцца амаль у дваццаць,
так адважна тырчаць і не ідуць
на пагадненьне з грабянцамі?

А калі гэта сьветлае полымя бунту,
які ахапіў галаву — і ёй і ўва сьне не прысьніцца
гасіць яго бясьпечнейшай фарбай?

"Мама, не паміры", — сказаў сын сяброўкі,
калі тая перастала фарбавацца.
"Бо людзі зь цёмнымі валасамі жывуць доўга,
а зь белымі хутка паміруць".

Ты кажаш мне: срэбны бараньчык.
Простыя людзі гавораць: чым сівей, тым красівей.
А для зябліка, што любіць уплятаць
штосьці белае ў сьценкі гнязда,
мой волас быў бы будаўнічым матэрыялам,
ня горшым ад кавалачка бяросты.


Вершы з кнігі "Горад з індыю" (2022)

Ультрагукавое дасьледаваньне

– Ці вы рабілі сёлета УГД грудзей?
– Мне здаецца, што так. Неяк увесну.
– Але не ў нас.
– Не, на Варыньскага… Ага, ужо згадваю. Я ехала
туды на ровары і ўвесь час сустракала валянтэраў
з жоўтымі нарцысамі, што раздавалі мінакам, то бок
гэта было дзевятнаццатага красавіка, у гадавіну
пачатку паўстаньня ў гета.
Мая доктарка ўсьміхаецца.
А да мяне вяртаецца той дзень, сонечны, цёплы.
Я распраналася перад кабінэтам,
замкнёная ў цесным перадпакоі.
Зьняла кашулю, асьцярожна, каб не адклеілася
папяровая кветка ля самага сэрца.
І тады завылі сырэны.


Група Лаакаона

"Зробім Групу Лаакаона" — пасьля расстаньня
гэтага ёй бракавала найболей.
"Зробім Групу Лаакаона": на іхнай мове
гэта быў сыгнал да любошчаў.
Адкуль гэта ў іх узялося, гэты халерны
Лаакаон з сынамі, што барукаўся са зьмеямі?
Спляценьне цел у агоніі яны перайначылі на
любоўны жарт. Забаўляліся так, дражніліся.
"Зробім Групу Лаакаона". Перад расстаньнем
яна гэта чула ўжо рэдка. І рэдка сама казала.
Яна пазьбягала тады Групы Лаакаона.
Калі ён быў зьмеем, то адпусьціў яе на волю.
Калі яна Лаакаонкай, то некалі акрыяе.
Хаця абое памерлі, як Лаакаонавы дзеці.


Рэхалакацыя

Калі ўсё скончылася, ён яшчэ доўга дасылаў ёй сыгналы,
нібы ультрагукі, якімі кажан высочвае жамярыцу.
Уражаная, яна джаліла паветра, а пасьля рабілася яго здабычай.
Так было, пакуль яна ўрэшце не паспрабавала іначай,
ня ведаючы, што так робяць дасьведчаныя мятлушкі:
агаломшаныя піскам кажана, яны вокамгненна
складаюць крылы, падаюць на зямлю, ратуюць жыцьцё.


Актынія і рыба-клоўн

Рыба-клоўн можа жыць у сымбіёзе
з драпежнай актыніяй толькі тады, калі
мае такую ж сьлізістую абалонку, што і тая.
Калі яна захварэе ці параніцца і страціць
свой нябачны ахоўны панцыр,
жыгучыя клеткі актыніі яе забіваюць.
А што, калі ўвесь сьвет ператвараецца
ў драпежную актынію і ты крадзесься
між яе мацунамі, як рыба-клоўн, раптоўна
пазбаўленая выратавальнай абалонкі.
Іншыя людзі — жыгучыя актыніі.
І адначасна кожны і кожная — гэта ты,
безабаронная рыба-клоўн.


Эпілёг

Чаму замест прамінуць яго
на ўсёй хуткасьці ровара,
я тармажу і махаю
ля паркавай брамы.
Чаму іду зь ім ускрайкам
няскошанага лугу,
чаму не змагаемся —
мы размаўляем,
часам нават лёгка, нібы дзеці,
якія з паліцэйскай стужкі,
што агароджвала месца злачынства,
робяць хвасты для паветраных зьмеяў.
Ён ведае, што я прыбрала адтуль
уласны труп.
Што я ўжо дзесьці ў іншым месцы
з кімсьці іншым,
што яму ўжо ня трэба хавацца.
Я ведаю, што, калі б ён не прайграў,
не казаў бы цяпер: прабач.
Цяпер. Празь некалькі гадоў.
Але бяру гэтае слова зь ягоных пустых рук
і дзякую яму за яго.
І так разьвітваемся.
Ля дома выблытваю з роварных колаў
сьцяблінкі крываўніка.


Замест

Замест прысудаў разьвітайся з колішняй сабой.
Закапай костачкі пладоў, якія яна скрала,
калі была галодная. Або складзі зь іх літары.
Але перастань страляць імі з рагаткі
ёй у заўчасна згорбленую сьпіну.
Дазволь ёй разагнуцца. Зірніце адна адной у вочы.
Замест абвінавачаньняў, лепш запрасі яе
на віно, або і піва, якога яна наварыла —
і ўзьнясіце тост бяз словаў. Упіцеся сумна
ці весела, глупа ці мудра, упіцеся цьвяроза.
І не рабі дадатковых ключоў да жыцьця,
якім жыла яна, пакуль не настала ты.
Хай яна мае адзіны камплект.
Хай сама вырашае, калі вярнуцца,
ці зможа і ці захоча цябе туды ўпусьціць.


Прыгатаваньні

Людзі ратуюць
статуі ад абстрэлаў:
першы слой — мяккая радніна,
каб камень дыхаў,
другі — азбэст, вогнетрывалы плашч.
Найкаштоўнейшыя здымаюць
зь вежаў, пастамэнтаў, крыжоў
і хаваюць у бункерах.
Істоты з крыві і плоці,
з жывых тканак і нэрваў
спрабуюць ахоўваць старыя скульптуры,
сваіх багінь, вакханак, каралёў і сьвятых,
сваіх безабаронных анёлаў-абаронцаў.


Космас

Да нядаўняга часу космас пашыраўся
за кошт новых сонцаў, туманнасьцяў, сузор’яў,
вібрацыі хваляў, подыху галяктык.
Цяпер ён скурчыўся да здымкаў
са спадарожнікаў, што паказваюць Зямлю:
нават ня ўсю, толькі адну краіну,
нават ня ўсю, толькі адзін яе горад,
адну вуліцу, шэры асфальт. І на ім раскіданыя
цёмныя аб’екты, падобныя памерамі
на чалавечыя целы. Так падае "The New York Times".
Цэлымі тыднямі не пахаваныя,
штучнае вока спадарожніка — іх магіла,
і пустата ў нашых зрэнках
у акружэньні жыцьця.

Пераклаў з польскай Андрэй Хадановіч

Размова Андрэя Хадановіча і Крыстыны Дамброўскай

Scroll to Top

Discover more from TAŬBIN

Subscribe now to keep reading and get access to the full archive.

Continue reading