TAŬBIN

Словы незваротнасці

Вершы аўстрыйскай паэткі Аміны Курбанавай у перакладах Ігара Крэбса

Amina Kurbanova

Аміна Курбанава

Фота Таісы Абдулкадыравай

Ігар Крэбс

Сляды пакінутасці

Калі я параніла маці
у мяне былі
бацькавы бровы

Ён быў вярнуўся
каб зноў нахлусіць
Гэтым разам маімі
вуснамі
і маім языком

Ведаеш, на каго ты цяпер падобная?
На дзіця той жанчыны
Падлеткам я падкараціла сабе
манікюрнымі нажніцамі
бровы
але яны адраслі

Я штораз пазычала
бацькаў твар
калі вінаваціла
маці
Заходзіла занадта далёка
і разумела гэта толькі тады калі
яна кляла яго а не мяне

Я хацела б фігуру маці
успадкаваць
Ці прынамсі вусны
Але ўсё што ў мяне ад яе
я мусіла падгледзець
Быць як маці
урок без званка на перапынак

Я не даравала сабе
што не стала чалавекам
а вырашыла
жыць у цені іншых людзей

Там
дзе мяне відаць
але не чуваць

Мне было прасцей
усё жыццё
баяцца выкрыцця
чым праз выкрыццё
раз і назаўжды
выпасці
з гнязда

Я даравала маці тое
што яна засталася
Я даравала бацьку тое
што ён пайшоў

Ён пакінуў мне пышныя
бровы
і ўсведамленне
Цябе любіць толькі твая маці
і калі яна пойдзе
ніхто больш любіць не будзе

І калі яна пойдзе
а яна дакладна пойдзе
у цябе не будзе нават яе броваў
Мабыць тады ты ўпершыню
застанешся сам-насам з уласным
тварам


Крэсліць межы

1.


Праз паходжанне мы па розныя бакі фронту
Ты са сваёй бяспекай
Я са сваім расчараваннем
Бяскрайнія палі
У маіх успамінах ўсё зелянейшыя
Потым ты тлумачыш
Што настальгія ў цябе не такая
Гэта не туга
А пахаванне
На якое ніхто не прыходзіць
Ніхто не адчыняе брамы
Ніхто не мые тваё цела
Ніхто не загортвае цябе ў тканіну
І ніхто за цябе не моліцца
Надоечы мы размаўлялі
І ты казала што хочаш
Каб цябе пахавалі дома
Побач з бацькамі
Падчас размовы мне робіцца сумна
Ты бярэш мяне за руку
Дзіўна на яе глядзіш
І суцяшаеш мяне
Сваімі словамі незваротнасці


2.

Думаючы пра цябе
Я абедзвюма рукамі
Раскопваю
Пласт за пластом
Аскепак за аскепкам
Думаючы пра цябе
Я думаю пра дрэвы на ветры
Пра страчанае лета
І пра тое
Што часам словы ўсяго толькі гукі
Яны не дапамогуць
І ўсё ж я хачу іх чуць
Бо тады ў цябе ёсць гучанне
Колер
І досціп
Бо ніколі не вялося пра краявід
Толькі пра цябе


Пачатак і канец

наважыцца пайсці
узяць сваё сэрца
пакласці яго ў валізу
з усім болем

азірнуцца назад
на кватэру
зусім тваю
убачыць што будзе з табой

перасіліць сябе
выкласці сэрца
і пажадаць
не быць


***

няўжо я цябе ўявіла?
пытаю ў ціхіх траў
кручуся
ў коле
спыняюся там дзе
мяне чапляе вецер

калі б на мне была сукенка
яе б калыхала
калі б у мяне было цела
яго б калаціла

птушка мне незнаёмая
зірні
я трымаю яе для цябе
узоры разыходзяцца ў вадзе


Намацаць

Прыцемкам
імчу штосілы
наўздагон пульсаванню
сплеценая з тваёй рукой
яна знікае ў цені
губляецца за сцяной
твае ногі хутчэйшыя
за маё імкненне
цябе злавіць
Scroll to Top